Але дзеля таго, каб цэлебрацыя паўней адпавядала нормам і духу святой Літургіі, у гэтых Уводзінах і ў Парадку Імшы прапануюцца некаторыя дадатковыя дастасаванні, якія могуць быць дазволеныя згодна з рашэннем альбо дыяцэзіяльнага біскупа, альбо Канферэнцый Біскупаў.
387. Дыяцэзіяльны біскуп, які з’яўляецца галоўным святаром сваёй паствы, ад якога пэўным чынам паходзіць і залежыць жыццё ягоных вернікаў у Хрысце148, павінен падтрымліваць літургічнае жыццё, кіраваць ім і дбаць пра яго ў сваёй дыяцэзіі. У гэтых Уводзінах яму даручаецца кіраваць дысцыплінаю канцэлебрацыі (пар. №№ 202, 374), устанаўліваць нормы, якія датычаць абавязку прыслугоўвання святару пры алтары (пар. № 107), а таксама ўдзялення святой Камуніі ў дзвюх постацях (пар. № 283) і пабудовы і ўладкавання касцёльных будынкаў (пар. № 291). Але перш за ўсё яму належыць падтрымліваць дух святой Літургіі ў святарах, дыяканах і верніках.
388. Дастасаванні, пра якія гаворыцца ніжэй і якія вымагаюць шырэйшай каардынацыі, павінны вызначацца, згодна з нормаю права, на Канферэнцыі Біскупаў.
389. Перш за ўсё ў кампетэнцыю Канферэнцый Біскупаў уваходзіць падрыхтоўка і ўхваленне выдання на прынятых нацыянальных мовах гэтага Рымскага Імшала, каб пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай ён мог ужывацца ў тых краінах, для якіх ён падрыхтаваны149.
Рымскі Імшал на лацінскай мове ці ў адпаведным чынам зацверджаных нацыянальных перакладах павінен быць выдадзены без зменаў.
390. Канферэнцыі Біскупаў павінны вызначыць дастасаванні і пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай уводзіць у сам Імшал тое, што ўказана ў гэтых Агульных уводзінах і ў Парадку Імшы, а менавіта:
— жэсты і паставы цела вернікаў (пар. вышэй № 43);
— жэсты ўшанавання алтара і Евангеліярыя (пар. вышэй № 273);
— тэксты спеваў на ўваход, на прыгатаванне дароў і на Камунію (пар. вышэй №№ 48, 74, 87);
— чытанні са Святога Пісання, якія бяруца ў асаблівых абставінах (пар. вышэй № 362);
— форму перадавання супакою (пар. вышэй № 82);
— спосаб прымання святой Камуніі (пар вышэй №№ 160, 283);
— матэрыял алтара і літургічных прыналежнасцяў, асабліва літургічнага начыння, а таксама матэрыял, форму і колер літургічных шатаў (пар. вышэй №№ 301, 326, 329, 339, 342-346).
Дырэктывы ці пастырскія інструкцыі, якія Канферэнцыі Біскупаў палічаць карыснымі, пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай могуць быць уключаныя ў Рымскі Імшал у адпаведным месцы.
391. Гэтыя ж Канферэнцыі павінны асабліва клапаціцца пра пераклады біблійных тэкстаў, якія ўжываюцца на цэлебрацыі Імшы. Бо са Святога Пісання чытаюцца чытанні, якія тлумачацца ў гаміліі, спяваюцца псальмы; яно натхняла і спрыяла з’яўленню малітваў (preces et orationes) і літургічных песняў, з яго ж выводзіцца значэнне дзеянняў і знакаў150.
Належыць карыстацца мовай, якая адпавядае разуменню вернікаў і прыдатная для публічнага абвяшчэння, але з захаваннем тых рысаў, якія ўласцівыя розным спосабам выказвання, ужытым у біблійных кнігах.
392. Канферэнцыі Біскупаў таксама абавязаны настойліва дбаць пра падрыхтоўку перакладу іншых тэкстаў, каб, захоўваючы характэрныя адметнасці кожнай мовы, ён поўна і дакладна перадаваў сэнс першаснага лацінскага тэксту. Робячы гэтую справу, належыць зважаць на розныя віды тэкстаў, якія ўжываюцца на Імшы, такія, як малітвы кіраўніка, антыфоны, акламацыі, адказы, літанійныя просьбы і інш.
Трэба мець на ўвазе, што пераклад тэкстаў прызначаецца перш за ўсё не для разважання (медытацыі), а хутчэй для абвяшчэння ці спеву ў ходзе цэлебрацыі.
Павінна ўжывацца мова, адпаведная вернікам краіны, але ўзнёслая і літаратурная, пры гэтым заўсёды ёсць неабходнасць пэўнага катэхетычнага раскрыцця біблійнага і хрысціянскага сэнсу некаторых словаў і выразаў.
Лепей мець у краінах, якія карыстаюцца тою ж самаю моваю, наколькі гэта магчыма, адзін пераклад літургічных, а асабліва біблійных тэкстаў і тэксту парадку Імшы151.
393. З увагі на асаблівае месца, якое ў цэлебрацыі займае спеў, неабходная і інтэгральная частка літургіі152, Канферэнцыям Біскупаў належыць зацвердзіць адпаведныя мелодыі, асабліва для тэкстаў сталых частак Імшы, для адказаў і акламацый народа, а таксама для асобных абрадаў на працягу літургічнага года.
Яны таксама вырашаюць, якія музычныя формы, мелодыі і музычныя інструменты можна дазволіць у Божым кульце, а таксама наколькі яны прыдатныя і як могуць быць да яго дастасаваныя.
394. Неабходна, каб кожная дыяцэзія мела свой каляндар і адпаведныя тэксты ўласных Імшаў. А Канферэнцыя Біскупаў, са свайго боку, складае ўласны каляндар краіны альбо, разам з іншымі Канферэнцыямі, каляндар для большай тэрыторыі, які зацвярджаецца Апостальскай Сталіцай153.
Пры выкананні гэтай справы перш за ўсё належыць захоўваць і клапаціцца пра нядзелю — дзень Панскі — як першапачатковы святочны дзень. Таму не пажадана аддаваць перавагу перад ёю іншым цэлебрацыям, калі толькі яны сапраўды не маюць найбольшай значнасці154. Трэба клапаціцца таксама, каб літургічны год, зацверджаны дэкрэтам Другога Ватыканскага Сабору, не зацяняўся другаснымі элементамі.
Пры складанні календара краіны неабходна вызначаць дні (пар. № 373) асаблівых малітваў і квартальныя дні (dies Rogationum et Quattuor anni Temporum), а таксама фармуляры і тэксты для іх цэлебрацыі155; трэба мець на ўвазе і іншыя асаблівыя вызначэнні.
Належыць, каб пры выданні Імшала цэлебрацыі, якія з’яўляюцца ўласнымі для ўсёй краіны альбо шырэйшай тэрыторыі, былі змешчаныя разам з цэлебрацыямі агульнага календара, а ўласныя для вобласці ці дыяцэзіі павінны змяшчацца ў спецыяльным дадатку.
395. Урэшце, калі для чыннага ўдзелу вернікаў і іхняй духоўнай карысці патрэбныя змены і больш істотныя дастасаванні, каб святая цэлебрацыя адпавядала характару і традыцыям розных народаў, Канферэнцыі Біскупаў могуць на падставе арт. 40 Канстытуцыі пра святую Літургію прапанаваць іх Апостальскай Сталіцы для ўвядзення з яе згоды, асабліва для народаў, якім Евангелле было абвешчана не так даўно156. Неабходна старанна захоўваць асаблівыя нормы, якія падаюцца ў Інструкцыі «Пра рымскую Літургію і інкультурацыю»157.
У гэтай справе належыць захаваць наступны парадак:
Спачатку Апостальскай Сталіцы па частках выкладаецца папярэдняя прапанова, каб пасля атрымання неабходнага дазволу прыступіць да апрацавання паасобных дастасаванняў.
Пасля належнага зацвярджэння гэтых праектаў Апостальскай Сталіцай ва ўстаноўленыя тэрміны і ў вызначаных месцах праводзяцца апрабаванні. Калі ўсё адбываецца належным чынам, пасля заканчэння тэрміну апрабавання Канферэнцыя Біскупаў дае дастасаванням далейшы ход і прапануе на разгляд Апостальскай Сталіцы канчатковае фармуляванне справы158.
396. Але перш чым пераходзіць да новых, асабліва больш істотных, дастасаванняў, неабходна старанна клапаціцца пра тое, каб разважліва і адпаведным чынам спрыяць належнаму выхаванню духавенства і вернікаў, каб выкарыстоўваліся ўжо прадугледжаныя магчымасці і цалкам ужываліся пастырскія нормы, якія адпавядаюць духу цэлебрацыі.
397. Неабходна таксама захоўваць прынцып, згодна з якім кожны партыкулярны Касцёл павінен быць у адпаведнасці з паўсюдным Касцёлам не толькі ў тым, што датычыць веравучэння і сакрамэнтальных знакаў, але таксама і ў тым, што датычыць паўсюдна прынятых ад апостальскай і непарыўнай традыцыі звычаяў, якія неабходна захоўваць не толькі каб пазбегнуць памылак, але таксама дзеля таго, каб перадаць у непарушнасці веру, паколькі правіла малітвы (lex orandi) Касцёла адпавядае яго правілу веры (lex credendi)159.
Рымскі абрад уяўляе сабой значную і адметную частку літургічнага скарбу і спадчыны каталіцкага Касцёла, багацці якой ідуць на карысць усяго Касцёла, а іх занядбанне прыносіць вялікую шкоду.
Гэты абрад на працягу стагоддзяў не толькі захаваў літургічныя звычаі, якія паходзяць з горада Рыма, але таксама істотным, арганічным і суладным чынам увабраў у сябе некаторыя іншыя, якія вынікалі са звычаяў і духу розных народаў і розных мясцовых Касцёлаў як Усходу, так і Захаду, набываючы такім чынам пэўны надрэгіянальны характар. У наш час ідэнтычнасць і унітарнае выражэнне гэтага абраду ўвасабляецца ва ўзорных выданнях (in editionibus typicis) літургічных кніг, апублікаваных з волі Найвышэйшага Пантыфіка, і ў адпаведных ім літургічных кнігах, прынятых для сваіх тэрыторый Канферэнцыямі Біскупаў і зацверджаных Апостальскай Сталіцай160.
398. Пасля таго, як Другім Ватыканскім Саборам была ўстаноўлена норма, згодна з якой не дазваляюцца новаўвядзенні пры літургічным аднаўленні, калі толькі таго не вымагае сапраўдная і пэўная карысць Касцёла, і пасля таго, як была прынятая засцярога, каб новыя формы арганічна паўставалі з ужо існуючых161, неабходна прымяркоўвацца да інкультурацыі самога Рымскага абраду, якая здзяйсняецца162. Апрача таго, інкультурацыі павінна адводзіцца дастатковая колькасць часу, каб у спешцы неабачліва не скажалася аўтэнтычная літургічная традыцыя.
Урэшце, правядзенне інкультурацыі зусім не накіравана на стварэнне новых абрадавых супольнасцяў, але на тое, каб улічыць патрэбы дадзенай культуры і толькі такім чынам, каб дастасаванні, уведзеныя ў Імшал ці змешчаныя ў іншых літургічных кнігах, не шкодзілі сапраўднаму духу рымскага абраду163.
399. Такім чынам, Рымскі Імшал, хоць і на розных мовах і пры пэўнай рознасці звычаяў164, неабходна захоўваць і надалей як прыладу і выдатны знак цэласнасці і еднасці рымскага абраду165.
q
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 14.
- Пар. там жа, n. 41.
- Пар. Codex Іuris Canonici, can. 838 § 3.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 24.
- Пар. там жа, n. 36 § 3.
- Пар. там жа, n. 112.
- Пар. Агульныя нормы літургічнага года і календара, nn. 48-51, ніжэй, с. ...; S. Congr. pro Cultu Divino, Instr. Calendaria particularia, diei 24 iunii 1970, nn. 4, 8: A.A.S. 62 (1970), pp. 652-653.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 106.
- Пар. Агульныя нормы літургічнага года і календара, n. 46, ніжэй, с. ...; S. Congr. pro Cultu Divino, Instr. Calendaria particularia, diei 24 iunii 1970, n. 38: A.A.S. 62 (1970), p. 660.
- Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 37-40.
- Пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, nn. 54, 62-69: A.A.S. 87 (1995) pp. 308-309, 311-313.
- Пар. там жа, nn. 66-68: A.A.S. 87 (1995) p. 313.
- Пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, nn. 26-27: A.A.S. 87 (1995) pp. 298-299.
- Пар. Ioannes Paulus II, Litt. Ap. Vicesimus quintus annus, diei 4 decembris 1988, n. 16: A.A.S. 81 (1989) p. 912; пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, nn. 2, 36: A.A.S. 87 (1990) pp. 288, 302.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 23.
- Пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, n. 46: A.A.S. 87 (1995) p. 306.
- Пар. там жа, n. 36: A.A.S. 87 (1995) p. 302.
- Пар. там жа, n. 54: A.A.S. 87 (1995) pp. 308-309.
- Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 38; Paulus VI, Const. Ap. Missale Romanum: вышэй.