Пасля Міжнароднай парафіяды дзяцей і моладзі, у якой удзельнічалі і прадстаўнікі Беларусі, быў арганізаваны Парафіядны лагер у Калобжэгу (Польшча) для дзяцей і моладзі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці ў Гродне, парафій у Бярозаўцы, Адамавічах, Росі, а таксама ў Елгаве (Латвія).
Парафіядны лагер праходзіў з 17 па 29 ліпеня. Дзякуючы таварыству «Парафіяда св. Юзафа Каласанса» дзеці і моладзь з Беларусі і Латвіі адпачылі на Балтыйскім моры. Лагер прадугледжваў добрае харчаванне і ўтульныя ўмовы начлегу.
Традыцыйна Парафіядны лагер засноўваецца на трыядзе «Святыня — Тэатр — Стадыён». У гэтым годзе асаблівае значэнне меў элемент «Святыня». Кожны дзень пачынаўся святой Імшой і спецыяльнай гаміліяй, падрыхтаванай дыяканам Дзянісам Бразінскім, які прапанаваў удзельнікам паразважаць аб 10 Божых запаведзях. Штодзень кожная група падчас вячэрніх малітваў прадстаўляла ў форме пантамімы адну з дзесяці запаведзяў.
На вясёлых вечарах свае тэатральныя здольнасці маглі прадставіць усе жадаючыя. Шмат пазітыўных уражанняў удзельнікам прынеслі супольныя спевы, інтэграцыйныя танцы і дыскатэкі.
Дні спорту, якія ўключалі футбол, валейбол, настольны тэніс і інш., дапамаглі паклапаціцца аб сваім фізічным здароўі, а экскурсіі паспрыялі добраму настрою.
Вялікую радасць прынесла ўдзельнікам нядзельная святая Імша ў катэдры ў Калобжэгу. Дзякуючы вялікай гасціннасці пробашча катэдры моладзь праспявала некалькі песняў на беларускай мове.
Удзельнікі Парафіяднага лагера атрымалі падарункі і вельмі чакаюць падобнага адпачынку ў наступным годзе.
(AG)