Пошук

02.07.2016 00:50  

«Для мяне, як новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, гэта вялікая радасць звярнуцца да вас з прывітальным словам з нагоды юбілею 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

Яшчэ больш цешуся з таго, што ў недалёкай будучыні змагу пазнаёміцца з вамі асабіста. Цяпер я знаходжуся на рэкалекцыях, падчас якіх духоўна рыхтуюся да біскупскага пасвячэння, якое адбудзецца 15 ліпеня ў катэдры г. Вац. Гэтыя дні духоўнай засяроджанасці даюць мне магчымасць добра падрыхтавацца да выканання місіі Апостальскага Нунцыя, прадстаўніка Папы ў вашай краіне. Таму прашу вас маліцца таксама за мяне, каб я мог здзейсніць сваё служэнне ў вашай прыгожай краіне дзеля дабра Каталіцкага Касцёла і людзей.

«Gaudium et spes» – «Радасць і надзея» – так гучыць мой біскупскі дэвіз. Пасля 25 гадоў існавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі мы з радасцю і надзеяй глядзім на чвэрць стагоддзя новай гісторыі Касцёла ў Беларусі. Гэты юбілей сімвалізуе своеасаблівы рэнэсанс Каталіцкага Касцёла і іерархіі ў Беларусі!

Беларусь, альбо Белая Русь, як казалі раней, з XVIII стагоддзя існавала як частка Расійскай імперыі, каталіцкая вера ў якой умоўна асацыявалася з польскай элітай. Да рэвалюцыі ў 1905 г. царская ўлада жорстка прыгнятала любую форму нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Свабода Рыма-Каталіцкага Касцёла і Грэка-Каталіцкай Царквы прыцяснялася і абмяжоўвалася. Асабліва цяжка пакутавалі ад гэтага грэка-каталіцкія вернікі. Да 1875 г. існавала толькі Хэлмская дыяцэзія, пакуль не была ліквідавана царскім рэжымам. У 1918 г. была заснавана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З 1922 г. Беларусь уваходзіла ў склад Савецкага Саюза і была акупавана нямецкім вермахтам у 1941–1944 гадах.

І, нарэшце, у 1991 г. Беларусь аднавіла свой суверэнітэт. За гэты дар незалежнасці мы хочам таксама падзякаваць сёння падчас гэтай прыгожай урачыстасці, якая робіць увогуле магчымай нашу сумесную радасную сустрэчу.

Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі першапачаткова складаўся з заснаванай у 1783 г. мітрапалітальнай сталіцы ў Магілёве і заснаванай у 1798 г. Мінскай дыяцэзіі. Тым не менш кафедра Магілёўскага арцыбіскупа была не ў Беларусі, а ў Санкт-Пецярбургу. Былі часы, калі каталіцкая іерархія была забаронена і дыяцэзіямі кіравалі біскупы з замежжа.  

Толькі ў 1991 г., калі Папа Ян Павел II адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, устанаўліваючы Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшлі заснаваная з дзвюх вышэй узгаданых касцёльных адзінак Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, новаствораная Гродзенская дыяцэзія і існуючая Пінская, да якіх у 1999 г. была далучана Віцебская, краіна атрымала ўласную каталіцкую іерархію. Якая вялікая веха гэта для такой высакароднай нацыі, для гэтага жывога Касцёла!

13 красавіка 1991 г. Папа прызначыў 76-гадовага мансеньёра Казіміра Свёнтка, які з 1989 г. з’яўляўся Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам. Падчас кансісторыя 26 лiстапада 1994 года ён атрымаў кардынальскую годнасць, як першы са сваёй краіны.

Кардынал Свёнтэк – гэта поўная цярпення постаць гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: у 1944 г., пасля адступлення нямецкіх войскаў, ен быў арыштаваны савецкімі ўладамі і асуджаны на 10 гадоў прымусовай працы. Пасля некалькіх месяцаў арышту ў Мінску ён правёў два гады ў сібірскім ГУЛАГу і трапіў у працоўны лагер у Варкуце. Толькі ў 1954 г. быў вызвалены і вярнуўся на душпастырскую працу ў Пінск.

З 2007 г. ардынарыем Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі з’яўляецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які адначасова з чэрвеня 2015 года з’яўляецца Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

На працягу апошніх 25 гадоў колькасць католікаў у Беларусі значна павялічылася, што для ўсіх нас з’яўляецца яшчэ адной прычынай радасці.

Таму, калі вы сёння сабраліся ў Нацыянальным санктуарыі Божай Маці, каб з радасцю і надзеяй паглядзець на 25 гадоў падараванай Богам гісторыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі і дзякаваць за іх, я прашу кожнага з вас асаблівым чынам маліцца за нашага Святога Айца Францішка, за ўсю нашу краіну Беларусь, аб шматлікіх і святых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, за шматлікія добрыя хрысціянскія сем’і.

Маё прывітальнага слова жадаю завяршыць малітвай Святога Айца Францішка, змешчанай у канцы яго новай постсінадальнай Апостальскай адгартацыі пра любоў у сям’і «Amoris Laetitia»:

Езус, Марыя і Юзаф,
у вас мы бачым
чысціню сапраўднай любові,
да вас звяртаемся мы, поўныя даверу.
Святая Сям’я з Назарэта,
зрабі таксама і нашы сем’і
месцамі шчырага яднання між сабою
і супольнасцямі малітвы,
сапраўднымі школамі Евангелля і маленькімі хатнімі Касцёламі. […]
Святая Сям’я з Назарэта,
дай нам усім зразумець,
якой святой і недатыкальнай з’яўляецца сям’я
і якой прыгажосцю валодае ў Божым плане.
Езус, Марыя і Юзаф,
пачуйце і выслухайце нашыя малітвы.
Амэн.

Будзь праслаўлены, Езус Хрыстус! На векі. Амэн», — гаворыцца ў прывітальным слове мансеньёра Габара Пінтэра.

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця