Пошук

  • І. Малітва Хрыста
    • Хрыстус моліцца да Айца
  • ІІ. Малітва Касцёла
    • Наказ малітвы
    • Малітву Хрыста працягвае Касцёл
    • Дзеянне Духа Святога
    • Супольны характар малітвы
  • ІІІ. Літургія гадзінаў
    • Асвячэнне часу
    • Сувязь паміж Літургіяй гадзінаў і Эўхарыстыяй
    • Выкананне святарскага абавязку Хрыста ў Літургіі гадзінаў
    • Асвячэнне чалавека
    • Аддаванне хвалы Богу ў еднасці з нябесным Касцёлам
    • Прашэнне і заступніцтва
    • Вяршыня і крыніца пастырскай дзейнасці
    • Сугучнасць духу і слова
  • IV. Асобы, якія цэлебруюць Літургію гадзінаў
    • а) Супольная цэлебрацыя Літургіі гадзінаў
    • б) Абавязак цэлебрацыі Літургіі гадзінаў
    • в) Структура цэлебрацыі

1. Публічная і супольная малітва Божага народу заслужана лічыцца адным з першасных абавязкаў Касцёла. Таму ад пачатку тыя, хто быў ахрышчаны, «заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (Дз 2, 42). Дзеі Апосталаў шмат разоў сведчаць, што хрысціянская супольнасць аднадушна малілася1.

Сведчанні старажытнага Касцёла паказваюць таксама, што верныя прысвячалі малітве пэўныя гадзіны. Пазней у розных рэгіёнах дастаткова хутка ўсталяваўся звычай прызначаць для супольнай малітвы пэўныя поры, напрыклад, апошнюю гадзіну дня, калі вечарэе і запальваецца святло, або першую гадзіну, калі пры з’яўленні дзённага святла, заканчваецца ноч.

З цягам часу агульнай малітвай сталі асвячацца таксама іншыя гадзіны, пра якія Айцы чыталі ў Дзеях Апосталаў. Яны паказваюць нам вучняў, якія збіраліся а трэцяй гадзіне2. Першы з Апосталаў «падняўся на верх дома памаліцца каля шостай гадзіны» (10, 9); «Пётр і Ян ішлі ў святыню на малітву а дзевятай гадзіне» (3, 1); «Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу» (16, 25).

2. Малітвы такога кшталту, якія ўзносіліся супольна, паступова ператварыліся ў цалкам акрэсленую паслядоўнасць гадзінаў. Гэтая Літургія гадзінаў, або Божы Афіцый, узбагачаная таксама чытаннямі, з’яўляецца асаблівай малітвай і просьбай, малітвай Касцёла разам з Хрыстом і да Хрыста.

І. Малітва Хрыста

Хрыстус моліцца да Айца

3. Прыходзячы даць людзям Божае жыццё, Слова, якое паходзіць ад Айца як святло Ягонай хвалы, «Найвышэйшы Святар Новага і вечнага Запавету, Езус Хрыстус, прымаючы чалавечую натуру, прынёс у гэта зямное выгнанне той гімн, які ва ўсе вякі гучыць у нябесных святынях»3. З таго часу ў сэрцы Хрыста хвала Богу ўзносіцца праз словы людскога пакланення, уміласціўлення і заступніцтва. Усё гэта ў імя людзей і для іхняга дабра прадстаўляе перад Богам Валадар новага чалавецтва і Пасрэднік паміж Богам і людзьмі.

4. Сам Сын Божы ў еднасці са сваім Айцом (пар. Ян 10, 30), прыходзячы у свет, сказаў: «Вось Я іду, каб выканаць волю Тваю, Божа» (Гбр 10, 9; пар. Ян 6, 38), ласкава пакінуў нам таксама сведчанні сваёй малітвы. Сапраўды, вельмі часта Евангелле паказвае Яго ў малітве: калі Айцец адкрывае Яго місію4, перад пакліканнем Апосталаў5, пры благаслаўленні Бога пад­час размнажэння хлябоў6, пры перамяненні на гары7, пры аздараўленні глуханямога8 і ўваскрашэнні Лазара9, перад месіянскім вызнаннем веры Пятра10, падчас навучання вучняў малітве11, пры вяртанні вучняў з місіі12, пры благаслаўленні дзяцей13 і малітве за Пятра14.

Яго штодзённая дзейнасць была цесна звязаная з малітвай, больш за тое, яна нібы вынікала з малітвы, калі, напрыклад, Ён маліўся на пустыні15 ці падымаўся на гару для малітвы16, калі ўставаў вельмі рана17 або маліўся да чацвёртай начной варты18, праводзячы ноч у малітве да Бога.

Як справядліва мяркуюць, Ён удзельнічаў і ў публічных малітвах у сінагогах, куды хадзіў па суботах паводле свайго звычаю19, у малітвах у святыні, якую называў домам сваёй малітвы20, а таксама ў малітвах, якія зазвычай прыватна ўзносіліся пабожнымі ізраэльцянамі штодня. Нам выразна расказваецца, як Ён узносіў таксама традыцыйныя Божыя благаслаўленні пры спажыванні ежы: падчас размнажэння хлябоў21, падчас сваёй Апошняй Вячэры22, вячэры ў Эмаус23. Падобным чынам Ён спяваў з вучнямі і гімны перад тым, як пайсці ў Аліўны сад 24.

Да самага канца жыцця, калі мука ўжо набліжалася25, падчас Апошняй Вячэры26, падчас скону27 і на крыжы28 боскі Настаўнік паказаў малітву, якая жывіла Яго месіянскі абавязак і пасхальны зыход. Бо Ён сам «у дні цела свайго гучна і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць» (Гбр 5, 7); прынёсшы ахвяру на алтары крыжа, «назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, каго асвячаюць» (Гбр 10, 14); уваскросшы, нарэшце, навекі жыве і моліцца за нас29.

ІІ. Малітва Касцёла

Наказ малітвы

5. Езус наказваў нам рабіць тое, што рабіў сам. Ён часта казаў: «Маліцеся», «прасіце», «выпрошвайце»30, «у імя Маё»;31 у малітве Панскай Ён перадаў таксама форму малітвы32 і вучыў пра неабходнасць малітвы33 пакорлівай34, чуйнай35, няспыннай і поўнай веры ў дабрыню Айца36, з чыстым намерам, адпаведнай натуры Божай37. Апосталы ж, якія ў розных месцах сваіх пасланняў перадаюць нам малітвы, а асабліва хвалы і падзякі, навучаюць нас наконт настойлівай і няспыннай малітвы38, якая ўзносіцца ў Духу Святым39 праз Хрыста40 да Бога41, і наконт яе дзейснасці для асвячэння42. Заахвочваюць нас таксама да малітвы хвалы43, падзякі44, просьбы45 і заступніцтва за ўсіх46.

Малітву Хрыста працягвае Касцёл

6. Паколькі чалавек створаны Богам, ён павінен прызнаваць і вызнаваць гэтае панаванне свайго Стварыцеля, што пабожныя людзі ўсіх часоў сапраўды рабілі праз малітву.

Аднак малітва, якая скіроўваецца да Бога, павінна быць звязанай з Хрыстом, Панам усіх людзей, адзіным Пасрэднікам47, бо толькі праз Яго мы маем доступ да Бога48. Ён так яднае з сабою49 ўсё чалавецтва, што паміж малітвай Хрыста і малітвай усіх людзей існуе глыбокая сувязь. У Хрысце і ў Ім адным рэлігійнасць чалавека знаходзіць сваю збаўчую каштоўнасць і дасягае мэты.

7. Аднак асаблівая і найглыбейшая сувязь узнікае паміж Хрыстом і тымі людзьмі, якіх Ён пры­няў у сваё цела, гэта значыць Касцёл, праз сакрамэнт адраджэння. Так ад Галавы па ўсім целе разыходзяцца ўсе багацці, якія належаць Сыну, а менавіта, еднасць з Духам Святым, праўда, жыццё і ўдзел у боскім сыноўстве Хрыста, што праяўлялася ва ўсіх Яго малітвах, калі Ён быў сярод нас.

Усё цела Касцёла таксама ўдзельнічае ў святарстве Хрыста, так што «ахрышчаныя асвячаюцца праз адраджэнне і намашчэнне Духам Святым як духоўны дом і святое святарства»50 і становяцца здольнымі да культу Новага Запавету. Гэты культ не з’яўляецца плёнам нашых высілкаў, але заслуг і дару Хрыста.

«Бог не змог бы даць людзям большага дару, чым сваё Слова, праз якое Ён заснаваў усё і якое зрабіў для іх Галавою. Ён далучыў людзей да Яго як часткі цела, каб Сын Божы быў і Сынам Чалавечым, Богам адзіным з Айцом, чалавекам адзіным з людзьмі; каб мы, калі звяртаемся з малітвамі да Бога, не аддзялялі ад Яго Сына; каб цела Сына не аддзяляла падчас малітвы ад сябе Галавы і каб Ён, наш Пан Езус Хрыстус, Сын Божы, які моліцца за нас, моліцца ў нас і да якога молімся мы, быў адзіным Збаўцам свайго цела»51. Ён моліцца за нас як Святар, у нас — як наша Галава, а мы молімся да Яго, бо Ён — наш Бог. Распазнаем нашы галасы ў Хрысце, а Ягоны голас — у нас.

У тым і заключаецца годнасць хрысціянскай малітвы, каб удзельнічаць у самой любові Адзінароднага да Айца і ў той малітве, якую Сын выказваў словамі падчас зямнога жыцця і якая цяпер у імя ўсяго чалавецтва і дзеля яго збаўлення няспынна працягваецца ва ўсім Касцёле і ва ўсіх ягоных частках.

Дзеянне Духа Святога

8. Еднасць Касцёла, які моліцца, — гэта дзеянне Духа Святога, які ёсць у Хрысце52, ва ўсім Касцёле і ў кожным ахрышчаным. Сам «Дух дапамагае ў слабасцях нашых» і «заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (Рым 8, 26). Ён як Дух Сына дае нам «Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча» (Рым 8, 15; пар. Гал 4, 6; 1 Кар 12, 3; Эф 5, 18; Юд 20). Таму не можа быць ніякай хрысціянскай малітвы без дзеяння Духа Святога, які, яднаючы ўвесь Касцёл, праз Сына вядзе яго да Айца.

Супольны характар малітвы

9. Прыклад і наказ Пана і Апосталаў маліцца заўсёды і няспынна не павінны ўспрымацца проста як прадпісанне закону, бо гэта датычыць найглыбейшай сутнасці самога Касцёла, які ёсць супольнасцю, што павінна праяўляць свой супольны характар таксама праз малітву. Таму, калі ў Дзеях Апосталаў першы раз ідзе гаворка пра супольнасць вернікаў, яна паўстае перад намі сабранай падчас малітвы «разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 14). «Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4, 32), а іх аднадушнасць абапіралася на Божым слове, братэрскай супольнасці, малітве і Эўхарыстыі53.

Хоць малітва на самоце пры зачыненых дзвярах54 заўсёды патрэбная і пажаданая55, бо яна праводзіцца членамі Касцёла праз Хрыста ў Духу Святым, аднак малітва супольнасці мае асаблівую годнасць, паколькі сам Хрыстус сказаў: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20).

ІІІ. Літургія гадзінаў

Асвячэнне часу

10. Паколькі Хрыстус наказаў: «Трэба заўсёды маліцца і не падаць духам» (Лк 18, 1), то Касцёл, верна слухаючыся гэтага наказу, ніколі не перастае ўзносіць малітвы і заахвочвае нас такімі словамі: «Праз Езуса будзем няспынна прыносіць ахвяру хвалы Богу» (Гбр 13, 15). Гэты наказ выконваецца не толькі праз цэлебраванне Эўхарыстыі, але таксама іншымі спосабамі, асабліва праз Літургію гадзінаў, якой, у параўнанні з іншымі літургічнымі дзеяннямі, уласціва паводле старажытнай хрысціянскай традыцыі асвячаць увесь бег дня і ночы56.

11. Паколькі асвячэнне дня і ўсёй чалавечай працы — адна з мэтаў Літургіі гадзінаў, яе парадак быў адноўлены такім чынам, каб надаць Гадзінам, наколькі магчыма, адпаведнасць сапраўднаму часу і таксама ўлічыць умовы сучаснага жыцця57.

Таму «для сапраўднага асвячэння дня і чытання Гадзінаў з духоўнай карысцю рэкамендуецца захоўваць час, найбольш набліжаны да пары, уласцівай кожнай кананічнай Гадзіне»58.

Сувязь паміж Літургіяй гадзінаў і Эўхарыстыяй

12. Літургія гадзінаў пашырае59 на ўсе поры дня хвалу і падзяку, а таксама ўспамін пра таямніцы збаўлення, прашэнне і прадчуванне нябеснай славы, што даецца ў таямніцы Эўхарыстыі, якая ёсць «цэнтрам і вяршыняй усяго жыцця хрысціянскай супольнасці»60.

Найлепшай падрыхтоўкай для самой цэлебрацыі Эўхарыстыі з’яўляецца Літургія гадзінаў, паколькі яна адпаведным чынам абуджае і падтрымлівае неабходную для плённай цэлебрацыі Эўхарыстыі гатоўнасць, што праяўляецца ў веры, надзеі, любові, пабожнасці і імкненні да самаадданасці.

Выкананне святарскага абавязку Хрыста ў Літургіі гадзінаў

13. «Справу адкуплення людзей і дасканалага праслаўлення Бога»61 Хрыстус у Духу Святым выконвае праз свой Касцёл не толькі падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі і сакрамэнтаў, але, асаблівым чынам, падчас здзяйснення Літургіі гадзінаў62. Езус асабіста прысутнічае ў ёй, калі збіраецца супольнасць, калі абвяшчаецца Божае слова, «калі Касцёл моліцца і спявае»63.

Асвячэнне чалавека

14. Асвячэнне чалавека64 і Божы культ ажыццяўляецца ў Літургіі гадзінаў праз абмен, або дыялог, паміж Богам і людзьмі, падчас якога «Бог звяртаецца да свайго народу, <…> а народ Божы адказвае песнямі і малітвай»65.

Удзельнікі Літургіі гадзінаў могуць, дзякуючы збаўчаму Божаму слову, якое займае ў ёй важнае месца, атрымаць багаты плён асвячэння. Бо чытанні бяруцца са Святога Пісання; словы Бога, перададзеныя ў псальмах, спяваюцца перад Яго абліччам, а іншыя просьбы, малітвы і песні напаўняюцца духам і натхненнем Пісання66.

Таму вера ўдзельнікаў жывіцца не толькі тады, калі чытаецца тое, «што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучэння» (Рым 15, 4), але таксама калі Касцёл моліцца або спявае, а душы накіроўваюцца да Бога, каб аддаць Яму духоўнае пакланенне і атрымаць ад Яго яшчэ больш шчодрую ласку67.

Аддаванне хвалы Богу ў еднасці з нябесным Касцёлам

15. Падчас Літургіі гадзінаў Касцёл, здзяйсняючы святарскі абавязак сваёй Галавы, «няспынна»68 прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыць плён вуснаў, што вызнаюць Ягонае імя69. Гэтая малітва – «голас абранніцы, якая гаворыць з Абраннікам. Больш за тое, гэта малітва Хрыста і Яго цела, скіраваная да Айца» . «Таму кожны, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконвае абавязак Касцёла і ў той жа час удзельнічае ў найвышэйшым гонары абранніцы Хрыста, паколькі, аддаючы Богу хвалу, стаіць перад Божым тронам у імя Маці-Касцёла»71.

16. Аддаючы хвалу Богу праз Літургію гадзінаў, Касцёл далучаецца да таго спеву хвалебнай песні, якая спрадвеку спяваецца ў нябесных сядзібах72. Адначасова ён прадчувае тую нябесную хвалу, апісаную Янам у Апакаліпсісе, якая няспынна гучыць перад тронам Бога і Баранка. Наша цесная еднасць з нябесным Касцёлам здзяйсняецца тады, калі «разам з ім у радасным захапленні мы праслаўляем веліч Бога і калі ўсе мы, з кожнага пакалення, мовы, племені і народу, адкупленыя ў крыві Хрыста (пар. Ап 5, 9) і сабраныя ў адзін Касцёл, адной песняй хвалы праслаўляем Бога, Адзінага ў Тройцы»73.

Гэтую нябесную Літургію прарокі прадбачылі ў пераможным дні без ночы, у святле без цемры: «Сонца больш не будзе табе служыць як дзённае святло, як і бляск месяца не будзе свяціць табе, але Пан будзе для цябе вечным святлом» (Іс 60, 19; пар. Ап 21, 23. 25). «Будзе адзіны дзень, які ведае Пан, і гэта не будзе ні дзень, ні ноч, і надвячоркам будзе светла» (Зах 14, 7). «Ужо прыйшоў да нас канец вякоў (пар. 1 Кар 10, 11), і незваротна ўстаноўлена аднаўленне свету, якое пэўным рэальным чынам прадчуваецца ўжо ў гэты час»74. Так навучае нас вера наконт сэнсу і нашага часовага жыцця, каб разам з усім стварэннем мы чакалі аб’яўлення сыноў Божых75. У Літургіі гадзінаў мы абвяшчаем гэтую веру, выказваем і жывім гэтую надзею і пэўным чынам удзельнічаем у радасці вечнай хвалы і дня, які не ведае захаду.

Прашэнне і заступніцтва

17. Акрамя хвалы Богу ў Літургіі гадзінаў Касцёл прыносіць просьбы і жаданні ўсіх вернікаў, а таксама просіць у Хрыста, а праз Яго і ў Айца аб збаўленні ўсяго свету76. Гэта голас не толькі Касцёла, але і голас Хрыста, паколькі малітвы ўзносяцца ў імя Хрыста, гэта значыць «праз нашага Пана Езуса Хрыста». Так Касцёл працягвае ўзносіць малітвы і просьбы, якія Хрыстус узносіў у дні цела свайго77 і якія, дзякуючы гэтаму, асабліва дзейсныя. Таму не толькі праз любоў, прыклад і справы пакаяння, але таксама праз малітву касцёльная супольнасць выконвае сапраўды матчын абавязак у дачыненні да душаў, якіх вядзе да Хрыста78.

Гэта датычыць асабліва тых, хто праз спецыяльнае даручэнне быў пакліканы да здзяйснення Літургіі гадзінаў, а менавіта біскупы, прэзбітэры і дыяканы, якія з абавязку моляцца за свой народ і за ўвесь народ Божы79, а таксама законніцы і законнікі80.

Вяршыня і крыніца пастырскай дзейнасці

18. Тыя, хто ўдзельнічае ў Літургіі гадзінаў, з нязвыклай апостальскай плённасцю павялічваюць народ Пана81, бо мэта апостальскай працы ў тым, «каб усе, стаўшы Божымі дзецьмі праз веру і хрост, збіраліся разам, праслаўлялі Бога сярод Касцёла, удзельнічалі ў Ахвяры і спажывалі Вячэру Пана»82.

Так вернікі выяўляюць і паказваюць іншым «таямніцу Хрыста і сапраўдную сутнасць праўдзівага Касцёла. Ён адначасова чалавечы і боскі, бачны і адораны нябачнымі дабротамі, руплівы ў дзеянні і адданы кантэмпляцыі, прысутны ў свеце і ў той жа час пілігрымуючы»83.

У сваю чаргу чытанні і малітвы Літургіі гадзінаў з’яўляюцца крыніцай хрысціянскага жыцця, бо са стала Святога Пісання і словамі святых сілкуецца гэтае жыццё, а малітвы яго ўмацоўваюць. Толькі Пан, без якога мы нічога не можам зрабіць84, можа даць нашым высілкам, калі мы Яго папросім, плённасць і поспех85, каб мы ў Духу86 штодня будаваліся ў святыню Божую да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты87 і каб падмацаваліся сілы нашы для абвяшчэння Евангелля ўсім, хто па-за Касцёлам88.

Сугучнасць духу і слова

19. Для таго, каб малітва стала асабістай для кожнага яе ўдзельніка, крыніцай пабожнасці і разнастайных Божых ласкаў, спажыткам для індывідуальнай малітвы і апостальскай дзейнасці, дух павінен быць сугучным голасу пры яе годным, уважлівым і адданым выкананні89. Няхай усе старанна супрацоўнічаюць са звышпрыроднай ласкай, каб не атрымліваць яе дарэмна. Шукаючы Хрыста і ўсё глыбей пранікаючы праз малітву ў Яго таямніцу90, няхай усе хваляць Бога і ўзносяць просьбы з тым самым духам, з якім маліўся сам Божы Адкупіцель.

IV. Асобы, якія цэлебруюць Літургію гадзінаў

а) Супольная цэлебрацыя Літургіі гадзінаў

20. Літургія гадзінаў, як і іншыя літургічныя дзеянні, не з’яўляецца прыватным дзеяннем, але датычыць усяго цела Касцёла, робіць яго бачным і ўздзейнічае на яго91. Яе касцёльная цэлебрацыя найлепш праяўляецца (і таму найбольш рэкамендуецца) тады, калі разам са сваім біскупам у суправаджэнні прэзбітэраў і прыслугоўваючых92 яе праводзіць мясцовы Касцёл, «у якім праўдзіва прысутнічае і дзейнічае адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Хрыстовы Касцёл»93. Нават калі гэтая цэлебрацыя праводзіцца ў адсутнасці біскупа, канонікі капітула ці іншыя прэзбітэры заўсёды павінны прытрымлівацца прадпісанага часу і, наколькі магчыма, праводзіць яе з удзелам народу. Тое самае трэба сказаць і ў дачыненні калегіяльных капітулаў.

21. Па магчымасці, павінны супольна цэлебраваць галоўныя Гадзіны ў святыні і іншыя сходы вернікаў. Сярод іх трэба падкрэсліць парафіі як мясцовыя ячэйкі дыяцэзій пад кіраўніцтвам пастыра, які з’яўляецца намеснікам біскупа. Яны «такім чынам прадстаўляюць бачны Касцёл, устаноўлены на ўсёй зямлі»94.

22. Таму, калі вернікаў склікаюць на Літургію гадзінаў і яны збіраюцца разам, яднаючы сэрцы і галасы, яны ўвасабляюць Касцёл, які цэлебруе таямніцу Хрыста95.

23. Да абавязку тых, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння або надзелены асаблівай кананічнай місіяй96, належыць арганізацыя і кіраванне малітвай супольнасці. «Няхай прыкладваюць намаганні, каб усе давераныя іх апецы ядналіся ў малітве»97. Таму яны павінны запрашаць вернікаў і з дапамогай належнай катэхезы рыхтаваць іх да супольнай цэлебрацыі больш важных частак Літургіі гадзінаў, асабліва ў нядзелі і святы98. Яны павінны навучыць іх чэрпаць з яе шчырую малітву99 і таксама праз адпаведную падрыхтоўку павінны накіроўваць іх да хрысціянскага разумення псальмаў, каб паступова адкрыць ім глыбейшы смак і магчымасці выкарыстання малітвы Касцёла100.

24. Супольнасці канонікаў, манахаў і манашак, а таксама іншыя законнікі і законніцы, якія на падставе рэгулы ці канстытуцыі цалкам або часткова цэлебруюць Літургію гадзінаў паводле агульнага ці ўласнага абраду, асаблівым чынам увасабляюць Касцёл, які моліцца, бо яны паўней выяўляюць вобраз Касцёла, які няспынна хваліць Пана згодным голасам. Яны выконваюць абавязак «супрацоўніцтва», перш за ўсё праз малітву «дзеля будавання і ўмацавання Містычнага цела Хрыста і дзеля дабра мясцовых Касцёлаў»101. Гэта трэба сказаць перадусім у дачыненні да тых, хто вядзе кантэмпляцыйнае жыццё.

25. Святары і ўсё духавенства, якое з іншых прычынаў не абавязана супольна цэлебраваць Літургію гадзінаў, калі разам жывуць ці збіраюцца, павінны старацца чытаць разам хоць нейкую частку Літургіі гадзінаў, асабліва Ютрань раніцай і Нешпары ўвечары102.

26. Законнікам і законніцам, якія не абавязаны супольна чытаць Літургію гадзінаў, а таксама членам якога небудзь інстытута кансэкраванага жыцця, настойліва рэкамендуецца збірацца разам, ва ўласнай супольнасці або з народам, для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў або яе часткі.

27. Сходы свецкіх, якія збіраюцца ў розных мес­цах з рознай нагоды: малітоўнай, апостальскай ці іншай, таксама заахвочваюцца да выканання абавязку Касцёла103 праз цэлебрацыю частак Літургіі гадзінаў. Перш за ўсё яны павінны навучыцца падчас літургічнага дзеяння пакланяцца Богу Айцу ў Духу і праўдзе104, памятаючы, што праз публічны культ і малітвы яны могуць ахапіць усіх людзей і значна паспрыяць збаўленню ўсяго свету105.

Нарэшце, выпадае, каб сям’я як хатні Касцёл не толькі ўзносіла супольныя малітвы да Бога, але таксама чытала пры магчымасці пэўныя часткі Літургіі гадзінаў і, дзякуючы гэтаму, яшчэ больш злучалася з Касцёлам106.

б) Абавязак цэлебрацыі Літургіі гадзінаў

28. Літургія гадзінаў асаблівым чынам даручана тым, хто прыняў пасвячэнне (біскупам, прэзбітэрам і дыяканам), таму кожны з іх абавязаны чытаць яе нават пры адсутнасці народу, зрабіўшы неабходныя дастасаванні. Касцёл даручае ім Літургію гадзінаў, каб абавязак усёй супольнасці сапраўды выконваўся пастаянна, а малітва Хрыста няспынна працягвалася ў Касцёле107.

Біскуп выразным і бачным чынам увасабляе Хрыста і з’яўляецца вялікім святаром свайго статку, ад якога ў пэўнай ступені паходзіць і залежыць жыццё ягоных вернікаў у Хрысце108. Таму сярод іншых членаў свайго Касцёла ён павінен быць першым у малітве, якая падчас чытання Літургіі гадзінаў заўсёды ўзносіцца ў імя Касцёла, а таксама за Касцёл, што даручаны яму109.

Прэзбітэры, з’яднаныя з біскупам і ўсім прэзбітэрыем, таксама асаблівым чынам увасабляюць Хрыста Святара110 і ўдзельнічаюць у тым жа абавязку, молячы Бога за даручаны ім народ і нават за ўвесь свет111.

Усе вышэйзгаданыя асобы выконваюць абавязак добрага Пастыра, які моліцца за сваіх, каб яны мелі жыццё і злучыліся ў адно112. У Літургіі гадзінаў, якую Касцёл даручыў ім, яны павінны не толькі знайсці крыніцу пабожнасці і спажытак для асабістай малітвы113, але і з багацця кантэмпляцыі ажыўляць і падтрымліваць пастырскую і місійную дзейнасць на радасць усяго Божага Касцёла 114.

29. Таму біскупам, прэзбітэрам і дыяканам, якія атрымалі ад Касцёла даручэнне (пар. № 17) цэлебраваць Літургію гадзінаў, трэба штодзённа чытаць яе поўны цыкл115, захоўваючы, наколькі магчыма, прадпісаны час.

Перш за ўсё, трэба звярнуць найбольшую ўвагу на тыя Гадзіны, якія з’яўляюцца як бы стрыжнем гэтай Літургіі, а менавіта, на Ютрань і Нешпары, якія не павінны прапускацца без сур’ёзнай прычыны.

Яны таксама павінны верна праводзіць Гадзіну чытанняў, якая, несумненна, з’яўляецца літургічнай цэлебрацыяй Божага слова. Штодзённа павінны так выконваць уласцівы ім абавязак прыняцця Божага слова, каб станавіцца больш дасканалымі вучнямі Пана і глыбей спасцігаць невычэрпнае багацце Хрыста116.

Больш за тое, каб лепш асвяціць увесь дзень, няхай са шчырым сэрцам чытаюць Малітву на працягу дня і Камплету, дзякуючы чаму цалкам завершаць Божую справу і даручаць сябе Богу перад сном.

30. Надзвычай пажадана, каб пастаянныя дыяканы штодня чыталі па меншай меры пэўную частку Літургіі гадзінаў, якую ім вызначыць Канферэнцыя Біскупаў117.

31. а) Катэдральныя і калегіяльныя капітулы павін­ны чытаць у хоры тыя часткі Літургіі гадзінаў, да якіх яны абавязаны агульным ці ўласным правам.

Аднак асобныя прадстаўнікі гэтых капітулаў акрамя Гадзінаў, якія трэба чытаць усім духоўным, павінны чытаць самастойна тыя Гадзіны, якія чытаюцца ў іх капітуле118.

б) Законныя супольнасці, абавязаныя цэлебраваць Літургію гадзінаў, а таксама іх члены павінны цэлебраваць Гадзіны паводле нормаў свайго ўласнага права з захаваннем прадпісання № 29 у дачыненні да тых, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння.

Супольнасці, абавязаныя цэлебраваць Літургію гадзінаў у хоры, павінны штодзённа чытаць у хоры ўвесь цыкл Літургіі гадзінаў119. Па­за хорам члены гэтых супольнасцяў павінны чытаць Гадзіны паводле нормаў свайго ўласнага права з захаваннем прадпісанняў № 29.

32. Іншыя законныя супольнасці і іх члены няхай у залежнасці ад абставін, у якіх знаходзяцца, чытаюць асобныя часткі Літургіі гадзінаў, якая, будучы малітвай Касцёла, робіць з усіх вернікаў, рассеяных паўсюль, адно сэрца і адну душу120.

Гэтае ж заахвочанне датычыць таксама свецкіх121.

в) Структура цэлебрацыі

33. Літургія гадзінаў падпарадкоўваецца ўласным законам, асаблівым чынам змяшчаючы тыя элементы, якія прысутнічаюць у іншых хрысціянскіх цэлебрацыях. Яна пабудаваная так, каб заўсёды былі спачатку гімн, потым псальмодыя, пасля доўгае ці кароткае чытанне Святога Пісання і, нарэшце, малітвы.

Ці пры супольнай цэлебрацыі, ці падчас індывідуальнага чытання асноўная структура гэтай Літургіі застаецца нязменнай — гэта дыялог паміж Богам і чалавекам. Аднак супольная цэлебрацыя яскравей выяўляе сутнасць Літургіі гадзінаў, спрыяе актыўнаму ўдзелу ў ёй усіх, у залежнасці ад ролі кожнага, праз акламацыю, дыялог, харавы спеў псальмаў і г. д. і больш спрыяе выкарыстанню розных спосабаў выяўлення122. Таму заўсёды, калі можа адбыцца супольная цэлебрацыя з прысутнасцю і актыўным удзелам вернікаў, ёй трэба аддаць перавагу над індывідуальнай і прыватнай малітвай123. Акрамя таго, калі Літургія гадзінаў цэлебруецца ў хоры і ў супольнасці, пры магчымасці лепш выконваць яе са спевам з улікам характару асобных частак.

Нарэшце, так споўніцца павучэнне Апостала: «Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу» (Клс 3, 16; пар. Эф 5, 19-20).

____________________

У выданні «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове нумарацыя псальмаў пададзена паводле Новай Вульгаты: на першым месцы нумар, які падае габрэйскі тэкст, на другім, у дужках, нумар, які падаюць грэцка­лацінскія пераклады.

 

  1. Пар. Дз 1, 14; 4, 24; 12, 5. 12; пар. Эф 5, 19-21.
  2. Пар. Дз 2, 1-15.
  3. Conc. Vat. II, Const. de sacra Lilurgia, Sacrosanctum Concilium, n. 83.
  4. Лк 3, 21-22.
  5. Лк 6, 12.
  6. Мц 14, 19; 15, 36; Мк 6, 41; 8, 7; Лк 9, 16; Ян 6, 11.
  7. Лк 9, 28-29.
  8. Мк 7, 34.
  9. Ян 11, 41 і наст.
  10. Лк 9, 18.
  11. Лк 11, 1.
  12. Мц 11, 25 і наст.; Лк 10, 21 і наст.
  13. Мц 19, 13.
  14. Лк 22, 32.
  15. Мк 1, 35; 6, 46; Лк 5, 16; пар. Мц 4, 1 і парал.; Мц 14, 23.
  16. Мк 1, 35.
  17. Мц 14, 23. 25; Мк 6, 46. 48.
  18. Лк 6, 12.
  19. Лк 4, 16.
  20. Мц 21, 13 і парал.
  21. Мц 14, 19 і парал.; Мц 15, 36 і парал.
  22. Мц 26, 26 і парал.
  23. Лк 24, 30.
  24. Лк 24, 30.
  25. Ян 12, 27 і наст.
  26. Ян 17, 1-26.
  27. Мц 26, 36-44 і парал.
  28. Лк 23, 34. 46; Мц 27, 46; Мк 15, 34.
  29. Пар. Гбр 7, 25.
  30. Мц 5, 44; 7, 7; 26, 41; Мк 13, 33; 14, 38; Лк 6, 28; 10, 2;11, 9; 22, 40. 46.
  31. Ян 14, 13 і наст.; 15, 16; 16, 23 і наст. 26.
  32. Мц 6, 9-13; Лк 11, 2-4.
  33. Лк 18, 1.
  34. Лк 18, 9-14.
  35. Лк 21, 36; Мк 13, 33.
  36. Лк 11, 5-13; 18, 1-8; Ян 14, 13; 16, 23.
  37. Мц 6, 5-8; 23, 14; Лк 20, 47; Ян 4, 23.
  38. Рым 8, 15. 26; 1 Кар 12, 3; Гал 4, 6; Юд 20.
  39. Рым 12, 12; 1 Кар 7, 5; Эф 6, 18; Клс 4, 2; 1 Тэс 5, 17; 1 Цім 5, 5; 1 П 4, 7.
  40. Гбр 13, 15.
  41. 2 Кар 1, 20; Клс 3, 17.
  42. 1 Цім 4, 5; Як 5, 15 і наст.; 1 Ян 3, 22; 5, 14 і наст.
  43. Эф 5, 19 і наст.; Гбр 13, 15; Ап 19, 5.
  44. Клс 3, 17; Флп 4, 6; 1 Тэс 5, 17; 1 Цім 2, 1.
  45. Рым 8, 26; Флп 4, 6.
  46. Рым 15, 30; 1 Цім 2, 1 і наст.; Эф 6, 18; 1 Тэс 5, 25; Як 5, 14. 16.
  47. 1 Цім 2, 5; Гбр 8, 6; 9, 15; 12, 24.
  48. Рым 5, 2; Эф 2, 18; 3, 12.
  49. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 83.
  50. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 10.
  51. S. Augustinus, Enarrat. in psalm. 85, 1: CCL 39, 1176.
  52. Пар. Лк 10, 21, калі Езус «узрадаваўся ў духу і сказаў: “Праслаўляю Цябе, Ойча ...”».
  53. Пар. Дз 2, 42.
  54. Пар. Мц 6, 6.
  55. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 12.
  56. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 8384.
  57. Пар. тамсама, n. 88.
  58. Тамсама, n. 94.
  59. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5.
  60. Conc. Vat. II, Decr. de pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 30.
  61. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 5.
  62. Пар. тамсама, nn. 83 et 98.
  63. Тамсама, n. 7.
  64. Пар. тамсама, n. 10.
  65. Тамсама, n. 33.
  66. Пар. тамсама, n. 24.
  67. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 33.
  68. 1 Тэс 5, 17.
  69. Пар. Гбр 13, 15.
  70. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 84.
  71. Тамсама, n. 85.
  72. Пар. тамсама, n. 83.
  73. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 50; пар. Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 8 et 104.
  74. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 48.
  75. Пар. Рым 8, 19.
  76. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 83.
  77. Пар. Гбр 5, 7.
  78. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 6.
  79. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 41.
  80. Пар. тамсама, n. 24.
  81. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectae caritatis, n. 7.
  82. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 10.
  83. Тамсама, n. 2.
  84. Пар. Ян 15, 5.
  85. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 86.
  86. Пар. Эф 2, 2122.
  87. Пар. Эф 4, 13.
  88. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 2.
  89. Пар. тамсама, n. 90; S. Benedictus, Regula monasteriorum, c. 19.
  90. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 14; Decr. de Institutione sacerdotali, Optatam totius, n. 8.
  91. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 26
  92. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41.
  93. Conc. Vat. II, Decr. de pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 11.
  94. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 42; пар. Decr. de apostolatu laicorum, Apostolicam actuositatem, n. 10.
  95. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 26 et 84.
  96. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesias, Ad gentes, n. 17.
  97. Conc. Vat. II, Decr. de pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 15.
  98. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 100.
  99. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5.
  100. Пар. ніжэй, nn. 100-109.
  101. Conc. Vat. II, Decr. de pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 33; пар. Decr. de accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectаe caritatis, nn. 6. 7, 15; пар. Decr. de activitate missionali Ecclesise, Ad gentes, n. 15.
  102. Пар. Conc. Vat II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 99.
  103. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 100.
  104. Пар. Ян 4, 23.
  105. Пар. Conc. Vat. II, Declar. de educatione christiana, Gravissimum educationis, n. 2; Decr. de apostolatu laicorum, Apostolicam actuositatem, n. 16.
  106. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de apostolatu laicorum, Apostolicam actuositatem, n. 11.
  107. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 13.
  108. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41; Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 21.
  109. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 26; Decr. de pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 15.
  110. Пар. Conc. Vat. II, Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 13.
  111. Пар. тамжа, n. 5.
  112. Пар. Ян 10, 11; 17, 20, 23.
  113. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 90.
  114. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 41.
  115. Пар. C.I.C., cann. 276 § 2, 3° et 1174 § 1.
  116. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de divina revelatione, Dei verbum, n. 25; Decr. de presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 13.
  117. Пар. C.I.C., can. 276 § 2, 3°; Paulus VI, Motu proprio, Sacrum Diaconatus ordinem, 18 iunii 1967, n. 27: A.A.S. 59 (1967), p. 703.
  118. Пар. S. Congr. Rituum, Instructio Inter Oecumenici, 26 sept. 1964, n. 78b: A.A.S. 56 (1964), p. 895.
  119. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 95.
  120. Пар. Дз 4, 32.
  121. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 100.
  122. Пар. тамсама, nn. 26. 28-30.
  123. Пар. тамсама, n. 27.
Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця