Пошук

  • І. Псальмы і іх сувязь з хрысціянскай малітвай
  • ІІ. Антыфоны і іншыя элементы, якія дапамагаюць маліцца псальмамі
  • ІІІ. Спосаб выканання псальмаў
  • IV. Размеркаванне псальмаў у Афіцыі
  • V. Песні са Старога і Новага Запавету
  • VI. Чытанне Святога Пісання
    • а) Агульныя заўвагі
    • б) Цыкл чытанняў Святога Пісання ў Гадзіне чытанняў
    • в) Кароткія чытанні
  • VII. Чытанні Айцоў Касцёла і касцёльных аўтараў
  • VIII. Агіяграфічныя чытанні
  • ІХ. Рэспансорыі
  • Х. Гімны і іншыя небіблійныя песні
  • ХІ. Просьбы, малітва Панская, заключная малітва
    • а) Просьбы ў Ютрані і Нешпарах
    • б) Малітва Панская
    • в) Заключная малітва
  • ХІІ. Святое маўчанне

І. Псальмы і іх сувязь з хрысціянскай малітвай

100. У Літургіі гадзінаў Касцёл моліцца ў большасці тымі цудоўнымі песнямі, якія пад натхненнем Божага Духа склалі святыя аўтары Старога Запавету. Паводле свайго паходжання псальмы маюць моц узносіць людскі розум да Бога, абуджаць у чалавеку пабожныя і святыя пачуцці, у спрыяльны час цудоўным чынам заахвочваць яго да ўдзячнасці, а ў неспрыяльны – даваць суцяшэнне і загартоўваць дух.

101. Аднак псальмы – гэта толькі цень той паўнаты часоў, якая выявілася ў Хрысце Пану і з якой чэрпае сваю моц Касцёл. Хоць усе хрысціяне згодна прызнаюць высокую каштоўнасць псальмаў, аднак часам можа ўзнікаць цяжкасць, калі яны спрабуюць засвоіць падчас малітвы гэтыя вельмі шанаваныя песні.

102. Дух Святы, пад натхненнем якога спявалі псальмісты, заўсёды падтрымлівае сваёю лас­каю тых, хто з добрай воляй і верай спявае гэтыя песні. Больш за тое, неабходна, каб кожны па меры сваіх магчымасцяў імкнуўся «да глыбейшага пазнання Літургіі і Святога Пісання, асабліва псальмаў»139, і дзякуючы гэтаму разумеў, якім чынам зможа правільна маліцца, рэцытуючы псальмы.

103. Псальмы – гэта не чытанні і не малітвы, складзеныя ў прозе, але хвалебныя паэмы. Хоць яны і маглі калісьці абвяшчацца ў форме чытанняў, аднак паводле свайго літаратурнага жанру яны слушна называюцца па-габрэйску «tehilim», г. зн. «песні хвалы», а па-грэцку – «psalmoi», г. зн. «песні, якія выконваюцца пад гукі псалтыры». Сапраўды, усе псальмы маюць пэўны музычны характар, які вызначае адпаведны спосаб іх выканання. Таму псальмы павінны захоўваць свой музычны характар нават тады, калі рэцытуюцца без спеву ці адной асобай пра сябе. Псальмы, несумненна, даюць матэрыял для роздуму вернікаў, але ў большай ступені яны накіраваныя на тое, каб узрушыць сэрцы тых, хто спявае і слухае псальмы, а таксама тых, хто «грае на псалтыры і гуслях».

104. Той, хто чытае псальмы ўмела, разважаючы над кожным вершам, заўсёды падрыхтаваны сэрцам адказаць, як хоча Дух, які натхняў псальміста і падтрымліваў пабожных людзей, гатовых прыняць Яго ласку. Хоць чытанне псальмаў патрабуе павагі, якой патрабуе Божая веліч, яно павінна адбывацца з радасцю душы і слодыччу любові, што ўласціва сакральнай паэзіі і Божым хваласпевам, а найбольш – свабодзе дзяцей Божых.

105. Мы сапраўды можам лягчэй і гарачэй маліц­ца словамі псальма, калі аддаём падзяку і праслаўляем Бога ў радасці або калі молімся да Яго з глыбіні смутку. Аднак часам, асабліва калі псальм не звяртаецца непасрэдна да Бога, можа ўзнікнуць пэўная цяжкасць. Псальміст, будучы паэтам, часта звяртаецца да народу, прыгадваючы гісторыю Ізраэля, часам укладае свае словы ў вусны іншых, не выключаючы нават істотаў, пазбаўленых пазнавальных здольнасцяў. Больш за тое, ён укладае словы ў вусны Бога і людзей, а нават, як у псальме 2, непрыяцеляў Бога. Таму відавочна, што псальм – гэта не тая самая малітва, як просьба ці калекта, складзеныя Касцёлам. Акрамя таго, праз свой паэтычны і музычны характар, псальмы не павінны абавязкова звяртацца непасрэдна да Бога, але могуць спявацца перад Богам, як навучае св. Бэнэдыкт: «Паразважаем, якімі нам трэба быць перад абліччам Бога і анёлаў Ягоных, каб наш дух быў сугучны нашаму голасу»140.

106. Той, хто выконвае псальмы, адкрывае сваё сэрца на тыя пачуцці, якія натхняюць псальмы ў залежнасці ад асаблівасцяў іх літаратурнага жанру, ці гэта псальм плачу, даверу, падзякі ці іншага жанру, якія справядліва вылучаюць экзэгеты.

107. Трымаючыся сэнсу словаў, той, хто выконвае псальм, спасцігае значэнне тэксту для жыцця вернікаў.

Вядома, што кожны псальм быў складзены ў асаблівых абставінах, пра якія нагадваюць загалоўкі, змешчаныя ў габрэйскім псалтыры перад кожным творам. Аднак, якое б ні было яго гістарычнае паходжанне, кожны псальм мае ўласны сэнс, які мы павінны заўважаць нават у сённяшні час. Хоць гэтыя песні нарадзіліся шмат стагоддзяў таму на Усходзе, яны добра выказваюць пакуты і надзею, няшчасце і давер людзей кожнага ўзросту і паходжання. Асабліва яны апяваюць веру ў Бога, Яго аб’яўленне і адкупленне.

108. Той, хто выконвае псальмы падчас Літургіі гадзінаў, спявае іх не столькі ад свайго імя, колькі ад імя ўсяго цела Хрыстовага і нават ад імя самога Хрыста. Калі мы будзем памятаць пра гэта, знікнуць цяжкасці, што ўзнікаюць, калі, магчыма, нашыя ўнутраныя перажыванні разыходзяцца з пачуццямі, якія выказвае псальм. Напрыклад, засмучанаму і агорнутаму тугою сустракаецца псальм радасці, а шчасліваму – псальм плачу. Пры індывідуальнай малітве гэтага лёгка пазбегнуць, паколькі можна выбраць псальм, які адпавядае ўласным пачуццям. Аднак пры чытанні Божага Афіцыя ад імя ўсяго Касцёла публічны цыкл псальмаў выкарыстоўваецца і тым, хто, магчыма, чытае Гадзіну самастойна. Той, хто выконвае псальм ад імя Касцёла, заўсёды можа сустрэць прычыну радасці або смутку, бо і тут пацвярджаюцца словы Апостала: «Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12, 15). Праз гэта вылечваецца зраненая самалюбствам чалавечая слабасць, дасягаючы той ступені любові, калі дух сугучны голасу таго, хто выконвае псальм141.

109. Той, хто моліцца ад імя Касцёла, павінен мець на ўвазе поўны сэнс псальмаў, асабліва сэнс месіянскі, дзеля якога Касцёл прыняў псалтыр. Гэты месіянскі сэнс стаў у Новым Запавеце цалкам відавочным і нават быў абвешчаны самім Хрыстом Панам, калі Ён гаварыў Апосталам: «Павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах» (Лк 24, 44). Найбольш вядомым прыкладам гэтага з’яўляецца вядомы дыялог у Евангеллі св. Мацвея наконт Месіі, Сына Давіда і Ягонага Пана142, дзе псальм 110 гаворыць аб Месіі.

Ідучы гэтым шляхам, Айцы Касцёла прынялі ўвесь псалтыр і растлумачылі яго як прароцтва пра Хрыста і Касцёл. З гэтай жа прычыны псальмы былі выбраныя для святой Літургіі. Хоць часам прапаноўваліся не дакладныя інтэрпрэтацыі, аднак наогул як Айцы, так і Літургія слушна чулі ў псальмах Хрыста, які моліцца да Айца, або Айца, які гаворыць з Сынам, і нават пазнавалі голас Касцёла, Апосталаў або мучанікаў. Такі метад тлумачэння квітнеў таксама ў Сярэднявеччы, бо ў многіх кодэксах псалтыра, напісаных у той перыяд, перад назвамі асобных псальмаў для іх выканаўцаў падаваўся хрысталагічны сэнс. Хрысталагічнае тлумачэнне адносіцца не толькі да тых псальмаў, якія лічацца месіянскімі, але пашыраецца і на шмат іншых. У некаторых выпадках гэта, несумненна, дастасаванні, якія, аднак, былі прынятыя традыцыяй Касцёла.

Перш за ўсё ў псальмодыі святаў псальмы былі падабраныя з хрысталагічнага пункту гледжання. Для таго, каб падкрэсліць яго, часта падаюцца антыфоны з саміх гэтых псальмаў.

 

ІІ. Антыфоны і іншыя элементы, якія дапамагаюць маліцца псальмамі

110. У лацінскай традыцыі ёсць тры элементы, якія найбольш паспрыялі разуменню псальмаў і ператварэнню іх у хрысціянскую малітву, а менавіта: загалоўкі, малітвы псальмаў і, асабліва, антыфоны.

111. У псалтыры Літургіі гадзінаў пры кожным псальме падаецца загаловак пра яго сэнс і значэнне для жыцця верніка. Гэтыя загалоўкі падаюцца ў кнізе Літургіі гадзінаў толькі для карысці тых, хто выконвае псальм. Для таго, каб падтрымаць малітву ў святле новага Аб’яўлення, дадаецца выслоўе з Новага Запавету або Айцоў Касцёла, якое заахвочвае маліцца ў хрысталагічным сэнсе.

112. Малітвы для кожнага псальма, якія дапамагаюць разумець іх у хрысціянскім духу, падаюцца ў дадатку кнігі Літургіі гадзінаў і могуць на выбар выкарыстоўвацца паводле нормы даўняй традыцыі: пасля выканання псальма і захавання пэўнай хвіліны маўчання малітва яднае і выказвае пачуцці тых, хто чытае псальм.

113. Нават калі Літургія гадзінаў цэлебруецца без спеву, кожны псальм мае сваю антыфону, якую трэба чытаць і пры індывідуальнай цэлебрацыі. Антыфоны дапамагаюць выявіць літаратурны жанр псальма; яны ператвараюць псальм у асабістую малітву; выразней падкрэсліваюць годнае ўвагі выказванне, якое можна не заўважыць; надаюць пэўную асаблівую афарбоўку кожнаму псальму ў розных абставінах; больш за тое, калі выключыць нязвыклыя дастасаванні, вельмі дапамагаюць у тыпалагічным ці святочным тлумачэнні; уносяць у рэцытацыю псальмаў прыемнасць і разнастайнасць.

114. Антыфоны ў псалтыры скампанаваныя так, каб іх можна было перакласці на сучасныя мовы, а таксама паўтараць пасля кожнай страфы, згодна са сказаным у № 125. У Афіцыі без спеву, які здзяйсняецца ў Звычайны перыяд, пры неабходнасці можна замест гэтых антыфонаў выкарыстоўваць далучаныя да псальмаў выказванні (пар. № 111).

115. Калі доўгі псальм можна падзяліць на некалькі частак падчас адной і той жа Гадзіны, да кожнай часткі ставіцца ўласная антыфона, каб увесці разнастайнасць, асабліва пры цэлебрацыі са спевам, а таксама для лепшага ўспрыняцця псальмаў. Аднак можна выканаць і ўвесь псальм без перапынку, выкарыстоўваючы толькі першую антыфону.

116. Уласныя антыфоны павінны быць для Ютрані і Нешпараў падчас Пасхальнага Трыдуума, актавы Пасхі і Нараджэння Пана, для нядзеляў Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Вялікадня, а таксама ў будні Вялікага тыдня і ў дні ад 17 да 24 снежня.

117. Ва ўрачыстасці ў Гадзіне чытанняў, Ютрані, Малітве перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, а таксама ў Нешпарах падаюцца ўласныя антыфоны; у іншым выпадку яны бяруцца з агульных тэкстаў. На святы гэта ж трэба захоўваць у дачыненні да Гадзіны чытанняў, Ютрані і Нешпараў.

118. Калі пэўныя ўспаміны святых маюць уласныя антыфоны, іх трэба захаваць (пар. № 235).

119. Антыфоны да песні Захарыі і песні Марыі бяруцца з Тэкстаў на розныя перыяды літургічнага года, калі яны там ёсць, у іншым выпадку – з бягучага псалтыра; на ўрачыстасці і святы пададзены ўласныя антыфоны, калі не, то трэба выкарыстоўваць антыфоны з агульных тэкстаў; ва ўспамінах, якія не маюць уласнай антыфоны, на выбар чытаецца антыфона або з агульных тэкстаў, або з бягучага дня.

120. У Велікодны перыяд да ўсіх антыфон дадаецца Аллелюя, калі толькі гэта не супярэчыць зместу антыфоны.

ІІІ. Спосаб выканання псальмаў

121. Можна прапанаваць розныя спосабы выканання псальма. Гэта будзе залежаць ад літаратурнага жанру або даўжыні кожнага псальма; ад таго, чытаецца псальм на лацінскай ці на нацыянальнай мове; і асабліва, ці чытаецца ён адным чалавекам, ці многімі, ці цэлебрацыя адбываецца пры сходзе народу. Правільны выбар павінен паспрыяць лягчэйшаму ўспрыняццю своеасаблівага духоўнага водару і красы псальма. Бо псальмы не выкарыстоўваюцца як малітва пэўнага аб’ёму, але з улікам разнастайнасці і ўласнага характару кожнага твора.

122. Паводле розных традыцый ці выпрабаванага досведам ужытку, псальмы спяваюцца ці чытаюцца працягла (або «in directum»), або з чаргаваннем вершаў ці строфаў паміж двума хорамі ці часткамі сходу, або рэспансарыйным чынам.

123. На пачатку кожнага псальма заўсёды прамаўляецца антыфона, як было сказана вышэй у №№ 113-120; у канцы ўсяго псальма павінен захоўвацца звычай завяршаць яго словамі Хвала Айцу і г. д. Словы Хвала Айцу – гэта належнае завяршэнне, якое рэкамендуе традыцыя і якое надае малітве Старога Запавету хвалебны, хрысталагічны і трынітарны сэнс. Пасля псальма пры неабходнасці паўтараецца антыфона.

124. Калі выкарыстоўваюцца даўжэйшыя псальмы, то ў псалтыры яны падзелены, што адлюстроўвае патройны характар Гадзіны і захоўвае адначасова аб’ектыўны сэнс гэтых псальмаў.

Гэты падзел трэба захоўваць асабліва пры цэлебрацыі ў хоры і на лацінскай мове. У канцы кожнай часткі дадаецца Хвала Айцу.

Аднак дазваляецца або захаваць гэты традыцыйны спосаб, або зрабіць паўзу паміж рознымі часткамі аднаго псальма, або працягла выканаць увесь псальм разам з яго антыфонай.

125. Акрамя таго, калі гэтаму адпавядае літаратурны жанр псальма, дазволены яго падзел на строфы, каб, асабліва калі псальм спяваецца на сучаснай мове, можна было ўставіць аныфону пасля кожнай страфы. У такім выпадку будзе дастаткова дадаць Хвала Айцу ў канцы ўсяго псальма.

IV. Размеркаванне псальмаў у Афіцыі

126. Псальмы размеркаваны на чатырохтыднёвы цыкл. Некаторыя з іх прапушчаны. Іншыя, асабліва вылучаныя традыцыяй, паўтараюцца часцей. Ютрань, Нешпары і Камплета маюць псальмы, якія адпавядаюць гэтым Гадзінам143.

127. Для Ютрані і Нешпараў, якія асабліва прызначаны для цэлебрацыі з народам, падабраны тыя псальмы, якія больш адпавядаюць такому спосабу цэлебрацыі.

128. У Камплеце трэба захоўваць норму, апісаную ў № 88.

129. Для нядзелі, уключаючы Гадзіну чытанняў і Малітву на працягу дня, падабраны тыя псальмы, якія традыцыя асабліва вылучыла для выяўлення Пасхальнай таямніцы. Для пятніцы было выбрана некалькі псальмаў, якія носяць характар пакаяння або звязаны з Мукай Пана.

130. На перыяды Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікодны перыяд прызначаны тры псальмы, а менавіта 78 (77), 105 (104) і 106 (105), якія асабліва выразна паказваюць гісторыю збаўлення ў Старым Запавеце і прадказваюць тое, што павінна споўніцца ў Новым.

131. Тры псальмы: 58 (57), 83 (82) і 109 (108), у якіх пераважае характар зласлоўя, прапушчаны ў бягучым псалтыры. Зноў жа, прапушчаны некаторыя вершы ў пэўных псальмах, што пазначаецца на іх пачатку. Пропуск дадзеных тэкстаў тлумачыцца пэўнай псіхалагічнай цяжкасцю: хоць самі зласлівыя псальмы сустракаюцца ў пабожнасці Новага Запавету, напрыклад, у кнізе Апакаліпсіса (6, 10), яны ні ў якім разе не заклікаюць да праклёну кагосьці.

132. Псальмы, якія занадта доўгія, каб змясціцца ў адной Гадзіне, размеркаваны на розныя дні ў той самай Гадзіне, каб іх маглі прачытаць цалкам тыя, хто звычайна не чытае іншых Гадзінаў. Так псальм 119 (118) паводле свайго ўласнага падзелу размеркаваны на 22 дні ў Малітве на працягу дня, паколькі традыцыя прыпісвае яго менавіта на дзённыя Гадзіны.

133. Цыкл чатырох тыдняў псалтыра звязаны з літургічным годам. З першага тыдня псалтыра, нават калі пры гэтым прапускаюцца іншыя тыдні, распачынаецца: першая нядзеля Адвэнту, першая нядзеля Звычайнага перыяду, першая нядзеля Вялікага посту, першая нядзеля Велікоднага перыяду.

Пасля Спаслання Духа Святога, паколькі цыкл псалтыра ў Звычайны перыяд адпавядае парадку тыдняў, пачынаецца той тыдзень, які адзначаны ў Тэкстах на розныя перыяды лі¬тур­гіч­нага года на пачатку адпаведнага звычайнага тыдня.

134. Ва ўрачыстасці і святы, Пасхальны Трыдуум, у дні актавы Пасхі і Нараджэння Пана для Гадзіны чытанняў прызначаны ўласныя псальмы з ліку тых, якія перададзены традыцыяй, а іх адпаведнасць звычайна ілюструецца антыфонай. Тое ж адносіцца да Малітвы на працягу дня ў некаторыя ўрачыстасці Пана і падчас актавы Пасхі. Для Ютрані бяруцца псальмы і песня з першай нядзелі псалтыра. Для І Нешпараў урачыстасцяў псальмы бяруцца з цыкла Laudate паводле даўняга звычаю. Псальмы і песня для ІІ Нешпараў урачыстасцяў і Нешпараў святаў з’яўляюцца ўласнымі. Псальмы для Малітвы на працягу дня, за выключэннем тых, пра якія было сказана вышэй, і калі яны не прыпадаюць на нядзелі, бяруцца з цыкла градуальных; для Малітвы на працягу дня ў святы чытаюцца псальмы з бягучага дня.

135. У іншых выпадках псальмы бяруцца з бягучага псалтыра, калі толькі няма ўласных антыфон ці ўласных псальмаў.

V. Песні са Старога і Новага Запавету

136. Паводле звычаю ў Ютрані паміж першым і другім псальмамі змешчана песня са Старога Запавету. Акрамя шэрагу песняў, прынятых старажытнай рымскай традыцыяй, і іншых, уве­дзе­ных у Брэвіярый св. Піем Х, у Псалтыр было дададзена так шмат песень са Старога Запавету, што ўсе будні чатырох тыдняў маюць уласныя песні. У нядзелі паўтараюцца папераменна дзве часткі песні Трох юнакоў.

137. У Нешпарах пасля двух псальмаў змешчана песня з Новага Запавету, узятая з Пасланняў ці Апакаліпсіса. Прадугледжана сем песень на асобныя дні кожнага тыдня. Аднак у нядзелі Вялікага посту замест песні з паўторам аллелюя з Апакаліпсіса чытаецца песня з Першага паслання св. апостала Пятра. Акрамя таго, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і ў свята Перамянення Пана чытаецца ўказаная ў адпаведным месцы песня з Першага паслання да Цімафея.

138. Песні з Евангелля: Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, Велічае душа Мая Пана, а таксама Цяпер адпускаеш слугу Твайго павінны ўшаноўвацца з такой жа павагай, з якой звычайна слухаюцца словы Евангелля.

139. Паводле традыцыі псальмодыя і чытанні скампанаваныя так, што спачатку абвяшчаецца Стары Запавет, потым – Апостал, а ў канцы – Евангелле.

VI. Чытанне Святога Пісання

а) Агульныя заўвагі

140. Чытанне Святога Пісання, якое паводле даўняй традыцыі адбываецца публічна на літургіі не толькі падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, але і ў Афіцыі, павінна высока цаніцца ўсімі хрысціянамі, бо яго прапаноўвае сам Касцёл, не паводле асабістага выбару ці схільнасці душы, але ў парадку, неабходным для зразумення таямніцы, якую Касцёл як абранніца Хрыста на працягу «адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы з Уцелаўлення і Нараджэння да самага Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога і да чакання благаслаўлёнай надзеі і прыйсця Пана»144. Акрамя таго, пры цэлебрацыі Літургіі гадзінаў чытанню Святога Пісання заўсёды спадарожнічае малітва, каб чытанне прынесла большы плён, а малітва, асабліва пры дапамозе псальмаў, разумелася глыбей і дасягала большай пабожнасці.

141. У Літургіі гадзінаў падаецца як кароткае, так і доўгае чытанне са Святога Пісання.

142. Доўгае чытанне, якое можна выбраць па жаданні падчас Ютрані ці Нешпараў, апісваецца вышэй у № 46.

б) Цыкл чытанняў Святога Пісання ў Гадзіне чытанняў

143. У цыкле чытанняў Святога Пісання ў Гадзіне чытанняў улічваюцца як літургічныя перыяды, у якія паводле годнай пашаны традыцыі павінны чытацца пэўныя кнігі, так і цыкл імшальных чытанняў. Таму Літургія гадзінаў так звязана з Імшой, каб чытанне Святога Пісання ў Афіцыі дапаўняла чытанне, якое адбываецца падчас Імшы, і каб ствараўся поўны вобраз усёй гісторыі збаўлення.

144. За выключэннем выпадку, пра які ідзе гаворка ў № 73, Евангелле ў Літургіі гадзінаў не чытаецца, паколькі яно штогод чытаецца цалкам падчас Імшы.

145. Біблійнае чытанне мае два цыклы: адзін, пададзены ў кнізе Літургіі гадзінаў, ахоплівае толькі год; другі, які выкарыстоўваецца на выбар і прадстаўлены ў дадатку, з’яўляецца двухгадовым, як і цыкл імшальных чытанняў на будні Звычайнага перыяду.

146. Двухгадовы цыкл чытанняў скампанаваны такім чынам, каб у Літургіі гадзінаў штогод чыталіся амаль усе кнігі Святога Пісання, а таксама даўжэйшыя і больш складаныя тэксты, якія немагчыма прачытаць на Імшы. У той час, як Новы Запавет штогод чытаецца цалкам (часткова на Імшы, часткова ў Літургіі гадзінаў), то з кніг Старога Запавету выбраны тыя часткі, якія маюць большае значэнне для разумення гісторыі збаўлення і для ўзрастання пабожнасці.

Аднак дапасаванне паміж чытаннямі Літургіі гадзінаў і імшальнымі чытаннямі абавязкова патрабуе, каб адна і тая ж кніга чыталася кожныя два гады на Імшы і на Літургіі гадзінаў або па меншай меры, калі яна чытаецца ў той самы год, каб гэта адбывалася з пэўным прамежкам часу. Гэта неабходна, каб тыя самыя тэксты не падаваліся для чытання ў адзін дзень і каб тыя самыя кнігі не чыталіся ў адны і тыя ж перыяды, што пакінула б Літургіі гадзінаў толькі найменш важныя фрагменты і парушыла б цыкл чытанняў.

147. Паводле даўняй традыцыі ў перыяд Адвэнту чытаюцца фрагменты з кнігі прарока Ісаі напаўпрацяглым спосабам з папераменным чаргаваннем кожныя два гады. Дададзена кніга Рут і пэўныя прароцтвы з кнігі прарока Міхея. Паколькі з 17 да 24 снежня выкарыстоўваюцца чытанні, спецыяльна прызначаныя для гэтых дзён, прапускаюцца тыя чытанні ІІІ тыдня Адвэнту, якім не застаецца месца.

148. З 29 снежня да 5 студзеня чытаецца ў год І Пасланне да Каласянаў, у якім уцелаўленне Пана разглядаецца ў межах усёй гісторыі збаўлення, а ў год ІІ – Песня песняў, у якой прадказваецца еднасць Бога і людзей у Хрысце: «Бог Айцец справіў Богу Сыну вяселле, калі злучыў Яго з чалавечай натурай ва ўлонні Дзевы, калі спрадвечны Бог пажадаў стаць Чалавекам напрыканцы вякоў»145.

149. Ад 7 студзеня да суботы пасля Аб’яўлення Пана чытаюцца эсхаталагічныя тэксты з кнігі прарока Ісаі (раздз. 60-66) і Баруха; чытанні ж, якім не засталося месца, у гэты год прапускаюцца.

150. Падчас Вялікага посту ў год I чытаюцца ўрыўкі з кнігі Другазаконня і Паслання да Габрэяў. У год II падаецца выклад гісторыі збаўлення на падставе кніг Зыходу, Левіта і Лічбаў. Пасланне да Габрэяў тлумачыць Стары Запавет у святле Пасхальнай таямніцы Хрыста. З гэтага ж Паслання чытаецца ў Вялікую пятніцу Мукі Пана ўрывак пра ахвяру Хрыста (9, 11-28), і ў Вялікую суботу – урывак пра спакой Пана (4, 1-16). А ў іншыя дні Вялікага тыдня ў год I чытаюцца з кнігі прарока Ісаі трэцяя і чацвёртая песні Слугі Пана і фрагменты з кнігі Плачу; у год II чытаецца прарок Ерамія, які ёсць вобразам церпячага Хрыста.

151. У Велікодны перыяд, за выключэннем першай і другой нядзеляў Вялікадня і ўрачыстасцяў Унебаўшэсця і Спаслання Духа Святога, паводле традыцыі чытаюцца ў год I Першае пасланне св. Пятра, кніга Апакаліпсіса і Пасланні св. Яна, у год II – Дзеі Апосталаў.

152. Ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Спаслання Духа Святога і ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога ажно да Адвэнту ідзе працяглы цыкл трыццаці чатырох звычайных тыдняў.

Гэты цыкл перарываецца ад Папяльцовай серады да дня Спаслання Духа Святога. У панядзелак пасля нядзелі Спаслання Духа Святога бярэцца чытанне са Звычайнага перыяду з тыдня, які ідзе пасля таго, што быў перарваны Вялікім постам, а чытанні, прызначаныя на нядзелю, прапускаюцца.

У гады, у якія налічваецца толькі 33 тыдні Звычайнага перыяду, прапускаецца тыдзень, які прыпадае адразу пасля Спаслання Духа Святога, так, каб заўсёды чыталіся чытанні апошніх тыдняў, якія маюць эсхаталагічны характар.

Кнігі Старога Запавету размеркаваны паводле гісторыі збаўлення: Бог адкрывае сябе на пра­цягу жыцця народу, які Ён паступова вядзе і прасвятляе. Таму прарокі чытаюцца папераменна з гістарычнымі кнігамі з улікам перыяду, калі яны жылі і навучалі. З гэтай прычыны ў год I цыкл чытання Старога Запавету падае разам гістарычныя кнігі і словы прарокаў ад кнігі Езуса Навіна да перыяду выгнання ўключна; у год II пасля чытанняў кнігі Быцця, якія трэба правесці перад Вялікім постам, бярэцца гісторыя збаўлення пасля выгнання ажно да перыяду Макабэяў. У той жа год уключаюцца пазнейшыя прарокі, кнігі Мудрасці і апавяданні кніг Эстэр, Тобія і Юдыты.

Пасланні Апосталаў, якія не чытаюцца ў асаблівыя перыяды, размеркаваны з улікам як імшальных чытанняў, так і храналагічнага парадку, у якім былі напісаныя.

153. Цыкл аднаго года быў скарочаны такім чынам, што кожны год чыталіся выбраныя ўрыўкі са Святога Пісання, з улікам абодвух цыклаў імшальных чытанняў, каб тыя яго дапаўнялі.

154. На ўрачыстасці і святы прызначаецца ўлас­нае чытанне; у іншым выпадку чытанні бяруцца з агульных тэкстаў пра святых.

155. Асобныя ўрыўкі, наколькі магчыма, павінны захоўваць пэўную еднасць. Таму, каб не перавышаць аптымальную даўжыню, хоць яна можа адрознівацца ў залежнасці ад літаратурнага жанру розных кніг, часам прапускаюцца некаторыя вершы, што заўсёды пазначаецца. Аднак пахвальна будзе чытаць і цэлы фрагмент на падставе зацверджанага тэксту.

в) Кароткія чытанні

156. Кароткія чытанні, або «главы», пра значэнне якіх у Літургіі гадзінаў было напісана ў № 45, падабраныя такім чынам, каб сцісла і выразна выказаць думку або павучэнне. Акрамя таго, была прынята пад увагу іх разнастайнасць.

157. Былі скампанаваныя чатыры тыднёвыя цык­лы кароткіх чытанняў для Звычайнага перыяду, якія ўключаны ў псалтыр такім чынам, каб чытанне змянялася штодня на працягу чатырох тыдняў. Больш за тое, маюцца тыднёвыя цыклы на перыяды Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікодны перыяд. Акрамя гэтага ёсць яшчэ ўласныя кароткія чытанні для ўрачыстасцяў, святаў і некаторых успамінаў, а таксама цыкл кожнага тыдня для Камплеты.

158. Пры выбары кароткіх чытанняў было захавана наступнае:

а) паводле традыцыі з іх былі выключаны Евангеллі;

б) наколькі магчыма, была захаваная спецыфіка нядзелі, пятніцы і саміх Гадзінаў;

в) чытанні Нешпараў былі выбраны выключна з Новага Запавету, паколькі за імі змешчана песня з Новага Запавету.

VII. Чытанні Айцоў Касцёла і касцёльных аўтараў

159. Паводле традыцыі Рымскага Касцёла ў Гадзіне чытанняў пасля біблійнага чытання змешчана чытанне Айцоў Касцёла або касцёльных аўтараў са сваім рэспансорыем, калі не прадпісваецца агіяграфічнае чытанне (пар. №№ 228-239).

160. У гэтым чытанні падаюцца тэксты з твораў святых Айцоў і доктараў Касцёла і іншых касцёльных аўтараў, як Усходняга, так і Заходняга Касцёлаў. Перавага аддадзена Айцам, якія маюць у Касцёле асаблівы аўтарытэт.

161. Акрамя чытанняў з кнігі Літургіі гадзінаў, пры­значанай на кожны дзень, ёсць Лекцыянарый, дзе пададзена на выбар большае багацце чытанняў, каб скарб касцёльнай традыцыі быў больш даступны для тых, хто цэлебруе Божы Афіцый. Кожнаму даецца магчымасць выбіраць чытанне або з кнігі Літургіі гадзінаў, або на выбар з Лекцыянарыя.

162. Акрамя таго, Канферэнцыі Біскупаў могуць падрыхтаваць таксама іншыя тэксты, адпаведныя традыцыям і характару свайго рэгіёну146, якія павінны быць уключаны ў Лекцыянарый у якасці дадатку. Гэтыя тэксты павінны брацца з твораў касцёльных аўтараў, якія праславіліся вучэннем ці святасцю жыцця.

163. Мэта такога чытання – гэта ў першую чаргу разважанне над Божым словам, як яго прымае Касцёл у сваёй традыцыі. Касцёл заўсёды лічыў неабходным праўдзіва абвяшчаць вернікам Божае слова, каб «лінія прароцкага і апостальскага тлумачэння працягвалася згодна з касцёльным і каталіцкім разуменнем»147.

164. Дзякуючы вывучэнню дакументаў, якія прапаноўвае агульная касцёльная традыцыя, чытачы могуць глыбей паразважаць над Святым Пісаннем і ажывіць сваю любоў да яго. Творы святых Айцоў – гэта цудоўныя сведчанні знакамітых разважанняў над Божым словам, якія працягваліся вякамі і праз якія абранніца Уцелаўлёнага Слова, а менавіта Касцёл, «верны задуме і духу свайго Абранніка і Бога»148, імкнецца дайсці да больш глыбокага разумення Святога Пісання.

165. Патрыстычнае чытанне таксама вядзе хрысціянаў да разумення літургічных перыядаў і святаў. Больш за тое, яно адкрывае ім доступ да каштоўнага духоўнага багацця, якое складае выдатную спадчыну Касцёла, і ў той жа час дае ім аснову духоўнага жыцця і плённа падмацоўвае іх пабожнасць. А вестуны Божага слова штодня маюць цудоўныя прыклады святога прапаведвання.

VIII. Агіяграфічныя чытанні

166. Агіяграфічным называецца чытанне тэксту якога¬небудзь Айца Касцёла або касцёльнага аўтара пра святога, які ўзгадваецца, ці непасрэдна датычыць яго, або ўрывак з твораў самога святога ці апісанне ягонага жыцця.

167. Пры кампанаванні ўласных тэкстаў пра святых трэба клапаціцца аб гістарычнай праўдзе149 і духоўнай карысці тых, хто чытае ці слухае агіяграфічнае чытанне. Трэба пільна асцерагацца таго, што выклікае толькі здзіўленне, але старацца паказаць асаблівы духоўны характар святога, а таксама яго значэнне ў жыцці і пабожнасці Касцёла.

168. Перад чытаннем змешчана кароткая біяграфія, якая змяшчае некаторыя гістарычныя звесткі і коратка апісвае жыццё святога. Усё гэта падаецца толькі ў якасці даведкі і не чытаецца пры цэлебрацыі.

ІХ. Рэспансорыі

169. У Гадзіне чытанняў пасля біблійнага чытання змешчаны ўласны рэспансорый, тэкст якога быў узяты з захаванага скарбу ці скампанаваны нанова так, каб праліваць новае святло на разуменне толькі што завершанага чытання і ўключаць гэтае чытанне ў гісторыю збаўлення, ведучы нас ад Старога Запавету да Новага, або ператвараючы чытанне ў малітву і разважанне, або, нарэшце, ствараючы прыемную разнастайнасць сваёй паэтычнай красой.

170. Падобным чынам да другога чытання дадаецца адпаведны рэспансорый, аднак ён можа быць не так цесна звязаны з тэкстам чытання і таму спрыяе больш свабоднаму разважанню.

171. Рэспансорыі разам з іх часткамі, якія трэба паўтараць нават пры самастойным чытанні, захоўваюць сваю каштоўнасць. Аднак частка, якая звычайна паўтараецца ў рэспансорыі, пры рэцытацыі без спеву можа быць прапушчана, калі толькі паўтарэння не патрабуе сам змест.

172. Падобным чынам, толькі больш проста, кароткі рэспансорый у Ютрані, Нешпарах і Камплеце, пра які гаварылася вышэй у №№ 49 і 89, а таксама верш у Малітве перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня адказвае на кароткае чытанне пэўным воклічам, дзякуючы якому Божае слова пранікае глыбей у душу слухача або чытача.

Х. Гімны і іншыя небіблійныя песні

173. Гімны, якія ўжо з вельмі даўняй традыцыі займаюць сваё месца ў Афіцыі, цяпер таксама захоўваюць сваё значэнне150. Насамрэч, яны не толькі праз свой лірычны характар былі прызначаны для праслаўлення Бога, але таксама ўвасабляюць ролю супольнасці. Як правіла, яны больш, чым іншыя часткі Афіцыя, адразу выяўляюць асаблівы характар асобных святаў, абуджаюць і заахвочваюць людзей да пабожнай цэлебрацыі. Такую эфектыўнасць часта павялічвае іх літаратурная прыгажосць. Акрамя таго, у Афіцыі гімны з’яўляюцца галоўным паэтычным элементам, які паходзіць з творчасці Касцёла.

174. Паводле традыцыі гімн завяршаецца даксалогіяй, якая звычайна скіравана да той Божай Асобы, да якой адносіцца гімн.

175. Для разнастайнасці ў Афіцыі Звычайнага перыяду ўстаноўлены двайны цыкл гімнаў на ўсе Гадзіны, які трэба выкарыстоўваць папераменна кожны другі тыдзень.

176. Акрамя таго, у Гадзіну чытанняў Звычайнага перыяду ўведзены двайны цыкл гімнаў, у за¬леж­насці ад таго, чытаюцца гімны ўначы ці ўдзень.

178. Гімны, уведзеныя нанова, могуць выконвацца на той жа рытм і памер, што і традыцыйныя.

178. Што датычыць цэлебрацыі на нацыянальнай мове, то Канферэнцыям Біскупаў даецца магчымасць дастасоўваць лацінскія гімны да адметнасцяў мовы, а таксама ўводзіць у якасці гімнаў новыя кампазіцыі151, так каб яны цалкам адпавядалі духу Гадзіны, перыяду, дню або святу. Акрамя таго, трэба старанна пазбягаць увядзення тых песень, якія не маюць ніякай мастацкай каштоўнасці і не адпавядаюць па-сапраўднаму годнасці літургіі.

ХІ. Просьбы, малітва Панская, заключная малітва

а) Просьбы ў Ютрані і Нешпарах

179. Літургія гадзінаў сапраўды ўзносіць хвалу Богу. Аднак ні юдэйская, ні хрысціянская традыцыі не аддзяляюць малітвы прашэння ад хвалы Божай, просьбы часта пэўным чынам з яе і паходзяць. Апостал Павел заахвочвае, «каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 1-4). Гэтае настаўленне Айцы Касцёла часта тлумачылі ў тым сэнсе, што трэба ўзносіць просьбы раніцай і вечарам152.

180. Заступніцтвы, якія былі адноўлены ў Імшы рымскага абраду, узносяцца таксама ў Нешпарах, хоць і па-іншаму, як апісана ніжэй.

181. Паколькі ў дадатак да гэтага заўсёды існавала традыцыя даручаць Богу раніцай увесь дзень, то і ў Ютранях узносяцца просьбы аб даручэнні Богу дня ці аб яго асвячэнні.

182. Просьбамі называюцца як малітвы аб заступніцтве, якія чытаюцца ў Нешпарах, так і заклікі аб прысвячэнні Богу дня, якія чытаюцца ў Ютрані.

183. Дзеля разнастайнасці, а асабліва, каб лепш выказаць шматлікія патрэбы Касцёла і людзей рознага стану, супольнасцяў, асобаў, умоваў жыцця і часу, прапаноўваюцца розныя формулы просьбаў для кожнага дня цыкла псалтыра на Звычайны перыяд і для асаблівых перыядаў літургічнага года, а таксама на пэўныя святочныя цэлебрацыі.

184. Акрамя таго, Канферэнцыі Біскупаў маюць права як дастасоўваць формулы, пададзеныя ў кнізе Літургіі гадзінаў, так і зацвярджаць новыя153, захоўваючы, аднак, ніжэйпададзеныя нормы.

185. Як і ў малітве Панскай, просьбы трэба звязваць з праслаўленнем Бога, вызнаннем Яго хвалы або ўспамінам аб гісторыі збаўлення.

186. Апошняя просьба ў Нешпарах – заўсёды за памерлых.

187. Паколькі Літургія гадзінаў – гэта, галоўным чынам, малітва ўсяго Касцёла і за ўвесь Касцёл, а нават аб збаўленні ўсяго свету154, трэба, каб галоўнае месца ў просьбах абавязкова займалі агульныя інтэнцыі, г. зн. каб узносіліся малітвы за Касцёл і яго іерархію, за свецкія ўлады, за тых, хто церпіць ад нястачы, хваробы ці смутку, аб патрэбах усяго свету, а менавіта, за спакой і іншыя рэчы такога кшталту.

188. Тым не менш, дазваляецца дадаваць у Ютрані ці Нешпарах і іншыя асаблівыя інтэнцыі.

189. Просьбы ў Афіцыі пабудаваны такім чынам, каб іх можна было дастасаваць і да цэлебрацыі з народам, і да цэлебрацыі ў малой супольнасці, і да індывідуальнай цэлебрацыі.

190. Пры рэцытацыі з народам ці супольнай рэцытацыі просьбы ўводзяцца кароткім запрашэннем, якое павінен зрабіць святар ці іншы кіраўнік. Пры гэтым ён падае прыклад адказу, які ў нязменнай форме павінна паўтараць супольнасць.

191. Акрамя таго, інтэнцыі абвяшчаюцца як словы, скіраваныя да Бога, таму іх можна ўжываць як пры супольнай, так і пры індывідуальнай цэлебрацыі.

192. Любая формула інтэнцыяў складаецца з дзвюх частак, з якіх другая можа выкарыстоўвацца як адказ.

193. Таму можна выкарыстоўваць розныя спосабы, а менавіта, святар ці кіраўнік чытае абедзве часткі, а ўдзельнікі аднастайна адказваюць ці захоўваюць маўчанне, або святар ці кіраўнік чытае толькі першую частку, а ўдзельнікі – другую.

б) Малітва Панская

194. У Ютрані і Нешпарах як Гадзінах, што найбольш прызначаныя для цэлебрацыі з народам, пасля просьбаў чытаецца паводле традыцыі малітва Панская.

195. Такім чынам малітва Панская надалей будзе ўрачыста ўзносіцца тройчы у дзень, г. зн. на Імшы, Ютрані і Нешпарах.

196. Ойча наш прамаўляецца ўсімі. Пры неабходнасці можна яе папярэдзіць кароткім уступам.

в) Заключная малітва

197. Завяршаецца ўся Гадзіна заключнай малітвай, якая пры публічнай цэлебрацыі і цэлебрацыі з народам, паводле традыцыі, прамаўляецца святаром або дыяканам155.

198. Гэтая малітва ў Гадзіне чытанняў звычайна з’яўляецца ўласнай. Для Камплеты яна заўсёды бярэцца з псалтыра.

199. Для Ютрані і Нешпараў малітва бярэцца з уласных тэкстаў на нядзелі, дні перыяду Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, а таксама на ўрачыстасці, святы і ўспаміны. У будні Звычайнага перыяду чытаецца ўказаная ў цыкле псалтыра малітва, каб паказаць уласны характар гэтых Гадзінаў.

200. У Малітве перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, або ў Малітве на працягу дня, малітва бярэцца з уласных тэкстаў на нядзелі і дні перыяду Адвэнту, Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, а таксама на ўрачыстасці і святы. У іншыя дні чытаюцца тыя малітвы, якія выяўляюць характар кожнай Гадзіны і знаходзяцца ў псалтыры.

ХІІ. Святое маўчанне

201. Паколькі наогул у літургічных дзеяннях «у адпаведны час трэба захоўваць <...> поўнае пашаны маўчанне»156, у цэлебрацыі Літургіі гадзінаў яно таксама прадбачана.

202. Таму, захоўваючы разважлівасць, пры неабходнасці можна перарваць Афіцый хвілінай маўчання, каб дазволіць Духу Святому загучаць у сэрцах і каб цясней злучыць асабістую малітву са словам Божым і з агульным голасам Касцёла. Паводле звычаю можна зрабіць гэта пасля кожнага псальма і паўтарэння яго антыфоны, а асабліва тады, калі пасля хвіліны маўчання чытаецца малітва псальма (пар. № 112). Можна таксама захаваць гэтае маўчанне пасля кароткіх ці доўгіх чытанняў, перад рэспансорыем або пасля яго.

Аднак трэба асцерагацца, каб не ўводзілася такое маўчанне, якое б скажала структуру Афіцыя, перашкаджала ўдзельнікам або стамляла іх.

203. Пры індывідуальнай цэлебрацыі ёсць большая магчымасць зрабіць паўзу пры разважанні над якой­небудзь фразай, якая абуджае духоўнае пачуццё, а сам Афіцый не страчвае з­за гэтага свайго публічнага характару.

____________________

У выданні «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове нумарацыя псальмаў пададзена паводле Новай Вульгаты: на першым месцы нумар, які падае габрэйскі тэкст, на другім, у дужках, нумар, які падаюць грэцка­лацінскія пераклады.

 

  1. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 90.
  2. Regula monasteriorum, s. 19.
  3. Пар. S. Benedictus, Regula monasteriorum, s. 19.
  4. Мц 22, 44 і наст.
  5. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 91.
  6. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 102.
  7. S. Gregorius Magnus, Homilia 38 in Evangelia: PL 76, 1282.
  8. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 38.
  9. S. Vincentius Lirinensis, Commonitorium, 2: PL 50, 640.
  10. S. Bernardus, Sermo 3 in vigilia Nativitatis 1: PL 183 (edit. 1879), 94.
  11. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 92c.
  12. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 93.
  13. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 38.
  14. Sic ex. gr. S. Ioannes Chrysostomus, In Epist. ad Tim. I, Homilia 6: PG 62, 530.
  15. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 38.
  16. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 83 et 89.
  17. Пар. ніжэй, n. 256.
  18. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 30.
Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа