Пошук

І. АГУЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ
ІІ. УЛАДКАВАННЕ ПРЭЗБІТЭРЫЯ ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ
III. УЛАДКАВАННЕ КАСЦЁЛА

І. АГУЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ

288.    Для цэлебрацыі Эўхарыстыі народ Божы збіраецца, як правіла, у касцёле альбо, калі яго няма ці ён недастаткова вялікі, у іншым адпаведным месцы, якое аднак вартае такой вялікай таямніцы. Касцёлы альбо іншыя месцы павінны быць прыдатнымі для цэлебрацыі літургічных дзеянняў, а таксама забяспечваць чынны ўдзел у іх вернікаў. Святыні і рэчы, якія прызначаны для Божага культу, павінны быць сапраўды годнымі і гожымі і з’яўляцца знакамі і сімваламі вышэйшай сутнасці108.

289.    Таму Касцёл заўсёды мае патрэбу ў высакароднай дапамозе мастацтва, дапускаючы мастацкія формы ўсіх народаў і краінаў109. Больш таго, ён не толькі імкнецца захаваць творы і скарбы мастацтва мінулых стагоддзяў110 і дастасаваць іх, наколькі гэта неабходна, да новых абставінаў, але таксама стараецца паспрыяць з’яўленню новых твораў, сугучных духу кожнага часу111.
Таму ў заахвочванні мастакоў і ў адборы твораў, дапушчальных у касцёле, патрэбна шукаць сапраўдныя мастацкія каштоўнасці, якія жывяць веру і пабожнасць, а таксама адпавядаюць праўдзе, якую яны выражаюць, і мэце, для якой яны прызначаны112.

290.    Усе касцёлы павінны пасвячацца альбо прынамсі благаслаўляцца. Катэдральныя і парафіяльныя касцёлы павінны пасвячацца ўрачыста.

291.    Па пытаннях належнага ўзвядзення сакральных будынкаў, іх аднаўлення і ўладкавання ўсе, хто мае да гэтага дачыненне, павінны кансультавацца з дыяцэзіяльнай Камісіяй па святой Літургіі і справах сакральнага мастацтва. Дыяцэзіяльны біскуп павінен карыстацца парадамі і дапамогаю гэтай жа камісіі, калі гаворка ідзе пра ўсталяванне нормаў у гэтай галіне альбо пры зацвярджэнні праектаў новых пабудоваў, а таксама пры вырашэнні некаторых іншых важных пытанняў113.

292.    У аздабленні касцёла трэба імкнуцца да высакароднай прастаты, пазбягаючы раскошы. У адборы элементаў аздаблення трэба дбаць пра праўдзівасць рэчаў, а таксама імкнуцца да таго, каб гэтае аздабленне спрыяла выхаванню вернікаў і адпавядала годнасці ўсяго сакральнага месца.

293.    Адпаведнае ўладкаванне касцёла і прылеглых да яго памяшканняў павінна адпавядаць патрэбам сучаснасці. Таму трэба клапаціцца не толькі пра тое, што непасрэдна датычыць цэлебрацыі святых дзеянняў, але таксама забяспечыць выгоды для вернікаў, якія звычайна прадугледжваюцца ў месцах, дзе пастаянна збіраюцца людзі.

294.    Народ Божы, які збіраецца на Імшу, мае арганічную і іерархічную структуру, якая выяўляецца праз розныя абавязкі і дзеянні ў асобных частках цэлебрацыі. Таму агульнае ўладкаванне сакральнай пабудовы павінна быць такім, каб паказваць як бы вобраз сабранай супольнасці, а таксама забяспечваць захаванне належнага парадку і спрыяць адпаведнаму выкананню абавязкаў кожнага.
Вернікі і гурт спевакоў (schola cantorum) займаюць месца, якое робіць больш зручным іх чынны ўдзел у літургіі114.
Цэлебруючы святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя займаюць месца ў прэзбітэрыі. Там жа падрыхтоўваюцца месцы для канцэлебрантаў, а калі іх шмат, месцы для іх адводзяцца ў іншай частцы касцёла, але паблізу ад алтара.
Усё гэта хоць і павінна выражаць іерархічнае ўпарадкаванне і разнастайнасць абавязкаў, мусіць таксама ўтвараць глыбокую і арганічную еднасць, у якой яскрава выяўляецца адзінства ўсяго святога люду. Характар і прыгажосць месца і ўсё аздабленне павінны спрыяць пабожнасці і выяўляць святасць таямніцаў, якія цэлебруюцца.

ІІ. УЛАДКАВАННЕ ПРЭЗБІТЭРЫЯ ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ

295.    Прэзбітэрый — гэта месца, дзе знаходзіцца алтар, дзе абвяшчаецца слова Божае, а святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя выконваюць свой абавязак. Прэзбітэрый павінен быць аддзелены ад асноўнай часткі касцёла пэўным узвышэннем альбо асаблівай формай і аздабленнем. Ён павінен быць такой велічыні, каб нішто не перашкаджала праводзіць і бачыць цэлебрацыю Эўхарыстыі115.

Алтар і яго аздабленне

296.    Алтар, на якім у сакрамэнтальных знаках здзяйсняецца ахвяра крыжа, — гэта таксама стол Панскі, да якога запрашаецца на Імшы народ Божы. Алтар — гэта таксама асяродак складання падзякі, якое здзяйсняецца праз Эўхарыстыю.

297.    Цэлебрацыя Эўхарыстыі ў сакральным месцы павінна праводзіцца на алтары, а па-за сакральным месцам яна можа праводзіцца таксама на адпаведным стале, але заўсёды засланым абрусам і карпаралам, з крыжом і свечкамі.

298.    Пажадана, каб у кожным касцёле быў умацаваны алтар, які больш яскрава і трывала азначае Езуса Хрыста, жывы Камень (1 П 2, 4; пар. Эф 2, 20). У іншых месцах, прызначаных для літургічных цэлебрацый, алтар можа быць рухомы.
Умацаваным алтаром называецца алтар, які збудаваны так, што ён злучаецца з падлогаю і таму не можа быць перасунуты, а рухомы можна пераносіць.

299.    Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма. Алтар павінен займаць такое месца, каб ён сапраўды з’яўляўся цэнтрам, да якога сама сабою скіроўваецца ўвага ўсёй супольнасці вернікаў116. Звычайна ён павінен быць умацаваным і пасвячаным.

300.    Як умацаваны, так і рухомы алтар пасвячаецца паводле абраду, апісанага ў Рымскім Пантыфікале, пры гэтым рухомы алтар можа толькі благаслаўляцца.

301.    Згодна з традыцыйным звычаем Касцёла і ў адпаведнасці са сваім значэннем менса (стальніца) ўмацаванага алтара павінна быць каменнай і да таго ж зробленай з натуральнага каменя. Але са згоды Канферэнцыі Біскупаў можна ўжыць і іншыя годныя, трывалыя і па-мастацку апрацаваныя матэрыялы. Слупы альбо аснова, якія падтрымліваюць менсу, могуць вырабляцца з любога годнага і трывалага матэрыялу.
Рухомы алтар можа быць зроблены з любых высакародных і трывалых матэрыялаў, якія згодна з традыцыямі і звычаямі розных народаў з’яўляюцца прыдатнымі для літургічнага ўжытку.

302.    Пажадана захоўваць звычай змяшчэння пад пасвячаным алтаром рэліквій святых, нават калі яны не былі мучанікамі. Неабходна толькі паклапаціцца пра дакладнае ўстанаўленне сапраўднасці гэтых рэліквій.

303.    Будуючы новыя касцёлы, лепей усталёўваць у іх адзін алтар, які ў супольнасці вернікаў павінен азначаць аднаго Хрыста і адну Эўхарыстыю Касцёла.
Ва ўжо збудаваных касцёлах, калі стары алтар размешчаны так, што стварае цяжкасці для ўдзелу народа і не можа быць перанесены без шкоды для яго мастацкай каштоўнасці, неабходна паставіць другі ўмацаваны алтар, зроблены па-мастацку і належным чынам пасвячаны, і ўсе літургічныя цэлебрацыі здзяйсняць толькі на ім. Дзеля таго, каб увага вернікаў не адцягвалася ад новага алтара, стары алтар не трэба асаблівым чынам упрыгожваць.

304.    Дзеля пашаны да цэлебрацыі ўспаміну Пана і да гасціны, на якой удзяляецца Цела і Кроў Хрыста, на алтары, дзе адбываецца цэлебрацыя, засцілаецца прынамсі адзін абрус белага колеру, які формаю, памерамі і аздабленнем павінен адпавядаць выгляду самога алтара.

305.    У аздабленні алтара належыць захоўваць памяркоўнасць.
У перыяд Адвэнту алтар можна ўпрыгожыць кветкамі з той умеркаванасцю, якая адпавядае характару гэтага часу, што прадвяшчае поўную радасць Нараджэння Пана. У перыяд Вялікага посту забараняецца ўпрыгожваць алтар кветкамі. Выключэнне робіцца для чацвёртай нядзелі Вялікага посту (dominica Laetare), урачыстасцяў і святаў.
Аздабленне кветкамі заўсёды павінна быць стрыманым, і лепш размяшчаць іх не на алтары, а вакол яго.

306     На менсе алтара можа знаходзіцца толькі тое, што патрэбна для цэлебрацыі Імшы, а менавіта: Евангеліярый ад пачатку цэлебрацыі да абвяшчэння Евангелля; а ад прыгатавання дароў і да ачышчэння начыння — келіх з патэнаю, пушка, калі яна патрэбная, і, нарэшце, карпарал, пурыфікатар, палла і імшал.
Апрача таго, асобна ставяцца прыстасаванні, якія могуць быць неабходнымі для ўзмацнення голасу святара.

307.    Падсвечнікі, якія патрабуюцца для некаторых літургічных дзеянняў дзеля іх ушанавання і ўрачыстага характару (пар. № 117), ставяцца альбо на алтар, альбо каля яго, беручы пад увагу структуру алтара і прэзбітэрыя, так, каб усё было суладна і зручна размешчана і не перашкаджала вернікам добра бачыць тое, што адбываецца на алтары альбо складаецца на ім.

308.    Таксама на алтары альбо побач з ім павінен быць крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста, добра бачны для сабранага народа. Пажадана, каб такі крыж заставаўся побач з алтаром таксама і па-за літургічнымі цэлебрацыямі, каб нагадваць вернікам пра збаўчую муку Пана.

Амбона

309.    Годнасць слова Божага патрабуе, каб у касцёле было адпаведнае месца, з якога б яно абвяшчалася і да якога падчас літургіі слова сама сабою скіроўвалася ўвага вернікаў117.
Пажадана, каб гэта, як правіла, была сталая амбона, а не проста пераносны пульт. Якой бы ні была будова касцёла, амбона павінна быць размешчаная такім чынам, каб вернікі маглі добра бачыць і чуць духоўных служыцеляў і лектараў.
З амбоны выключна чытаюцца чытанні, прамаўляюцца рэспансарыйны псальм і велікоднае пасланне, а таксама могуць прамаўляцца гамілія і інтэнцыі агульнай малітвы. Годнасць амбоны вымагае, каб на яе ўзыходзіў толькі служыцель слова.
Новую амбону, перш чым прызначыць яе для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале118.

Месца для цэлебруючага святара і іншыя месцы

310.    Месца святара, які цэлебруе Імшу, павінна выяўляць ягоны абавязак кіравання супольнасцю і малітваю. Таму найбольш адпаведным для яго будзе месца, скіраванае да народа на ўзвышэнні прэзбітэрыя, калі толькі гэтаму не перашкаджаюць будова святыні альбо іншыя абставіны, напрыклад, калі з-за вялікай адлегласці ўскладняецца паразуменне паміж святаром і сабранай супольнасцю, альбо калі табэрнакулюм змяшчаецца па цэнтры за алтаром. Але належыць пазбягаць усялякага падабенства святарскага месца да трону119. Месца святара, перш чым прызначыць яго для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале120.
У прэзбітэрыі таксама размяшчаюцца месцы для канцэлебруючых святароў і для святароў, апранутых у харальныя шаты, якія прысутнічаюць на цэлебрацыі, нават калі яны не канцэлебруюць.
Месца дыякана размяшчаецца побач з месцам святара. Месцы для іншых прыслугоўваючых размяшчаюцца такім чынам, каб яны былі выразна адасобленыя ад месцаў для духавенства, і каб самі прыслугоўваючыя маглі без перашкодаў выконваць давераны ім абавязак121.

III. УЛАДКАВАННЕ КАСЦЁЛА
Месцы для вернікаў

311.    Вызначаючы месцы для вернікаў, неабходна паклапаціцца, каб вернікі добра маглі бачыць святыя абрады і духоўна ў іх удзельнічаць. Мэтазгодна, каб для іх ставіліся лаўкі ці сядзенні. Звычай рэзервавання месцаў для некаторых прыватных асобаў павінен быць скасаваны122. Лаўкі ці сядзенні, асабліва ў новазбудаваных касцёлах, трэба размяшчаць такім чынам, каб вернікі маглі лёгка прымаць паставы цела, адпаведныя розным часткам Літургіі і свабодна падыходзіць, каб прыняць святую Камунію.
Неабходна дбаць пра тое, каб вернікі маглі не толькі бачыць святара альбо дыякана і лектараў, але таксама добра іх чуць, для чаго ўжываюцца сучасныя тэхнічныя сродкі.

Месца для гурту спевакоў (schola cantorum) і музычных інструментаў

312.    Беручы пад увагу ўнутраную будову касцёла, гурт спевакоў трэба размясціць так, каб падкрэсліць яго значэнне, а менавіта тое, што ён з’яўляецца часткаю сабранай супольнасці і выконвае адмысловы абавязак. Дзякуючы правільнаму размяшчэнню, гурту спевакоў лягчэй выконваць гэты абавязак, а кожнаму спеваку будзе прадстаўлена магчымасць поўнага, г.зн., сакрамэнтальнага  ўдзелу ў Імшы123.

313.    Арганы і іншыя музычныя інструменты, зацверджаныя для выкарыстання ў касцёле, патрэбна змясціць у адпаведным месцы, каб яны маглі дапамагаць хору і народу ў спеве, а таксама, каб іх добра чулі, калі яны гучаць без спеву. Арганы, перш чым прызначыць іх для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале124.
У перыяд Адвэнту арганы і іншыя музычныя інструменты трэба ўжываць з той умеркаванасцю, якая адпавядае характару гэтага часу, што прадвяшчае поўную радасць Нараджэння Пана.
У перыяд Вялікага посту гучанне арганаў і іншых музычных інструментаў дапушчальнае толькі для падтрымання спеву. Але выключэнне робіцца для чацвёртай нядзелі Вялікага посту (dominica Laetare), урачыстасцяў і святаў.

Месца захоўвання Найсвяцейшай Эўхарыстыі

314.    У залежнасці ад будовы кожнага касцёла і згодна з прынятымі мясцовымі звычаямі, Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табэрнакулюме ў найбольш годнай, выдатнай і заўважнай частцы касцёла, прыгожа аздобленай і прыдатнай для малітвы125.
Звычайна табэрнакулюм павінен быць адзін і нерухомы, зроблены з моцнага, трывалага і непразрыстага матэрыялу, і зачыняцца так, каб у максімальнай меры пазбегнуць небяспекі прафанацыі126. Яго, перш чым прызначыць для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале127.

315.    З увагі на важнасць знаку не варта, каб на алтары, на якім цэлебруецца Імша, быў табэрнакулюм, дзе захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя128.
Таму лепей змяшчаць табэрнакулюм, па рашэнні дыяцэзіяльнага біскупа:
а) альбо ў прэзбітэрыі, па-за алтаром для цэлебрацыі, выбіраючы для яго больш прыдатную форму і месца; не выключаны стары алтар, які больш не ўжываецца для цэлебрацыі (пар. № 303);
б) альбо ў прыдатнай для асабістай адарацыі і малітвы верных капліцы129, якая арганічна злучаецца  з касцёлам і добра бачная вернікам.

316.    Згодна з традыцыйным звычаем, каля табэрнакулюма павінна заўсёды гарэць адмысловая лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста130.

317.    Нельга забывацца таксама і пра ўсе іншыя прадпісанні нормаў права адносна захоўвання Найсвяцейшай Эўхарыстыі131.

Святыя выявы

318.    Касцёл удзельнічае ў зямной Літургіі, прадчуваючы Літургію нябесную, якая адбываецца ў святым горадзе Ерузалеме, куды ён, пілігрымуючы, кіруецца і дзе Хрыстус сядзіць праваруч Айца. Ушаноўваючы памяць святых, Касцёл спадзяецца, што і сам будзе мець удзел у іх супольнасці132.
Таму, згодна з найстаражытнейшай традыцыяй Касцёла, у сакральных будынках выстаўляюцца для ўшанавання вернікамі выявы Пана, Найсвяцейшай Панны Марыі і святых133, якія размяшчаюцца ў сакральным будынку такім чынам, каб весці вернікаў да таямніцаў веры, якія там здзяйсняюцца. Аднак трэба пазбягаць неапраўданага павелічэння колькасці выяваў, а размяшчаць іх трэба ў належным парадку такім чынам, каб яны не адцягвалі ўвагу вернікаў ад самога літургічнага дзеяння134. Як правіла, не павінна быць больш за адну выяву аднаго і таго ж святога. Увогуле, у тым, што датычыць выкарыстання выяваў у аздабленні і ўладкаванні касцёла, трэба клапаціцца, каб яны былі гожымі і годнымі, а таксама каб адпавядалі пабожнасці ўсёй супольнасці вернікаў.
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 122-124; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 90: A.A.S. 56 (1964) p. 897; Instr. Encharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 24: A.A.S. 59 (1967) p. 554; Codex Iuris Canonici, can. 932 § 1.
  2. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 123.
  3. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 24: A.A.S. 59 (1967) p. 554.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 123, 129; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 13c: A.A.S. 56 (1964) p. 880.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 123.
  6. Пар. там жа, n. 126; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  7. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, nn. 97-98: A.A.S. 56 (1964) p. 899.
  8. Пар. там жа, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  9. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  10. Пар. там жа, n. 96: A.A.S. 56 (1964) p. 899.
  11. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis occasione data auspicandi novum ambonem, nn. 900-918.
  12. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 92: A.A.S. 56 (1964J) p. 898.
  13. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis occasione data auspicandi novam cathedram seu sedem praesidentiae, nn. 880-899.
  14. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 92: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  15. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 32.
  16. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 23: A.A.S. 59 (1967) p. 307.
  17. Пар. Rituale Romanum, De benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis organi, nn. 1052-1067.
  18. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 54: A.A.S. 59 (1967) p. 568; Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 95: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  19. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 52: A.A.S. 59 (1967) p. 568; Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 95: A.A.S. 56 (1964) p. 898; S. Congr. de Sacramentis, Instr. Nullo umquam tempore, diei 28 maii 1938, n. 4: A.A.S. 30 (1938) pp. 199-200; Rituale Romanum, De sacra Communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, editio typica 1973, nn. 10-11, Codex Iuris Canonici, can. 938 § 3.
  20. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis occasione data auspicandi novum tabernaculum eucharisticum, nn. 919-929.
  21. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 55: A.A.S. 59 (1967) p. 569.
  22. Там жа, n. 53: A.A.S. 59 (1967) p. 568; Rituale Romanum, De sacra Communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, editio typica 1973, n. 9; Codex Iuris Canonici, can. 938 § 2; Ioannes Paulus II, Epist. Dominicae Cenae, diei 24 februarii 1980, n. 3: A.A.S. 72 (1980) pp. 117-119.
  23. Пар. Codex Iuris Canonici, can. 940; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 57: A.A.S. 59 (1967) p. 569; пар. Rituale Romanum, De sacra Communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, editio typica 1973, n. 11.
  24. Пар. асабліва S. Congr. de Sacramentis, Instr. Nullo umquam tempore, diei 28 maii 1938: A.A.S. 30 (1938) pp. 198-207; Codex Iuris Canonici, can. 934-944.
  25. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 8.
  26. Пар. Pontificale Romanum, Ordo Dedicationis ecclesiae et altaris, editio typica 1977, cap. IV, n. 10; Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo ad benedicendas imagines quae fidelium venerationi publicae exhibentur, nn. 984-1031.
  27. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Lturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 125.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа