Пошук

  • І. Выкананне розных абавязкаў
  • ІІ. Спеў у Афіцыі

І. Выкананне розных абавязкаў

253. Падчас цэлебрацыі Літургіі гадзінаў, як і іншых літургічных дзеянняў, «кожны, духоўны ці свецкі, выконваючы свой абавязак, павінен рабіць выключна і цалкам тое, што датычыць яго паводле самой прыроды прадмета і літургічных нормаў»164.

254. Калі цэлебрацыяй Літургіі гадзінаў кіруе біскуп, асабліва ў катэдральным касцёле, яго павінны суправаджаць духавенства і прыслугоўваючыя, пры поўным і актыўным удзеле народу. Аднак звычайна цэлебрацыяй з народам павінен кіраваць святар або дыякан у прысутнасці таксама іншых прыслугоўваючых.

255. Прэзбітэр або дыякан, які кіруе цэлебрацыяй, надзявае стулу паверх альбы або комжы. Прэзбітэр можа апрануць таксама капу. У вялікія ўрачыстасці нічога не перашкаджае, каб некалькі прэзбітэраў былі апранутыя ў капу, а дыяканы – у далматыку.

256. Святар або дыякан, які кіруе Афіцыем, павінен: пачаць яго са свайго месца ўступным вершам, распачаць малітву Панскую, узнесці заключную малітву, прывітаць народ, благаславіць яго і разаслаць.

257. Просьбы можа ўзносіць як святар, так і прыслугоўваючы.

258. Пры адсутнасці прэзбітэра або дыякана кіраўнік Афіцыя з’яўляецца толькі першым сярод роўных; ён не ўваходзіць у прэзбітэрый, не вітае і не благаслаўляе народ.

259. Той, хто выконвае абавязак лектара, дэкламуе кароткія і доўгія чытанні, стоячы ў адпавед­ным месцы.

260. Антыфоны, псальмы ці іншыя спевы павінен распачынаць кантар або кантары. Што датычыць псальмодыі, то павінна захоўвацца сказанае вышэй у №№ 121-125.

261. Падчас выканання песні з Евангелля ў Ютрані або Нешпарах можна акадзіць алтар, а пасля таксама святара і народ.

262. Абвязак чытання Літургіі гадзінаў у хоры датычыць дадзенай супольнасці, а не месца цэлебрацыі, якім не абавязкова павінен быць касцёл, асабліва калі гаворка ідзе пра Гадзіны, якія не чытаюцца ўрачыста.

263. Усе ўдзельнікі стаяць падчас:

а) Закліку і ўступнага верша кожнай Гадзіны;

б) гімна;

в) песні з Евангелля;

г) просьбы, малітвы Панскай і заключнай малітвы.

264. Чытанні, акрамя евангельскіх, усе слухаюць седзячы.

265. Падчас выканання псальма і іншых песень са сваімі антыфонамі супольнасць сядзіць або ста­іць паводле звычаю.

266. Усе пазначаюць сябе знакам крыжа, датыкаючыся чала, грудзей, левага і правага пляча:

а) на пачатку Гадзіны, калі прамаўляецца Божа, прыйдзі мне на дапамогу;

б) на пачатку песняў з Евангелля: песні Захарыі, песні Марыі і песні Сімяона.

Знакам крыжа пазначаюць сабе вусны на пачатку Закліку падчас слоў Пане, адкрый мае вусны.

ІІ. Спеў у Афіцыі

267. У рубрыках і нормах гэтых уводзінаў словы «чытаць» або «ўзносіць» павінны разумецца ў сэнсе або спеву, або рэцытацыі, паводле пададзеных ніжэй прынцыпаў.

268. «Усім, хто выконвае Божы Афіцый у хоры ці супольна, настойліва рэкамендуецца выкарыстоўваць пры цэлебрацыі спеў, бо ён найлепш адпавядае натуры гэтай малітвы, а таксама з’яўляецца знакам большай урачыстасці і глыбейшай еднасці сэрцаў, якія ўзносяць хвалу Богу»165.

269. Кожнага літургічнага дзеяння, асабліва Літургіі гадзінаў, датычыць тое, што было сказана пра літургічны спеў на Другім Ватыканскім Саборы166. Хоць усе часткі разам і паасобку пабудаваныя такім чынам, што іх можна рэцытаваць індывідуальна, аднак многія з іх паводле свайго жанру лірычныя, і таму яны выяўляюць свой паўнейшы сэнс толькі ў спеве. Асабліва гэта датычыць псальмаў, песень, гімнаў і рэспансорыяў.

270. Таму спеў у Літургіі гадзінаў павінен успрымацца не як пэўнае вонкавае ўпрыгожанне, але, хутчэй, як тое, што выходзіць з глыбіні душы, якая моліцца і праслаўляе Бога, як тое, што цалкам і дасканала выяўляе супольнасны характар хрысціянскага культу.

Заслугоўваюць пахвалы розныя хрысціянскія супольнасці, якія стараюцца як мага часцей выкарыстоўваць гэтую форму малітвы. Таму трэба клапаціц­ца аб належнай катэхезе і падрыхтоўцы як духавенства, законнікаў і законніц, так і свецкіх вернікаў, каб асабліва ў святочныя дні яны маглі з радасцю спяваць Гадзіны. Спяваць увесь Афіцый складана, а праслаўленне Бога Касцёлам ні па сваім паходжанні, ні па сваёй сутнасці не павінна лічыцца ўласнасцю духавенства, законнікаў і законніцаў, але ўсёй хрысціянскай супольнасці. Таму трэба браць пад увагу адначасова шмат прынцыпаў, каб цэлебрацыя Літургіі гадзінаў са спевам адбывалася правільна і адзначалася праўдзівасцю і прыгажосцю.

271. У першую чаргу пажадана выкарыстоўваць спеў па меншай меры ў нядзелі і святы, каб ён адлюстроўваў розныя ступені ўрачыстасці.

272. Паколькі не ўсе Гадзіны маюць аднолькавае значэнне, трэба вылучаць спевам тыя Гадзіны, якія сапраўды з’яўляюцца стрыжнем Літургіі гадзінаў, а менавіта Ютрань і Нешпары.

273. Спяваная цэлебрацыя ўсяго Афіцыя рэкамендуецца, асабліва калі спеў адзначаецца мастацкасцю і духоўнасцю. Аднак больш карысным будзе прынцып «градацыі» ўрачыстасці, які можна час ад часу выкарыстоўваць як з практычных меркаванняў, так і з­за таго, што розныя элементы літургічнай цэлебрацыі не зусім раўнацэнныя, але кожны з іх павінен набыць свой натуральны сэнс і адпаведную функцыю. Такім чынам Літургія гадзінаў будзе не толькі прыгожым помнікам мінуўшчыны, захаваным у нязменным выглядзе, каб выклікаць здзіўленне, але, наадварот, зможа ажыць па-новаму і пачаць развівацца, каб зноў стаць цудоўным сведчаннем пэўнай супольнасці, адоранай паўнатой жыцця.

Прынцып «градацыі» ўрачыстасці дапускае прамежкавыя ступені паміж цалкам спяваным Афіцыем і простай рэцытацыяй частак. Гэты спосаб дае вялікую і прыемную разнастайнасць. Меру яго выкарыстання трэба ацэньваць паводле значэння дня або цэлебраванай Гадзіны, сутнасці кожных складовых элементаў Літургіі гадзінаў, нарэшце, паводле колькасці і характару супольнасці, а таксама колькасці прысутных кантараў.

Дзякуючы выкарыстанню гэтага багацця варыянтаў, публічнае праслаўленне Бога можа адбывацца са спевам часцей, чым раней, і парознаму можа быць прыстасавана да самых розных абставінаў. Таму ёсць вялікая надзея, што для нашага часу знойдуцца новыя шляхі, новыя формы, як заўсёды было ў жыцці Касцёла.

274. У літургічных дзеяннях, якія цэлебруюцца са спевам на лацінскай мове, галоўнае месца па¬ві¬нен займаць нароўні з іншымі грыгарыянскі спеў як уласцівы рымскай літургіі167. Аднак «Касцёл не выключае з літургічных дзеянняў ніякага жанру сакральнай музыкі, калі толькі ён адпавядае духу літургічнага дзеяння і сутнасці кожнай з яе частак і не перашкаджае належнаму і актыўнаму ўдзелу народу»168. У спяваным Афіцыі, калі няма мелодыі да пададзенай антыфоны, павінна брацца іншая антыфона, якая ёсць у рэпертуары, калі толькі яна дастасаваная паводле нормы №№ 113, 121-125.

275. Паколькі Літургія гадзінаў можа цэлебравацца на нацыянальнай мове, «трэба старанна рыхтаваць мелодыі, якія выкарыстоўваюцца пры спяваным выкананні Божага Афіцыя на гэтай мове»169.

276. Аднак нічога не перашкаджае, каб падчас адной і той жа цэлебрацыі адна частка спявалася на адной мове, іншая – на іншай170.

277. Выбар элементаў для спеву абумоўлены парадкам літургічнай цэлебрацыі, які патрабуе, каб сэнс і натура кожнай часткі спеву былі добра захаваныя. Ёсць такія часткі, якія самі па сабе патрабуюць спеву171. Да іх у першую чаргу належаць акламацыі, адказы пасля прывітання святара і прыслугоўваючых, адказы на літанійныя заклікі, акрамя таго, антыфоны, псальмы і іх рэфрэны, гімны і песні172.

278. Як вядома, псальмы (пар. №№ 103-120) цесна звязаны з музыкай, што пацвярджаецца як юдэйскай, так і хрысціянскай традыцыяй. Сапраўды, для поўнага разумення многіх псальмаў пажадана іх спяваць ці па меншай меры заўсёды разглядаць іх у паэтычным і музычным святле. Калі магчыма, то музычнай форме трэба аддаваць перавагу прынамсі ў асаблівыя дні і Гадзіны, а таксама згодна з іх першапачатковым значэннем.

279. Розныя спосабы спеву псальмаў апісваюцца вышэй у №№ 121-123. Гэтая разнастайнасць выклікана не столькі знешнімі абставінамі, колькі розным жанрам саміх псальмаў, якія сустракаюцца ў адной цэлебрацыі. Таму, магчыма, лепш будзе паслухаць псальмы мудрасці і гістарычныя, у той час як псальмы­гімны і псальмы падзякі, наадварот, самі па сабе патрабуюць супольнага спеву. Аднак важна, каб цэлебрацыя не станавілася жорсткай нормай, абмежаванай фармальнымі прадпісаннямі, але каб адпавядала духу літургічнага дзеяння. Таму трэба найперш клапаціцца, каб у душах фарміравалася імкненне да праўдзівай малітвы Касцёла і каб прыемна было ўзносіць хвалу Богу (пар. Пс 147, 1-11 [146]).

280. Гімны таксама могуць жывіць малітву таго, хто цэлебруе Гадзіну, калі яны вылучаюцца высокай тэалагічнай і мастацкай каштоўнасцю. Аднак самі па сабе яны прызначаны для спеву, і таму рэкамендуецца, каб па магчымасці яны ўзносіліся ў гэтай форме падчас цэлебрацыі ў супольнасці.

281. Кароткі рэспансорый пасля чытання ў Ютрані і Нешпарах, пра які ішла гаворка ў № 49, сам па сабе прызначаны для спеву, і пры гэтым спеву з народам.

282. Таксама рэспансорыі, якія ідуць за чытаннямі ў Гадзіне чытанняў, па сваім характары і функцыі патрабуюць спеву. Аднак у цыкле Афіцыя яны скампанаваныя так, што захоўваюць сваю сілу і пры індывідуальнай рэцытацыі. Да спеву больш прыдатныя рэспансорыі з простай і лёгкай мелодыяй, чым тыя, што паходзяць з літургічных крыніц.

283. Кароткія і доўгія чытанні самі па сабе не прызначаны для спеву. Падчас іх выканання трэба старанна зважаць на тое, каб яны чыталіся годна, выразна і разборліва, каб усе маглі сапраўды добра чуць і разумець. У чытанні можна прыняць толькі такі спосаб музычнага выканання, пры якім палепшыцца ўспрыманне словаў і разуменне тэксту.

284. Тэксты, якія чытаюцца толькі кіраўніком Літургіі гадзінаў, напрыклад, малітвы, можна прыгожа заспяваць адпаведным чынам, асабліва на лацінскай мове. Аднак гэта будзе цяжэй зрабіць на некаторых сучасных мовах, калі толькі словы тэксту праз спеў не будуць успрымацца ўсімі больш выразна.

____________________

У выданні «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове нумарацыя псальмаў пададзена паводле Новай Вульгаты: на першым месцы нумар, які падае габрэйскі тэкст, на другім, у дужках, нумар, які падаюць грэцка­лацінскія пераклады.

 

  1. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 28.
  2. S. Congr. Rituum, Instructio Musicam sacram, 5 martii 1967, n. 37: A.A.S. 59 (1967), p. 310; пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 99.
  3. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 113.
  4. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 116.
  5. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, 5 martii 1967, n. 9: A.A.S. 59 (1967), p. 303; пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 116.
  6. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, 5 martii 1967, n. 41; пар. nn. 54-61: A.A.S. 59 (1967), pp. 312, 316-317.
  7. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, 5 martii 1967, n. 51: A.A.S. 59 (1967), p. 315.
  8. Пар. тамсама, n. 6: p. 302.
  9. Пар. тамсама, nn. 16 a, 38: pp. 305, 311.
Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця