Пошук


30 чэрвеня вечарам у міжнародным аэрапорце «Мінск-2» прызямліўся самалёт, на борце якога быў арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн OP. Іерарх прызначаны папскім пасланнікам на святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якое пройдзе ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 1-2 ліпеня.

У Будславе кардынал Крыстаф Шонбарн разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам прыме ўдзел у начной працэсіі са свечкамі, а таксама ў галоўнай святой Імшы 2 ліпеня, падчас якой прамовіць гамілію.

«У Юбілейны Год Міласэрнасці, падчас якога адбываецца мой візіт, маёй асноўнай місіяй з’яўляецца падзяка Божай міласэрнасці, — адзначыў кардынал у каментарыі Catholic.by. — Касцёл на беларускай зямлі зведаў шмат трагічных падзей, але Божая міласэрнасць дапамагла многім людзям захаваць сваю веру і выкарыстасць яе, так бы мовіць, у выглядзе стартавага капіталу для новага часу і новага грамадства».  

«Я цешуся з таго, што магу пазнаёміцца з краінай, у якую прыбываю ўпершыню. Перадусім я буду рады пазнаёміцца з жывым Касцёлам у Беларусі — Касцёлам, які шмат цярпеў, а цяпер жыве ў адноснай свабодзе веры. І для мяне, як святара з Аўстрыі, безумоўна, гэтае знаёмства будзе жывым сведчаннем веры», — дадаў іерарх.

У праграме прабывання кардынала Шонбарна ў Беларусі акрамя ўдзелу ў будслаўскіх урачыстасцях — сустрэчы з каталіцкімі і праваслаўнымі іерархамі, прадстаўнікамі ўлады, наведванне месца памяці нацысцкіх ахвяр у Трасцянцы і інш.

Іерарх з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Аўстрыі, а таксама ўваходзіць у якасці ганаровага члена ў шэраг Кангрэгацый і Папскіх радаў у Ватыкане. Кардынал Шонбарн быў адным з удзельнікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, а ў красавіку 2016 года яму была даручана місія прэзентаваць Апостальскую адгартацыю Папы Францішка «Amoris Laetitia» (Радасць любові) па выніках Сінода.

Поўнае імя кардынала — Крыстаф Марыя Міхаэль Гуга Дам’ян Петэр Адальберт фон Шонбарн. Ён паходзіць з аўстравенгерскай графскай сям’і. Валодае шасцю мовамі. З’яўляецца айцом дамініканінам.
Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага


Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця