Пошук

352.    Пастырская дзейснасць літургіі безумоўна ўзрастае, калі тэксты чытанняў, малітваў і спеваў, наколькі гэта магчыма, адпавядаюць патрэбам, духоўнай падрыхтаванасці і здольнасцям удзельнікаў. Гэтага можна дасягнуць, належна выкарыстоўваючы шырокія магчымасці выбару, пададзеныя ніжэй.
Таму пры выбары тэкстаў Імшы святар павінен мець на ўвазе хутчэй духоўную карысць народа Божага, чым свае асабістыя схільнасці. Апрача таго, трэба памятаць, што выбар частак павінен рабіцца ў паразуменні з тымі, хто так ці інакш бярэ ўдзел у цэлебрацыі літургіі, ні ў якім выпадку не выключаючы вернікаў у тых пытаннях, якія датычаць непасрэдна іх.
Паколькі даецца шырокая магчымасць выбару розных частак Імшы, неабходна, каб дыякан, лектары, псальміст, кантар, каментатар і хор, кожны ў сваёй паслузе, яшчэ да пачатку цэлебрацыі дакладна ведалі, якія з прызначаных для іх тэкстаў будуць ужывацца. Непрадбачаных сітуацый не павінна быць. Гарманічнае ўпарадкаванне і выкананне абрадаў дапамагаюць скіраваць душы вернікаў да ўдзелу ў Эўхарыстыі.

І. ВЫБАР ІМШЫ

353.    Ва ўрачыстасці святар павінен прытрымлівацца календара касцёла, у якім ён цэлебруе.

354.    У нядзелі, у будні Адвэнту, перыяду Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, у святы і абавязковыя ўспаміны:
а) калі Імша цэлебруецца з народам, святар прытрымліваецца календара касцёла, у якім цэлебруе;
б) калі Імша цэлебруецца з удзелам толькі аднаго прыслугоўваючага, святар можа выбраць альбо каляндар касцёла, альбо ўласны каляндар.

355.    У дні неабавязковых успамінаў:
а) У будні Адвэнту з 17 па 24  снежня, у дні актавы Нараджэння Пана і ў будні Вялікага посту, за выключэннем Папяльцовай серады і будняў Вялікага тыдня, святар цэлебруе  Імшу з бягучага літургічнага дня; калі ж у агульным календары на гэты дзень упісаны ўспамін, можна ўзяць з яго калекту, калі толькі на гэты дзень не прыпадаюць Папяльцовая серада ці будзень Вялікага тыдня. У будні Велікоднага перыяду згодна з нормамі ўспаміны святых можна цэлебраваць цалкам.
б) У будні Адвэнту да 17 снежня, у будні перыяду Нараджэння Пана ад 2 студзеня і ў будні Велікоднага перыяду можна выбраць альбо Імшу з будня, альбо Імшу пра святога ці пра аднаго са святых, успамін якога адзначаецца, альбо Імшу пра пэўнага святога, упісанага на гэты дзень у Мартыралог.
в) У будні звычайнага перыяду можна выбраць альбо Імшу з будня, альбо Імшу з неабавязковага ўспаміну, які прыпадае на гэты дзень, альбо Імшу пра пэўнага святога, упісанага на гэты дзень у Мартыралог, альбо Імшу ў розных патрэбах ці ватыўную.
Калі святар цэлебруе Імшу з народам, ён павінен дбаць пра тое, каб занадта часта і без паважнай прычыны не прапускаць чытанняў, якія прызначаныя ў лекцыянарыі для будняў, бо Касцёл жадае, каб стол Божага слова быў падрыхтаваны для вернікаў больш  багата141.
З гэтай жа прычыны ён павінен з памяркоўнасцю падыходзіць да цэлебрацыі Імшаў за памерлых, бо кожная Імша ахвяруецца як за жывых, так і за памерлых, і ў кожнай эўхарыстычнай малітве ўспамінаюцца памерлыя.
Там жа, дзе вернікам блізкія неабавязковыя ўспаміны Найсвяцейшай Панны Марыі альбо святых, належыць пайсці насустрач слушным патрэбам пабожнасці вернікаў.
Калі даецца магчымасць выбару паміж успамінам з агульнага календара і ўспамінам з дыяцэзіяльнага альбо законнага календара, згодна з традыцыяй пры іншых аднолькавых умовах аддаецца перавага партыкулярнаму ўспаміну.

ІІ. ВЫБАР ЧАСТАК ІМШЫ

356.    Пры выбары тэкстаў розных частак Імшы як з перыядаў літургічнага года, так і пра святых, належыць захоўваць наступныя нормы.

Чытанні

357.    На нядзелі і ўрачыстасці вызначаюцца тры чытанні, а менавіта: Прарока, Апостала і Евангелля, якія вядуць хрысціянскі народ да спасціжэння бесперапыннасці справы збаўлення згодна з дзівосным Божым планам. Прадпісаных чытанняў належыць дакладна прытрымлівацца. У Велікодны перыяд згодна з традыцыяй Касцёла замест чытання са Старога Запавету бярэцца чытанне з Дзеяў Апосталаў.
На святы прызначаюцца два чытанні. Але калі свята ў адпаведнасці з нормамі ўздымаецца да ўзроўню ўрачыстасці, дадаецца трэцяе чытанне, якое бярэцца з раздзелу чытанняў для агульных Імшаў.
Ва ўспаміны святых, калі няма ўласных, звычайна чытаюцца чытанні, прызначаныя для будняў. У некаторых выпадках прапануюцца прымеркаваныя чытанні, а менавіта тыя, якія асвятляюць асаблівы аспект духоўнага жыцця ці дзейнасці святога. Ужыванне гэтых чытанняў неабавязковае, калі толькі да гэтага не схіляюць пастырскія меркаванні.

358.    У лекцыянарыі для будняў падаюцца чытанні для асобных дзён кожнага тыдня на працягу ўсяго года; таму гэтыя чытанні бяруцца пераважна ў тыя дні, для якіх яны прызначаныя, калі толькі не прыпадае ўрачыстасць, свята альбо успамін, якія маюць уласныя чытанні з Новага Запавету, гэта значыць такія, дзе ўзгадваецца святы, які ўшаноўваецца ў цэлебрацыі.
Аднак калі часам паслядоўнае чытанне Святога Пісання перапыняецца на працягу тыдня якойсьці ўрачыстасцю, святам альбо асаблівай цэлебрацыяй літургіі, святар можа, маючы на ўвазе парадак чытанняў усяго тыдня, альбо далучыць прапушчаныя часткі да іншых, альбо вырашыць, якім тэкстам трэба аддаць перавагу.
На Імшах для асаблівых супольнасцяў святар можа выбраць з зацверджанага лекцыянарыя больш прыдатныя для такіх цэлебрацый тэксты.

359.    Апрача таго, спецыяльны выбар тэкстаў Святога Пісання даецца ў лекцыянарыі для абрадавых Імшаў, падчас якіх удзяляюцца сакрамэнты альбо сакрамэнталіі, а таксама для Імшаў, якія цэлебруюцца ў розных патрэбах.
Такія лекцыянарыі служаць для таго, каб праз адпаведна падабранае Божае слова, якое слухаюць вернікі, весці іх да больш поўнага спасціжэння таямніцы, у якой яны ўдзельнічаюць, і выхоўваць у іх больш  палымяную любоў да слова Божага.
Таму тэксты, якія чытаюцца на цэлебрацыі, трэба падбіраць, маючы на ўвазе як адпаведныя пастырскія меркаванні, так і магчымасць выбару, якая даецца ў гэтай справе.

360.    Часам даецца даўжэйшы і карацейшы варыянт таго ж самага тэксту. Пры выбары паміж гэтымі двума варыянтамі неабходна браць пад увагу пастырскі крытэрый. Трэба таксама мець на ўвазе здольнасць вернікаў з карысцю слухаць даўжэйшае альбо карацейшае чытанне; здольнасць успрымаць больш поўны тэкст, які будзе растлумачаны ў гаміліі142.

361.    Калі даецца магчымасць выбраць той ці іншы тэкст з ужо вызначаных альбо прапанаваных на выбар, неабходна браць пад увагу карысць удзельнікаў, а менавіта, у залежнасці ад таго, ці мова ідзе пра ўжыванне тэксту, які з’яўляецца лягчэйшым альбо больш падыходзіць для сабранай супольнасці, ці пра паўтарэнне альбо пропуск тэксту, які прызначаецца для якойсьці цэлебрацыі як уласны, а для іншай як той, што будзе ўжывацца на выбар, калі да таго схіляюць пастырскія меркаванні143.
Гэта можа адбывацца тады, калі той жа самы тэкст ізноў павінен чытацца ў найбліжэйшыя дні, напр., у нядзелю і ў наступны будні дзень, альбо калі ёсць небяспека, што дадзены тэкст выкліча тыя ці іншыя складанасці ў пэўнай супольнасці Хрыстовых вернікаў. Неабходна, аднак, асцерагацца, каб пры выбары тэкстаў Святога Пісання не выключаліся пастаянна некаторыя яго часткі.

362.    Апрача магчымасцяў выбару некаторых больш адпаведных тэкстаў, пра што была гаворка вышэй, Канферэнцыі Біскупаў маюць магчымасць у асаблівых абставінах вызначаць пэўныя дастасаванні, якія датычаць чытанняў, але з тою ўмоваю, што тэксты будуць брацца з лекцыянарыя, зацверджанага адпаведным чынам.

Малітвы (de orationibus)

363.    На кожнай Імшы, калі толькі няма іншых указанняў, прамаўляюцца малітвы, пададзеныя ў яе фармуляры.
На Імшах ва ўспаміны святых прамаўляецца ўласная калекта альбо, калі яе няма, калекта з адпаведнай агульнай Імшы, а малітвы над дарамі і пасля Камуніі, калі няма ўласных, можна ўзяць альбо з агульнай Імшы, альбо з будняў бягучага літургічнага перыяду.
У будні звычайнага перыяду апрача малітваў папярэдняй нядзелі можна браць альбо малітвы іншай нядзелі звычайнага перыяду, альбо адну з малітваў у розных патрэбах, пададзеную ў Імшале. Але заўсёды можна ўзяць з гэтых Імшаў толькі калекту.
Такім чынам, прапануецца большая колькасць тэкстаў, якія паўней задавальняюць малітоўныя патрэбы вернікаў.
У важнейшыя літургічныя перыяды такое дастасаванне ўжо прысутнічае ў малітвах, прызначаных у Імшале для паасобных будняў гэтых перыядаў.

Эўхарыстычная малітва

364.    Шматлікія прэфацыі, якімі ўзбагачаны Рымскі Імшал, маюць на мэце яскравей выяўляць падставы аддавання падзякі ў эўхарыстычнай малітве і паўней асвятляць розныя аспекты таямніцы збаўлення.

365.    Пры выбары эўхарыстычнай малітвы з тых, якія змешчаныя ў Парадку Імшы, кіруюцца наступнымі нормамі:
а) Першую эўхарыстычную малітву, альбо Рымскі канон, якую можна ўжываць заўсёды, больш пажадана прамаўляць у дні, для якіх прадпісаныя ўласныя малітвы У еднасці і Пане, ласкава прымі, а таксама на цэлебрацыях апосталаў і святых, якія ўзгадваюцца ў самой малітве; прамаўляецца гэтая малітва і ў нядзелі, калі толькі з пастырскіх меркаванняў не аддаецца перавага Трэцяй эўхарыстычнай малітве.
б) Другую эўхарыстычную малітву, з-за яе асаблівых рысаў, лепш браць у будні тыдня альбо ў асаблівых абставінах. Хоць яна і мае ўласную прэфацыю, але можна ўжываць яе і з іншымі прэфацыямі, асабліва з тымі, якія сцісла прадстаўляюць таямніцу збаўлення, напр., з агульнымі прэфацыямі. Калі Імша цэлебруецца за памерлага, можа ўжывацца спецыяльная формула, змешчаная ў адпаведным месцы, а менавіта перад Памятай таксама.
в) Трэцюю эўхарыстычную малітву можна прамаўляць з любой прэфацыяй. Ёй варта аддаваць перавагу ў нядзелі і ў святы. Калі ж гэтая малітва выкарыстоўваецца ў Імшах за памерлых, можна ўжываць спецыяльную формулу за памерлага, якая змешчаная ў адпаведным месцы, а менавіта пасля словаў: О добры Ойча, ласкава з’яднай з сабою ўсіх рассеяных па свеце дзяцей Тваіх.
г) Чацвёртая эўхарыстычная малітва мае нязменную прэфацыю і больш поўна апісвае гісторыю збаўлення. Можна ўжыць яе, калі Імша не мае ўласнай прэфацыі, і ў нядзелі звычайнага перыяду. З-за будовы гэтай малітвы ў яе нельга ўводзіць спецыяльную формулу за памерлага.

Спевы

366.    Спевы, змешчаныя ў Парадку Імшы, напр., Баранку Божы, нельга замяняць іншымі спевамі.

367.    Пры выбары спеваў паміж чытаннямі і спеваў на ўваход, на прыгатаванне дароў і на Камунію неабходна захоўваць нормы, якія падаюцца ў адпаведных месцах (пар. №№ 40-41, 47-48, 61-64, 74, 86-88).
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 51.
  2. Missale Romanum, Ordo lectionum Missae, editio typica altera 1981, Praenotanda, n. 80.
  3. Там жа, n. 81.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа