Пошук

09.07.2016 00:52  

Вечарам 8 ліпеня ў міжнародным аэрапорце «Мінск-2» прызямліўся самалёт, на борце якога знаходзіўся Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB.

Беларуская салезіянская сям’я амаль паўгода рыхтавалася да моманту, калі нага дзясятага паслядоўніка Дона Боско зробіць крок на нашай зямлі.

Прывітаць ксяндза Анхеля ў аэрапорт прыбыла дэлегацыя на чале з Рэгіянальным настаяцелям таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Пасля ўсе разам скіраваліся ў Бараўляны, дзе Генеральнага настаяцеля з вялікім нецярпеннем чакала моладзь, каб прывітаць і засведчыць сваю радасць і павагу.

Нягледзячы на дастаткова позні час, у Бараўлянах сабралася вялікая колькасць маладых людзей з усіх месцаў салезіянскай прысутнасці ў Беларусі. Прывітаўшы Генеральнага настаяцеля традыцыйнымі хлебам і соллю, моладзь прадставіла невялікую сцэнку ў нацыянальных касцюмах.



Ксёндз Віктар Гайдукевіч прывітаў шаноўнага госця, а таксама выказаў вялікую радасць, якая перапаўняе сэрцы тых, хто мае дачыненне да салезіянскай харызмы ў Беларусі. Рэгіянальны настаяцель не стрымаў свайго хвалявання, як і ўсе сабраты, што пацвердзіла шчырасць і цеплыню прыёму. Словы прывітання да госця скіраваў і біскуп Аляксандр Яшэўскі ад свайго імя, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ ў сваю чаргу выказаў вялікую радасць ад прысутнасці сярод беларускіх салезіян, адзначыўшы, што салезіянская сям’я ў Беларусі хоць і невялікая, але вельмі жывая, і менавіта таму варта было сюды прыехаць. Пасля Генеральны настаяцель асабіста прывітаў кожнага сабрата, кожную манахіню і ўсіх прысутных, падыйшоўшы да кожнага, абняўшы і пацалаваўшы.



Затым Генеральны настаяцель і сабраты скіраваліся на супольную вячэру, а пасля на адпачынак.

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ прабудзе ў Беларусі два поўныя дні. Для беларускіх салезіян гэта вельмі мала, таму яны будуць імкнуцца, каб за гэты кароткі час госць пазнаёміўся з усёй прыгажосцю нашай краіны, з верай нашага народа, з салезіянскімі суполкамі і адчуў любоў беларусаў.

Паводле sdb.by

(AG)

Фота sdb.by

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.