Пошук

31.07.2016 02:31   Ілья Лапато / Catholic.by
Моладзевае чуванне ўдзельнікаў СДМ з удзелам Папы Рымскага Францішка 30 ліпеня прайшло ў кампусе Misericordiae у Бжэгах. Паводле ацэнак польскага тэлебачання, у чуванні прыняло ўдзел каля 1,5 (!) мільёна чалавек.
 
Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў быў і Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
 

 
Месцам правядзення чування быў абраны кампус Misericordiae – спецыяльна пабудаваны для СДМ комплекс будынкаў у полі паміж Кракавам і Вялічкай. Дэвізам малітоўнай акцыі сталі словы «Нашы правадыры ў дарозе да Езуса – апекуны СДМ».
 

Чуванне складалася з трох частак: тэатральнай пастаноўкі, сведчанняў моладзі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. 

Сведчанне праз мастацтва

Тэатральная інсцэніроўка нагадвала гледачам пра важнейшыя ўчынкі хрысціяніна – уменне несці веру прагнучым, сведчыць пра яе, несці радасць самотным, прабачаць вінаватым, атуляць любоўю тых, хто мае ў ёй патрэбу, і інш.
 
 

Сэнс інсцэніроўкі дапаўнялі і сведчанні моладзі, якая знайшла надзею пад уплывам Божай ласкі. У прыватнасці, сведчанню дзяўчыны Ранд з Сірыі папярэднічаў міні-фільм на вялікім экране, прысвечаны тэрарыстычным атакам 11 верасня 2001 г. у Нью-Ёрку і сёлетняму тэракту ў Парыжы, сцэнам вайны з Ірака і Сірыі.
 

 
 
У звароце да ўдзельнікаў СДМ, зачытаным на чуванні, Папа Францішак заахвоціў моладзь да супольнай малітвы з нагоды цярпення такой вялікай колькасці ахвяр вайны, каб «мы раз і назаўсёды маглі зразумець, што нічога не растлумачыць кроў брата, што няма нічога больш каштоўнага, чым чалавек, які стаіць побач з намі».
 
«Для нас тут і цяпер — цярпенне, вайна, ад якой пакутуюць шмат маладых людзей, — не з’яўляецца чымсці ананімным, ды ўжо не з’яўляецца якімсьці паведамленнем у СМІ, але мае імя, канкрэтнае аблічча, гісторыю і блізкасць», — сказаў Пантыфік.


 
Цэнральнай часткай чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў суправаджэнні медытацыі і песень, а таксама супольная малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
 
Пасля заканчэння чування ў Бжэгах адбыўся паўтарагадзінны канцэрт «Credo in Misericordiam Dei», у якім прынялі ўдзел артысты з розных частак свету, у тым ліку пераможца італьянскага песеннага шоў «Голас» сястра Крысціна Скучыя.  
 

 

 
Канцэрт стаў фінальнай часткай малітоўнага чування. Аднак большасць прысутных застануцца чуваць да раніцы — у 10.00 пройдзе заключная святая Імша ўдзельнікаў СДМ у Кракаве з Папам.
 
 
Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота krakow2016.com

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа