Пошук


18 жніўня ў Беларусь прыбыў новы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Самалёт з іерархам на борце прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» удзень.  

Прывітаць Апостальскага Нунцыя ў залу чакання прыбылі ўсе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на чале з яе Старшынёй Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Я вельмі рады ступіць нарэшце на беларускую зямлю. Было вельмі цікава назіраць з самалёта, якая ж прыгожая краіна Беларусь! У многім яна нагадала мне пра Венгрыю — так шмат палёў таксама і ў маёй краіне, — сказаў прадстаўнік Папы. — На гэты момант я на 100 працэнтаў гатовы да працы на карысць Касцёла ў Беларусі, для вашай краіны і для людзей у ёй. Але гэта не толькі заданне — гэта яшчэ і радасць для мяне». 

Гаворачы пра свой прыезд у Беларусь, арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што гэта больш, чым проста візіт:

«Гэта не толькі візіт, я застаюся тут. Цікава атрымалася з фармулярам, які мне трэба было запоўніць у самалёце, — да якой даты я тут прабуду. Запаўняючы яго, я нічога не напісаў, таму што застануся тут — спадзяюся, на доўгі час (усміхаецца — заўв. аўт.)».

Іерарх дадаў, што яго першапачатковай задачай стануць сустрэчы з біскупамі, святарамі, вернікамі і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады. 

«Спачатку я павінен увайсці ў курс справаў па многіх рэчах — становішча вернікаў у Касцёле, дыялог з Праваслаўнай Царквой і інш., — падкрэсліў прадстаўнік Папы. — У першыя чатыры-шэсць месяцаў маім заданнем стане знаёмства з Касцёлам у Беларусі і людзьмі тут — палітыкамі, біскупамі, вернікамі, святарамі, манахінямі...

Прыблізна ў кастрычніку адбудзецца сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. Найперш я павінен пазнаёміцца з той рэальнасцю, якая ёсць у Беларусі. Пазней прыйдуць і іншыя задачы». 

Прыгадваючы апошнюю сустрэчу з Папам Францішкам, Апостальскі Нунцый адзначыў, што размаўляў са Святым Айцом нядаўна:

«Я бачыўся з Папам Францішкам 13 дзён таму, і практычна першым, аб чым зайшла гаворка, быў апошні візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Рым і яго сустрэча з Пантыфікам, а таксама запрашэнне ў Беларусь. Папа Рымскі сказаў, што мы знойдзем час і магчымасць для гэтага візіту [Заўвага рэдакцыі — словы Нунцыя ў гэтым месцы пададзены недакладна. Правільны варыянт гучыць так: "Папа Рымскі сказаў, што спадзяецца, што знойдзецца час і магчымасць для гэтага візіту". Падрабязней тут]. Я не магу сказаць, калі або як, але думаю, што сказанае Пантыфікам — штосьці пазітыўнае для Беларусі».

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа