Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 11 лютага на 86-м годзе жыцця адышла ў вечнасць сястра Тэрэза Складоўская, шматгадовая катэхетка пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Тэрэза Складоўская нарадзілася 8 ліпеня 1936 года, у 1962 годзе ўступіла ў Трэці Францішканскі Ордэн (ордэн свецкіх), працавала настаўніцай у школе.
У часы атэістычнага пераследу Касцёла яна падпольна рыхтавала да сакрамэнтаў каталіцкіх вернікаў Мінска.
Пасля адраджэння парафіі і аднаўлення набажэнстваў у мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, працягвала катэхізаваць у гэтай супольнасці і рыхтаваць пары да сакрамэнту сужэнства, а таксама дарослых да хросту. У касцёле праводзіла набажэнствы Крыжовага шляху, Ружанец і іншыя малітвы з народам. Залатагорская парафія была яе адзінай сям’ёй, дзе яе вельмі любілі і паважалі. Сціплая пабожная тэрцыярка, сястра Тэрэза ўсё сваё жыццё без рэшты прысвяціла Богу.
- Пахаванне спачылай сястры Тэрэзы адбудзецца ў нядзелю 13 лютага ў Івянцы.
Пахавальная святая Імша ў касцёле святога Аляксея (Чырвоны касцёл у Івянцы) распачнецца ў 12.30.
- Святая Імша за спачылую сястру Тэрэзу ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы адбудзецца ў панядзелак 14 лютага ў 18.30.
Цэлебрацыю ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Вечны адпачынак дай ёй, Пане…