Пошук

І. ІМША З НАРОДАМ
ІІ. КАНЦЭЛЕБРАВАНАЯ ІМША
ІІІ. ІМША, У ЯКОЙ УДЗЕЛЬНІЧАЕ ТОЛЬКІ АДЗІН ПРЫСЛУГОЎВАЮЧЫ
ІV. НЕКАТОРЫЯ АГУЛЬНЫЯ НОРМЫ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЬ УСІХ ФОРМАЎ ІМШЫ

112.    У мясцовым Касцёле першае месца з увагі на яе значэнне трэба адвесці Імшы, якую ўзначальвае біскуп у атачэнні сваіх прэзбітэраў, дыяканаў і свецкіх прыслугоўваючых91 і ў якой святы народ Божы бярэ поўны і чынны ўдзел, бо ў гэтым бачна асаблівае праяўленне Касцёла.
На Імшы, якую цэлебруе біскуп, альбо якую ён узначальвае, але не цэлебруе, неабходна захоўваць нормы, пададзеныя ў Біскупскім Цырыманіяле92.

113.    Таксама вялікае значэнне мае Імша, якая цэлебруецца з удзелам пэўнай супольнасці, асабліва парафіяльнай, бо яна прадстаўляе паўсюдны Касцёл у акрэсленым часе і месцы, і асабліва на супольнай цэлебрацыі ў нядзелю93.

114.    Сярод Імшаў, якія цэлебруюцца пэўнымі супольнасцямі, асобнае месца займае канвентуальная Імша, якая з’яўляецца часткаю штодзённага афіцыя, альбо Імша пад назваю «Імша супольнасці». І хаця для гэтых Імшаў не прадугледжана спецыяльнай формы цэлебрацыі, але вельмі пажадана, каб яны былі спяванымі, і асабліва важна, каб у іх бралі поўны ўдзел усе члены супольнасці, ці то законнікі, ці то канонікі. На гэтых Імшах асобныя члены супольнасці выконваюць свае функцыі ў адпаведнасці з прынятым пасвячэннем альбо паслугаю. Таму пажадана, каб гэтую Імшу, наколькі гэта магчыма, канцэлебравалі ўсе святары, якія з душпастырскіх меркаванняў не абавязаны цэлебраваць індывідуальна. Больш таго, усе святары, якія належаць да гэтай супольнасці і абавязаныя з душпастырскіх меркаванняў дзеля дабра верных цэлебраваць індывідуальна, могуць у той жа самы дзень таксама канцэлебраваць канвентуальную Імшу альбо «Імшу супольнасці»94. Пажадана, каб святары, якія прысутнічаюць на эўхарыстычнай цэлебрацыі, згодна са звычаем, выконвалі абавязак, уласцівы для іхняга стану, а гэта значыць, у літургічных шатах бралі ўдзел у Імшы як канцэлебранты, калі толькі гэтаму не перашкаджае слушная прычына. Пры гэтым яны могуць быць таксама апранутыя ў адпаведныя харальныя шаты альбо ў комжу паверх сутаны ці габіта.

І. ІМША З НАРОДАМ

115.     Паняцце «Імша з народам» азначае Імшу, якая цэлебруецца з удзелам верных. Асабліва ў нядзелі і прадпісаныя святы належыць, наколькі гэта магчыма, цэлебраваць яе са спевам і з адпаведнай колькасцю прыслугоўваючых95, хоць можна цэлебраваць яе таксама без спеву і з адным прыслугоўваючым.

116.    На кожнай цэлебрацыі Імшы, на якой прысутнічае дыякан, ён павінен выконваць свае абавязкі.
Пажадана, каб цэлебруючаму святару згодна са звычаем дапамагалі: акаліт, лектар і кантар; але абрад, які апісваецца ніжэй, прадугледжвае магчымасць і большай колькасці прыслугоўваючых.

Падрыхтоўка

117.    Алтар павінен засцілацца прынамсі адным абрусам белага колеру. На кожнай цэлебрацыі на алтары альбо каля яго ставяцца прынамсі два ці нават чатыры, шэсць, асабліва калі мова ідзе пра Імшу ў нядзелю ці ў прадпісаныя святы, альбо, калі цэлебруе дыяцэзіяльны біскуп, — сем падсвечнікаў з запаленымі свечкамі. На алтары альбо каля яго павінен таксама быць крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста. Падсвечнікі і крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста могуць быць прынесеныя ў працэсіі на ўваход. На самім алтары можна пакласці асобны ад кнігі іншых чытанняў Евангеліярый, калі яго не прыносяць у працэсіі на ўваход.

118.    Таксама трэба падрыхтаваць:
а) побач з месцам святара: імшал і пры неабходнасці кнігу са спевамі;
б) на амбоне: лекцыянарый;
в) на століку: келіх, карпарал, пурыфікатар і пры неабходнасці — паллу; а таксама патэну і пушкі (цыборыюмы), калі яны патрэбныя; хлеб для Камуніі святара, які ўзначальвае цэлебрацыю, дыякана,  прыслугоўваючых і народа; ампулкі з віном і вадою, калі толькі ўсяго гэтага не прыносяць у працэсіі на ахвяраванне вернікі; начынне з асвячанаю вадою, калі адбываецца акрапленне; патэну для Камуніі вернікаў і ўсё неабходнае для абмывання рук.
Келіх рэкамендуецца пакрываць вэлюмам, які можа быць колеру дня альбо белым.

119.    У сакрыстыі трэба падрыхтаваць літургічныя шаты (пар. №№ 337-341) для святара, дыякана ды іншых прыслугоўваючых у адпаведнасці з рознымі формамі цэлебрацыі:
а) для святара: альбу, стулу і арнат (casula seu planeta);
б) для дыякана: альбу, стулу і далматыку, якую, аднак, можна не ўжываць, калі яе няма, альбо калі цэлебрацыя мае менш урачысты характар;
в) для іншых прыслугоўваючых: альбы альбо іншыя правамоцна зацверджаныя шаты96.
Кожны, хто апранае альбу, выкарыстоўвае таксама пас і гумерал, якімі, аднак, можна і не карыстацца, калі дазваляе пакрой альбы.
Калі ўваход адбываецца ў форме працэсіі, падрыхтоўваецца таксама Евангеліярый; у нядзелі і святочныя дні, калі ўжываецца кадзіла, — кадзільніца і начынне з кадзілам (лодка); крыж для нясення ў працэсіі і падсвечнікі з запаленымі свечкамі.

А) Імша без удзелу дыякана
Уступныя абрады

120.    Калі збярэцца народ, святар і прыслугоўваючыя, апранутыя ў літургічныя шаты, ідуць да алтара ў наступным парадку:
а) турыферарый з дымячай кадзільніцай, калі ўжываецца кадзіла;
б) міністранты, якія нясуць запаленыя свечкі, а паміж імі — акаліт ці іншы міністрант з крыжам;
в) акаліты і іншыя прыслугоўваючыя;
г) лектар, які можа несці, крыху ўзняўшы яго, Евангеліярый, але не лекцыянарый;
д) святар, які будзе цэлебраваць Імшу.
Калі ўжываецца кадзіла, святар перад выхадам насыпае яго ў кадзільніцу і благаслаўляе знакам крыжа, нічога пры гэтым не гаворачы.

121.    Падчас працэсіі да алтара гучыць спеў на ўваход (пар. №№ 47-48).

122.    Падышоўшы да алтара, святар і прыслугоўваючыя робяць нізкі паклон.
Крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста, прынесены ў працэсіі, можна паставіць каля алтара, каб ён стаў алтарным крыжам, які павінен быць толькі адзін; у іншым выпадку яго трэба змясціць асобна ў адпаведным месцы. Падсвечнікі змяшчаюцца на алтары альбо побач з ім; Евангеліярый з пашанай кладзецца на алтары.

123.    Святар падыходзіць да алтара і, ушаноўваючы, цалуе яго, затым, калі ўжываецца кадзіла, акаджвае крыж і алтар, абыходзячы вакол яго.

124.    Пасля гэтага святар накіроўваецца да свайго месца. Калі скончыцца спеў на ўваход, святар і вернікі стоячы робяць знак крыжа. Святар кажа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Народ адказвае: Амэн.
Затым святар, павярнуўшыся да народа, з разведзенымі рукамі вітае яго, выкарыстоўваючы адну з пададзеных формулаў. Сам святар альбо хтосьці з прыслугоўваючых некалькімі словамі можа ўвесці вернікаў у Імшу гэтага дня.

125.    Потым адбываецца чын пакаяння. Пасля яго спяваецца ці прамаўляецца Пане, змілуйся над намі (Kyrie, eleison) у адпаведнасці з рубрыкамі (пар. № 52).

126.    У вызначаных цэлебрацыях гаворыцца ці спяваецца гімн Хвала на вышынях (пар. № 53).

127.    Потым святар запрашае народ да малітвы, са зведзенымі рукамі гаворачы: Молімся. І ўсе разам са святаром пэўны час моляцца ў маўчанні. Затым святар, развёўшы рукі, прамаўляе калекту, на заканчэнне якой народ адказвае: Амэн.

Літургія слова

128.    Пасля заканчэння калекты ўсе сядаюць. Святар можа некалькімі словамі ўвесці верных у літургію слова. Лектар ідзе да амбоны і з лекцыянарыя, пакладзенага там яшчэ да Імшы, чытае першае чытанне, якое слухаюць усе. У канцы лектар прамаўляе акламацыю Гэта Слова Божае, а ўсе адказваюць: Дзякуем Пану Богу.
Потым, паводле абставінаў, можна кароткі час захоўваць маўчанне, каб усе маглі разважаць над тым, што пачулі.

129.    Затым псальміст альбо сам лектар прамаўляе вершы псальму, а народ, як звычайна, паўтарае рэфрэн.

130.    Калі павінна быць другое чытанне перад Евангеллем, лектар чытае яго з амбоны, а ўсе слухаюць і ў канцы адказваюць на акламацыю, як сказана вышэй (№ 128). Потым, паводле абставінаў, можна кароткі час захоўваць маўчанне.

131.    Затым усе ўстаюць і спяваецца Аллелюя альбо іншы спеў, у залежнасці ад літургічнага перыяду (пар. № 62-64).

132.    Падчас  Аллелюя  альбо іншага спеву святар насыпае ў кадзільніцу і благаслаўляе кадзіла, калі яно ўжываецца. Затым, звёўшы рукі і нізка схіліўшыся перад алтаром, ціха гаворыць: Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае.

133.    Затым бярэ Евангеліярый, калі ён знаходзіцца на алтары, і следам за прыслугоўваючымі, якія ідуць перад ім і могуць несці кадзільніцу і свечкі, падыходзіць да амбоны, несучы Евангеліярый крыху ўзнятым. Тыя, хто стаіць каля амбоны, паварочваюцца да святара, каб выявіць асаблівую пашану да Евангелля Хрыста.

134.    На амбоне святар адкрывае кнігу і, звёўшы рукі, гаворыць: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Затым святар гаворыць: Чытанне святога Евангелля, робячы вялікім пальцам знак крыжа на кнізе, а таксама на сваім чале, вуснах і грудзях. Гэта ж робяць і ўсе іншыя. Народ адказвае: Хвала Табе, Пане. Калі ўжываецца кадзіла, святар акаджвае кнігу (пар. №№ 276-277). Затым ён абвяшчае Евангелле і ў канцы гаворыць акламацыю: Гэта слова Пана, а ўсе адказваюць: Хвала табе, Хрыстэ. Святар цалуе кнігу, ціха гаворачы: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя.

135.    Калі няма лектара, святар сам, стоячы на амбоне, чытае ўсе чытанні і выконвае псальм. Там жа насыпае ў кадзільніцу кадзіла, калі яно ўжываецца,  благаслаўляе яго і, нізка схіліўшыся, гаворыць: Усемагутны Божа, ачысці сэрца і вусны мае.

136.    Стоячы каля свайго месца альбо на самой амбоне ці, калі трэба, на іншым адпаведным месцы, святар прамаўляе гамілію. Пасля яе заканчэння можа пэўны час захоўвацца маўчанне.

137.    Сімвал веры святар спявае ці прамаўляе разам з народам (пар. № 68). Пры гэтым усе стаяць. На словы:  І ўцелавіўся ўсе нізка схіляюцца, а ва ўрачыстасці Звеставання і Нараджэння Пана — кленчаць.

138.    Пасля прамаўлення сімвала веры святар, стоячы каля свайго месца, звёўшы рукі, у кароткім закліку запрашае вернікаў да агульнай малітвы. Затым кантар ці лектар альбо хтосьці іншы з амбоны ці з іншага адпаведнага месца прапануе народу інтэнцыі, а народ малітоўна на іх адказвае. Урэшце святар, развёўшы рукі, завяршае просьбы малітваю.

Эўхарыстычная літургія

139.    Пасля заканчэння агульнай малітвы ўсе сядаюць і пачынаецца спеў на ахвяраванне (пар. № 74).
Акаліт ці іншы свецкі прыслугоўваючы змяшчае на алтары карпарал, пурыфікатар, келіх, паллу і імшал.

140.    Пажадана, каб удзел вернікаў выяўляўся ў ахвяраванні хлеба і віна для цэлебрацыі Эўхарыстыі альбо іншых дароў, якія яны могуць ахвяраваць на патрэбы Касцёла і бедных.
Ахвяраванні вернікаў з дапамогай акаліта ці іншага прыслугоўваючага прымае святар. Хлеб і віно для Эўхарыстыі прыносяцца да цэлебранта, які складае іх на алтар, а іншыя дары змяшчаюцца ў іншым прыдатным месцы (пар. № 73).

141.    Святар, стоячы пры алтары, бярэ патэну з хлебам і, трымаючы яе абедзвюма рукамі, крыху ўздымае над алтаром, ціха гаворачы: Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету. Потым ставіць патэну з хлебам на карпарал.

142.    Пасля гэтага, стоячы збоку алтара, святар налівае віно і крыху вады ў келіх, ціха гаворачы: Праз таямніцу гэтай вады, а міністрант падае яму ампулкі. Вярнуўшыся да сярэдзіны алтара, ён бярэ келіх і, трымаючы яго абедзвюма рукамі, крыху ўздымае над алтаром, ціха гаворачы: Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету. Затым ставіць келіх на карпарал і накрывае пры неабходнасці паллаю.
Калі няма спеву на ахвяраванне і не гучаць арганы, святар можа падчас ахвяравання хлеба і віна гучным голасам прамовіць формулы благаслаўлення, на якія народ адказвае акламацыяй: Благаслаўлёны Ты, Божа, навекі.

143.    Паставіўшы келіх на алтары, святар нізка схіляецца і ціха гаворыць: Прымі, Пане Божа, нас.

144.    Затым, калі ўжываецца кадзіла, святар насыпае яго ў кадзільніцу, благаслаўляе, нічога пры гэтым не гаворачы, і акаджвае ахвярныя дары, крыж і алтар. Міністрант, стоячы збоку алтара, акаджвае святара, а затым народ.

145.    Пасля малітвы Прымі, Пане Божа, нас альбо пасля акаджвання святар, стоячы збоку алтара, абмывае рукі, ціха гаворачы: Змый з мяне, Пане. Міністрант палівае яму на рукі вадою.

146.    Вярнуўшыся затым да сярэдзіны алтара і павярнуўшыся да народа, разводзячы і зводзячы рукі, святар запрашае народ да малітвы, гаворачы: Маліцеся, браты і сёстры. Народ устае і адказвае: Няхай Пан Бог прыме. Затым святар, развёўшы рукі, прамаўляе малітву над дарамі. На заканчэнне народ адказвае: Амэн.

147.    Тады святар распачынае эўхарыстычную малітву. У адпаведнасці з рубрыкамі (пар. № 365) ён выбірае адну з тых, якія змешчаныя ў Рымскім Імшале альбо зацверджаныя Апостальскай Сталіцай. Сутнасць эўхарыстычнай малітвы патрабуе, каб яе прамаўляў толькі сам святар, які мае гэтае паўнамоцтва праз пасвячэнне. Народ жа з вераю і ў маўчанні далучаецца да святара, беручы ўдзел у прадугледжаных для народа частках эўхарыстычнай малітвы, а менавіта: у адказах у дыялогу прэфацыі, у Святы, у акламацыі пасля кансэкрацыі і ў акламацыі Амэн пасля заключнай даксалогіі, а таксама ў іншых акламацыях, прынятых Канферэнцыяй Біскупаў і зацверджаных Святым Пасадам.
Вельмі пажадана, каб святар спяваў тыя часткі эўхарыстычнай малітвы, якія прадугледжаныя для спеву.

148.    На пачатку эўхарыстычнай малітвы святар, разводзячы рукі, спявае ці гаворыць: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Святар працягвае: Угору сэрцы, уздымаючы рукі. Народ адказвае: Узносім іх да Пана. Потым святар, развёўшы рукі, дадае: Падзякуем Пану Богу нашаму. Народ адказвае: Годна гэта і справядліва. Затым святар з разведзенымі рукамі працягвае прэфацыю, а пасля яе заканчэння, звёўшы рукі, разам з усімі прысутнымі спявае альбо гучным голасам гаворыць: Святы (пар. № 79 б).

149.    Святар працягвае эўхарыстычную малітву згодна з рубрыкамі, якія падаюцца для асобных малітваў.
Калі Імшу цэлебруе біскуп, то ў эўхарыстычных малітвах пасля словаў: Папам нашым N. ён дадае: са мною, нягодным слугою Тваім; альбо пасля словаў: Папу нашага N. дадае: пра мяне, нягоднага слугу Твайго. Калі ж біскуп цэлебруе па-за сваёй дыяцэзіяй, то пасля словаў: Папам нашым N. ён дадае: са мною, нягодным слугою Тваім, і братам маім N., біскупам гэтага касцёла N.; альбо пасля словаў: Папу нашага N. дадае: пра мяне, нягоднага слугу Твайго, і брата майго N., біскупа гэтага касцёла N.
Дыяцэзіяльнага біскупа альбо таго, хто прыроўнены да яго ў правах, належыць узгадваць такімі словамі: разам са слугою Тваім, Папам нашым N., біскупам (альбо: вікарыем, прэлатам, прэфектам, абатам) нашым N.
Можна назваць у эўхарыстычнай малітве дапаможных біскупаў (сoadiutor et аuxiliares), але не іншых біскупаў, прысутных выпадкова. Калі неабходна ўзгадаць некалькіх, то ўжываецца агульная формула: біскупам нашым N. і яго дапаможнымі біскупамі.
У кожнай эўхарыстычнай малітве ўзгаданыя формулы неабходна дапасаваць з улікам граматычных  нормаў.

150.    Непасрэдна перад кансэкрацыяй прыслугоўваючы пры неабходнасці дае вернікам знак званком, а затым звоніць у званок пры кожным паднясенні Святых Дароў паводле мясцовых звычаяў.
Калі ўжываецца кадзіла, пасля кансэкрацыі прыслугоўваючы акаджвае Гостыю і келіх падчас іх паказу народу.

151.    Пасля кансэкрацыі, калі святар скажа: Гэта вялікая таямніца веры, народ прамаўляе акламацыю, ужываючы адну з пададзеных формулаў.
На заканчэнне эўхарыстычнай малітвы святар, узяўшы патэну з Гостыяй і келіх, крыху ўздымае іх і адзін гаворыць даксалогію Праз Хрыста. Народ у канцы адказвае: Амэн. Пасля гэтага святар ставіць патэну і келіх на карпарал.

152.    Пасля эўхарыстычнай малітвы, святар, звёўшы рукі, гаворыць заклік да малітвы Панскай. Гэтую малітву, развёўшы рукі, ён прамаўляе разам з народам.

153.    Закончыўшы малітву Панскую, святар зводзіць рукі і адзін прамаўляе эмбалізм Просім Цябе, Пане, збаў нас, пасля заканчэння якога народ адказвае: Бо Тваё валадарства.

154.    Затым святар, развёўшы рукі, гучным голасам гаворыць малітву Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў; пасля яе заканчэння, разводзячы і зводзячы рукі, абвяшчае супакой, павярнуўшыся да народа і гаворачы: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі. Народ адказвае: І з духам тваім. Пасля гэтага паводле абставінаў святар дадае: Перадайце бліжняму знак супакою.
Святар можа перадаць знак супакою прыслугоўваючым, але заўсёды застаючыся ў прэзбітэрыі, каб не парушаць ход цэлебрацыі. Гэтак жа чыніць ён, калі з абгрунтаванай прычыны хоча перадаць знак супакою некалькім вернікам. Усе, згодна з нормамі, устаноўленымі Канферэнцыяй Біскупаў, перадаюць адзін аднаму знак супакою, еднасці і любові. Перадаючы знак супакою, можна казаць: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з табою, а адказваюць на гэтыя словы: Амэн.

155.    Пасля гэтага святар бярэ Гостыю, ламае яе над патэнаю і часцінку апускае ў келіх, ціха гаворачы: Гэтае паяднанне Цела і Крыві Пана нашага. У гэты час хор і народ спяваюць альбо гавораць Баранку Божы (пар. № 83).

156.    Затым святар, звёўшы рукі, ціха гаворыць малітву на Камунію Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, альбо Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце.

157.    Закончыўшы малітву, святар кленчыць, бярэ Гостыю, кансэкраваную на гэтай Імшы, і, трымаючы яе крыху ўзнятай над патэнаю альбо над келіхам, павярнуўшыся да народа, гаворыць: Вось Баранак Божы і разам з народам дадае: Пане, я не варты.

158.    Пасля гэтага, павярнуўшыся да алтара, святар ціха гаворыць: Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і з пашанаю прымае Цела Хрыста. Затым бярэ келіх, ціха гаворыць: Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і з пашанаю прымае Кроў Хрыста.

159.    Калі святар прымае Сакрамэнт, пачынаецца спеў на Камунію (пар. № 86).

160.    Затым святар бярэ патэну альбо пушку (цыборыюм) і падыходзіць да тых, хто будзе прымаць Камунію. Яны звычайна прыступаюць да яе, падыходзячы, як у працэсіі.
Вернікам нельга самім браць кансэкраваны хлеб ці келіх, а тым больш перадаваць іх адзін аднаму з рук у рукі. Вернікі прымаюць Камунію ўкленчыўшы ці стоячы, як гэта пастановіць Канферэнцыя Біскупаў. Калі Камунію прымаюць стоячы, належыць, каб перад прыняццем Сакрамэнту вернікі выяўлялі да яго належную пашану, як гэта ўстанаўліваецца тымі ж нормамі.

161.    Калі Камунія ўдзяляецца толькі ў постаці хлеба, святар, крыху ўздымаючы Гостыю і паказваючы яе кожнаму, кажа: Цела Хрыста. Той, хто прымае Камунію, адказвае: Амэн і, прымае Сакрамэнт вуснамі, альбо, па жаданні, у рукі там, дзе гэта дазволена. Той, хто прыняў святую Гостыю, адразу ж цалкам яе спажывае.
Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, захоўваецца абрад, апісаны ў адпаведным месцы (пар. №№ 284-287).

162.    Ва ўдзяленні Камуніі святару могуць дапамагаць іншыя прысутныя прэзбітэры. Калі ж іх няма, а колькасць прымаючых Камунію вельмі вялікая, святар можа ўзяць сабе на дапамогу надзвычайных асістэнтаў для ўдзялення Камуніі, гэта значыць належным чынам прызначанага акаліта альбо іншых вернікаў, якія прызначаныя для гэтага згодна з прынятым парадкам97. У выпадку неабходнасці святар на адзін раз можа прызначыць для гэтага адпаведных вернікаў98.
Гэтыя прыслугоўваючыя не павінны падыходзіць да алтара перш, чым прыме Камунію святар, а начынне, дзе змяшчаецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя для ўдзялення вернікам, яны павінны прымаць з рук цэлебруючага святара.

163.    Пасля ўдзялення Камуніі сам святар каля алтара адразу ж і цалкам спажывае кансэкраванае віно, якое, магчыма, застаецца, а кансэкраваныя гостыі, якія засталіся, альбо спажывае каля алтара, альбо пераносіць да месца, прызначанага для захавання Эўхарыстыі.
Святар, павярнуўшыся да алтара, збірае крошкі, калі яны засталіся, затым, стоячы каля алтара альбо каля століка, ачышчае патэну ці пушку над келіхам, а потым ачышчае сам келіх, ціха гаворачы: Пане, тое, што мы вуснамі прынялі, і выцірае келіх пурыфікатарам. Калі начынне было ачышчана на алтары, то міністрант нясе яго да століка. Начынне, якое трэба ачысціць, асабліва калі яго шмат, можна пакінуць на алтары альбо на століку на карпарале, адпаведным чынам накрыўшы, каб ачысціць яго адразу ж пасля Імшы, разаслаўшы народ.

164.    Пасля гэтага святар можа вярнуцца да свайго месца. Можна таксама пэўны час захоўваць сакральнае маўчанне альбо выконваць псальм, іншы спеў хвалы ці гімн (пар. № 88).

165.    Затым, стоячы каля свайго месца альбо каля алтара, святар, павярнуўшыся да народа і звёўшы рукі, гаворыць: Молімся і, развёўшы рукі, прамаўляе малітву пасля Камуніі. Перад малітваю можа захоўвацца кароткае маўчанне, калі толькі яго ўжо не было непасрэдна пасля Камуніі. На заканчэнне малітвы народ адказвае: Амэн.
 
Абрад заканчэння

166.    Пасля заканчэння малітвы пасля Камуніі пры неабходнасці можна зрабіць кароткія паведамленні для народа.

167.    Затым святар, разводзячы рукі, вітае народ, кажучы: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Святар ізноў зводзіць рукі і адразу ж, прыкладаючы левую руку да грудзей і падымаючы правую, дадае: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны і, робячы знак крыжа над народам, працягвае: Айцец і Сын, і Дух Святы. Усе адказваюць: Амэн.
У некаторыя дні і пры пэўных абставінах благаслаўленне згодна з рубрыкамі можна ўзбагаціць і выказаць малітвай над народам альбо больш урачыстай формулай.
Біскуп благаслаўляе народ адпаведнымі словамі, тройчы робячы знак крыжа над народам99.

168.    Адразу пасля благаслаўлення святар, звёўшы рукі, гаворыць: Ідзіце ў супакоі Хрыста, і ўсе адказваюць: Дзякуем Пану Богу.

169.    Тады святар ушаноўвае алтар, згодна са звычаем цалуючы яго, і, разам са свецкімі прыслугоўваючымі зрабіўшы перад ім нізкі паклон, разам з імі адыходзіць.

170.    Калі непасрэдна пасля Імшы пачынаецца іншае літургічнае дзеянне, то абрад заканчэння — гэта значыць развітанне, благаслаўленне і рассыланне — прапускаюцца.

Б) Імша з дыяканам

171.    Калі на цэлебрацыі ёсць дыякан, ён, у літургічных шатах, павінен выконваць сваю паслугу. Наогул дыякан:
а) дапамагае святару і ідзе збоку ад яго;
б) каля алтара прыслугоўвае пры келіху альбо пры імшале;
в) абвяшчае Евангелле і можа па даручэнні цэлебруючага святара прамаўляць гамілію (пар. № 66);
г) адпаведнымі заклікамі кіруе верным народам і прамаўляе інтэнцыі агульнай малітвы;
д) дапамагае цэлебруючаму святару ўдзяляць Камунію, ачышчае і складае літургічнае начынне;
е) сам, пры неабходнасці, выконвае абавязкі іншых прыслугоўваючых, калі апошнія адсутнічаюць.

Уступныя абрады

172.    Дыякан, які нясе Евангеліярый, крыху ўзняўшы яго, ідзе да алтара перад святаром, у іншым выпадку — збоку ад яго.

173.    Калі ён нясе Евангеліярый, то, прыйшоўшы да алтара, не робіць паклона перад алтаром і падыходзіць да яго. Затым, з пашанаю паклаўшы Евангеліярый на алтар, адначасова са святаром ушаноўвае алтар, цалуючы яго.
Калі ж ён не нясе Евангеліярый, то, як звычайна, разам са святаром робіць перад алтаром нізкі паклон і разам са святаром ушаноўвае алтар, цалуючы яго.

Урэшце, калі выкарыстоўваецца кадзіла, ён дапамагае святару насыпаць яго ў кадзільніцу і акаджваць крыж і алтар.
174.    Пасля акаджвання ён разам са святаром ідзе да святарскага месца, застаецца там побач са святаром і па меры неабходнасці яму прыслугоўвае.

Літургія слова

175.    Падчас Аллелюя альбо іншага спеву дыякан прыслугоўвае святару пры насыпанні ў кадзільніцу кадзіла, калі яно ўжываецца, а затым, схіліўшыся перад святаром у нізкім паклоне, просіць благаслаўлення, кажучы сцішаным голасам: Благаславі мяне, ойча. Святар благаслаўляе яго, кажучы: Няхай Пан будзе ў сэрцы Тваім. Дыякан робіць на сабе знак крыжа і адказвае: Амэн. Затым бярэ Евангеліярый, пакладзены на алтары, і, зрабіўшы перад алтаром паклон, накіроўваецца да амбоны, несучы кнігу крыху ўзнятаю. Перад ім ідуць турыферарый з дымячай кадзільніцай і міністранты з запаленымі свечкамі. На амбоне дыякан, звёўшы рукі, вітае народ, кажучы: Пан з вамі, затым падчас словаў: Чытанне святога Евангелля вялікім пальцам правай рукі робіць знак крыжа на кнізе, а таксама на чале, на вуснах і на грудзях, акаджвае кнігу і абвяшчае Евангелле. Закончыўшы, гаворыць: Гэта слова Пана, а ўсе адказваюць: Хвала Табе, Хрыстэ. Затым, ушаноўваючы кнігу, цалуе яе і ціха кажа: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя і вяртаецца да святара.
Калі дыякан прыслугоўвае біскупу, то падае яму кнігу для цалавання альбо цалуе яе сам, ціха гаворачы: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя. На больш урачыстых цэлебрацыях біскуп, калі гэта мэтазгодна, благаслаўляе народ Евангеліярыем.
Евангеліярый потым можна занесці на столік ці ў іншае прыдатнае і годнае месца.

176.    Калі няма іншага адпаведнага лектара, дыякану належыць чытаць таксама і іншыя чытанні.

177.    Пасля ўступу святара дыякан, звычайна з амбоны, прамаўляе інтэнцыі малітвы вернікаў.

Эўхарыстычная літургія

178.    Пасля заканчэння агульнай малітвы святар застаецца на месцы, а дыякан з дапамогаю акаліта падрыхтоўвае алтар. Да яго абавязкаў належыць таксама клопат пра літургічнае начынне. Ён дапамагае святару прымаць дары ад народа. Затым ён падае святару патэну з хлебам для кансэкрацыі, налівае віно і крыху вады ў келіх, ціха гаворачы: Праз таямніцу гэтай вады і віна. Пасля гэтага падае келіх святару. Гэтая падрыхтоўка келіха можа рабіцца каля століка. Калі ўжываецца кадзіла, дыякан прыслугоўвае святару пры акаджванні ахвярных дароў, крыжа і алтара, а пасля гэтага ён сам альбо акаліт акаджвае святара і народ.

179.    Падчас эўхарыстычнай малітвы дыякан стаіць недалёка ад святара, крыху ззаду ад яго, і, калі трэба, прыслугоўвае яму пры келіху і імшале.
Затым ад эпіклезы і да паднясення келіха дыякан звычайна кленчыць. Калі ёсць некалькі дыяканаў, адзін з іх пры кансэкрацыі можа насыпаць кадзіла ў кадзільніцу і акаджваць пры паднясенні Гостыю і келіх.

180.    У час даксалогіі, якою заканчваецца эўхарыстычная малітва, ён стаіць побач са святаром, які ўздымае патэну з Гостыяй, і трымае ўзняты келіх да таго моманту, калі народ адкажа: Амэн.

181.    Пасля таго, як святар прамовіць малітву аб супакоі і скажа: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі, а народ адкажа: І з духам тваім, дыякан, у залежнасці ад абставінаў, заклікае вернікаў перадаць адзін аднаму знак супакою, для чаго, звёўшы рукі і павярнуўшыся да народа, гаворыць: Перадайце бліжняму знак супакою, а сам прымае знак супакою ад святара і можа перадаць яго іншым  прыслугоўваючым, якія знаходзяцца бліжэй да яго.

182.    Пасля Камуніі святара дыякан прымае Камунію ў дзвюх постацях ад самога святара, а затым дапамагае святару ўдзяляць Камунію народу. Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, ён сам падносіць келіх прымаючым, а скончыўшы ўдзяленне, адразу ж з пашанаю спажывае каля алтара ўсю Кроў Хрыста, якая засталася, у чым, калі патрабуюць абставіны, яму дапамагаюць іншыя дыяканы і прэзбітэры.

183.    Пасля ўдзялення Камуніі дыякан разам са святаром вяртаецца да алтара, збірае крошкі, калі яны засталіся, а затым нясе келіх і іншае літургічнае начынне да століка. Там ачышчае і як звычайна складае яго, пакуль святар вяртаецца да свайго месца. Аднак начынне, якое трэба ачысціць, можна пакінуць на століку на карпарале, адпаведным чынам накрыўшы, і ачысціць яго адразу пасля Імшы, разаслаўшы народ.

Абрад заканчэння

184.    Пасля заканчэння малітвы пасля Камуніі, дыякан, пры неабходнасці, робіць кароткія паведамленні для народа, калі толькі святар не пажадае зрабіць іх сам.

185.    Калі ўжываецца малітва над народам альбо ўрачыстая формула благаслаўлення, дыякан гаворыць: Схіліце галовы на благаслаўленне. Калі святар благаславіць народ, дыякан, звёўшы рукі і павярнуўшыся  да народа, рассылае яго, кажучы: Ідзіце ў супакоі Хрыста.

 186.    Затым разам са святаром ён ушаноўвае алтар, цалуючы яго і, зрабіўшы нізкі паклон, адыходзіць такім жа чынам, як падыходзіў.

В) Абавязкі акаліта

187.    Абавязкі, якія можа выконваць акаліт, розныя. Многія з іх могуць прыпадаць на адзін і той жа час, а таму належыць падзяліць іх паміж некалькімі акалітамі. Калі ж прысутнічае толькі адзін акаліт, то ён выконвае больш важныя абавязкі, а іншыя размяркоўваюцца паміж некалькімі  прыслугоўваючымі.

Уступныя абрады

188.    У час працэсіі да алтара акаліт можа несці крыж, ідучы паміж двума міністрантамі, якія нясуць запаленыя свечкі. Прыйшоўшы да алтара, акаліт ставіць крыж каля алтара, каб ён стаў алтарным крыжам, у іншым выпадку змяшчае яго ў годным месцы, а затым займае сваё месца ў прэзбітэрыі.

189.    На працягу ўсёй Імшы  акаліт падыходзіць да святара ці дыякана столькі разоў, колькі гэта патрэбна, каб падаваць кнігу і дапамагаць у іншых неабходных выпадках. Ён павінен займаць такое месца, з якога мог бы лепш выконваць свае абавязкі, падыходзячы да святарскага месца альбо да алтара.

Эўхарыстычная літургія

190.    Калі няма дыякана, пасля заканчэння агульнай малітвы святар застаецца на сваім месцы, а акаліт размяшчае на алтары карпарал, пурыфікатар, келіх, паллу і імшал. Затым, калі трэба, ён дапамагае святару прымаць дары ад народа і пры неабходнасці падносіць хлеб і віно да алтара і падае святару. Калі ўжываецца кадзіла, ён падае кадзільніцу святару і дапамагае яму акаджваць дары, крыж і алтар, а затым акаджвае святара і народ.

191.    Акаліт, прызначаны адпаведным чынам, пры неабходнасці як надзвычайны асістэнт можа дапамагаць святару ўдзяляць Камунію народу100. Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, пры адсутнасці дыякана акаліт сам падае келіх прымаючым альбо трымае яго, калі Камунія ўдзяляецца праз абмакванне.

192.    Акаліт, прызначаны адпаведным чынам, пасля ўдзялення Камуніі дапамагае святару альбо дыякану ачышчаць і складаць літургічнае начынне. Калі няма дыякана, акаліт нясе літургічнае начынне да століка і там, як звычайна, яго ачышчае, выцірае і складае.

193.    Пасля заканчэння Імшы акаліт і іншыя прыслугоўваючыя разам з дыяканам і святаром працэсійным парадкам вяртаюцца ў сакрыстыю такім жа чынам, як і прыйшлі.

Г) Абавязкі лектара

Уступныя абрады

194.    У час працэсіі да алтара, калі адсутнічае дыякан, лектар, апрануты ў зацверджаныя літургічныя шаты, можа несці Евангеліярый, крыху ўзняўшы яго: тады ён ідзе перад святаром, у адваротным выпадку — з іншымі прыслугоўваючымі.

195.    Прыйшоўшы да алтара, ён разам з іншымі робіць нізкі паклон. Калі ён нясе Евангеліярый, то, падышоўшы да алтара, кладзе Евангеліярый на яго. Затым займае разам з іншымі прыслугоўваючымі адпаведнае месца ў прэзбітэрыі.

Літургія слова

196.    Чытанні, якія ідуць перад Евангеллем, лектар чытае з амбоны. Калі няма псальміста, ён можа прамаўляць і рэспрансарыйны псальм пасля першага чытання.

197.    Калі няма дыякана, лектар можа пасля ўступу, зробленага святаром, прамаўляць з амбоны інтэнцыі агульнай малітвы.

198.    Калі няма спеву на ўваход альбо на Камунію, а вернікі не прамаўляюць антыфонаў, пададзеных у Імшале, лектар  у належны час можа прамовіць іх сам (пар. №№ 48, 87).

ІІ. КАНЦЭЛЕБРАВАНАЯ ІМША

199.    Канцэлебрацыя, у якой яскрава выяўляецца еднасць святарства, ахвяры і ўсяго народа Божага, прадпісваецца самім абрадам: на пасвячэнне біскупа і святароў, на благаслаўленне абата і на Імшы Хрызма.
Яна рэкамендуецца таксама ў наступных выпадках, калі толькі меркаванні духоўнай карысці вернікаў не вымагаюць альбо не схіляюць да іншага:
а) для вечаровай Імшы Вячэры Пана;
б) для Імшы на саборах, з’ездах біскупаў і сінодах;
в) для канвентуальнай Імшы і для галоўнай Імшы ў касцёлах і капліцах;
г) для Імшаў падчас любых з’ездаў святароў, як дыяцэзіяльных, так і законных101.
Адзін святар можа цэлебраваць Імшу індывідуальна, але не ў той час, калі ў гэтым жа самым касцёле ці капліцы адбываецца канцэлебрацыя. Не дазваляецца цэлебраваць святую ахвяру індывідуальна ў чацвер Вячэры Пана і на Імшы Пасхальнай вігіліі.

200.    Ахвотна трэба запрашаць да эўхарыстычнай канцэлебрацыі падарожных прэзбітэраў, як толькі стане вядомым іхні святарскі стан.

201.    Там, дзе ёсць вялікая колькасць святароў, канцэлебрацыя можа адбывацца некалькі разоў нават у той самы дзень, калі да гэтага схіляе неабходнасць ці пастырская карысць; але яна павінна адбывацца ў іншы час альбо ў розных святых месцах102.

202.    Абавязак біскупа заключаецца ў тым, каб паводле нормаў права кіраваць дысцыплінай канцэлебрацыі ва ўсіх касцёлах і капліцах сваёй дыяцэзіі.

203.    У асаблівай пашане павінна быць такая канцэлебрацыя, у якой канцэлебруюць прэзбітэры пэўнай дыяцэзіі разам са сваім біскупам; на стацыйнай Імшы, асабліва ў вялікія ўрачыстасці літургічнага года; на Імшы пасвячэння новага біскупа дыяцэзіі альбо яго дапаможнага біскупа (сoadiutor vel аuxiliarеs); на Імшы Хрызма; на вечаровай Імшы Вячэры Пана; на цэлебрацыях святога заснавальніка мясцовага касцёла альбо апекуна дыяцэзіі; на гадавіну пасвячэння біскупа і, нарэшце, з нагоды сіноду ці пастырскай візітацыі.
З таго ж меркавання рэкамендуецца канцэлебрацыя тады, калі прэзбітэры сустракаюцца са сваім біскупам альбо з нагоды духоўных практыкаванняў, альбо на якімсьці з’ездзе. У гэтых выпадках больш яскрава выяўляецца знак еднасці святароў і Касцёла, уласцівы для кожнай канцэлебрацыі103.

204.    З асаблівай прычыны альбо каб выявіць значэнне абраду ці ўрачыстасці, можна цэлебраваць альбо канцэлебраваць некалькі разоў у той самы дзень у наступных выпадках:
а) той, хто цэлебруе альбо канцэлебруе ў Вялікі чацвер Імшу Хрызма, можа таксама цэлебраваць альбо канцэлебраваць вечаровую Імшу Вячэры Пана;
б) той, хто цэлебруе альбо канцэлебруе Імшу Пасхальнай вігіліі, можа таксама цэлебраваць альбо канцэлебраваць Імшу ў дзень Пасхі;
в) на Нараджэнне Пана ўсе святары могуць цэлебраваць альбо канцэлебраваць тры Імшы, калі толькі яны цэлебруюцца ў адпаведны час;
г) у дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў усе святары могуць цэлебраваць альбо канцэлебраваць тры Імшы, калі толькі цэлебрацыі адбываюцца ў розны час і захоўваюцца нормы, устаноўленыя для дадавання (applicatio) другой і трэцяй Імшы104;
д) той, хто на сінодзе, падчас пастырскай візітацыі ці на з’ездзе святароў канцэлебруе з біскупам альбо ягоным дэлегатам, можа другі раз цэлебраваць Імшу для духоўнай карысці вернікаў. Пры захаванні абавязковых прадпісанняў гэта датычыць таксама сходаў законнікаў.

205.    Канцэлебраваная Імша арганізуецца ў залежнасці ад формы цэлебрацыі паводле нормаў, якія павінны захоўвацца наогул (пар. №№ 112-198), але з захаваннем альбо зменаю пададзеных ніжэй прадпісанняў.

206.    Ніхто і ніколі не можа прыступіць ці быць дапушчаны да канцэлебравання Імшы пасля таго, як яна пачалася.

207.    У прэзбітэрыі падрыхтоўваюцца:
а) сядзенні і тэксты для канцэлебруючых святароў;
б) на століку: келіх дастатковага памеру альбо некалькі келіхаў.

208.    Калі на канцэлебраванай Імшы няма дыякана, ягоныя абавязкі выконваюць некаторыя канцэлебранты.
Калі няма і іншых прыслугоўваючых, іхнія функцыі могуць быць даручаныя іншым адпаведным вернікам; у адваротным выпадку іх выконваюць некаторыя з канцэлебрантаў.

209.    Канцэлебранты апранаюць у сакрыстыі ці ў іншым адпаведным месцы літургічныя шаты, у якіх яны звычайна цэлебруюць Імшу асобна. Калі ёсць пэўная слушная прычына, напр., вялікая колькасць канцэлебрантаў і недахоп парамэнтаў, канцэлебранты, за выключэннем галоўнага цэлебранта, могуць не апранаць арнат (casulam seu planetam), але ўскласці стулу паверх альбы.

Уступныя абрады

210.    Калі ўсё належным чынам падрыхтавана, звычайна адбываецца працэсія праз касцёл да алтара. Канцэлебруючыя святары ідуць перад галоўным цэлебрантам.

211.    Падышоўшы да алтара, канцэлебранты і галоўны цэлебрант, зрабіўшы нізкі паклон, ушаноўваюць алтар, цалуючы яго, і затым накіроўваюцца да вызначаных для іх месцаў. Галоўны цэлебрант, калі ўжываецца кадзіла, акаджвае крыж і алтар, а затым ідзе да свайго месца.

Літургія слова

212.    Падчас літургіі слова канцэлебранты застаюцца на сваіх месцах; сядаюць і ўстаюць яны паводле тых жа правілаў, што і галоўны цэлебрант.
Калі пачынаецца Аллелюя, усе ўстаюць, за выключэннем біскупа, які насыпае кадзіла ў кадзільніцу, нічога пры гэтым не гаворачы, і благаслаўляе дыякана альбо, калі яго няма, канцэлебранта, які будзе абвяшчаць Евангелле. Але на канцэлебрацыі, якую ўзначальвае прэзбітэр, канцэлебрант, які, пры адсутнасці дыякана, абвяшчае Евангелле, не просіць і не атрымлівае благаслаўлення галоўнага цэлебранта.

213.    Гамілію звычайна прамаўляе галоўны цэлебрант альбо адзін з канцэлебрантаў.

Эўхарыстычная літургія

214.    Прыгатаванне дароў (пар. №№ 139-146) здзяйсняе галоўны цэлебрант, а іншыя канцэлебранты застаюцца на сваіх месцах.

215.    Пасля таго, як галоўны цэлебрант прамовіць малітву над дарамі, канцэлебранты падыходзяць да алтара і становяцца вакол яго, але так, каб не перашкаджаць здзяйсненню абрадаў і каб вернікі маглі добра бачыць літургічнае дзеянне, а дыякан не меў перашкодаў, падыходзячы да алтара для выканання сваіх абавязкаў.
Дыякан выконвае каля алтара сваю паслугу, прыслугоўваючы, калі ёсць патрэба, пры келіху і імшале. Але, наколькі гэта магчыма, стаіць крыху ззаду за канцэлебруючымі святарамі, якія атачаюць галоўнага цэлебранта.

Спосаб прамаўлення эўхарыстычнай малітвы

216.    Прэфацыю спявае ці прамаўляе адзін галоўны цэлебрант, а Святы спяваюць альбо прамаўляюць усе канцэлебранты разам з народам і хорам.

217.    Пасля заканчэння  Святы канцэлебруючыя святары прамаўляюць эўхарыстычную малітву ніжэй апісаным спосабам. Прадпісаныя жэсты робіць адзін галоўны цэлебрант, калі няма іншых указанняў.

218.    Часткі, якія прамаўляюцца ўсімі канцэлебрантамі разам, і асабліва словы кансэкрацыі, якія абавязаны гаварыць усе, канцэлебранты прамаўляюць сцішаным голасам, такім чынам, каб можна было выразна чуць голас галоўнага цэлебранта. Так словы лепш успрымаюцца народам.
Пажадана, каб спяваліся часткі, якія павінны прамаўляць усе канцэлебранты разам і якія ў Імшале прадугледжаны для спеву.

І эўхарыстычная малітва альбо Рымскі канон

219.    У І эўхарыстычнай малітве альбо Рымскім каноне Міласцівы Ойча прамаўляе з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант.

220.    Успамін жывых Памятай, Пане і У еднасці  належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебруючых святароў. Прызначаны канцэлебрант прамаўляе гэтыя малітвы адзін, развёўшы рукі і гучным голасам.

221.    Пане, ласкава прымі таксама прамаўляе, развёўшы рукі, адзін галоўны цэлебрант.

222.    Ад Просім Цябе, Божа да Пакорна просім Цябе галоўны цэлебрант робіць прадпісаныя жэсты, а ўсе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Просім Цябе, Божа — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Напярэдадні Мукі Ён і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Пане, мы і Узглянь на яе міласціва — з разведзенымі рукамі;
д) Пакорна просім Цябе — схіліўшыся і са зведзенымі рукамі аж да словаў: якія ўдзельнічаем у гэтай ахвяры алтара, а затым, выпрастаўшыся і робячы знак крыжа на словы: атрымалі шчодрае нябеснае благаслаўленне і ласку;

223.    Успамін памерлых Памятай, Пане і Таксама і нам, грэшным належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў;  прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

224.    На словы: Таксама і нам, грэшным усе канцэлебранты ўдараюць сябе ў грудзі.

225.    Праз якога Ты, Божа — прамаўляе адзін галоўны цэлебрант.

ІІ эўхарыстычная малітва

226.    У ІІ эўхарыстычнай малітве Сапраўды, Божа з разведзенымі рукамі прамаўляе адзін галоўны цэлебрант.

227.    Ад Таму просім Цябе да Пакорна молім Цябе ўсе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Таму просім Цябе — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Ён, калі дабравольна і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Успамінаючы смерць і змёртвыхпаўстанне і Пакорна молім Цябе — з разведзенымі рукамі.

228.    Малітвы заступніцтва за жывых Памятай, Пане і за памерлых Памятай таксама пра братоў і сясцёр нашых належыць  даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў; прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

ІІІ эўхарыстычная малітва

229.    У ІІІ эўхарыстычнай малітве Сапраўды, Божа прамаўляе з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант.

230.    Ад Таму пакорна молім да Узглянь, просім усе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Таму пакорна молім — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Бо Ён у тую ноч і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Пане, успамінаючы і  Узглянь, просім — з разведзенымі рукамі.

231.    Малітвы заступніцтва Няхай Ён сам, Просім Цябе, Пане і Нашых памерлых братоў і сясцёр належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў; прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

ІV эўхарыстычная малітва

232.    У ІV эўхарыстычнай малітве словы: Славім Цябе, святы Ойча аж да спаўняе ўсялякае асвячэнне прамаўляе з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант.

233.    Ад Таму просім Цябе, Пане да Узглянь, Пане ўсе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Таму просім Цябе, Пане — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Калі настаў час  і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў  час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Пане, здзяйсняючы і Узглянь, Пане — з разведзенымі рукамі.

234.    Малітвы заступніцтва Памятай, Пане, пра ўсіх і Ласкавы Ойча належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў; прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

235.    Што датычыць іншых эўхарыстычных малітваў, зацверджаных Апостальскай Сталіцай, то неабходна захоўваць нормы, устаноўленыя для кожнай з іх.

236.    Даксалогію на заканчэнне эўхарыстычнай малітвы прамаўляе толькі галоўны цэлебрант, пры жаданні разам з іншымі канцэлебрантамі, але не вернікі.

Абрад Камуніі

237.    Затым галоўны цэлебрант, звёўшы рукі, гаворыць заклік да малітвы Панскай, а потым, развёўшы рукі, разам з іншымі канцэлебрантамі, якія таксама разводзяць рукі, і з народам  прамаўляе саму малітву Панскую.

238.    Просім Цябе, Пане, збаў нас гаворыць з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант. Усе канцэлебранты разам з народам прамаўляюць акламацыю на заканчэнне: Бо Тваё валадарства.

239.    Пасля закліку дыякана альбо, калі яго няма, пасля закліку аднаго з канцэлебрантаў: Перадайце бліжняму знак супакою ўсе перадаюць адзін аднаму знак супакою. Бліжэйшыя да галоўнага цэлебранта прымаюць ад яго знак супакою раней за дыякана.

240.    Падчас прамаўлення Баранку Божы дыяканы альбо некаторыя з канцэлебрантаў могуць дапамагаць галоўнаму цэлебранту ў ламанні Гостый для Камуніі канцэлебрантаў і народа.

241.    Пасля змешвання постацяў адзін галоўны цэлебрант ціха прамаўляе малітву Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога альбо Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце.

242.    Пасля малітвы перад Камуніяй галоўны цэлебрант кленчыць і крыху адыходзіць назад. Канцэлебранты адзін за другім падыходзяць да сярэдзіны алтара, кленчаць, з пашанаю бяруць Цела Хрыста з алтара, трымаючы Яго ў правай руцэ над леваю далонню, і адыходзяць да сваіх месцаў. Канцэлебранты могуць таксама заставацца на сваіх месцах і браць Цела Хрыстова з патэны, якую трымае галоўны цэлебрант альбо адзін ці некалькі канцэлебрантаў, праходзячы перад імі, альбо таксама па чарзе перадаючы патэну адно аднаму аж да апошняга.

243.    Затым галоўны цэлебрант бярэ Гостыю, кансэкраваную на гэтай Імшы, трымае яе крыху ўзнятай над патэнаю ці над келіхам і, павярнуўшыся да народа, гаворыць: Вось Баранак Божы і  разам з канцэлебрантамі і народам працягвае: Пане, я не варты.

244.    Затым галоўны цэлебрант, павярнуўшыся да алтара, ціха кажа: Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і з пашанаю прымае Цела Хрыста. Падобнае робяць і канцэлебранты, прымаючы Камунію самі. Пасля іх Цела і Кроў Пана прымае ад галоўнага  цэлебранта дыякан.

245.    Кроў Хрыстову можна прымаць альбо п’ючы непасрэдна з самога келіха, альбо абмакваючы Гостыю, альбо з дапамогаю трубачкі ці лыжачкі.

246.    Калі Камунія прымаецца непасрэдна з келіха, можа ўжывацца адзін з наступных спосабаў:
а) Галоўны цэлебрант, стоячы па цэнтры алтара, бярэ келіх і ціха гаворыць: Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае, прымае крыху Крыві і перадае келіх дыякану альбо канцэлебранту, а затым удзяляе Камунію вернікам (пар. №№ 160-162).
Канцэлебранты падыходзяць да алтара адзін за адным альбо па двое, калі ўжываюцца два келіхі, кленчаць, прымаюць Кроў Хрыста, выціраюць край келіха і вяртаюцца на сваё месца.
б) Галоўны цэлебрант звычайна прымае Кроў Пана, стоячы па цэнтры алтара.
Канцэлебранты могуць прымаць Кроў Пана, застаючыся на сваіх месцах і адпіваючы з келіха, які падае ім дыякан альбо адзін з канцэлебрантаў, ці таксама перадаючы келіх адзін аднаму. Келіх заўсёды выціраецца альбо тым, хто п’е, альбо тым, хто падае келіх. Канцэлебранты, прыняўшы Камунію, паасобку вяртаюцца на свае месцы.

247.    Дыякан з пашанаю спажывае каля алтара ўсю Кроў Хрыста, якая засталася, і, калі патрабуюць абставіны, яму дапамагаюць некалькі канцэлебрантаў. Затым дыякан пераносіць келіх да століка і там ён сам альбо акаліт, прызначаны належным чынам, ачышчае яго як звычайна, выцірае і складае (пар. № 183).

248.    Камунію канцэлебрантаў можна таксама арганізаваць такім чынам, каб кожны з іх прымаў пры алтары Цела і адразу пасля гэтага Кроў Пана.
У гэтым выпадку галоўны цэлебрант прымае Камунію як звычайна ў дзвюх постацях (пар. № 158), захоўваючы выбраны для гэтага выпадку абрад Камуніі з келіха, якога прытрымліваюцца і іншыя канцэлебранты.
Пасля Камуніі галоўнага цэлебранта келіх ставіцца збоку алтара на іншым карпарале. Канцэлебранты адзін за другім падыходзяць да сярэдзіны алтара, кленчаць і прымаюць Цела Пана; затым яны пераходзяць на бок алтара і прымаюць Кроў Пана, паводле абраду, выбранага для Камуніі з келіха, як сказана вышэй.
Камунія дыякана і ачышчэнне келіха адбываюцца такім жа чынам, як пададзена вышэй.

249.    Калі Камунія канцэлебрантаў адбываецца праз абмакванне Гостыі, галоўны цэлебрант прымае Цела і Кроў Пана звычайным чынам, зважаючы на тое, каб у келіху заставалася дастаткова Крыві для Камуніі канцэлебрантаў. Затым дыякан альбо адзін з канцэлебрантаў ставіць келіх на сярэдзіне альбо збоку алтара на іншы карпарал разам з патэнаю, на якой знаходзяцца часткі Гостыі.
Канцэлебранты адзін за адным падыходзяць да алтара, кленчаць, бяруць частку Гостыі, крыху абмакваюць яе ў келіху і, падносячы да вуснаў пурыфікатар, спажываюць, а затым вяртаюцца на свае месцы, як на пачатку Імшы.
Камунію праз абмакванне прымае таксама дыякан, які адказвае: Амэн канцэлебранту, калі той кажа: Цела і Кроў Хрыста. Дыякан спажывае каля алтара ўсю Кроў, якая засталася, і, калі патрабуюць абставіны, яму дапамагаюць некалькі канцэлебрантаў. Затым дыякан пераносіць келіх да століка і там ён сам альбо акаліт, прызначаны належным чынам, ачышчае яго як звычайна, выцірае і складае.

Абрад заканчэння

250.    Усё астатняе аж да канца Імшы (пар. №№ 166-168) спаўняе як звычайна галоўны цэлебрант. Канцэлебранты пры гэтым застаюцца на сваіх месцах.

251.    Перш чым адысці ад алтара, усе канцэлебранты робяць перад ім нізкі паклон, а галоўны цэлебрант і дыякан ушаноўваюць алтар, згодна са звычаем цалуючы яго.

ІІІ. ІМША, У ЯКОЙ УДЗЕЛЬНІЧАЕ ТОЛЬКІ АДЗІН ПРЫСЛУГОЎВАЮЧЫ

252.    У Імшы, падчас цэлебрацыі якой святару дапамагае і адказвае толькі адзін прыслугоўваючы, захоўваецца абрад Імшы з народам (пар. №№ 120-169). Прыслугоўваючы, паводле патрэбы, выконвае часткі Імшы, прызначаныя для народа.

253.    Калі прыслугоўваючы — дыякан, то ён і спаўняе свае абавязкі (пар. №№ 171-186), і выконвае часткі, прызначаныя для народа.

254.    Цэлебрацыя без прыслугоўваючага альбо прынамсі якогасьці верніка адбываецца толькі з абгрунтаванай і паважнай прычыны. У гэтым выпадку вітанні, заклікі і благаслаўленне на заканчэнне Імшы прапускаюцца.

255.    Неабходнае літургічнае начынне рыхтуецца перад Імшою альбо на століку, альбо на алтары з правага боку.

Уступныя абрады

256.    Святар разам з прыслугоўваючым падыходзяць да алтара і робяць перад ім нізкі паклон. Потым святар ушаноўвае алтар, цалуючы яго, і ідзе да свайго месца. Пры жаданні ён можа застацца пры алтары. У гэтым выпадку там жа належыць падрыхтаваць імшал. Пасля гэтага прыслугоўваючы альбо святар чытае антыфону на ўваход.

257.    Затым святар разам з прыслугоўваючым робяць знак крыжа і святар гаворыць: У імя Айца. Павярнуўшыся да прыслугоўваючага, ён вітае яго, выбраўшы для гэтага адну з пададзеных формулаў.

258.    Потым адбываецца чын пакаяння і, згодна з прадпісаннямі, гаворыцца Пане, змілуйся і Хвала.

259.    Пасля са зведзенымі рукамі святар гаворыць: Молімся і, вытрымаўшы належную паўзу, з разведзенымі рукамі прамаўляе калекту. На заканчэнне прыслугоўваючы адказвае: Амэн.

Літургія слова

260.    Чытанні, наколькі гэта магчыма, чытаюцца з амбоны альбо з пульта.

261.    Пасля калекты прыслугоўваючы чытае першае чытанне і псальм, і, калі прадпісана, другое чытанне і верш да Аллелюя альбо тэкст іншага спеву.

262.    Затым святар, нізка схіліўшыся, гаворыць: Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае і пасля гэтага чытае Евангелле. У канцы ён гаворыць: Гэта слова Пана, на што прыслугоўваючы адказвае: Хвала табе, Хрыстэ. Затым святар ушаноўвае кнігу, цалуючы яе і ціха кажа: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя.

263.    Пасля гэтага святар разам з прыслугоўваючым згодна з прадпісаннямі прамаўляе сімвал веры.

264.    Затым ідзе агульная малітва, якую таксама можна ўжываць і на гэтай Імшы. Святар пачынае і завяршае малітву, а прыслугоўваючы прамаўляе інтэнцыі.

Эўхарыстычная літургія

265.    На эўхарыстычнай літургіі ўсё адбываецца такім жа чынам, як і ў Імшы з народам, апрача пералічанага ніжэй.

266.    Пасля акламацыі ў канцы эмбалізму, які ідзе за малітвай Панскай, святар прамаўляе малітву Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў і затым дадае: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі, а прыслугоўваючы адказвае яму: І з духам тваім. Калі гэта мэтазгодна, святар перадае знак супакою прыслугоўваючаму.

267.    Затым, прамаўляючы Баранку Божы разам з прыслугоўваючым, святар ламае Гостыю над патэнаю. Пасля Баранку Божы ён змешвае постаці, ціха кажучы: Гэтае паяднанне Цела і Крыві.

268.    Пасля змешвання постацяў святар ціха прамаўляе малітву Пане, Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога альбо Пане, Езу Хрыстэ, няхай прыняцце. Затым кленчыць, бярэ Гостыю і ў тым выпадку, калі прыслугоўваючы прымае Камунію, паварочваецца да яго і, трымаючы Гостыю крыху ўзнятаю над патэнаю альбо над келіхам, гаворыць: Вось Баранак Божы і разам з прыслугоўваючым дадае: Пане, я не варты. Затым, павярнуўшыся да алтара, ён прымае Цела Хрыста. Калі ж прыслугоўваючы не прымае Камуніі, святар пасля таго, як укленчыць, бярэ Гостыю і, павярнуўшыся да алтара, ціха гаворыць: Пане, я не варты і Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае, а затым спажывае Цела Хрыста. Потым бярэ келіх, ціха гаворыць: Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і прымае Кроў Хрыста.

269.    Перад тым, як прыслугоўваючы прыме Камунію, ён альбо святар прамаўляе антыфону на Камунію.

270.    Святар ачышчае келіх каля століка альбо пры алтары. Калі келіх ачышчаецца пры алтары, прыслугоўваючы можа затым занесці яго на столік альбо паставіць збоку на алтары.

271.    Пасля ачышчэння келіха святар павінен пэўны час захоўваць маўчанне, а затым прамаўляе малітву пасля Камуніі.

Абрад заканчэння

272.    Абрад заканчэння адбываецца такім жа чынам, як і ў Імшы з народам, але не гаворыцца Ідзіце ў супакоі. Святар як звычайна ўшаноўвае алтар, цалуючы яго, і, зрабіўшы разам з прыслугоўваючым нізкі паклон, адыходзіць.

ІV. НЕКАТОРЫЯ АГУЛЬНЫЯ НОРМЫ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЬ УСІХ ФОРМАЎ ІМШЫ
Ушанаванне алтара і Евангеліярыя

273.    Згодна з традыцыйным звычаем, алтар і Евангеліярый ушаноўваюцца цалаваннем, аднак там, дзе гэты знак не адпавядае звычаям і духу краіны, Канферэнцыя Біскупаў са згоды Апостальскай Сталіцы замест гэтага знаку можа ўстанавіць іншы.

Укленчванне і паклоны

274.    Укленчванне, якое адбываецца праз згінанне правага калена да зямлі, азначае пакланенне; таму яно прызначаецца Найсвяцейшаму Сакрамэнту і святому крыжу ў перыяд ад урачыстай адарацыі падчас літургіі на ўшанаванне Мукі Пана ў Вялікую пятніцу аж да пачатку Пасхальнай вігіліі.
На Імшы цэлебруючы святар кленчыць тры разы, а менавіта: пасля паднясення Гостыі, пасля паднясення келіха і перад Камуніяй. Асаблівасці, якія належыць захоўваць на канцэлебраванай Імшы, адзначаюцца ў адпаведных месцах (пар. №№ 210-251).
Калі ў прэзбітэрыі ёсць табэрнакулюм з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя кленчаць, калі падыходзяць да алтара альбо адыходзяць ад яго, але не падчас самой цэлебрацыі Імшы.
У іншых выпадках усе кленчаць, калі праходзяць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, калі толькі яны не ідуць у працэсіі.
Прыслугоўваючыя, якія нясуць працэсійны крыж альбо свечкі, не кленчаць, а толькі схіляюць галаву.

275.    Паклон азначае ўшанаванне і павагу, якую аддаюць самім асобам альбо таму, што іх азначае ці выяўляе. Ёсць два віды паклонаў, а менавіта: схіленне галавы і схіленне ўсяго цела.
а) Галаву схіляюць тады, калі разам называюцца тры Боскія Асобы, а таксама імя Езуса, Найсвяцейшай Панны Марыі і святога, у гонар якога цэлебруецца Імша.
б) Схіленне ўсяго цела, альбо нізкі паклон робіцца: перад алтаром; падчас малітваў Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае і Прымі, Пане Божа, нас; пры вызнанні веры на словы: І ўцелавіўся; у Рымскім каноне на словы: Пакорна просім Цябе. Такі ж паклон робіць дыякан, калі просіць благаслаўлення перад абвяшчэннем Евангелля. Апрача таго, святар крыху схіляецца пры кансэкрацыі, калі прамаўляе словы Пана.

Акаджванне

276.    Акаджванне выяўляе ўшанаванне і малітву, як гэта адзначаецца ў Святым Пісанні (пар. Пс 141 (140), 2; Ап 8, 3).
Кадзіла можна ўжываць па жаданні ў любой форме Імшы:
а)  падчас працэсіі на ўваход;
б) на пачатку Імшы для акаджвання крыжа і алтара;
в) падчас працэсіі перад Евангеллем і падчас абвяшчэння Евангелля;
г) калі на алтары змешчаныя хлеб і келіх для акаджвання дароў, крыжа і алтара, а таксама святара і народа;
д) падчас паднясення Гостыі і келіха пасля кансэкрацыі.

277.    Святар, калі насыпае кадзіла ў кадзільніцу, благаслаўляе яго знакам крыжа, нічога пры гэтым не гаворачы.
Перад акаджваннем і пасля яго робіцца нізкі паклон асобе ці рэчы, якую акаджваюць, за выключэннем алтара і дароў для ахвяравання на Імшы.
Трыма ўзмахамі кадзільніцы акаджваюцца: Найсвяцейшы Сакрамэнт, рэліквіі святога Крыжа і выявы Пана, выстаўленыя для публічнага ўшанавання; дары для ахвяравання на Імшы, алтарны крыж, Евангеліярый, пасхал, святар і народ.
Двума ўзмахамі акаджваюцца рэліквіі і выявы святых, выстаўленыя для публічнага ўшанавання, прычым толькі на пачатку цэлебрацыі, калі акаджваецца алтар.
Алтар акаджваецца адзіночнымі ўзмахамі наступным чынам:
а) алтар, які не прылягае да сцяны, святар акаджвае, абыходзячы вакол яго;
б) алтар, які прылягае да сцяны, святар акаджвае, праходзячы ўздоўж яго: спачатку правую, а затым левую частку алтара.
Крыж, які знаходзіцца на алтары альбо побач з ім, акаджваецца перад акаджваннем алтара, у іншым выпадку святар акаджвае яго, праходзячы перад ім.
Дары святар акаджвае трыма ўзмахамі кадзільніцы перад акаджваннем крыжа і алтара альбо робіць кадзільніцай знак крыжа над дарамі.

Пурыфікацыя

278.    Кожны раз, калі нейкая крошка Гостыі застаецца на пальцах, асабліва пасля ламання хлеба альбо пасля Камуніі вернікаў, святар павінен абцерці пальцы над патэнаю ці, пры неабходнасці, абмыць. Ён павінен таксама сабраць крошкі, якія знаходзяцца па-за патэнаю.

279.    Літургічнае начынне ачышчае святар, дыякан альбо прызначаны акаліт пасля Камуніі ці пасля Імшы, па меры магчымасці, каля століка. Ачышчэнне келіха робіцца вадою ці віном і вадою, якія спажывае той, хто робіць пурыфікацыю. Патэна звычайна выціраецца пурыфікатарам.
Неабходна звярнуць увагу на тое, што калі пасля ўдзялення Камуніі застаецца яшчэ нейкая колькасць Крыві Хрыста, яна адразу ж павінна быць цалкам спажытая каля алтара.

280.    Калі Гостыя альбо якаясьці яе частка падае, яе неабходна з пашанаю падняць; калі ж праліваецца Кроў, месца, куды яна трапіла, неабходна замыць вадою, а гэтую ваду трэба выліць у сакрарый, размешчаны ў сакрыстыі.

Камунія ў дзвюх постацях

281.    Значэнне святой Камуніі больш поўна раскрываецца тады, калі яна ўдзяляецца ў дзвюх постацях. У гэтай форме больш дасканала выяўляецца знак эўхарыстычнай вячэры і больш ясна выказваецца Божая воля спаўнення новага і вечнага Запавету ў Крыві Пана, а таксама сувязь паміж эўхарыстычнаю вячэраю і вячэраю эсхаталагічнаю ў Валадарстве Айца105.

282.    Духоўным пастырам належыць паклапаціцца аб тым, каб вернікам, якія ўдзельнічаюць у абрадзе альбо прысутнічаюць на ім, найбольш даступна нагадаць каталіцкае вучэнне на падставе ўхвалаў Сусветнага Трыдэнцкага Сабору пра форму святой Камуніі. Перш за ўсё, трэба звярнуць увагу вернікаў на тое, што паводле каталіцкага веравучэння цэлы і непадзельны Хрыстус і сапраўдны Сакрамэнт прымаецца таксама і ў адной постаці. Таму тыя, хто прымае Камунію толькі ў адной постаці, не пазбаўлены ласкі, неабходнай для збаўлення, калі  маюцца на ўвазе плады Камуніі106.
Ім трэба навучаць, што Касцёл мае ўладу ўстанаўліваць ці змяняць ва ўдзяленні сакрамэнтаў тое, што, захоўваючы іхнюю сутнасць, прызнае больш слушным для ўшанавання сакрамэнтаў альбо для карысці прымаючых адпаведна да зменных абставінаў, часу і месца107. Адначасова трэба заахвочваць вернікаў, каб яны з большай руплівасцю ўдзельнічалі ў абрадзе, у якім паўней выяўляецца знак эўхарыстычнай вячэры.

283.    Камунія ў дзвюх постацях, апрача выпадкаў, апісаных у абрадавых кнігах, дазваляецца:
а) святарам, якія не могуць цэлебраваць ці канцэлебраваць святых абрадаў;
б) дыякану і іншым асобам, якія спаўняюць пэўны абавязак на Імшы;
в) членам супольнасцяў на канвентуальнай Імшы альбо на так званай «Імшы супольнасці», выхаванцам семінарый, усім, хто ўдзельнічае ў духоўных практыкаваннях альбо ў духоўным ці пастырскім сходзе.
Дыяцэзіяльны біскуп можа вызначыць для сваёй дыяцэзіі нормы адносна Камуніі ў дзвюх постацях, якія павінны захоўвацца таксама ў супольнасцях законнікаў і ў малых літургічных супольнасцях. Гэтаму ж біскупу даецца права дазваляць Камунію ў дзвюх постацях кожны раз, калі святару, які з’яўляецца духоўным пастырам супольнасці,  гэта будзе здавацца мэтазгодным, пры ўмове, што вернікі добра падрыхтаваныя і няма ніякай небяспекі прафанацыі Сакрамэнту, а абрад не ўскладняецца з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў альбо з іншай прычыны.
Канферэнцыі Біскупаў могуць выдаваць пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай нормы, якія датычаць спосабу ўдзялення вернікам святой Камуніі ў дзвюх постацях і пашырэння права дазволу на яе.

284.    Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях:
а) пры келіху звычайна прыслугоўвае дыякан ці, калі яго няма, прэзбітэр; альбо таксама акаліт, прызначаны належным чынам, ці іншы надзвычайны асістэнт для ўдзялення святой Камуніі; альбо вернік, якому ў выпадку неабходнасці на адзін раз даручаецца гэты абавязак;
б) у выпадку, калі застаецца нейкая колькасць святой Крыві, яе спажывае каля алтара святар, дыякан ці прызначаны належным чынам акаліт, які прыслугоўваў пры келіху, і як звычайна ачышчае літургічнае начынне, выцірае і складае яго.
Вернікам, якія хацелі б прымаць Камунію толькі ў постаці хлеба, святая Камунія ўдзяляецца ў гэтай форме.

285.    Для ўдзялення Камуніі ў дзвюх постацях належыць падрыхтаваць:
а) калі Камунію прымаюць непасрэдна з келіха — келіх дастатковай велічыні альбо некалькі келіхаў. Але неабходна разлічваць так, каб у канцы не заставалася празмерная колькасць Крыві Хрыста для спажывання;
б) калі Камунія адбываецца праз абмакванне — гостыі, якія не занадта тонкія і не занадта малыя, але крыху таўсцейшыя за звычайныя, каб, абмакнуўшы ў святую Кроў, іх можна было б зручна раздаваць.

286.    Калі Камунію святой Крыві прымаюць, адпіваючы непасрэдна з келіха, той, хто прымае Камунію, пасля таго, як прыме Цела Хрыста, пераходзіць да прыслугоўваючага пры келіху і становіцца перад ім. Прыслугоўваючы кажа: Кроў Хрыста, а прымаючы Камунію адказвае: Амэн. Прыслугоўваючы падае яму келіх, які той, хто прымае Камунію сваімі рукамі падносіць да вуснаў, крыху адпівае з келіха, вяртае яго прыслугоўваючаму і адыходзіць, а прыслугоўваючы выцірае край келіха пурыфікатарам.

287.    Калі Камунія з келіха адбываецца праз абмакванне, той, хто прымае Камунію, трымаючы патэну пад вуснамі, падыходзіць да святара, які трымае начынне з часткамі кансэкраванага хлеба. Побач са святаром стаіць прыслугоўваючы з келіхам. Святар бярэ Гостыю, часткова абмаквае яе ў келіху і, паказваючы яе, гаворыць: Цела і Кроў Хрыста, а той, хто прымае Камунію, адказвае: Амэн, вуснамі прымае ад святара Сакрамэнт і пасля гэтага адыходзіць.
y
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41.
  2. Пар. Caeremoniale Episcoporum, nn. 119-186.
  3. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 42; Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 26: A.A.S. 59 (1967) p. 555.
  4. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 47: A.A.S. 59 (1967) p. 565.
  5. Пар. там жа, n. 26: A.A.S. 59 (1967) p. 555; Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, nn. 16, 27: A.A.S. 59 (1967) pp. 305, 308.
  6. Пар. Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 6: A.A.S. 89 (1997) p. 869.
  7. Пар. S. Congr. pro Sacramentis et Cultu Divino, Instr. Inaestimabile donum, diei 3 aprilis 1980, n. 10: A.A.S. 72 (1980) p. 336; Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 8: A.A.S. 89 (1997) p. 871.
  8. Пар. ніжэй, Дадатак, Абрад прызначэння асістэнта для аднаразовага ўдзялення святой Камуніі.
  9. Пар. Caeremoniale Episcoporum, nn. 1118-1121.
  10. Пар. Paulus VI, Litt. Apost. Ministeria quaedam, diei 15 augusti 1972: A.A.S. 64 (1972) p. 532.
  11. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 57; Codex Iuris Canonici, can. 902.
  12. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 47: A.A.S. 59 (1967) p. 566.
  13. Пар. там жа, p. 565.
  14. Пар. Benedictus XV, Const. Ap. Incruentum altaris sacrificium, diei 10 augusti 1915: A.A.S. 7 (1915) pp. 401-404.
  15. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 32: A.A.S. 59 (1967) p. 558.
  16. Пар. Conc. Oecum. Trid., Sessio XXI, 16 iulii 1562, Decr. de communione eucharistica, capp. 1-3: Denz.-Schцnm. 1725-1729.
  17. Пар. там жа, cap. 2: Denz.-Schönm. 1728.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця