17 чэрвеня Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі адзначае 25-годдзе святарскага пасвячэння.
Сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату іерарх прыняў 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
У гэты дзень пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пасвяціў двух першых выпускнікоў Гродзенскай духоўнай семінарыі, двух Юзафаў — Станеўскага і Ганьчыца.
Сёння ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц з’яўляецца пробашчам парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.
Фотаздымкі таго гістарычнага прэзбітэрскага пасвячэння беражліва захоўвае ў сваім архіве біскуп Юзаф Станеўскі.
У дзень юбілею святарства біскуп Юзаф Станеўскі будзе цэлебраваць святую Імшу падзякі Богу ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя. У цэлебрацыі разам з юбілярам возьмуць удзел яго сабраты ў біскупскім служэнні.
Духоўна далучацца да супольнай малітвы ў галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі можна дзякуючы прамой анлайн-трансляцыі.
Пачатак у 12.00.
21 чэрвеня ў 10.30 біскуп Станеўскі будзе таксама цэлебраваць святую Імшу падзякі на сваёй малой радзіме ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата Заневічах
***
Дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас ад імя ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі шчыра віншуе біскупа Юзафа Станеўскага з 25-гадовым юбілеем святарства. Іерарх, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за душпастырства моладзі, рэгулярна публікуе на партале Касцёла ў Беларусі свае допісы ў рубрыцы «Блог біскупа».
Шчырыя словы біскупа Юзафа, у духу дыялогу, без ментарства, неадменна карыстаюцца вялікай папулярнасцю і, напэўна, выклікаюць водгук у сэрцах маладых духам чытачоў.
Няхай Бог праз заступніцтва Маці Божай Студэнцкай шчодра благаславіць Вас, Ваша Эксцэленцыя, на доўгія і святыя гады адднага пастырскага служэння і далейшага плённага супрацоўніцтва з парталам Catholic.by дзеля збаўлення душаў.