Пошук

03.11.2020 10:28   Паводле: Sdb.by

30 кастрычніка прадстаўнікі салезіянскай сям’і ў Беларусі сабралася ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, каб памаліцца за памерлых сабратоў і благаславіць новыя помнікі траім з іх.

Як паведамляе сайт салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, з вёскі Дварэц салезіяне пачалі наведванне могілак памерлых сабратоў у гэтым годзе. Дварэц — месца, дзе сто гадоў таму салезіяне распачалі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

Добраўпарадкаванне месцаў пахавання салезіянаў адбываецца ў межах падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя прысутнасці членаў таварыства на Беларусі.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB прывітаў прысутных і зачытаў імёны памерлых салезіянаў, якія працавалі на нашай зямлі і за якіх цэлебруецца Імша. Разам з салезіянамі маліўся і пробашч мясцовай парафіі кс. Павел Скуба.

У гаміліі пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску і дэкан дэканату Мінск-Усход кс. Аляксандр Мятліцкі SDB звярнуў увагу на тое, што кожны хрысціянін добра ведае шлях, які вядзе да збаўлення, але ведаць шлях і ісці ім – розныя рэчы. Святар адзначыў, што памерлыя сабраты пісалі гісторыю салезіянскага таварыства на гэтай зямлі, і дадаў, што сёння можна задаць сабе пытанне, якую гісторыю пішам мы і куды крочым.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў за супольную малітву і заўважыў, што вельмі цешыцца магчымасці перажываць такі важны момант са сваімі сабратамі.

Затым прысутныя, молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, накіраваліся на могілкі, дзе адбылося благаслаўленне помнікаў ксяндзу Людвіку Віткоўскаму SDB і сабратам каад’ютарам Стэфану Залеўскаму SDB і Казіміру Ляхоўскаму SDB.

Ксёндз Віктар Гайдукевіч уручыў падзячную грамату Вадзіму Грудзе, чыя фірма дапамагла пры ўсталяванні помнікаў. Каля магіл салезіянаў прагучала малітва і падзяка памерлым за іх жыццё і сведчанне.

Абноўлена 03.11.2020 10:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця