Курыя Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 3 лістапада на 85-м годзе жыцця адышоў у вечнасць а. Эфрэм Бісага OСist, цыстэрцыянец, шматгадовы душпастыр і аднавіцель Касцёла на Гомельшчыне.
Эфрэм Бісага нарадзіўся ў 1935 г. у Польшчы, з юнацтва адчуў пакліканне да служэння ў манаскім Ордэне цыстэрцыянцаў.
Пасля святарскага пасвячэння у 1974 г. шмат гадоў працаваў у Аўстрыі. На заклік Папы Яна Паўла ІІ аб душпастырскай дапамозе ў посткамуністычных краінах, у 1994 г. распачаў служэнне ў Беларусі на Гомельшчыне. Кардынал Казімір Свёнтэк даручыў яго пастырскай апецы парафіі на тэрыторыі Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў.
Дзякуючы руплівасці гэтага святара і старанням мясцовых вернікаў удалося не толькі адрадзіць 4 парафіі ў гэтых раёнах, але і нанава адбудаваць у кожнай з іх прыгожыя парафіяльныя святыні: у Калінкавічах, Петрыкаве, Капаткевічах і Брынёве.
У 2006 г. а. Эфрэм быў пераведзены на далейшае служэнне з Беларусі ва Украіну ў Данецкую вобласць (Арцем’еўск, Славянск). У 2019 г. вярнуўся ў Польшчу, дзе працягваў манаскае і душпастырскае служэнне ў парафіі пры кляштары цыстэрцыянцаў да канца свайго жыцця.
Пахаванне спачылага а. Эфрэма Бісагі адбудзецца ў аўторак 10 лістапада ў 11.00 у касцёле пры абацтве цыстэрцыянцаў у г. Ванхоцк (Wąchock) у Польшчы.
«Просім аб малітве за святой памяці спачылага ў Пану а. Эфрэма, чыё імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Касцёла на Гомельшчыне», — гаворыцца ў паведамленні Курыі Пінскай дыяцэзіі.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…