

28 ліпеня святую Імшу для беларускіх удзельнікаў СДМ тут узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У Імшы прынялі ўдзел каля тысячы чалавек – каталіцкая моладзь з самых розных куткоў Беларусі.

У гаміліі біскуп Віцебскі падкрэсліў выключную ролю Бога ў чалавечым жыцці, назваўшы чалавека ўнікальным Божым творам, над якім працуе Езус:
«Бог, як ганчар, лепіць кожнага з нас, і чалавек з’яўляецца Божым творам мастацтва, — адзначыў іерарх. — Аднак нашым абавязкам павінен быць клопат аб духоўнай фармацыі. Нават калі б ад нас ніхто не патрабаваў працы над сабой, мы самі павінны патрабаваць ад сябе духоўнага ўдасканалення».

Паводле слоў іерарха, «мы прымаем удзел у кракаўскіх СДМ, каб паглядзець, як працуюць над сабой іншыя – як яны ў іншай краіне, на іншым кантыненце вызнаюць сваю веру».

Біскуп адзначыў, што прычына большасці няўдач чалавека – у яго недасканаласці і нежаданні расці духоўна.
«Варта прасіць у Бога ласку духоўнага росту, бо дзякуючы ёй мы зможам заззяць у Божым Валадарстве», — сказаў віцебскі ардынарый.

Напрыканцы Імшы біскуп пажадаў кожнаму з беларускіх удзельнікаў СДМ стаць праз гэту сустрэчу больш дасканалымі.

«Будзьце сведкамі веры, шукайце Бога і будзьце адкрытыя на Яго ласку», — заахвоціў пілігрымаў іерарх.
Ілья Лапато, фота Марыны Валасар