Пошук

13.11.2019 10:01   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Catholic.by

10 лістапада вернікі парафіі святога Юды Тадэвуша ў Прывалках (дэканат Гродна-Усход) дзякавалі Богу за 100 гадоў існавання сваёй святыні.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, з нагоды юбілею касцёла адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Драўляная святыня ў невялічкай вёсцы, якая знаходзіцца на самай мяжы з Літвой, была пабудавана мясцовымі католікамі ў 1918–1919 гадах у неагатычным стылі і 16 ліпеня 1920 года асвячана ксяндзом Францішкам Бернатам пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (Шкаплернай) і святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша.

З часоў Другой сусветнай вайны ў парафіі не было пастаяннага душпастыра, а ў 1962 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл. Дэлегацыя вяскоўцаў нават ездзіла ў Маскву з просьбай вярнуць святыню, але безвынікова. Пры савецкай уладзе касцёл быў занядбаны. Нават калі на святыню падчас навальніцы ўпала дрэва, старшыня калгаса не дазваляў яго зняць, што значна пашкодзіла канструкцыі помніка драўлянага дойлідства.

У 1990 годзе касцёл быў нарэшце вернуты парафіянам, якія на чале з ксяндзом Станіславам Гаўлікам яго аднавілі. 29 кастрычніка 1994 года, у свята заступніка касцёла, яго зноў асвяцілі пад тытулам святога апостала Юды Тадэвуша.

Нядаўна святыня была адрамантавана, у чым вялікая заслуга сённяшняга душпастыра кс. Паўла Шанчука, пробашча парафіі ў Гожы і дэкана дэканату Гродна-Усход, а таксама мясцовых вернікаў, якія клапоцяцца пра касцёл, як пра ўласны дом.

Імшу біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць, атачыўшы малітвай таксама іх сем’і і блізкіх.

У гаміліі іерарх заахвоціў дзякаваць Богу за дар гэтай святыні, якая з’яўляецца годным месцам малітвы. Разважаючы над літургіяй слова на гэты дзень, біскуп заклікаў да вернасці Божым запаведзям. Прыкладам такой вернасці ён назваў людзей, якія ў цяжкія для Касцёла часы баранілі тое, што святое і Божае, прысвячалі ўсё сваё жыццё таму, каб хрысціянскія каштоўнасці былі захаваны на нашых землях.

На заканчэнне іерарх пажадаў, каб вернікі гэтай парафіі былі заўсёды крыніцай духоўнай моцы для іншых і жылі ў згодзе і любові, каб Евангелле Хрыста рэалізоўвалася ў штодзённым жыцці.

Абноўлена 13.11.2019 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця