Пошук

  • І. Цэлебрацыя таямніц Пана
    • а) Нядзеля
    • б) Пасхальны Трыдуум
    • в) Велікодны перыяд
    • г) Нараджэнне Пана
    • д) Іншыя ўрачыстасці і святы Пана
  • ІІ. Цэлебрацыя ў гонар святых
    • 1. Парадак Афіцыя ва ўрачыстасці
    • 2. Парадак Афіцыя на святы
    • 3. Парадак Афіцыя ва ўспамінах святых
      • а) Успаміны, якія прыпадаюць на звычайныя дні
      • б) Успаміны, якія прыпадаюць на асаблівы перыяд
      • в) Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі ў суботу
  • ІІІ. Выкарыстанне календара і магчымасць выбіраць пэўны Афіцый ці пэўную частку
    • а) Выкарыстанне календара
    • б) Магчымасць выбіраць пэўны Афіцый
    • с) Магчымасць выбіраць розныя фармуляры

І. Цэлебрацыя таямніц Пана

а) Нядзеля

204. Нядзельны Афіцый пачынаецца ад І Нешпараў, у якіх усё бярэцца з псалтыра, за выключэннем таго, што пазначана як уласнае.

205. Калі свята Пана цэлебруецца ў нядзелю, то яно мае ўласныя І Нешпары.

206. Спосаб цэлебрацыі нядзельных вігілій, калі гэта неабходна, указаны ў № 73.

207. Найбольш пажадана, паводле вельмі даўняй традыцыі, хаця б Нешпары целебраваць, дзе гэта магчыма, з народам157.

б) Пасхальны Трыдуум

208. Падчас Пасхальнага Трыдуума Афіцый цэлебруецца, як апісана ў Тэкстах на розныя перыяды літургічнага года.

209. Удзельнікі вечаровай Імшы Вячэры Пана або цэлебрацыі Мукі Пана ў пятніцу не чытаюць Нешпараў адпаведнага дня.

210. У пятніцу Мукі Пана і Вялікую суботу перад Ютранню і Нешпарамі цэлебрацыя Гадзіны чытанняў праводзіцца, наколькі гэта магчыма, публічна і з народам.

211. Камплету ў Вялікую суботу чытае толькі той, хто не ўдзельнічаў у Пасхальнай вігіліі.

212. Пасхальная вігілія замяняе Гадзіну чытан­няў, таму тыя, хто не ўдзельнічае ва ўрачыстай Пасхальнай вігіліі, павінны прачытаць з яе па меншай меры чатыры чытанні з псальмамі і малітвамі. Дастаткова выбраць чытанні Зыходу, Эзэхіэля, Апостала і Евангелля. Далей ідзе гімн Цябе, Бога, праслаўляем і малітва дня.

213. Ютрань нядзелі Уваскрасення Пана чытаюць усе. Нешпары пажадана цэлебраваць урачыста для ўшанавання вечару такога святога дня і ўспаміну аб’яўленняў Пана вучням. Вельмі старанна трэба захоўваць там, дзе яна ёсць, мясцовую традыцыю цэлебраваць на Вялікдзень Нешпары хросту, у якіх падчас спеву псальмаў адбываецца працэсія да купелі хросту.

в) Велікодны перыяд

214. Літургія гадзінаў набывае пасхальны характар дзякуючы акламацыі Аллелюя, якой завяршаецца большасць антыфонаў (пар. № 120), а таксама спецыяльным гімнам, антыфонам, просьбам і ўласным чытанням, прызначаным для кожнай Гадзіны.

г) Нараджэнне Пана

215. У ноч Нараджэння Пана пажадана перад Імшой правесці цэлебрацыю ўрачыстай вігіліі з выкарыстаннем Гадзіны чытанняў. Удзельнікі гэтай вігіліі не чытаюць Камплету.

216. Ютрань у дзень Нараджэння Пана звычайна чытаецца перад Імшой на світанні.

д) Іншыя ўрачыстасці і святы Пана

217. Для ўпарадкавання Афіцыя ва ўрачыстасці і святы Пана павінна захоўвацца тое, што будзе сказана ніжэй у №№ 225-233, з унясеннем адпаведных змен.

ІІ. Цэлебрацыя ў гонар святых

218. Цэлебрацыі ў гонар святых складзены такім чынам, каб яны не пераважалі над святочнымі днямі, сакральнымі перыядамі і самімі таямніцамі збаўлення158, а таксама, каб не перарывалі ў розных месцах цыкл псальмодыі і чытанняў Божага слова і не выклікалі непатрэбных паўтораў. У той жа час павінна адпаведным чынам падтрымлівацца належная пашана кожнага са святых. На гэтых прынцыпах абапіраецца як рэформа календара, праведзеная на загад Другога Ватыканскага Сабору, так і спосаб цэлебрацыі ў гонар святых у Літургіі гадзінаў, які апісаны ў наступных нумарах.

219. Цэлебрацыі ў гонар святых могуць быць урачыстасцямі, святамі ці ўспамінамі.

220. Успаміны ў сваю чаргу падзяляюцца на абавязковыя або, калі нічога не адзначана, на неабавязковыя. Каб вызначыць неабходнасць цэлебрацыі такога неабавязковага ўспаміну пры чытанні Афіцыя з народам ці ў супольнасці, трэба ўлічваць агульную карысць ці праўдзівую пабожнасць усёй супольнасці, а не толькі аднаго цэлебранта.

221. Калі на адзін і той жа дзень прыпадае шмат неабавязковых успамінаў, можна цэлебраваць толькі адзін, прапусціўшы астатнія.

222. Урачыстасці, і толькі яны, пераносяцца ў адпаведнасці з нормай рубрык.

223. Наступныя нормы датычаць як святых, запісаных у агульным Рымскім Календары, так і тых, якія пералічаны ва ўласных календарах.

224. Пры адсутнасці ўласных тэкстаў трэба выкарыстоўваць адпаведныя тэксты з агульных тэк­стаў пра святых.

1. Парадак Афіцыя ва ўрачыстасці

225. Урачыстасці маюць І Нешпары ў папярэдні дзень.

226. У І і ІІ Нешпарах гімн, антыфоны, кароткае чытанне разам са сваім рэспансорыем, заключная малітва з’яўляюцца ўласнымі; калі адсутнічаюць уласныя, іх трэба ўзяць з агульных тэкстаў.

Абодва псальмы ў І Нешпарах звычайна бяруцца, згодна з даўняй традыцыяй, з цыкла хвалебных псальмаў Laudate (113 [112], 117 [116], 135 [134], 146 [145], 147, 1-11 [146], 147). Песня з Новага Запавету падаецца ў адпаведным месцы. У ІІ Нешпарах псальмы і песня з’яўляюцца ўласнымі, просьбы ўласныя або з агульных тэкстаў.

227. У Ютрані гімн, антыфоны, кароткае чытанне разам са сваім рэспансорыем, заключная малітва з’яўляюцца ўласнымі; калі адсутнічаюць уласныя, іх трэба ўзяць з агульных тэкстаў. Аднак псальмы трэба ўзяць з І нядзелі псалтыра; просьбы ўласныя або з агульных тэкстаў.

228. У Гадзіне чытанняў усё ўласнае: гімн, антыфоны, псальмы, чытанні і рэспансорыі. Першае чытанне – біблійнае, другое – агіяграфічнае. Аднак, калі гаворка ідзе пра святога, які мае толькі рэгіянальны культ і не мае ўласных тэкстаў у Афіцыі, то ўсё бярэцца з агульных тэкстаў.

У канцы Гадзіны чытанняў прамаўляецца гімн Цябе, Бога, праслаўляем і ўласная малітва.

229. У Малітве на працягу дня, г. зн. у Малітве перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, чытаецца штодзённы гімн, калі не ўказана інакш; псальмы бяруцца з дадатковай псальмодыі разам з уласнай антыфонай, аднак у нядзелю псальмы бяруцца з І нядзелі псалтыра, кароткае чытанне і заключная малітва – уласныя. Некаторыя ўрачыстасці Пана маюць уласныя псальмы.

230. У Камплеце выкарыстоўваецца ўсё з нядзе­лі, як пасля І ці ІІ Нешпараў.

2. Парадак Афіцыя на святы

231. Святы не маюць І Нешпараў, калі толькі гэта не святы Пана, якія прыпадаюць на нядзелю. Гадзіна чытанняў, Ютрань і Нешпары адбываюцца як ва ўрачыстасці.

232. У Малітве на працягу дня, г. зн. у Малітве перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, чытаецца штодзённы гімн; псальмы са сваімі антыфонамі бяруцца з дня, калі асаблівая прычына ці традыцыя не патрабуе, каб была выкарыстана ўласная антыфона, што адзначаецца ў адпаведным месцы. Кароткае чытанне і заключная малітва – уласныя.

233. Камплета чытаецца як у звычайныя дні.

3. Парадак Афіцыя ва ўспамінах святых

234. Паміж успамінам абавязковым і неабавязковым, калі яны цэлебруюцца, няма ніякай розніцы ў структуры Афіцыя, за выключэннем неабавязковых успамінаў, якія прыпадаюць на асаблівыя перыяды.

а) Успаміны, якія прыпадаюць на звычайныя дні

235. У Гадзіне чытанняў, Ютрані і Нешпарах:

а) псальмы са сваімі антыфонамі бяруцца з бягучага дня, калі толькі няма ўласных антыфонаў ці ўласных псальмаў, што адзначаецца ў адпаведным месцы;

б) калі антыфона да Закліку, гімн, кароткае чытанне, антыфоны да песні Захарыі і да песні Марыі, просьбы – уласныя, то іх трэба выкарыстоўваць; у адваротным выпадку яны бяруцца з агульных тэкстаў або з бягучага дня;

в) заключная малітва – пра святога;

г) у Гадзіне чытанняў біблійнае чытанне разам са сваім рэспансорыем бярэцца з бягучага дня. Другое чытанне, агіяграфічае, падаецца разам з уласным рэспансорыем. Калі яго няма, яно бярэцца з агульных тэкстаў або з патрыстычных тэкстаў бягучага дня.

Не чытаецца Цябе, Бога, праслаўляем.

236. У Малітве на працягу дня, г. зн. у Малітве перад поўднем, апоўдні пасля поўдня, і ў Камплеце ўсё бярэцца з бягучага дня.

б) Успаміны, якія прыпадаюць на асаблівы перыяд

237. У нядзелі, урачыстасці і святы, а таксама ў Папяльцовую сераду, у Вялікі тыдзень і актаву Пасхі не выкарыстоўваецца нічога з успамінаў, якія прыпадаюць на гэтыя дні.

238. У будні ад 17 да 24 снежня, а таксама ў актаве Нараджэння Пана і будні Вялікага посту не цэлебруюцца абавязковыя ўспаміны, нават паводле ўласных календароў. Калі гэтыя ўспаміны прыпадаюць на перыяд Вялікага посту, то іх трэба лічыць неабавязковымі ўспамінамі.

239. Калі нехта пажадае ўшанаваць святога, успамін якога прыпадае на гэтыя перыяды, то:

а) у Гадзіне чытанняў пасля патрыстычнага чытання разам са сваім рэспансорыем, што падаецца ў Тэкстах на розныя перыяды літургічнага года, дадаецца ўласнае агіяграфічнае чытанне са сваім рэспансорыем і завяршаецца малітвай пра святога;

б) акрамя таго, у Ютрані і Нешпарах пасля заключнай малітвы, прапусціўшы заканчэнне, можна дадаць антыфону (уласную або з агульных тэкстаў) і малітву пра святога.

в) Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі ў суботу

240. У суботы Звычайнага перыяду, калі дазволены неабавязковыя ўспаміны, можна цэлебраваць тым самым спосабам неабавязковы ўспамін пра Найсвяцейшую Панну Марыю са сваім уласным чытаннем.

ІІІ. Выкарыстанне календара і магчымасць выбіраць пэўны Афіцый ці пэўную частку

а) Выкарыстанне календара

241. Пры цэлебрацыі Афіцыя ў хоры ці пры супольнай цэлебрацыі трэба прытрымлівацца ўласнага календара, г. зн. дыяцэзіі, законнай супольнасці ці канкрэтнага касцёла159. Члены законных супольнасцяў яднаюцца з дыяцэзіяй у цэлебрацыі пасвячэння катэдры і галоўнага апекуна месца ці тэрыторыі, на якой знаходзяцца160.

242. Кожны духоўны або законнік ці законніца абавязаны цэлебраваць Літургію гадзінаў, калі ўдзельнічае ў агульнай цэлебрацыі Афіцыя паводле календара і абраду, якія адрозніваюцца ад яго ўласнага, выконвае свой абавязак.

243. Пры цэлебрацыі, якая праводзіцца індывідуальна, можна трымацца або мясцовага календара, або ўласнага календара, акрамя ўласных урачыстасцяў і святаў161.

б) Магчымасць выбіраць пэўны Афіцый

244. У будні, якія дапускаюць цэлебрацыю неабавязковага ўспаміну, можна па слушнай прычыне цэлебраваць тым жа спосабам (пар. №№ 234-239) Афіцый святога, які запісаны пад гэтым днём у Рымскім Мартыралогу або ў зацверджаным дадатку да яго.

245. Акрамя ўрачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Вялікадня, Папяльцовай серады, Вялікага тыдня, актавы Пасхі і 2 лістапада можна дзеля агульнай карысці або дзеля пабожнасці цэлебраваць цалкам або часткова пэўны ватыўны Афіцый. Гэта можа быць, напрыклад, з прычыны пілігрымкі, мясцовага свята, знешняй урачыстасці нейкага святога.

с) Магчымасць выбіраць розныя фармуляры

246. У пэўных асаблівых выпадках у Афіцыі мож­на выбіраць фармуляры, адрозныя ад бягучых, так, каб не парушаўся агульны парадак кожнай Гадзіны і захоўваліся наступныя правілы.

247. У Афіцыі нядзеляў, урачыстасцяў, святаў Пана, якія запісаны ў агульным календары, буд­няў Вялікага посту і Вялікага тыдня, дзён актавы Пасхі і Нараджэння Пана, а таксама ў буд­ні ад 17 да 24 снежня ўключна ніколі нельга змяняць тых фармуляраў, якія з’яўляюцца ўласнымі або дастасаваныя да гэтай цэлебрацыі; сюды ўваходзяць антыфоны, гімны, чытанні, рэспансорыі, малітвы і вельмі часта таксама псальмы.

Аднак замест нядзельных псальмаў бягучага тыдня пры неабходнасці могуць выкарыстоўвацца нядзельныя псальмы іншага тыдня. Больш за тое, калі гаворка ідзе пра цэлебрацыю Афіцыя з народам, можна выкарыстоўваць псальмы, падабраныя так, каб народ паступова ўсё лепш разумеў іх.

248. У Гадзіне чытанняў бягучаму чытанню са Святога Пісання заўсёды трэба аддаваць перавагу. Літургіі гадзінаў таксама датычыць пажаданне Касцёла, «каб у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання»162.

Прыняўшы гэта пад увагу, у перыяды Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Вялікадня цыкл чытанняў са Святога Пісання, які падаецца ў Гадзіне чытанняў, не павінен прапускацца; у Звычайны перыяд па слушнай прычыне на працягу аднаго або некалькіх дзён запар можна выбіраць чытанні з ліку тых, што пададзены на іншыя дні, або таксама з іншых біблійных чытанняў, напрыклад, калі адбываюцца духоўныя практыкі, пастырскія сустрэчы або малітвы за еднасць Касцёла ці іншыя рэчы такога кшталту.

249. Калі працяглае чытанне перарываецца нейкай урачыстасцю, святам ці асаблівай цэлебрацыяй, дазваляецца ў той жа тыдзень, маючы перад вачыма парадак усяго тыдня, або аб’яднаць прапушчаныя часткі з іншымі, або вырашыць, якім тэкстам трэба аддаць перавагу над іншымі.

250. У адной і той жа Гадзіне чытанняў замест другога чытання, прызначанага на пэўны дзень, можна выбраць па слушнай прычыне іншае чытанне з гэтага ж перыяду, узятае або з кнігі Літургіі гадзінаў, або на выбар з Лекцыянарыя (№ 161). Акрамя таго, у будні Звычайнага перыяду і, калі будзе мэтазгодным, таксама ў перыяды Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Вялікадня можна здзяйсняць амаль паслядоўнае чытанне нейкага патрыстычнага твору, сугучнага з біблійным і літургічным духам.

251. Кароткія чытанні, а таксама малітвы, песні і просьбы, пададзеныя на пэўныя будні дадзенага перыяду, могуць выкарыстоўвацца ў іншыя будні гэтага ж перыяду.

252. Хоць кожны павінен з павагай ставіцца да захавання ўсяго цыкла псалтыра, размеркаванага па тыднях163, аднак пры духоўнай ці пастырскай патрэбе замест псальмаў, прызначаных на пэўны дзень, можна выкарыстоўваць псальмы гэтай жа Гадзіны, прызначаныя на іншы дзень. Бываюць таксама абставіны, пры якіх дазваляецца выбіраць адпаведныя псальмы і іншыя часткі на ўзор ватыўнага Афіцыя.

____________________

У выданні «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове нумарацыя псальмаў пададзена паводле Новай Вульгаты: на першым месцы нумар, які падае габрэйскі тэкст, на другім, у дужках, нумар, які падаюць грэцка­лацінскія пераклады.

 

    1. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 100.
    2. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 111.
    3. Пар. Normas universales de anno liturgico et de calendario, n. 52.
    4. Пар. тамсама, n. 52 c.
    5. Пар. Tabula dierum liturgicorum, nn. 4 et 8: ніжэй, pp. 93¬94.
    6. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 51.
    7. Пар. вышэй, nn. 100-109.
Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.