Пошук

24.08.2016 17:20   Ілья Лапато / Catholic.by

11 прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі стануць удзельнікамі Міжнароднага кангрэса «Рэнавабіс», які сёлета будзе прысвечаны тэме «Сведкі Евангелля — афармляльнікі свету. Да ролі манаскіх ордэнаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе».

Яшчэ некалькі беларусаў будуць прымаць удзел у кангрэсе як дэлегаты з іншых краін.

Хрысціянскі форум пройдзе 31 жніўня па 2 верасня ў Фрайзінгу (Германія).
У ліку ўдзельнікаў кангрэса з Беларусі — прадстаўнікі манаскіх одэнаў і кангрэгацый, кіраўнікі і супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас», а таксама кіраўнікі каталіцкіх СМІ з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій. Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прадставіць яе Старшыня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На фота: удзельнікі з Беларусі і госці кангрэса мінулых гадоў

У праграме будуць прадстаўлены даклады, прысвечаныя жыццю манаскіх супольнасцяў у Харватыі, працы з мігрантамі айцоў езуітаў у Венгрыі, харызмату сясцёр бэнэдыктынак і дамініканак і інш.

Адным з цэнтральных пунктаў кангрэса стане абмеркаванне пытання будучыні манаскіх супольнасцяў і іх ролі ў сучасным свеце. Асобная ўвага будзе нададзена ролі манаскіх супольнасцяў у развіцці школьных праектаў, працы дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас», пастаральнай дзейнасці і дапамозе мігрантам.


На фота: праца круглага стала на тэме «Свабоды СМІ» ў 2014 годзе

Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з жыхарамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Рэнавабіс» была створана ў 1993 г. па ініцыятыве нямецкіх біскупаў.


Штогод «Рэнавабіс» арганізуе кангрэсы, якія збіраюць сотні ўдзельнікаў, каб абмеркаваць пытанні адзінства і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі. Актыўны ўдзел у кангрэсе «Рэнавабіс» штогод прымаюць і хрысціяне з Беларусі. 

Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця