На ўрачыстасцях у Будславе будзе магчымасць набыць першае выданне новага дыска каталіцкага гурта «Laudans« – «Адзінства», афіцыйная прэзентацыя якога запланавана на верасень. У дыск увайшлі найлепшыя песні з рэпертуару гурта за апошні час, выкананыя ў новай апрацоўцы.
Саліст гурта Андрэй Лугін кажа пра гэты дыск так: «Мэта дыска – паказаць, наколькі важнае ў нашым жыцці адзінства – адзінства паміж народамі, адзінства ў беларускім грамадстве, адзінства ў нашых сем'ях. А ў аснове ўсяго – адзінства нашай душы з Панам Богам. Адзінства павінна быць фундаментам нашага жыцця. Гэтую думку мы хочам данесці праз свой новы дыск».
Сустрэцца з удзельнікамі гурта і набыць дыскі можна будзе ў намёце фестывалю «Laudato si'», дыскі будуць прадстаўлены таксама ў намётах будслаўскага санктуарыя і іншых месцах продажу хрысціянскай прадукцыі. «Набываючы дыск, вы падтрымліваеце развіццё нашага гурта, даяце нам магчымасць ствараць і запісваць новыя творы на хвалу Божую», — звяртаюцца да аматараў хрысціянскай музыкі ўдзелькі гурта.
Вераніка Лугіна