Пошук

УВОДЗІНЫ


І. ЗНАЧЭННЕ КАНФІРМАЦЫІ

1. Ахрышчаныя працягваюць шлях хрысціянскага ўтаямнічання ў сакрамэнце канфірмацыі, у якім яны атрымліваюць Духа Святога, спасланага на Апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы.

2. Праз дар Духа Святога вернікі больш дасканала прыпадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб даваць сведчанне пра Яго і будаваць Яго цела ў веры і любові. Іх душы атрымліваюць незнішчальную пячаць, знак Пана, таму сакрамэнт канфірмацыі не можа быць паўтораны.


ІІ. АБАВЯЗКІ І ПАСЛУГІ ПРЫ ЦЭЛЕБРАЦЫІ КАНФІРМАЦЫІ

3. Падрыхтоўка ахрышчаных да сакрамэнту канфірмацыі перш за ўсё датычыць Божага народу. Пастыры павінны клапаціцца, каб усе ахрышчаныя атрымалі поўнае хрысціянскае ўтаямнічанне і былі добра падрыхтаваныя да канфірмацыі.

Дарослым катэхумэнам, якія пасля хросту адразу будуць прымаць канфірмацыю, дапамагае хрысціянская супольнасць і асаб¬ліва тая інстытуцыя, якая прызначаецца ім на час катэхумэнату; садзейнічаюць гэтаму таксама катэхеты, хросныя і члены мясцовага Касцёла праз катэхезу і супольныя абрады. Парадак праходжання катэхумэнату належыць адпаведным чынам дастасаваць да падрыхтоўкі тых, хто быў ахрышчаны ў дзяцінстве і толькі ў сталым узросце прыступае да канфірмацыі.

Хрысціянскія бацькі павінны клапаціцца пра ўтаямнічанне дзяцей у сакрамэнтальнае жыццё, выхоўваючы і паступова ўмацоў¬ваючы ў іх дух веры, а таксама рыхтуючы іх да плённага прыняцця сакрамэнтаў канфірмацыі і Эўхарыстыі, у чым ім дапамагаюць інстытуцыі, якія займаюцца катэхетычнай падрыхтоўкай. Гэты абавязак бацькоў выяўляецца таксама ў іх чынным удзеле ў цэлебрацыі сакрамэнтаў.

4. Неабходна паклапаціцца, каб абрады мелі святочны і ўрачысты характар з увагі на іх значэнне для мясцовага Касцёла. Гэтага можна дасягнуць перш за ўсё тады, калі на агульную цэлебрацыю збіраюцца ўсе кандыдаты. На гэтую цэлебрацыю належыць запрасіць увесь народ Божы, прадстаўлены сем’ямі і сябрамі тых, хто атрымае канфірмацыю, а таксама членамі мясцовай супольнасці. Народ Божы павінен паказаць сваю веру ў пладах, якія ўзрасціў у ім Дух Святы.

5. Кожнага з тых, хто прымае канфірмацыю, звычайна суправаджае сведка, які рыхтуе яго да прыняцця сакрамэнту і прадстаўляе распарадчыку канфірмацыі для намашчэння хрызмам, а потым дапамагае ў верным выкананні абяцанняў, дадзеных падчас хросту, згодна з натхненнямі Духа Святога, якога яны атрымалі.

З увагі на сучасныя пастырскія ўмовы, належыць, каб хросны, калі ён можа прысутнічаць, быў таксама сведкам канфірмацыі. Тым самым больш выразна выяўляецца сувязь паміж хростам і канфірмацыяй, а роля і абавязак хроснага могуць быць выкананыя больш дзейсна.

Але не выключаецца магчымасць выбару асобнага сведкі канфірмацыі. Сваіх дзяцей могуць таксама прадстаўляць самі бацькі. Мясцовы ардынарый, улічваючы акалічнасці часу і месца, павінен вызначыць, які парадак дзеяння належыць захаваць у яго дыяцэзіі.

6. Пастыры павінны клапаціцца, каб сведка, выбраны прымаючым канфірмацыю ці ягонай сям’ёю, быў духоўна падрыхтаваны да абавязку, які бярэ на сябе, а таксама адпавядаў наступным патрабаванням:

а) быў дастаткова сталы для выканання гэтага абавязку;

б) належаў да Каталіцкага Касцёла і прыняў тры сакрамэнты: хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю;

в) не меў кананічнай перашкоды для выканання абавязкаў сведкі.

7. Звычайным распарадчыкам канфірмацыі з’яўляецца біскуп. Пераважна ён сам удзяляе сакрамэнт, каб праз гэта больш выразна выяўлялася яго сувязь з першым спасланнем Духа Святога ў дзень Пяцідзесятніцы, калі Апосталы былі напоўненыя Духам Святым і праз ускладанне рук самі перадавалі Яго верным. Такім чынам прыняцце Духа Святога праз паслугу біскупа падкрэслівае больш цесную сувязь канфірмаваных з Касцёлам, а таксама атрыманае даручэнне сведчыць пра Хрыста сярод людзей.

Апрача біскупа, згодна з кананічным правам, удзяляць канфірмацыю могуць:

а) апостальскі адміністратар, які не з’яўляецца біскупам, тэрытарыяльныя прэлат ці абат, апостальскія вікарый і прэфект, вікарый капітулы ў межах сваёй тэрыторыі і на працягу тэрміну сваёй улады;

б) прэзбітэр, які згодна з законна дадзенай яму ўладаю хрыс¬ціць дарослага ці дзіця катэхетычнага ўзросту, або калі ён дапускае ахрышчанага дарослага да поўнай еднасці з Касцёлам;

в) у небяспецы смерці, калі няма магчымасці зрабіць гэта біскупу, здзейсніць канфірмацыю могуць пробашчы і кожны прэзбітэр, не пакараны кананічна1.

8. Пры сапраўднай неабходнасці і з важнай прычыны, што здараецца часам з-за вялікай колькасці прымаючых канфірмацыю, распарадчык канфірмацыі, пра якога гаварылася ў № 7, а таксама надзвычайны распарадчык, устаноўлены з асаблівага дазволу Апостальскай Сталіцы або на падставе права, можа запрасіць прэзбітэраў для ўдзялення сакрамэнту.

Неабходна, каб гэтыя прэзбітэры:

а) або выконвалі ў дыяцэзіі асаблівы абавязак ці даручэнне, а менавіта былі генеральнымі ці біскупскімі вікарыямі, дзеканамі ці тымі, хто згодна з пастановаю ардынарыя лічыцца роўным з імі па пасадзе2.

б) або былі пробашчамі парафіі, дзе ўдзяляецца канфірмацыя, пробашчамі парафій, да якіх належаць прымаючыя канфірмацыю, ці прэзбітэрамі, якія дзейсна дапамагалі ў катэхетычнай падрыхтоўцы прымаючых канфірмацыю.


ІІІ. ЦЭЛЕБРАЦЫЯ САКРАМЭНТУ

9. Сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляецца праз намашчэнне хрызмам чала, якое здзяйсняецца ўскладаннем рукі і словамі Прымі знак Дару Духа Святога.

Ускладанне рук на прымаючых канфірмацыю, якое адбываецца з малітваю Усемагутны Божа, хоць і не ўплывае на сапраўднасць удзялення сакрамэнту, аднак мае вялікае значэнне для цэласці абраду і больш поўнага разумення сакрамэнту.

Прэзбітэры, якія часам суправаджаюць галоўнага распарадчыка сакрамэнту, разам з ім робяць ускладанне рук на ўсіх кандыдатаў, нічога пры гэтым не кажучы.

Увесь абрад мае падвойнае значэнне. Ускладанне рук на прымаючых канфірмацыю, здзейсненае біскупам і канцэлебруючымі прэзбітэрамі, выражае біблійны жэст, якім заклікаецца дар Духа Святога. Гэта здзяйсняецца такім чынам, які найбольш прыдатны для разумення хрысціянскім народам. Намашчэнне хрызмам і словы, якія яго суправаджаюць, азначаюць плён дару Духа Святога. Праз намашчэнне духмяным алеем рукою біскупа ахрышчаны прымае незнішчальны знак, пячаць Пана, разам з дарам Духа Святога, які больш дасканала прыпадабняе яго да Хрыста і дае яму ласку пашыраць сярод людзей «прыемны водар».

10. Біскуп асвячае святое хрызма на Імшы, якая дзеля гэтага звычайна цэлебруецца ў Вялікі чацвер.

11. Дарослыя катэхумэны, а таксама дзеці, якія прымаюць хрост у катэхетычным узросце, звычайна адразу пасля хросту дапускаюцца да канфірмацыі і Эўхарыстыі. Калі гэта немагчыма, яны атрымліваюць канфірмацыю на іншай супольнай цэлебрацыі (пар. № 4). На супольнай цэлебрацыі могуць прыняць канфірмацыю і Эўхарыстыю таксама дарослыя, ахрышчаныя ў дзяцінстве, пасля належнай папярэдняй падрыхтоўкі.

Удзяленне канфірмацыі дзецям у Лацінскім Касцёле звычайна адкладаецца прыкладна да сёмага году жыцця. Але з пастырскіх меркаванняў, асабліва для лепшага ўкаранення ў жыцці вернікаў поўнай паслухмянасці Хрысту Пану і вернага сведчання пра Яго, Канферэнцыі Біскупаў могуць вызначыць узрост, які здаецца ім больш адпаведным, каб гэты сакрамэнт удзяляўся ў больш сталым узросце пасля адпаведнай падрыхтоўкі.

У гэтым выпадку, аднак, неабходна быць асцярожным, каб пры небяспецы смерці ці іншых вялікіх цяжкасцях, дзеці атрымалі канфірмацыю нават да валодання розумам і не былі пазбаўленыя сакрамэнтальнай ласкі.

12. Для прыняцця канфірмацыі неабходна, каб прымаючы яе быў ахрышчаны. Апрача таго, калі вернік валодае розумам, неабходна, каб ён знаходзіўся ў стане ласкі, быў адпаведна падрыхтаваны і мог аднавіць абяцанні хросту.

Канферэнцыі Біскупаў павінны больш дакладна акрэсліць межы пастырскай дапамогі, каб кандыдаты, асабліва дзеці, належным чынам былі падрыхтаваныя да канфірмацыі.

Адносна дарослых, трэба адпаведна дастасаваць прынцыпы, прынятыя ў асобных дыяцэзіях пры допуску катэхумэнаў да хросту і Эўхарыстыі. Трэба асабліва паклапаціцца пра тое, каб канфірмацыі папярэднічала належная катэхеза, а адносіны кандыдатаў з хрысціянскай супольнасцю і асобнымі вернікамі былі для іх дастатковаю і дзейснаю дапамогаю ў выхаванні для сведчання хрыс¬ціянскім жыццём і выканання апасталату. Пры гэтым іх жаданне ўдзельнічаць у Эўхарыстыі павінна быць сапраўдным (пар. Хрыс¬ціянскае ўтаямнічанне дарослых, Агульныя ўводзіны, № 19).

Падрыхтоўка ахрышчанага дарослага да канфірмацыі можа супадаць з яго падрыхтоўкаю да сужэнства. У такім выпадку, калі прадбачыцца, што нельга будзе выканаць умовы, неабходныя для плённага прыняцця канфірмацыі, мясцовы ардынарый можа вырашыць адкласці саму канфірмацыю на адпаведны час пасля цэлебрацыі сужэнства.

Калі канфірмацыя ўдзяляецца верніку, які валодае розумам і знаходзіцца ў небяспецы смерці, то ў такіх выпадках па магчымасці  ёй можа папярэднічаць адпаведная сітуацыі духоўная падрыхтоўка.

13. Канфірмацыя звычайна ўдзяляецца падчас Імшы, каб больш выразна выявілася фундаментальная сувязь гэтага сакрамэнту з усім хрысціянскім утаямнічаннем, якое дасягае вяршыні ў прыняцці Цела і Крыві Хрыста. Менавіта таму канфірмаваныя бяруць удзел у Эўхарыстыі, якою завяршаецца іх хрысціянскае ўтаямнічанне.

Калі канфірмацыю атрымліваюць дзеці, якія яшчэ не прынялі Найсвяцейшую Эўхарыстыю і падчас гэтага літургічнага дзеяння не могуць быць дапушчаныя да першай Камуніі, або калі да таго схіляюць асаблівыя абставіны, канфірмацыю трэба ўдзяляць па-за Імшой. Калі канфірмацыя ўдзяляецца па-за Імшой, перад ёй павінна адбывацца літургія слова.

Калі канфірмацыя ўдзяляецца падчас Імшы, належыць каб распарадчык канфірмацыі сам цэлебраваў Імшу і нават канцэлебраваў, асабліва з прэзбітэрамі, якія разам з ім удзяляюць сакрамэнт.

Калі Імшу цэлебруе іншы святар, неабходна, каб літургіяй слова кіраваў біскуп, выконваючы ўсё тое, што звычайна прызначаецца для цэлебранта, а ў канцы Імшы ўдзяліў благаслаўленне.

Трэба надаваць вялікую ўвагу літургіі слова, якой распачынаецца абрад канфірмацыі, бо са слухання Божага слова паходзіць разнастайнае дзеянне Духа Святога ў Касцёле і ў кожным з ахрышчаных або прымаючых канфірмацыю, праз якое выяўляецца воля Пана ў жыцці хрысціянаў.

Вялікае значэнне мае таксама прамаўленне малітвы Панскай канфірмаванымі разам з народам падчас Імшы перад Камуніяй ці па-за Імшой перад благаслаўленнем, бо гэта сам Дух Святы моліцца ў нас, а хрысціянін у Духу кажа: «Абба, Ойча».

14. У спецыяльную кнігу трэба запісаць імёны канфірмаваных, бацькоў і сведкаў, дзень і месца канфірмацыі, а таксама распарадчыка сакрамэнту. Пробашч павінен паведаміць пра ўдзяленне канфірмацыі пробашчу парафіі, дзе быў хрост, каб той зрабіў адпаведную адзнаку ў кнізе ахрышчаных згодна з правам.

15. Калі пробашч канфірмаванага адсутнічае, распарадчык як найхутчэй павінен паведаміць яму сам ці праз іншых пра ўдзяленне канфірмацыі.


ІV.  ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОЖНА ЗРАБІЦЬ У АБРАДЗЕ КАНФІРМАЦЫІ

16. Канферэнцыі Біскупаў на падставе Канстытуцыі пра святую Літургію (арт. 63б) могуць падрыхтаваць у мясцовых рытуалах раздзел пра канфірмацыю, які б адпавядаў раздзелу Рымскага Пантыфікала і быў дастасаваны да патрэбаў асобных краін. Пасля разгляду такога раздзела Апостальскай Сталіцай яго можна будзе выкарыстоўваць у тых краінах, для якіх ён прызначаны3.

17. Канферэнцыя Біскупаў, узяўшы пад увагу мясцовыя ўмовы, а таксама характар і традыцыі народаў, вырашае, ці будзе карысным:

а) дастасаваць формулы аднаўлення абяцанняў хросту і вызнання веры адпаведна тэкстам, змешчаным у Парадку хросту, ці дастасаваць самі формулы такім чынам, каб яны лепш адпавядалі сітуацыі прымаючых канфірмацыю;

б) увесці іншы спосаб перадавання знаку супакою распарадчыкам пасля намашчэння кожнаму канфірмаванаму паасобку ці ўсім разам.

18. У асобных выпадках, беручы пад увагу сітуацыю прымаючых канфірмацыю, распарадчык можа ўводзіць у абрад пэўныя настаўленні і адпаведна дастасоўваць ужо існуючыя, напр., падаючы іх у форме размовы, асабліва з дзецьмі ці інш.

Калі на падставе агульнага права ці са спецыяльнага дазволу Апостальскай Сталіцы канфірмацыя ўдзяляецца надзвычайным распарадчыкам, трэба, каб у гаміліі ён узгадаў, што першасным распарадчыкам сакрамэнту з’яўляецца біскуп, і растлумачыў, чаму прэзбітэры таксама могуць на моцы права ці з дазволу Апостальскай Сталіцы атрымаць магчымасць удзяляць канфірмацыю.

V. ШТО НЕАБХОДНА ПАДРЫХТАВАЦЬ

19. Для ўдзялення канфірмацыі неабходна падрыхтаваць:

а) патрэбныя ў цэлебрацыі Імшы літургічныя шаты для біскупа і прэзбітэраў, якія яму дапамагаюць, калі яны прысутнічаюць і калі канфірмацыя ўдзяляецца падчас Імшы, якую яны канцэлебруюць. Калі Імшу цэлебруе іншы прэзбітэр, належыць, каб распарадчык канфірмацыі і прэзбітэры, якія разам з ім удзяляюць сакрамэнт, удзельнічалі ў Імшы апранутымі ў літургічныя шаты, прадпісаныя для ўдзялення канфірмацыі, а менавіта, у альбу і стулу; а распарадчык канфірмацыі – яшчэ таксама ў капу; гэтыя шаты апранаюцца таксама і тады, калі канфірмацыя ўдзяляецца па-за Імшой.

б) крэслы для біскупа і для прэзбітэраў, якія яму дапамагаюць;

в) начынне са святым хрызмам;

г) Рымскі Пантыфікал ці Рытуал;

д) пры ўдзяленні канфірмацыі падчас Імшы – усё неабходнае для цэлебрацыі Імшы і для ўдзялення Камуніі ў дзвюх постацях, калі Камунія ўдзяляецца такім спосабам;

е) тое, што неабходна для абмывання рук пасля намашчэння канфірмаваных.

а

  1. Пар. Canones 451, 471, 476, 216 § 4, 472, 474, 475.
  2. Пар. Can. 217, § 1.
  3. Пар. Ordo Baptismi parvulorum, (Typis Polyglottis Vaticanis 1969), Praenotanda generalia de Initiatione christiana, nn. 30-33, pp. 12-13.
Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.