10 ліпеня ў Мінску прайшоў Дзень еднасці салезіянскай сям’і. Гэта штогадовая сустрэча традыцыйна звязана з імянінамі альбо днём нараджэння настаяцеля салезіянаў дадзенай інспекторыі, візітаторыі, дэлегатуры. Салезіянская сям’я ў Беларусі адзначае яго ў дзень нараджэння дэлегата кс. Віктара Гайдукевіча SDB, але ў гэтым годзе ён быў перанесены з нагоды візіту Генеральнага настаяцеля салезіянаў ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ SDB.
На свята з’ехаліся вернікі з усіх месцаў салезіянскай прысутнасці ў Беларусі.
Дзень еднасці пачаўся ўрачыстай святой Імшой у касцёле святога Яна Боско, які будуецца. Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны настаяцель салезіянаў, удзел у ёй прынялі таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDВ, святары з усіх салезіянскіх дамоў Беларусі і іншыя шаноўныя госці.
Уступнае слова на пачатак Імшы прамовіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў Генеральнаму настаяцелю за адданую працу салезіянскай сям’і ў Беларусі, параўнаўшы яе з будаўніцтвам касцёла, які закладзены на моцным фундаменце, як і салезіянская сям’я закладзена на фундаменце фармацыі святога Яна Боско. Касцёл, па словах арцыпастыра, мае вялікі мур, як вялікія духоўныя мэты маюць салезіяне, але працы як у будаўніцтве, так і ў развіцці салезіянскай сям’і ў Беларусі яшчэ вельмі шмат.
Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ ў гаміліі звярнуў увагу на тое, што, каб быць міласэрным хрысціянінам, не трэба быць кіраўніком салезіянскай сям’і, біскупам ці Папам Рымскім — дастаткова проста быць міласэрным, і менавіта да міласэрнай любові да бліжняга заклікае Езус. Таксама Генеральны настаяцель адзначыў, што раней мала што ведаў пра Беларусь і не мог нават уявіць такой прыгажосці прыроды, а асабліва быў уражаны прыгажосцю беларускіх сэрцаў. Святар падзякаваў за адкрытыя вочы, усмешкі на тварах і шчырае жаданне жыць паводле Божых запаведзяў.
Напрыканцы Імшы Рэгіянальны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч падзякаваў усім, хто дапамог у падрыхтоўцы свята, біскупам, святарам, моладзі. Найбольш сардэчныя і цёплыя словы святар скіраваў Генеральнаму настаяцелю, падзякаваўшы за той гонар, які ён аказаў Беларусі сваім прыездам, за выказаную падтрымку і штуршок да далейшага самастойнага развіцця салезіянскіх структур у нашай краіне: ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ выказаў намер, каб у хуткім часе на тэрыторыі Беларусі паўстала самастойная салезіянская візітаторыя.
На заканчэнне Эўхарыстыі Генеральны настаяцель удзяліў прысутным благаслаўленне.
Паводле sdb.by
(AG)
Фота sdb.by