Пошук

14.03.2022 16:17   Catholic.by

13 сакавіка ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай маліліся за Папу Францішка ў дзявятую гадавіну яго выбару на пасад святога Пятра.

Малітва за Святога Айца ў гадавіну абрання ў Будславе стала ўжо традыцыяй. Апоўдні перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю цэлебравалі пробашч мясцовай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік і брат Андрэй Жылевіч OFMCap, які праводзіць для будслаўскіх вернікаў велікапосныя рэкалекцыі.

Вітаючы сабраных у будслаўскім касцёле вернікаў, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што гэтая святыня мае адмысловы тытул малой базылікі.

«Гэтае адрозненне, якое надаецца Святым Пасадам некаторым асабліва важным святыням, спалучана з абавязкам маліцца ў іх за Пантыфіка ў гадавіну яго абрання. Калі Папа прыбывае ў тую ці іншую краіну, ён абавязкова наведвае базыліку, каб памаліцца ў святыні, якая з’яўляецца сімвалам еднасці мясцовага Касцёла з наступнікам Апостала Пятра», — адзначыў арцыпастыр.

Ён нагадаў аб тым вечары 13 марта 2013 года, калі на балконе ватыканскай базылікі з’явіўся аргентынскі кардынал Бэргольё — новаабраны Папа Францішак.

«Сваім прывітаннем „Дарагія браты і сёстры, добры вечар!“ ён распачаў новы пантыфікат: пантыфікат братэрства і сацыяльнага сяброўства. Гэтай вельмі блізкай яму тэме Папа праз некалькі гадоў прысвяціў энцыкліку Fratelli tutti — „Усе браты“» — зазначыў іерарх, дадаўшы, што змест гэтай энцыклікі як ніколі раней актуальны ў сённяшнім свеце, і што кожны мае абавязак, нават калі ён не католік, пазнаёміцца з думкамі Пантыфіка, якімі ён дзеліцца з сучасным чалавецтвам.

«Той, хто яе прачытае, дакладна зразумее, што ўсе мы браты», — заўважыў арцыбіскуп, заахвоціўшы да чытання энцыклікі Папы Францішка, «каб свет праз нас пазнаў, што мы ўсе сапраўды браты і сёстры; што мы — адна сям’я».

Пасля Імшы ў будслаўскай святыні адбылося набажэнства Крыжовага шляху ў інтэнцыі міру ва Украіне.

На развітанне арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў пробашчу і парафіянам за клопат і вытрымку ў справе аднаўлення касцёла пасля пажару. Іерарх таксама выказаў падзяку ўсім ахвярадаўцам і людзям добрай волі, у тым ліку прадстаўнікам улады і дзяржаўным арганізацыям, якія не засталіся абыякавымі да лёсу Нацыянальнага санктуарыя і аказалі пасільную дапамогу ў справе аднаўлення пашкоджанага агнём касцёла. Іерарх выказаў надзею на тое, што супольнымі намаганнямі ўдасца хутка адбудаваць будслаўскую святыню — «беларускі Бэтлеем».

«Для гэтага неабходныя вельмі вялікія сродкі, але кожны ўнёсак — нават „удовін грош“ — мае неацэннае значэнне для агульнай справы», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён яшчэ раз скіраваў просьбу да ўсіх не пераставаць малітвамі і ахвяраваннямі ўдзельнічаць у адбудове касцёла ў Будславе. «Нягледзячы на складаны час, мы павінны клапаціцца аб Божым Доме, бо калі паміж намі прысутны Бог, то будзе і Божы супакой», — сцвердзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 14.03.2022 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця