УВОДЗІНЫ
І. ЗНАЧЭННЕ І ГОДНАСЦЬ САКРАМЭНТУ СУЖЭНСТВА
1. Сужэнскі саюз, праз які мужчына і жанчына ўтвараюць паміж сабою супольнасць на ўсё жыццё1, набывае сэнс і моц ад акту стварэння, але, будучы сакрамэнтам Новага Запавету, ён уздымаецца дзеля хрысціянаў да вышэйшай годнасці.
2. Сужэнства ўзнікае праз сужэнскі саюз, г. зн. праз неадменную згоду сужэнцаў, у якой яны свабодна аддаюць і прымаюць узаемна адно аднаго. Такая асаблівая супольнасць мужчыны і жанчыны і дабро дзяцей патрабуюць поўнай вернасці сужэнцаў і непарыўнага адзінства іх сувязі2.
3. Па сваёй натуры само сужэнства і сужэнскае каханне маюць на мэце нараджэнне і выхаванне патомства, дасягаючы ў гэтым як бы сваёй вяршыні3, бо дзеці сапраўды з’яўляюцца найкаштоўнейшым дарам сужэнства і найбольш прычыняюцца да дабра саміх бацькоў.
4. Цесная супольнасць жыцця і кахання, у якой сужэнцы «ўжо не двое, але адно цела»4, заснаваная Богам Стварыцелем, кіруецца ўласнымі законамі і атрымала такое благаслаўленне, якога не змагла знішчыць віна першароднага граху5. Таму гэтая святая сувязь залежыць не ад людской волі, а ад таго, хто заснаваў сужэнства і пажадаў адарыць яго асаблівымі дабротамі і заданнямі6.
5. Хрыстус Пан, аднаўляючы стварэнне і ствараючы ўсё наноў7, вярнуў сужэнству першасны воблік і святасць, каб тое, што злучыў Бог, чалавек не разлучаў8. Для выразнага выяўлення непарушнасці сужэнскай дамовы і аднаўлення яе на ўзор свайго запавету з Касцёлам, Ён узняў яе да годнасці сакрамэнту9.
6. Сваёй прысутнасцю Езус прынёс благаслаўленне і радасць на вяселле ў Кане, калі ператварыў ваду ў віно, прадвяшчаючы гэтым час новага і вечнага запавету: «Як калісьці Бог выйшаў насустрач свайму народу з запаветам любові і вернасці, так і цяпер Збаўца»10 з’яўляецца Абраннікам для Касцёла, сваёй абранніцы, здзяйсняючы з ёй запавет у сваёй Пасхальнай таямніцы.
7. Праз хрост, а менавіта сакрамэнт веры, мужчына і жанчына раз і назаўсёды далучаюцца да запавету Хрыста з Касцёлам, так што іх сужэнская супольнасць ахопліваецца любоўю Хрыста і надзяляецца моцай Яго ахвяры11. З гэтай новай годнасці вынікае, што сапраўднае сужэнства ахрышчаных заўсёды з’яўляецца сакрамэнтам12.
8. У гэтым сакрамэнце хрысціянскія сужэнцы выяўляюць таямніцу еднасці і плоднай любові Хрыста і Касцёла і ўдзельнічаюць у ёй13. Таму ў сужэнскім жыцці, у прыняцці і выхаванні патомства яны дапамагаюць адно аднаму ісці да святасці і маюць сваё месца і свой асаблівы дар у народзе Божым14.
9. Праз гэты сакрамэнт Дух Святы чыніць так, што як Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе самога за яго15, гэтак і хрысціянскія сужэнцы, роўныя ў годнасці, узаемнай адданасцю і непадзельнай любоўю, якая бруіць з крыніцы Божай любові, павінны жывіць і аберагаць сваё сужэнства, яднаючы разам Божае і чалавечае, у радасці і нягодах павінны заставацца вернымі целам і душою16, адкідваючы ўсялякую здраду і развод17.
10. Сапраўднае шанаванне сужэнскага кахання і ўвесь сэнс сямейнага жыцця скіраваныя на тое, каб хрысціянскія сужэнцы, не забываючыся пра іншыя мэты сужэнства, былі рашуча настроеныя супрацоўнічаць з любоўю Стварыцеля і Збаўцы, які праз іх бесперапынна памнажае і ўзбагачае сваю сям’ю18. Таму, давяраючы Божаму Провіду і выхоўваючы ў сабе дух ахвярнасці19, яны славяць Стварыцеля і імкнуцца да дасканаласці ў Хрысце, калі з высакароднай чалавечай і хрысціянскай адказнасцю выконваюць абавязак нараджэння патомства20.
11. Бог, які паклікаў нарачоных да сужэнства, надалей кліча іх у сужэнстве21. Тыя, хто заключае сужэнства ў Хрысце, могуць з вераю ў слова Божае плённа здзяйсняць таямніцу еднасці Хрыста і Касцёла, сумленна жыць і адкрыта сведчыць пра яе перад усімі. Сужэнства ў святле веры, пажаданае, падрыхтаванае, здзейсненае і ўведзенае ў штодзённае жыццё, – гэта тое, «што Касцёл злучае, ахвяра ўмацоўвае, благаслаўленне запячатвае, анёлы абвяшчаюць, а Айцец зацвярджае… Якая ж цудоўная пара вернікаў адной надзеі, аднаго ладу жыцця і аднолькавага служэння! Абое – дзеці аднаго Айца, абое – слугі, і няма падзелу ні ў душы, ні ў целе. Сапраўды, гэта двое ў адным целе, дзе адно цела і адзін дух»22.
12. Падрыхтоўка і цэлебрацыя сужэнства, што датычыць у першую чаргу саміх будучых сужэнцаў і іх сям’і, з пастаральнага і літургічнага пункту гледжання належыць да біскупа, пробашча і ягоных вікарыяў, а ў пэўнай ступені да ўсёй касцёльнай супольнасці23.
13. Беручы пад увагу пастырскія нормы ці ўказанні, магчыма ўстаноўленыя Канферэнцыямі Біскупаў у справе падрыхтоўкі нарачоных да сужэнства і пастырскай апекі над ім, цэлебрацыяй і пастырствам сужэнстваў ва ўсёй дыяцэзіі павінен кіраваць біскуп, несучы дапамогу вернікам, дзякуючы якой сужэнскі стан захоўвае хрыс¬ціянскі дух і ідзе да дасканаласці24.
14. Пастыры павінны клапаціцца, каб такая дапамога аказвалася перш за ўсё ва ўласнай касцёльнай супольнасці:
1) праз прапаведванне і катэхезу, адпаведна дастасаваную да дзяцей, моладзі і дарослых, у тым ліку і з выкарыстаннем сродкаў масавай камунікацыі, дзеля павучэння вернікаў аб значэнні хрысціянскага сужэнства, абавязках сужэнцаў і хрысціянскіх бацькоў;
2) праз асабістую падрыхтоўку да заключэння сужэнства будучыя сужэнцы вучацца святасці іх новага стану і яго абавязкам;
3) праз плённую цэлебрацыю літургіі сужэнства, якая павінна паказваць, што сужэнцы выяўляюць таямніцу еднасці і плоднай любові паміж Хрыстом і Касцёлам і ўдзельнічаюць у ёй;
4) праз падтрымку сужэнцаў, каб яны верна захоўвалі і бераглі сужэнскі саюз, і ішлі да ўсё больш дасканалага і святога жыцця ў сям'і25.
15. Для належнай падрыхтоўкі сужэнства трэба мець дастаткова часу, пра што належыць загадзя паведаміць нарачоным.
16. Пастыры, кіруючыся любоўю Хрыста, няхай возьмуць нарачоных пад сваю апеку, каб перш за ўсё захаваць і ўмацаваць іх веру, бо сакрамэнт сужэнства прадугледжвае веру і патрабуе яе26.
17. Нагадаўшы нарачоным асноўныя элементы хрысціянскага вучэння, пра якія сказана вышэй (№№ 1-11), належыць павучыць іх пра сужэнства і сям’ю, пра сакрамэнт і яго абрады, малітвы і чытанні так, каб яны маглі свядома і плённа яго здзейсніць.
18. Католікі, якія яшчэ не прынялі сакрамэнту канфірмацыі, перад заключэннем сужэнства павінны дзеля дапаўнення хрысціянскага ўтаямнічання прыняць яго, калі толькі гэта не будзе вельмі складаным. Нарачоным варта параіць, каб у час падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства яны прынялі сакрамэнт пакаяння, калі гэта патрэбна, і прыступілі да Найсвяцейшай Эўхарыстыі, асабліва на самой цэлебрацыі сужэнства27.
19. Перад заключэннем сужэнства трэба пераканацца, што нічога не перашкаджае яго сапраўднай і годнай цэлебрацыі28.
20. У час падрыхтоўкі, беручы пад увагу разуменне народам сужэнства і сям’і, пастыры павінны старацца растлумачыць у святле веры ўзаемнае і сапраўднае каханне паміж нарачонымі. Узрастанню жывой веры і плоднага кахання паміж імі, накіраванага на стварэнне хрысціянскай сям’і, могуць спрыяць таксама тыя элементы, якіх патрабуе права для сапраўднага і годнага заключэння сужэнства.
21. Калі ж, нягледзячы на ўсе намаганні, нарачоныя адкрыта і выразна сведчаць, што адкідаюць усё тое, да чаго імкнецца Касцёл, які цэлебруе сужэнства ахрышчаных, пастыр не можа дапусціць іх да цэлебрацыі. Нават успрымаючы гэта з жалем, ён павінен прызнаць сам факт і давесці да ведама зацікаўленых, што ў такіх абставінах перашкоду для цэлебрацыі, якой яны жадаюць, чыніць не Касцёл, а яны самі29.
22. У справе сужэнства нярэдка здараюцца асаблівыя выпадкі: напрыклад, сужэнства, у якім адзін з бакоў ахрышчаны, але не католік, катэхумэн, неахрышчаны або выразна не прымае каталіцкай веры. Пастыры павінны мець на ўвазе прадпісанні Касцёла для такіх выпадкаў і, калі неабходна, звяртацца да кампетэнтных духоўных уладаў.
23. Пажадана, каб той жа самы прэзбітэр рыхтаваў нарачоных, прамаўляў гамілію на цэлебрацыі сакрамэнту, прымаў згоду сужэнцаў, а таксама цэлебраваў Імшу.
24. З дазволу пробашча ці мясцовага ардынарыя, цэлебрацыяй сакрамэнту ўключна з благаслаўленнем сужэнцаў можа кіраваць таксама дыякан30.
25. Там, дзе няма святароў і дыяканаў, дыяцэзіяльны біскуп на падставе станоўчага рашэння Канферэнцыі Біскупаў і з дазволу Апостальскай Сталіцы можа даручыць свецкім асобам асіставаць пры заключэнні сужэнства. Выбіраецца адпаведны свецкі, які можа правесці падрыхтоўку нарачоных і належна здзейсніць літургію сужэнства31. Ён пытаецца пра згоду нарачоных і ад імя Касцёла яе прымае32.
26. Іншыя свецкія могуць розным спосабам удзельнічаць у духоўнай падрыхтоўцы нарачоных і ў самой цэлебрацыі абраду. Уся хрысціянская супольнасць павінна супрацоўнічаць дзеля сведчання веры і аб’яўлення свету любові Хрыста.
27. Сужэнства цэлебруецца ў парафіі нарачонага ці нарачонай або, з дазволу ўласнага ардынарыя ці ўласнага пробашча, у іншым месцы33.
ПАДРЫХТОЎКА
28. Паколькі сужэнства ўстаноўлена для памнажэння і асвячэння Божага народу, яго цэлебрацыя мае эклезіяльнае значэнне, што робіць пажаданым удзел у ёй парафіяльнай супольнасці, прынамсі некаторых яе прадстаўнікоў. Беручы пад увагу мясцовыя звычаі і ў залежнасці ад абставінаў, можна адначасова цэлебраваць некалькі сужэнстваў; цэлебрацыя сакрамэнту можа адбыцца таксама на нядзельным сходзе вернікаў.
29. Саму цэлебрацыю сакрамэнту трэба старанна падрыхтаваць, наколькі гэта магчыма, разам з нарачонымі. Звычайна сужэнства цэлебруецца падчас Імшы. Але пробашч, беручы пад увагу пастырскія патрэбы, а таксама ступень удзелу нарачоных і прысутных у жыцці Касцёла, павінен вырашыць, як лепш правесці цэлебрацыю сужэнства, на Імшы ці па-за ёй34. Калі да таго схіляюць абставіны, разам з нарачонымі выбіраюцца чытанні са Святога Пісання, якія будуць тлумачыцца ў гаміліі, а таксама форма, у якой яны выказваюць узаемную згоду, формулы благаслаўлення пярсцёнкаў і благаслаўлення сужэнцаў, інтэнцыі агульнай малітвы і спевы. Апрача таго, неабходна ўжываць прадугледжаныя ў абрадзе тэксты на выбар, а таксама зважаць на мясцовыя звычаі, якія паводле абставінаў можна захаваць.
30. Спевы павінны адпавядаць абраду сужэнства і выяўляць веру Касцёла. Асабліва трэба звярнуць увагу на значэнне рэспансарыйнага псальма ў літургіі слова. Сказанае пра спевы датычыць таксама выбару музычных твораў.
31. Святочны характар цэлебрацыі сужэнства павінен таксама належным чынам выяўляцца ў аздабленні касцёла. Але мясцовым ардынарыям неабходна дбаць пра тое, каб апрача той пашаны, якая згодна з літургічнымі прадпісаннямі належыць свецкім уладам, не аддавалася ніякая перавага прыватным асобам ці грамадскаму становішчу35.
32. Калі сужэнства цэлебруецца ў дзень, які мае пакаяльны характар, асабліва ў перыяд Вялікага посту, пробашч павінен нагадаць нарачоным, каб яны мелі на ўвазе асаблівы характар гэтага дня. Увогуле нельга цэлебраваць сужэнства ў Вялікую пятніцу Мукі Пана і ў Вялікую суботу.
ВЫБАР ЦЭЛЕБРАЦЫІ АБРАДУ
33. Пры цэлебрацыі сужэнства падчас Імшы ўжываецца абрад, апісаны ў раздзеле І. Калі сужэнства цэлебруецца па-за Імшой, абрад адбываецца пасля літургіі слова, паводле раздзела ІІ.
34. Калі сужэнства цэлебруецца падчас Імшы, ужываецца фармуляр абрадавай Імшы Пры заключэнні сужэнства і літургічныя шаты белага або святочнага колеру. Калі ж прыпадаюць дні, пералічаныя ў №№ 1-4 табліцы літургічных дзён, цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі, з захаваннем у ёй благаслаўлення сужэнцаў і, пры неабходнасці, формулы заключнага благаслаўлення.
Аднак у перыяд Нараджэння Пана і ў Звычайны перыяд, калі сужэнства цэлебруецца на нядзельнай Імшы з удзелам парафіяльнай супольнасці, цэлебруецца Імша з нядзелі.
Літургія слова, дастасаваная да цэлебрацыі сужэнства, мае вялікае значэнне для катэхезы. У ёй трэба сказаць пра сакрамэнт і пра абавязкі сужэнцаў. Калі нельга цэлебраваць Імшу Пры заключэнні сужэнства, можна ўзяць адно з чытанняў, прадугледжаных для цэлебрацыі сужэнства (№№ 179-222).
35. У цэлебрацыі сужэнства павінны быць выразна падкрэслены галоўныя элементы, а менавіта: літургія слова, у якой паказваецца значэнне хрысціянскага сужэнства ў гісторыі збаўлення, яго мэты і абавязкі ў асвячэнні сужэнцаў і дзяцей; згода бакоў, пра якую пытаецца і якую прымае асістэнт; урачыстая малітва, у якой просяць Божага благаслаўлення для нарачоных; нарэшце, эўхарыстычная Камунія абоіх сужэнцаў і прысутных, якая асаблівым чынам умацоўвае іх любоў і вядзе іх да яднання з Панам і бліжнімі36.
36. Калі заключаецца сужэнства паміж асобай каталіцкага веравызнання і ахрышчаным некатолікам, неабходна здзейсніць абрад сужэнства па-за Імшой (№№ 79-117). Калі да таго схіляюць абставіны і са згоды мясцовага ардынарыя можна выкарыстоўваць абрад цэлебрацыі сужэнства падчас Імшы (№№ 45-78); што датычыць дапушчэння некаталіцкага боку да эўхарыстычнай Камуніі, належыць захоўваць нормы, прынятыя для розных сітуацый37. Калі сужэнства заключаецца паміж каталіцкім бокам і катэхумэнам або нехрысціянінам, трэба выкарыстоўваць абрад, які падаецца ніжэй (№№ 152-178), са зменамі, прадугледжанымі для розных сітуацый.
37. Хоць пастыры з’яўляюцца слугамі Евангелля Хрыста для ўсіх, аднак асаблівую ўвагу яны павінны звярнуць на тых католікаў і некатолікаў, якія ніколі або амаль ніколі не ўдзельнічалі ў цэлебрацыі сужэнства і ў Эўхарыстыі. Гэтая пастырская норма датычыць перадусім саміх нарачоных.
38. Калі сужэнства цэлебруецца падчас Імшы, апрача таго, што патрэбна для цэлебрацыі Імшы, у прэзбітэрыі неабходна падрыхтаваць кнігу Парадак цэлебрацыі сужэнства і пярсцёнкі для нарачоных. Таксама належыць, пры неабходнасці, падрыхтаваць начынне з асвячанай вадой, крапіла і келіх адпаведнай велічыні для Камуніі ў дзвюх постацях.
ІV. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ ЗРАБІЦЬ КАНФЕРЭНЦЫІ БІСКУПАЎ
39. Канферэнцыі Біскупаў, на моцы Канстытуцыі пра святую Літургію38, могуць дастасоўваць гэты Рымскі Рытуал да звычаяў і патрэбаў асобных краін. Пасля зацвярджэння Апостальскай Ста¬ліцай яго можна будзе выкарыстоўваць у гэтых краінах.
40. Канферэнцыям Біскупаў належыць:
1) Вызначыць дастасаванні, пра якія гаворыцца ніжэй (№№ 41-44).
2) Дастасаваць і дапоўніць, калі гэта неабходна, Уводзіны Рымскага Рытуала ў № 36 і наступных (Выбар цэлебрацыі абраду), каб паспрыяць свядомаму і актыўнаму ўдзелу вернікаў.
3) Падрыхтаваць пераклады тэкстаў такім чынам, каб яны сапраўды адпавядалі характару розных моў і духу розных культур, і дадаць, дзе трэба, да тэкстаў мелодыі.
4) Пры падрыхтоўцы выданняў укладаць матэрыял такім чынам, які будзе здавацца больш прыдатным для пастырскіх патрэбаў.
41. Пры падрыхтоўцы дастасаванняў, неабходна мець на ўвазе наступнае:
1) Можна дастасоўваць або, пры неабходнасці, дапаўняць формулы Рымскага Рытуала (таксама пытанні перад выказваннем згоды і самі словы згоды).
2) Паколькі Рымскі Рытуал падае некалькі формул на выбар, дазваляецца дадаць іншыя формулы такога ж характару.
3) Можна дастасаваць парадак частак, захаваўшы пры гэтым структуру абраду сакрамэнту. Калі будзе здавацца мэтазгодным, можна прапусціць пытанні перад выказваннем згоды, але абавязкова трэба захаваць звычай, каб асістэнт пытаўся пра згоду бакоў і прымаў яе.
4) Калі гэтага патрабуюць пастырскія меркаванні, можна вырашыць, каб заўсёды задавалася пытанне пра згоду бакоў.
5) Пасля перадавання пярсцёнкаў, згодна з мясцовым звычаем, можа адбывацца або каранаванне нявесты або вэляцыя нарачоных.
6) Там, дзе падаванне рук або благаслаўленне і перадаванне пярсцёнкаў не адпавядае народнай традыцыі, можна прапусціць гэтыя абрады або замяніць іншымі.
7) Старанна і ўдумліва трэба разважыць, што можна прыняць з традыцый і звычаяў асобных народаў.
42. Апроч таго, кожная Канферэнцыя Біскупаў згодна з нормаю Канстытуцыі пра святую Літургію (арт. 63б) можа падрыхтаваць уласны абрад сужэнства, дастасаваны да народных і мясцовых звычаяў, і атрымаць адпаведнае зацвярджэнне Апостальскай Сталіцы. Абавязкова трэба захаваць звычай, каб асістэнт пытаўся пра згоду бакоў і яе прымаў39, а таксама, каб удзяляў благаслаўленне сужэнцам40.
Таксама на пачатку ўласнага абраду трэба змясціць Уводзіны, якія ёсць у Рымскім Рытуале41, за выключэннем таго, што адносіцца да выкарыстання абраду.
43. Са звычаяў і спосабаў заключэння сужэнства ў тых народаў, якія толькі цяпер прымаюць Евангелле, належыць добразычліва разгледзець і, наколькі гэта магчыма, захаваць, а нават прыняць у саму літургію ўсё годнае і не звязанае непарыўна з забабонамі і аблудамі, але каб гэта адпавядала сапраўднаму і аўтэнтычнаму духу літургіі42.
44. Абрады сужэнства, калі згодна са звычаем пэўных народаў яны адбываюцца ў дамах і нават на працягу некалькіх дзён, неабходна дастасаваць да хрысціянскага духу і літургіі. У гэтым выпадку Канферэнцыя Біскупаў, з улікам пастырскіх патрэбаў народаў, можа вырашыць, каб абрад сакрамэнту мог цэлебравацца дома.
________________
1 C.I.C., can. 1055, § 1.
2 Пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 48.
3 Пар. тамсама.
4 Мц 19, 6.
5 Пар. благаслаўленне сужэнцаў.
6 Пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 48.
7 Пар. 2 Кар 5, 17.
8 Пар. Мц 19, 6.
9 Пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 48.
10 Тамсама.
11 Пар. Ioannes Paulus II, Adhortatio Apostolica Familiaris consortio, n. 13: A.A.S. 74 (1982) 95; пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 48.
12 Пар.C.I.C., can. 1055, § 2.
13 Пар. Эф 5, 25.
14 Пар. 1 Кар 7, 7; Conc. Vat. II, Const. Lumen gentium, 11.
15 Пар. Эф 5, 25.
16 Пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 48.50.
17 Пар. тамсама, 49.
18 Пар. тамсама, 50.
19 Пар. 1 Кар 7, 5.
20 Пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 50.
21 Пар. Ioannes Paulus II, Adhortatio Apostolica Familiaris consortio, n. 51: A.A.S. 74 (1982) 143.
22 Tertullianus, Ad uxorem, II, VIII: CCL I, 393.
23 Пар. Ioannes Paulus II, Adhortatio Apostolica Familiaris consortio, n. 66: A.A.S. 74 (1982) 159-162.
24 Пар. тамсама; пар. C.I.C., cann. 1063-1064.
25 Пар. C.I.C., can. 1063.
26 Пар. Conc. Vat. II, Const. Sacrosanctum Concilium, 59.
27 Пар. C.I.C., can. 1065.
28 Пар. тамсама, can. 1066.
29 Пар. Ioannes Paulus II, Adhortatio Apostolica Familiaris consortio, n. 68: A.A.S. 74 (1982) 165.
30 Пар. C.I.C., can. 1111.
31 Пар. тамсама, can. 1112, § 2.
32 Пар. тамсама, can. 1108, § 2.
33 Пар. тамсама, can. 1115.
34 Пар. Conc. Vat. II, Const. Sacrosanctum Concilium, 78.
35 Пар. тамсама, 34.
36 Пар. Conc. Vat. II, Decr. Apostolicam actuositatem, 3; Const. Lumen gentium, 12.
37 Пар. C.I.C., can. 844.
38 Пар. Conc. Vat. II, Const. Sacrosanctum Concilium, 37-40. 63б.
39 Пар. Conc. Vat. II, Const. Sacrosanctum Concilium, 77
40 Пар. тамсама, 78.
41 Пар. тамсама, 63б.
42 Пар. тамсама, 37.