Пошук

Фота Віталія Палінеўскага

18 сакавіка Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначае 50-годдзе з дня нараджэння. Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз доктар Аляксандр Улас віншуе кіраўніка епіскапату з юбілеем.

Ад імя супрацоўнікаў і ўсіх чытачоў парталу Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Catholic.by жадаю павіншаваць шаноўнага біскупа Алега Буткевіча з юбілеем 50-годдзя з дня нараджэння і выказаць сардэчныя пажаданні ў гэты асаблівы дзень.

У дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору Christus Dominus пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле ёсць такія знамянальныя словы: «Самі біскупы, прызначаныя Духам Святым, займаюць месца Апосталаў як пастыры душ і разам з Найвышэйшым Пантыфікам і пад яго ўладай маюць місію ўвекавечваць справу Хрыста, вечнага Пастыра. Сапраўды, Хрыстус дае Апосталам і іх пераемнікам наказ і ўладу навучаць усе народы, асвячаць людзей у праўдзе і пасвіць іх. Таму біскупы ласкай Духа Святога, які ім быў дадзены, сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, першасвятарамі і пастырамі» (пар. ChD 2).

Таму жадаю Вам, Ваша Эксцэленцыя, каб Вы заўсёды былі мужным настаўнікам веры, мудрым абаронцам супольнасці Божага народа і руплівым святаром у выкананні ўскладзенай на Вас місіі асвячэння нашага Касцёла на Беларусі.

Няхай блізкасць у дачыненні да самотных і адкінутых, міласэрнасць да грэшных, спачуванне да церпячых і адначасова праўда супраць падману, справядлівасць супраць зла і любоў супраць эгаізму свету суправаджаюць Вас ў здзяйсненні шматлікіх адказных заданняў той місіі, якая ўскладзена на Вас Святым Духам.

Ваша Эксцэленцыя, мы разам з вернікамі нашага Касцёла даручаем усё Вашае жыццё і служэнне Апякунцы Беларусі Маці Божай Будслаўскай і просім для Вас Божага благаслаўлення ў служэнні Богу і Касцёлу ad plurimos annos — на доўгія гады!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа