Пошук

28.06.2016 17:15  

25 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Быстрыца (Астравецкі раён) адбылася ўрачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля, падчас якой быў асвечаны помнік у гонар 625-годдзя мястэчка.

Быстрыца лічыцца самым старажытным мястэчкам на Астравеччыне. У мінулым годзе Быстрыца ўрачыста адзначыла сваё 625-годдзе. Кажуць, што тут, у ваколіцах Быстрыцы, нарадзіўся благаславёны Міхал Гедройць (афіцыйных звестак аб месцы яго нараджэння не захавалася).

Нягледзячы на фізічную загану, Міхал атрымаў ад Бога чуллівую душу і шчырае сэрца — і праз стагоддзі вернікі просяць заступніцтва ў брата Міхала, які склаў свае манаскія абяцанні ў мясцовым кляштары, а апошні зямны прытулак знайшоў у далёкім Кракаве, у касцёле святога Марка.

25 чэрвеня парафію ў Быстрыцы наведаў Пінскі ардынарый біскуп Антоні Дзям’янка.


«Я рады, што разам з вамі сустракаю ўрачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля, — адзначыў іерарх. — Няхай Маці Божая заўсёды вас атуляе сваім плашчом, вядзе дарогай да Бога і бароніць вашы сем’і ад няшчасцяў, хвароб і п’янства».

Пасля біскуп Антоні Дзям’янка асвяціў помнік у гонар 625-годдзя Быстрыцы, а затым урачыстая працэсія рушыла да касцёла.


На адпустовую ўрачыстасць прыбылі ксяндзы на чале з канонікам, дэканам Астравецкага дэканату кс. Юзафам Багдзевічам.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на постаці святога Яна Хрысціцеля, яго справах і жыцці. Разам з кансэкраванымі асобамі ў гэты дзень маліліся вернікі Быстрыцкай парафіі і госці, якія прыехалі ў мястэчка з розных куткоў Астравеччыны і Беларусі.

Пасля адпустовай Імшы ўсіх чакаў канцэрт хору «Польскія макі», ансамбляў «Гаманіна» і «Кемяліна».


Пасля супольнай малітвы чарга з вернікаў пацягнулася да Святаянскай крынічкі, што побач з мястэчкам Быстрыца, каб набраць гаючай вады, пра цудадзейныя асаблівасці якой вядома спакон вякоў.

Згодна з паданнем, якое памятаюць старажылы вёскі, падчас вайны гэтымі краямі ішоў чалавек, які страціў зрок падчас адной з атак. Папіў ён студзёнай вадзіцы і аздаравіўся: яго вочы ізноў сталі бачыць свет.

Пасля крыніцу асвяцілі ў гонар прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай у 1791 годзе, аб чым сведчыць надпіс на камяні, датаваны 1921 годам. А ў наш час побач з крынічкай пабудавалі капліцу.

 

Алена Гануліч, фота Яны Петрык

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа