Пошук

І. РОЗНЫЯ ІМШЫ І МАЛІТВЫ (AD DIVERSA)

368.    Паколькі літургія сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў чыніць, што Божая ласка, якая зыходзіць з пасхальнай таямніцы, асвячае амаль усе падзеі ў жыцці адпаведна настроеных вернікаў144, і паколькі Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт сакрамэнтаў, то Імшал падае ўзоры такіх Імшаў і малітваў, якія могуць ужывацца ў розных абставінах хрысціянскага жыцця, у патрэбах усяго свету, а таксама паўсюднага альбо мясцовага Касцёлаў.

369.    Беручы пад увагу больш шырокія магчымасці выбару чытанняў і малітваў, варта цэлебраваць розныя Імшы памяркоўна, гэта значыць тады, калі гэтага вымагаюць абставіны.

370.    Ва ўсіх розных Імшах, калі толькі выразна не прадугледжана іншага, можна ўжываць чытанні з будняў, а таксама пададзеныя для іх спевы, калі гэтыя спевы адпавядаюць цэлебрацыі.

371.    У гэтую катэгорыю Імшаў уваходзяць абрадавыя Імшы, Імшы ў розных патрэбах, альбо розныя, і ватыўныя Імшы.

372.    Абрадавыя Імшы спалучаюцца з цэлебрацыяй сакрамэнтаў альбо сакрамэнталіяў. Абрадавыя Імшы забароненыя ў нядзелі Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, ва ўрачыстасці, у дні актавы Пасхі, у дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, у Папяльцовую сераду і ў будні Вялікага тыдня. Апрача таго, павінны захоўвацца нормы, пададзеныя ў абрадавых кнігах альбо ў фармулярах саміх Імшаў.

373.    Імшы ў розных патрэбах альбо розныя ўжываюцца ў некаторых выпадках, што здараюцца час ад часу альбо паўтараюцца ў адпаведныя тэрміны. Кампетэнтныя ўлады могуць выбраць з гэтай катэгорыі Імшы, якія цэлебруюцца з нагоды спецыяльных просьбаў, прызначаных на працягу года Канферэнцыяй Біскупаў.

374.    Калі выявіцца нейкая важная патрэба ці таго будуць вымагаць пастырскія меркаванні, Імша, адпаведная гэтай патрэбе, можа цэлебравацца па даручэнні ці з дазволу дыяцэзіяльнага біскупа ва ўсе дні, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, дзён у актаве Пасхі, дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, Папяльцовай серады і будняў Вялікага тыдня.

375.    Ватыўныя Імшы пра таямніцы Пана, на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі, Анёлаў альбо аднаго са святых ці ўсіх Святых могуць цэлебравацца дзеля пабожнасці вернікаў у будні звычайнага перыяду, нават калі прыпадае неабавязковы ўспамін. Аднак не могуць цэлебравацца як ватыўныя тыя Імшы, якія адносяцца да таямніцаў жыцця Пана ці Найсвяцейшай Панны Марыі, за выключэннем Імшы Яе Беззаганнага Зачацця, бо іх цэлебрацыя звязана з цыклам літургічнага года.

376.    У дні, на якія прыпадае абавязковы ўспамін альбо будзень Адвэнту да 16 снежня, перыяду Нараджэння Пана ад 2 студзеня і Велікоднага перыяду пасля актавы Пасхі, Імшы ў розных патрэбах і ватыўныя забараняюцца. Калі ж таго вымагае сапраўдная патрэба ці пастырская карысць, пры цэлебрацыі Імшы з народам можа ўжывацца фармуляр Імшы, які адпавядае гэтай патрэбе ці неабходнасці. Вырашае гэта рэктар Касцёла ці сам цэлебруючы святар.

377.    У будні звычайнага перыяду, на якія прыпадаюць неабавязковыя ўспаміны альбо афіцый з будня, можна цэлебраваць любую Імшу альбо ўжываць любую малітву з катэгорыі розных, але за выключэннем абрадавых Імшаў.

378.    У суботу асабліва рэкамендуецца ўспамін святой Марыі, бо ў Літургіі Касцёла перш за ўсё і пераважна перад усімі святымі аддаецца ўшанаванне Маці Адкупіцеля145.

ІІ. ІМШЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ

379.    Эўхарыстычную ахвяру Пасхі Хрыста Касцёл складае за памерлых дзеля таго, каб яна дапамагла ўсім членам Хрыста, якія яднаюцца між сабою; адным — прыносячы духоўную дапамогу, а іншым — даючы суцяшэнне надзеі.

380.    Сярод Імшаў за памерлых на першым месцы знаходзіцца пахавальная Імша, якая можа цэлебравацца ва ўсе дні, за выключэннем абавязковых урачыстасцяў, чацвярга Вялікага тыдня, Пасхальнага Трыдуума і нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, з захаваннем усяго, што неабходна захаваць згодна з нормамі права146.

381.    Імшу за памерлых пасля атрымання весткі пра смерць, пры канчатковым пахаванні памерлага альбо ў дзень першай гадавіны смерці можна цэлебраваць таксама ў дні актавы Нараджэння Пана, у дні, на якія прыпадае абавязковы ўспамін альбо ў будні, на якія не прыпадае Папяльцовая серада альбо будзень Вялікага тыдня.
Іншыя Імшы за памерлых, альбо «штодзённыя» Імшы можна цэлебраваць у будні звычайнага перыяду, на якія прыпадаюць неабавязковыя ўспаміны альбо афіцый з будня, галоўнае толькі, каб яны сапраўды ахвяраваліся за памерлых.

382.    На пахавальных Імшах звычайна прамаўляецца кароткая гамілія, якая ні ў якім разе не павінна мець характару пахвальнай жалобнай прамовы.

383.    Вернікаў, асабліва з сям’і памерлага, трэба заахвочваць, каб яны прынялі ўдзел у эўхарыстычнай ахвяры, якая складаецца за памерлага, таксама прымаючы святую Камунію.

384.    Калі пахавальная Імша непасрэдна спалучаецца з абрадам пахавання, пасля малітвы пасля Камуніі прапускаецца абрад заканчэння і адбываецца абрад апошняга даручэння альбо развітання; абрад гэты адбываецца толькі пры нябожчыку.

385.    Пры ўкладанні і выбары зменных частак Імшы за памерлых і асабліва пахавальнай Імшы (напр., малітваў, чытанняў, агульнай малітвы) трэба з пастырскіх меркаванняў браць пад увагу асобу памерлага, ягоную сям’ю і прысутных.
Пастыры павінны звяртаць асаблівую ўвагу на тых, хто ў сувязі з пахаваннем прысутнічае на цэлебрацыі літургіі альбо слухае Евангелле, — ці гэта будуць некатолікі ці такія католікі, якія ніколі альбо амаль ніколі не ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, альбо тыя, хто, як здаецца, страціў веру; бо святары — гэта слугі Евангелля Хрыста для ўсіх.
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 61.
  2. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 54; Paulus VI, Adhort. Ap., Marialis cultus, diei 2 februarii 1974, n. 9: A.A.S. 66 (1974) pp. 122-123.
  3. Пар. асабліва Codex Iuris Canonici, can. 1176-1185; Rituale Romanum, Ordo Exsequiarum, editio typica 1969.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.