Пошук


 

Ці праўда, што добрыя ідэі з’яўляюцца ці нараджаюцца ў не зусім звычайны час і перыяд года? Магу сказаць, што часамі менавіта так і здараецца.

Ідэя стварыць «Беларускую хрысціянскую азбуку» нарадзілася ў вігілію Нараджэння Пана.

Пасля нараджэння ідэі пачалася яе рэалізацыя. Прыкладна за два тыдні паэт Кастусь Севярынец напісаў вершы, пры тым што большасць маленькіх вершаваных твораў на кожную літару з’явілася вельмі хутка — за два дні.

Наступным крокам у рэалізацыі праекта стаў пошук асобы, якая магла б у вобразнай форме прадставіць гэтыя вершыкі — малюнкамі. Гэтай асобай стала мастачка Аляксандра Дзежыц.

«Калі я атрымала запрашэнне паўдзельнічаць у гэтым праекце, то адразу з радасцю яго прыняла, — дзеліцца мастачка. — Найперш з-за таго, што праект аказаўся беларускамоўным, а потым, канешне, таму, што ён нясе ў сабе хрысціянскую каштоўнасць, тую дабрыню, якую дзецям трэба закладваць з самага малодшага ўзросту».

Праца над праектам вялася паступова. Спачатку «Беларуская хрысціянская азбука» літаральна па літарцы з’яўлялася на інтэрнэт-рэсурсах (у прыватнасці на міжканфесійным хрысціянскім партале krynica.info), а таксама ў сацыяльных сетках.

«Калі гаварыць непасрэдна пра афармленне кнігі, то мне хацелася праз сваю працу несці радасць і дабрыню. Я старалася, каб выразы твару герояў былі добрымі. Па колеравай гаме я таксама старалася падбіраць яркія і насычаныя колеры, якія вельмі любяць дзеці. Я прадумвала дэталі, але старалася, каб іх было не зашмат», — кажа пра сваю працу мастачка, дадаючы, што найперш імкнулася зрабіць гэта ад сэрца.

Азбуку пратэставалі мамы і святары.

Як дзеліцца кіраўнік праекта Вольга, на працягу года, калі азбука выходзіла, мамы дасылалі словы падзякі і адабрэння. Яны дзяліліся, што ў хатніх умовах раздрукоўвалі старонкі, на якіх былі вершыкі, літары, малюнкі і размалёўкі, каб дзеці маглі самастойна іх размаляваць. Такім чынам, апрабацыя прайшла паспяхова.


«Потым, калі ўрэшце ўсе літары з малюнкамі былі гатовы, то мы падумалі, што прыйшоў час, каб выдаць кнігу», — распавядае Вольга.

Кіраўнік праекта Вольга Севярынец і мастачка Аляксандра Дзежыц

Каб справа пайшла хутчэй і знайшліся на гэта сродкі, было вырашана скарыстацца краўдфандынгам.

Найбольш папулярнай краўдфандынгавай платформай у Беларусі з’яўляецца пляцоўка talaka.by, куды і звярнуліся за дапамогай кіраўнікі і ўдзельнікі праекта.

Першапачаткова платформа адмовіла ў дапамозе з-за «рэлігійнасці» праекта, аднак, дзякуючы рэакцыі грамадскасці, інфармаванню ў розных СМІ і кансультацыям з экспертамі, кіраўніцтва talaka.by прыняло рашэнне ўвогуле зняць забарону на размяшчэнне рэлігійных праектаў і распачаць збор сродкаў на выданне.

Праект можна паглядзець і падтрымаць тут: www.talaka.by.

На сёння праз платформу сабрана 35 працэнтаў сродкаў. Да завяршэння збору сродкаў застаецца 18 дзён. Ахвяраванні складаюць вернікі ўсіх канфесій. Апрача платформы, людзі складаюць прыватныя ахвяраванні.

Калі выданне пабачыць свет, а многія бацькі змогуць чытаць і размалёўваць літаркі і малюнкі, вывучаючы на памяць маленькія вершы, думаецца, у беларускіх сем’ях будзе сапраўднае свята. Дзяцей можна будзе навучыць і літарам, і вершыку, які яны змогуць прадэкламаваць ці ў дзіцячым садку, ці ў першым класе. Таксама будзе магчымасць задумацца над рэчамі больш глыбокімі, такімі, як Радзіма, малітва, бацькі і г.д.


Для бацькоў гэта стане магчымасцю пачатку хатняй адукацыі: тут ёсць і ідэі, і родная мова, і проста добра праведзены час  з дзецьмі.

Як кажа кіраўнік праекта Вольга, гэтая азбука не носіць канфесійнага адцення, па ёй можна займацца і ў праваслаўнай, і ў каталіцкай, і ў грэка-каталіцкай, і ў пратэстанцкай сям’і. Яе тэксты прачыталі, ацанілі і ўнеслі свае папраўкі святары.

Гэта маленькая пляцоўка, на якой можна аб’яднаць разнастайныя погляды і інтарэсы, узрасціць і выхаваць новыя.

Кожны жадаючы можа паспрыяць выданню гэтай кнігі і паклапаціцца аб тым, каб такая платформа «дабрыні і еднасці» была ў сем’ях і фармавала будучыню, пачынаючы ад першых крокаў дзяцей.

Тыя, хто ахвяруе сродкі на выданне (падрабязнасці на «Талацэ»), атрымае «Азбуку» ў падарунак.

Аксана Ючкавіч

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.