Пошук


І. АГУЛЬНАЯ СТРУКТУРА ІМШЫ
ІІ. РОЗНЫЯ  ЭЛЕМЕНТЫ  ІМШЫ
ІІІ. АСОБНЫЯ  ЧАСТКІ  ІМШЫ

AІ. АГУЛЬНАЯ СТРУКТУРА ІМШЫ

27.    На Імшы ці Вячэры Пана народ Божы збіраецца разам пад кіраўніцтвам святара, які ўвасабляе Хрыста, для цэлебрацыі ўспаміну пра Пана альбо эўхарыстычнай ахвяры37. Таму перш за ўсё да мясцовай супольнасці святога Касцёла адносіцца абяцанне Хрыста: «Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18, 20). Бо пры цэлебрацыі Імшы, у якой вечна здзяйсняецца ахвяра крыжа38, Хрыстус рэальна прысутнічае ў самім сходзе людзей, сабраных у Яго імя, у асобе святара, у сваім слове, а таксама сутнасна і бесперапынна ў эўхарыстычных постацях39.

28.    У пэўным сэнсе Імша складаецца з дзвюх частак, а менавіта з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаны між сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне40. На Імшы падрыхтоўваецца стол слова Божага і Цела Хрыстовага, з якога верныя атрымліваюць навуку і падмацаванне41. Іншыя абрады адкрываюць альбо завяршаюць літургічнае дзеянне.

ІІ. РОЗНЫЯ  ЭЛЕМЕНТЫ  ІМШЫ

Чытанне і тлумачэнне слова Божага

29.    Калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады сам Бог прамаўляе да свайго народа і Хрыстус, прысутны ў сваім слове, абвяшчае Евангелле.
Таму ўсе павінны з павагаю слухаць чытанні слова Божага, якія з’яўляюцца вельмі важным элементам Літургіі. Аднак, хоць слова Божае ў чытаннях Святога Пісання скіравана да ўсіх людзей усіх часоў і можа быць зразумета імі, але яго больш поўнаму разуменню і дзейснасці спрыяе жывы выклад, гэта значыць гамілія, як частка літургічнага дзеяння42.

Малітвы і іншыя часткі Літургіі, прызначаныя для святара

30.    Сярод таго, што прызначаецца для святара, першае месца займае эўхарыстычная малітва, якая з’яўляецца вяршыняю ўсяго літургічнага дзеяння. Для святара прызначаныя таксама наступныя малітвы (orationes): калекта, малітва над дарамі і малітва пасля Камуніі. Гэтыя малітвы святар, які, увасабляючы Хрыста, узначальвае супольнасць, скіроўвае да Бога ад імя ўсяго святога люду і ўсіх прысутных43. Таму яны слушна называюцца «малітвамі кіраўніка» (orationes praesidentiales).

31.    Святар, які выконвае абавязак кіраўніка сабранай супольнасці, таксама прамаўляе некаторыя настаўленні, прадугледжаныя ў самім абрадзе. Там, дзе гэта вызначаецца рубрыкамі, цэлебрант можа да пэўнай меры дастасоўваць гэтыя настаўленні для таго, каб яны адпавядалі разуменню ўдзельнікаў; але святару належыць дбаць пра тое, каб заўсёды захоўваць сэнс настаўлення, прапанаванага ў Імшале і выкладаць яго вельмі коратка. Святар, які ўзначальвае супольнасць, павінен таксама клапаціцца пра слова Божае і ўдзяляць благаслаўленне на заканчэнне. Апрача таго, ён можа некалькімі словамі ўводзіць верных у Імшу дня пасля ўступнага вітання і перад чынам пакаяння; у літургію слова — перад чытаннямі; у эўхарыстычную малітву — перад прэфацыяй, але ніколі падчас самой малітвы, а завяршыць усё святое дзеянне сваімі словамі перад рассыланнем вернікаў.

32.    Сама сутнасць «малітваў кіраўніка» патрабуе, каб яны вымаўляліся гучным і выразным голасам, а ўсе ўважліва іх слухалі44. Таму, калі святар іх прамаўляе, не можа быць іншых малітваў альбо спеваў, не могуць гучаць арганы ці іншыя музычныя інструменты.

33.    Святар прамаўляе малітвы не толькі як кіраўнік ад імя Касцёла і сабранай супольнасці. Часам ён моліцца выключна ад свайго імя, каб спаўняць сваё служэнне з большай засяроджанасцю і пабожнасцю. Такія малітвы, якія падаюцца перад чытаннем Евангелля, падчас прыгатавання дароў, а таксама перад і пасля Камуніі святара, прамаўляюцца ціха.

Іншыя формулы, якія ўжываюцца падчас цэлебрацыі

34.    Паколькі цэлебрацыя Імшы па сваёй сутнасці носіць «супольнасны» («камунітарны»)характар45, то вялікае значэнне маюць дыялогі паміж цэлебрантам і сабранымі вернікамі, а таксама акламацыі46, бо яны з’яўляюцца не толькі знешнімі знакамі супольнай цэлебрацыі, але таксама ствараюць і падтрымліваюць еднасць паміж святаром і народам.

35.    Акламацыі і адказы вернікаў на прывітанні і малітвы святара ствараюць тую ступень чыннага ўдзелу, якая павінна захоўвацца сабранымі вернікамі ва ўсіх формах Імшы, каб ясна выяўлялася і падтрымлівалася дзеянне ўсёй супольнасці47.

36.    Іншыя часткі Імшы,  якія прызначаныя для ўсёй сабранай супольнасці — гэта перш за ўсё чын пакаяння, вызнанне веры, агульная малітва і малітва Панская, — вельмі карысныя для выяўлення і падтрымкі чыннага ўдзелу вернікаў.

37.    З іншых формулаў:
а) некаторыя ўяўляюць сабою абрад альбо самастойны літургічны чын: такія, як гімн Хвала на вышынях, рэспансарыйны псальм, Аллелюя і спеў перад Евангеллем, Святы, акламацыя пасля кансэкрацыі, спеў пасля Камуніі;
б) а іншыя суправаджаюць якісьці абрад: такія, як спеў на ўваход, на ахвяраванне, на ламанне хлеба (Баранку Божы) і на Камунію.

Спосабы прамаўлення розных тэкстаў

38.    Чытаючы тэксты, прызначаныя для выразнага прамаўлення ўголас, святар, дыякан, лектар альбо ўсе вернікі павінны прыстасоўваць голас да віду самога тэксту (чытанне, малітва, настаўленне, акламацыя, спеў), а таксама да формы цэлебрацыі літургіі і да ступені ўрачыстасці. Неабходна таксама мець на ўвазе асаблівасці розных моваў і характэрныя рысы асобных народаў.
У рубрыках і ў нормах, якія падаюцца ніжэй, словы: казаць, гаварыць (dicere), вымаўляць, прамаўляць (proferre) адносяцца і да спеву, і да рэцытацыі з захаваннем вышэйпададзеных прынцыпаў.

Значэнне спеву

39.    Апостал заклікае Хрыстовых вернікаў, якія збіраюцца разам, чакаючы прыйсця свайго Пана, спяваць разам псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16). Спеў — гэта выраз радасці сэрца (пар. Дз 2, 46). Таму слушна кажа св. Аўгустын: «Хто любіць, той спявае»48, а ўжо ў старажытнасці стала прыказкай выслоўе: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае».

40.    Неабходна надаваць спеву вялікую ўвагу ў цэлебрацыі Імшы, улічваючы пры гэтым характар народаў і здольнасці кожнай літургічнай супольнасці. Хоць не заўсёды неабходна, напр., у будзённых Імшах, спяваць усе тэксты, прызначаныя для спеву, але ўвогуле трэба клапаціцца пра тое, каб служыцелі і народ спявалі на цэлебрацыях, якія адбываюцца ў нядзелі і ў прадпісаныя святы.
Пры адборы частак, якія сапраўды павінны спявацца, аддаецца перавага тым, якія маюць большае значэнне, і перш за ўсё тым, якія спяваюцца святаром альбо дыяканам ці лектарам, а народ адказвае, ці тым, якія выконваюцца святаром разам з народам49.

41.    Першае месца між іншымі роўнымі належыць грыгарыянскаму спеву, як уласціваму для рымскай Літургіі. Ні ў якім разе не выключаюцца іншыя віды сакральнай музыкі, асабліва поліфанія, калі толькі яны адпавядаюць духу літургічнага дзеяння і спрыяюць удзелу ўсіх вернікаў50.
Паколькі ўсё часцей сустракаюцца разам вернікі розных нацыянальнасцяў, было б добра, каб яны ўмелі разам спяваць прынамсі некаторыя часткі парадку Імшы, асабліва сімвал веры і малітву Панскую на лацінскай мове, карыстаючыся больш простымі мелодыямі51.

Жэсты і паставы цела

42.    Жэсты і паставы цела як святара, дыякана і прыслугоўваючых, так і народа павінны быць скіраваныя на тое, каб уся цэлебрацыя вызначалася гожасцю і высакароднай прастатою, каб добра ўспрымалася сапраўднае і поўнае значэнне розных яе частак і забяспечваўся ўдзел у ёй усіх прысутных52.  Такім чынам, неабходна браць пад увагу тое, што вызначаецца гэтымі Агульнымі ўводзінамі і традыцыйнай практыкай рымскага абраду і што спрыяе агульнай духоўнай карысці Божага народа больш, чым задавальненню прыватных схільнасцяў ці жаданняў.
Аднолькавая пастава цела, якая павінна захоўвацца ўсімі ўдзельнікамі, — гэта знак еднасці членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на святую Літургію, бо яна выяўляе і падтрымлівае думкі і пачуцці ўдзельнікаў.

43.    Вернікі павінны стаяць ад пачатку спеву на ўваход, альбо калі святар падыходзіць да алтара, да калекты ўключна; падчас спеву Аллелюя перад Евангеллем; калі абвяшчаецца само Евангелле; калі адбываецца вызнанне веры і агульная малітва; а таксама ад закліку Маліцеся, браты і сёстры перад малітваю над дарамі і да канца Імшы, за выключэннем выпадкаў, пра якія гаворыцца ніжэй.
Вернікі сядзяць, калі гучаць чытанні перад Евангеллем і рэспансарыйны псальм, падчас гаміліі і калі адбываецца прыгатаванне дароў на ахвяраванне, а таксама, калі гэта дарэчы, падчас захавання маўчання пасля Камуніі.
Кленчаць яны падчас кансэкрацыі, калі толькі гэтаму не перашкаджаюць стан здароўя, недахоп месца, вялікая колькасць прысутных альбо іншыя слушныя прычыны. Тыя ж, хто не кленчыць падчас кансэкрацыі, робяць нізкі паклон у той час, калі святар кленчыць пасля кансэкрацыі.
Канферэнцыі Біскупаў, аднак, маюць права дастасоўваць жэсты і паставы цела, апісаныя ў Парадку Імшы, да характэрных рысаў і здаровых традыцый асобных народаў згодна з нормамі права53. Неабходна толькі ўлічваць значэнне і характар адпаведнай часткі Імшы. Там, дзе ёсць звычай, каб народ кленчыў ад заканчэння акламацыі Святы аж да канца эўхарыстычнай малітвы, а таксама перад Камуніяй, калі святар гаворыць Вось Баранак Божы, яго рэкамендуецца захаваць.
Для дасягнення аднастайнасці ў жэстах і паставах цела падчас адной і той жа цэлебрацыі, вернікі павінны слухацца настаўленняў, якія даюць дыякан, свецкі прыслугоўваючы ці святар згодна з нормамі, устаноўленымі ў Імшале.

44.    Да жэстаў залічваюцца таксама такія дзеянні і перамяшчэнні, калі святар з дыяканам і прыслугоўваючымі падыходзіць да алтара; калі дыякан перад абвяшчэннем Евангелля прыносіць Евангеліярый ці кнігу Евангелля на амбону; калі вернікі прыносяць дары і прыступаюць да Камуніі. Гэтыя дзеянні і перамяшчэнні павінны здзяйсняцца годна і могуць суправаджацца адпаведным спевам паводле ўстаноўленых для кожнага з іх нормаў.

Маўчанне

45.    У належны час неабходна захоўваць сакральнае маўчанне, як частку літургічнага дзеяння54. Характар гэтага маўчання залежыць ад часу, у які яно наступае ў асобных цэлебрацыях. Падчас чыну пакаяння і пасля закліку да малітвы кожны засяроджваецца ў сабе; пасля чытання альбо гаміліі ўсе коратка разважаюць над тым, што пачулі, а пасля Камуніі вернікі ў сваім сэрцы праслаўляюць Бога і моляцца.
Ужо перад самой цэлебрацыяй пажадана захоўваць маўчанне ў касцёле, у сакрыстыі і ў бліжэйшых да іх месцах, каб усе пабожна і належным чынам рыхтаваліся да святых абрадаў.

ІІІ. АСОБНЫЯ  ЧАСТКІ  ІМШЫ
А) Уступныя абрады

46.    Абрады, якія папярэднічаюць літургіі слова, а менавіта: уваход, вітанне, чын пакаяння, Пане, змілуйся (Kyrie, eleison), Хвала на вышынях і калекта маюць характар уступу, увядзення і падрыхтоўкі.
Мэта гэтых абрадаў у тым, каб вернікі, збіраючыся разам, утварылі еднасць і падрыхтаваліся да належнага слухання слова Божага і да годнай цэлебрацыі Эўхарыстыі.
У некаторых цэлебрацыях, якія спалучаюцца з Імшою паводле нормаў, пададзеных у літургічных кнігах, пачатковыя абрады прапускаюцца ці здзяйсняюцца асаблівым чынам.

Уваход

47.    Пасля таго, як збярэцца народ, калі ўваходзіць святар з дыяканам і прыслугоўваючымі, пачынаецца спеў на ўваход. Мэта гэтага спеву — распачаць цэлебрацыю Імшы, паспрыяць яднанню сабраных, унутрана падрыхтаваць іх да таямніцы літургічнага перыяду ці свята і суправаджаць працэсію святара з прыслугоўваючымі.

48.    Спеў на ўваход выконваецца хорам папераменна з народам альбо такім жа чынам кантарам і народам, альбо яго цалкам можа выконваць толькі народ ці толькі хор. Можа выкарыстоўвацца антыфона з адпаведным псальмам, узятыя з Рымскага градуала (Graduale romanum) ці са Звычайнага градуала (Graduale simplex), альбо іншая песня, якая адпавядае святому дзеянню, характару дня ці перыяду55, тэкст якой ухвалены Канферэнцыяй Біскупаў.
Калі не выконваецца спеў на ўваход, то прамаўляецца антыфона, змешчаная ў Імшале. Яе могуць прамаўляць вернікі ці некаторыя з іх альбо лектар ці нават сам святар, які можа ўжыць яе ў якасці ўступнага настаўлення (пар. № 31).

Вітанне алтара і сабранага народа

49.    Прыйшоўшы да прэзбітэрыя, святар, дыяканы і прыслугоўваючыя вітаюць алтар нізкім паклонам.
Затым як выраз пашаны святар і дыякан цалуюць сам алтар, а святар можа акадзіць крыж і алтар.

50.    Пасля заканчэння спеву на ўваход святар, стоячы каля свайго месца, а разам з ім уся супольнасць робяць знак крыжа. Затым святар праз вітанне аб’яўляе сабранай супольнасці прысутнасць Пана. У гэтым вітанні і адказе народа выяўляецца таямніца сабранага Касцёла.
Пасля вітання святар альбо дыякан ці свецкі прыслугоўваючы можа некалькімі словамі ўвесці вернікаў у Імшу дня.

Чын пакаяння

51.    Затым святар заклікае да чыну пакаяння, які пасля кароткага часу маўчання здзяйсняе ўся супольнасць у форме агульнай споведзі, а святар завяршае яе адпушчэннем грахоў. Але гэтае адпушчэнне не мае дзейснасці сакрамэнту пакаяння.
У нядзелі, асабліва ў велікодны перыяд, замест звычайнага чыну пакаяння часам можа адбывацца асвячэнне вады і акрапленне ёю на ўспамін хросту56.

Пане, змілуйся над намі (Kyrie, eleison)

52.    Пасля чыну пакаяння заўсёды пачынаецца Пане, змілуйся над намі, калі толькі гэтых словаў не было ўжо ў самім чыне пакаяння. Паколькі гэта спеў, у якім верныя заклікаюць Пана і просяць Ягонай міласэрнасці, выконваюць яго звычайна ўсе — гэта значыць у ім бярэ ўдзел народ, а таксама хор ці кантар.
Кожная акламацыя звычайна паўтараецца двойчы, аднак не выключаецца і большая колькасць паўтораў з увагі на характар розных моваў а таксама музыку ці іншыя абставіны. Калі Пане, змілуйся над намі спяваецца як частка чыну пакаяння, перад асобнымі акламацыямі ўстаўляецца «троп».

Хвала на вышынях

53.    Хвала на вышынях — гэта найстаражытнейшы і вельмі шанаваны гімн, якім Касцёл, сабраны ў Духу Святым, праслаўляе і моліць Бога Айца і Ягнё. Тэкст гэтага гімну нельга замяняць іншым. Пачынае яго святар, альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор, а спяваюць яго ці ўсе разам, ці народ папераменна з хорам альбо толькі сам хор. Калі гімн не спяваецца, яго прамаўляюць усе разам альбо два хоры, якія адказваюць папераменна адзін аднаму.
Спяваецца альбо прамаўляецца ён у нядзелі, за выключэннем перыяду Адвэнту і Вялікага посту, ва ўрачыстасці і святы, а таксама на асаблівых, больш урачыстых, цэлебрацыях.

Калекта

54.    Затым святар запрашае народ да малітвы; усе разам са святаром нейкі момант захоўваюць маўчанне, каб усвядоміць, што стаяць перад Богам, і ў душы выказаць свае просьбы. Пасля гэтага святар прамаўляе малітву, якую прынята называць «калектай» і ў якой выяўляецца характар цэлебрацыі. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым57 і завяршаецца трынітарнай, г.зн. даўжэйшай, канцоўкаю, такім чынам:
— калі яна скіраваная да Айца: Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
— калі скіраваная да Айца, але ў канцы яе ўспамінаецца Сын: Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
— калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.
На Імшы заўсёды прамаўляецца толькі адна калекта.

Б) Літургія слова

55.    Галоўную частку літургіі слова складаюць чытанні, узятыя са Святога Пісання, з суправаджальнымі спевамі. Гамілія, вызнанне веры і агульная малітва, альбо малітва вернікаў, развіваюць і завяршаюць літургію слова. У чытаннях, якія тлумачацца ў гаміліі, Бог прамаўляе да свайго народа58, адкрывае таямніцу адкуплення і збаўлення, а таксама дае духоўны пасілак; а Хрыстус сам прысутнічае праз сваё слова сярод вернікаў59. Гэтае Божае слова народ засвойвае ў маўчанні і ў песнях, далучаецца да яго ў вызнанні веры, а, пажыўлены ім, у агульнай малітве ўзносіць свае просьбы аб патрэбах усяго Касцёла і за збаўленне ўсяго свету.

Маўчанне

56.    Літургія слова павінна цэлебравацца такім чынам, каб спрыяць разважанню (медытацыі), а таму, безумоўна, трэба пазбягаць усялякай паспешнасці, якая перашкаджае засяродзіцца. Для гэтага служаць таксама кароткія хвіліны маўчання, дастасаваныя да сабранай супольнасці, падчас якіх з дапамогаю Духа Святога сэрцам успрымаецца Божае слова і праз малітву рыхтуецца адказ на яго. Такія хвіліны маўчання можна захоўваць пасля першага і другога чытання, а таксама пасля заканчэння гаміліі60.

Біблійныя чытанні

57.    У чытаннях для вернікаў рыхтуецца стол слова Божага і адкрываюцца біблійныя скарбы61. Таму пажадана захоўваць паслядоўнасць біблійных чытанняў, у якой выяўляецца адзінства абодвух Запаветаў і гісторыі збаўлення; нельга таксама замяняць чытанні і рэспансарыйны псальм, якія змяшчаюць слова Божае, іншымі, не біблійнымі тэкстамі62.

58.    У цэлебрацыі Імшы з народам чытанні заўсёды чытаюцца з амбоны.

59.    Згодна з традыцыяй, абавязак чытання з’яўляецца абавязкам не кіраўніка, а прыслугоўваючых. Таму чытанні належыць чытаць лектару, а Евангелле абвяшчае дыякан альбо, калі яго няма, іншы святар. Калі ж няма ні дыякана, ні іншага святара, то Евангелле чытае сам цэлебруючы святар; а калі таксама няма адпаведнага лектара, то цэлебруючы святар павінен чытаць і іншыя чытанні.
Пасля кожнага чытання той, хто чытае, прамаўляе акламацыю, а сабраны народ, адказваючы на яе, аддае пашану Божаму слову, успрынятаму з вераю і ўдзячнаю душою.

60.    Чытанне Евангелля з’яўляецца вяршыняй літургіі слова. Сама Літургія вучыць, што чытанню Евангелля павінна аддавацца найвышэйшая пашана, паколькі вылучае і адзначае яго сярод іншых чытанняў спецыяльным гонарам: служыцелі, вызначаныя для яго абвяшчэння, благаслаўляюцца святаром альбо рыхтуюцца праз малітву, верныя ж сваімі акламацыямі прымаюць і вызнаюць, што Хрыстус — прысутны і прамаўляе да іх, а само чытанне яны слухаюць стоячы; Евангеліярыю аддаюцца знакі пашаны.

Рэспансарыйны псальм

61.    Пасля першага чытання ідзе рэспансарыйны псальм, які з’яўляецца інтэгральнай часткаю літургіі слова і мае вялікае літургічнае і пастырскае значэнне, паколькі спрыяе разважанню (медытацыі) над Божым словам.
Рэспансарыйны псальм адпавядае асобным чытанням і звычайна бярэцца з лекцыянарыя.
Пажадана, каб рэспансарыйны псальм спяваўся, ці каб спявалася прынамсі тое, што адносіцца да адказу народа. Таму псальміст альбо кантар, які выконвае псальм, выконвае верш псальма на амбоне альбо ў іншым адпаведным месцы. Уся супольнасць, седзячы, слухае псальм і звычайна прымае ўдзел, паўтараючы рэфрэн, калі толькі псальм не выконваецца спрошчаным спосабам, г.зн. без рэфрэна. Але для таго, каб народ мог лягчэй выконваць рэфрэн псальму,  для розных літургічных перыядаў альбо для розных станаў святых выбраныя пэўныя тэксты рэфрэнаў і псальмаў, якія, калі псальм спяваецца, можна выкарыстоўваць замест тэкстаў, адпаведных чытанню. Калі псальм не можа спявацца, ён прамаўляецца такім  чынам, каб як найбольш спрыяць разважанню (медытацыі) над словам Божым.
Замест псальма, вызначанага ў лекцыянарыі, можа спявацца таксама рэспансарыйны градуал з Рымскага градуала альбо рэспансарыйны ці аллелюйны псальм са Звычайнага градуала, як апісана ў гэтых кнігах.

Акламацыя перад чытаннем Евангелля

62.    Пасля чытання, якое ідзе непасрэдна перад Евангеллем, спяваецца Аллелюя альбо іншы вызначаны ў рубрыках спеў, у адпаведнасці з літургічным перыядам. Такая акламацыя ўтварае абрад ці асобнае дзеянне. У ёй супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у Евангеллі, і ў спеве вызнае сваю веру. Вядзе спеў акламацыі хор ці кантар і ўсе спяваюць яе стоячы, а калі дазваляюць абставіны, яна паўтараецца. Верш спявае хор ці кантар.
а) Аллелюя спяваецца ва ўсе перыяды, апрача Вялікага посту. Вершы бяруцца альбо з лекцыянарыя, альбо з градуала.
б) У час Вялікага посту замест Аллелюя спяваецца верш перад Евангеллем, пададзены ў лекцыянарыі. Можа спявацца таксама іншы псальм ці трактус так, як падаецца ў градуале.

63.    Калі перад Евангеллем толькі адно чытанне:
а) у перыяд, калі ўжываецца Аллелюя, можна браць альбо аллелюйны псальм, альбо псальм і Аллелюя з ягоным вершам;
б) у перыяд, калі не ўжываецца Аллелюя, можна браць альбо псальм і верш перад Евангеллем, альбо толькі псальм;
в) Аллелюя альбо верш перад Евангеллем, калі яны не спяваюцца, можна прапускаць.

64.    Секвенцыя, якая, за выключэннем дзён Пасхі і Спаслання Духа Святога, з’яўляецца неабавязковай, спяваецца пасля Аллелюя.

Гамілія

65.    Гамілія — гэта частка Літургіі. Яна вельмі пажаданая63, паколькі гэта — неабходны элемент, які ўмацоўвае хрысціянскае жыццё. Гэта можа быць тлумачэнне якогасьці аспекту чытання Святога Пісання альбо іншага тэксту, узятага з Парадку Імшы ці з уласных Імшаў дня, у залежнасці ад цэлебраванай таямніцы альбо асаблівых патрэбаў слухачоў64.

66.    Гамілію звычайна прамаўляе сам цэлебруючы святар; ён можа даручыць гэта канцэлебруючаму святару альбо, калі гэта мэтазгодна, таксама дыякану, але ніколі — свецкай асобе65. У асаблівых выпадках і з паважнай прычыны гамілію можа прамовіць таксама біскуп альбо святар, які ўдзельнічае ў цэлебрацыі і можа канцэлебраваць.
У нядзелі і прадпісаныя святы гамілію неабходна прамаўляць на ўсіх Імшах, якія цэлебруюцца з удзелам народа, і нельга прапускаць гаміліі без сур’ёзнай прычыны. У іншыя дні яна таксама пажаданая, асабліва ў будні Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, а таксама ў іншыя святы і пры іншых выпадках, калі ў Касцёле збіраецца вялікая колькасць людзей66.
Пасля гаміліі пажадана кароткі час захоўваць маўчанне.

Вызнанне веры

67.    Сімвал, альбо вызнанне веры, накіраваны на тое, каб увесь сабраны народ адказаў на Божае слова, абвешчанае ў чытаннях са Святога Пісання і выкладзенае ў гаміліі, а таксама, прамаўляючы праўды веры ў форме, зацверджанай для літургічнага ўжытку, ушанаваў і вызнаў вялікія таямніцы веры перш, чым распачнецца іх цэлебрацыя ў Эўхарыстыі.

68.    Сімвал веры спяваецца ці прамаўляецца святаром разам з народам у нядзелі і ва ўрачыстасці. Ён можа прамаўляцца таксама на асаблівых, больш урачыстых цэлебрацыях.
Калі вызнанне веры спяваецца, то яго пачынае святар альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор; а спяваюць яго альбо ўсе разам, альбо народ папераменна з хорам.
Калі вызнанне веры не спяваецца, то яго прамаўляюць усе разам, альбо два хоры, якія адказваюць папераменна адзін аднаму.

Агульная малітва

69.    У агульнай малітве, альбо малітве вернікаў, народ пэўным чынам дае адказ на прынятае з верай Божае слова і, выконваючы абавязак свайго атрыманага праз хрост святарства, ахвяруе Богу малітвы за збаўленне ўсіх людзей. Важна прамаўляць гэтую малітву на Імшах з народам такім чынам, каб узносіліся просьбы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за прыгнечаных цяжкімі жыццёвымі абставінамі, за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету67.

70.    Звычайна захоўваецца такая чарговасць інтэнцый:
а) аб патрэбах Касцёла;
б) за кіруючых дзяржавамі і за збаўленне ўсяго свету;
в) за прыгнечаных жыццёвымі цяжкасцямі;
г) за мясцовую супольнасць.
Але на некаторых асаблівых цэлебрацыях, як, напрыклад, пры канфірмацыі, сужэнстве, пахаванні парадак інтэнцый можа дастасоўвацца да гэтых падзей.

71.    Абавязак цэлебруючага святара ў тым, каб са свайго месца кіраваць малітваю. Ён уводзіць у малітву кароткім уступам, у якім запрашае вернікаў маліцца, і завяршае яе заключнаю малітваю. Інтэнцыі, якія прапануюцца, павінны быць прадуманымі, укладзенымі з мудрай шчырасцю ў некалькіх словах і прадстаўляць маленне ўсёй супольнасці.
Звычайна яны прамаўляюцца з амбоны ці з іншага прыдатнага месца дыяканам, кантарам ці лектарам, альбо свецкім вернікам68.
Народ стоячы выяўляе сваю малітву альбо ў агульнай інвакацыі пасля асобных інтэнцый, альбо молячыся ў маўчанні.

В) Эўхарыстычная літургія

72.    На Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў ахвяру і пасхальную гасціну, праз якую ў Касцёле становіцца заўсёды прысутнай ахвяра крыжа, калі святар, увасабляючы Хрыста Пана, спаўняе тое, што ўчыніў сам Пан і што Ён даручыў спаўняць вучням на ўспамін пра сябе69.
Хрыстус узяў хлеб і келіх, падзякаваў, паламаў і даў сваім вучням, кажучы: «Бярыце, ешце, піце; гэта — Цела Маё; гэта — келіх Крыві Маёй. Гэта чыніце на Маю памяць». Таму Касцёл такім чынам упарадкаваў усю цэлебрацыю эўхарыстычнай літургіі, што яе часткі адпавядаюць гэтым словам і дзеянням Хрыста, а менавіта:
1) Падчас прыгатавання дароў на алтар прыносяцца хлеб і віно з вадою, г.зн. тыя элементы, якія ўзяў у свае рукі Хрыстус.
2) Падчас эўхарыстычнай малітвы аддаецца падзяка Богу за ўсю справу збаўлення, а прынесеныя дары становяцца Целам і Крывёю Хрыста.
3) Праз ламанне хлеба і праз Камунію верныя, колькі б шмат іх не было, з аднаго хлеба прымаюць Цела і з аднаго келіха — Кроў Пана такім жа чынам, як апосталы — з рук самога Хрыста.

Прыгатаванне дароў

73.    На пачатку эўхарыстычнай літургіі да алтара прыносяцца дары, якія стануць Целам і Крывёю Хрыста.
Спачатку рыхтуецца алтар альбо стол Пана як цэнтр усёй эўхарыстычнай літургіі70. На ім змяшчаецца карпарал, пурыфікатар, імшал і келіх, калі толькі келіх не рыхтуецца на століку.
Затым прыносяцца ахвярныя дары; вельмі добра, калі хлеб і віно даюць вернікі, а святар альбо дыякан прымаюць іх у адпаведным месцы, каб затым прынесці на алтар. Хоць верныя ўжо не прыносяць для Літургіі свайго хлеба і віна, як гэта было раней, аднак абрад іх прынясення захоўвае сваю моц і духоўнае значэнне.
Прымаюцца таксама грошы альбо іншыя дары для бедных ці для касцёла, прынесеныя вернікамі альбо сабраныя ў касцёле. Таму гэтыя дары змяшчаюцца ў адпаведным месцы па-за эўхарыстычным сталом.

74.    Працэсію, у якой прыносяцца дары, суправаджае спеў на ахвяраванне (пар. № 37, б), які працягваецца прынамсі да складання дароў на алтары. Нормы спеву тут такія ж, як і для спеву на ўваход (пар. № 48). Спеў заўсёды можа гучаць падчас абрадаў на ахвяраванне, нават калі не адбываецца працэсія з дарамі.

75.    Святар складае хлеб і віно на алтары, прамаўляючы пры гэтым устаноўленыя малітвы. Ён можа таксама акадзіць дары, змешчаныя на алтары, а затым крыж і сам алтар. Гэта павінна азначаць, што ахвяраванне Касцёла і яго малітва ўзыходзяць як дым кадзіла перад аблічча Бога. Потым дыякан альбо іншы прыслугоўваючы можа акадзіць святара — дзеля ягонага святога служэння — і народ — з увагі на яго хросную годнасць.

76.    Затым святар абмывае рукі збоку алтара. Гэты абрад выражае жаданне ўнутранага ачышчэння.

Малітва над дарамі

77.    Пасля складання ахвярных дароў і заканчэння абрадаў, якія яго суправаджаюць, святар запрашае вернікаў, каб яны маліліся разам з ім. Гэтае запрашэнне і малітва над дарамі завяршаюць прыгатаванне дароў і падрыхтоўваюць да эўхарыстычнай малітвы.
На Імшы прамаўляецца толькі адна малітва над дарамі, якая завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта: Праз Хрыста, Пана нашага; калі ж у канцы яе успамінаецца Сын, то: Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.

Эўхарыстычная малітва

78.    Цяпер пачынаецца цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння: сама эўхарыстычная малітва, г.зн. малітва падзякі і асвячэння. Святар запрашае народ узнесці сэрцы да Пана ў малітве і складанні падзякі і яднае народ з сабою ў малітве, якую ён ад імя ўсёй супольнасці праз Езуса Хрыста ў Духу Святым скіроўвае да Бога Айца. Сэнс гэтай малітвы ў тым, каб уся супольнасць верных паядналася з Хрыстом у вызнаванні велічных справаў Божых і ў складанні ахвяры. Ад усіх патрабуецца слухаць эўхарыстычную малітву з пашанаю і ў маўчанні.

79.    Галоўныя элементы, з якіх складаецца эўхарыстычная малітва, можна падзяліць наступным чынам:
а) Падзяка (якая асабліва выказваецца ў прэфацыі), у якой святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення альбо  за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята альбо перыяду.
б) Акламацыя, у якой уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, спявае Святы. Гэтая акламацыя, якая з’яўляецца часткай самой эўхарыстычнай малітвы, прамаўляецца ўсім народам разам са святаром.
в) Эпіклеза, у якой праз асаблівыя заклікі Касцёл просіць моц Святога Духа асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць.
г) Апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыя: праз словы і дзеянні Хрыста здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры, калі склаў у ахвяру сваё Цела і Кроў у постацях хлеба і віна і даў іх есці і піць апосталам, наказаўшы ім заўсёды здзяйсняць гэтую таямніцу.
д) Анамнэза, у якой Касцёл, спаўняючы наказ, які атрымаў ад Хрыста Пана праз апосталаў, успамінае самога Хрыста, асабліва ўшаноўваючы Яго благаслаўлёную муку, хвалебнае змёртвыхпаўстанне і ўнебаўшэсце.
е) Ахвяраванне: Касцёл, спраўляючы гэты ўспамін, сабраўшыся тут і цяпер, складае Богу Айцу ў Духу Святым беззаганную ахвяру. Касцёл імкнецца да таго, каб вернікі не толькі складалі беззаганную ахвяру, але таксама вучыліся ахвяраваць сябе саміх71 і з кожным днём праз Хрыста ўсё шчыльней ядналіся з Богам і між сабою так, каб нарэшце Бог быў усім ва ўсіх72.
ж) Малітвы заступніцтва, праз якія выражаецца тое, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам — як нябесным, так і зямным — і што ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытым праз Цела і Кроў Хрыста.
з) Заключная даксалогія, у якой здзяйсняецца ўслаўленне Бога, і якую народ пацвярджае і заканчвае акламацыяй Амэн.

Абрад Камуніі

80.    Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі — гэта пасхальная гасціна, належыць, каб, згодна з наказам Пана, верныя, адпаведным чынам падрыхтаваныя, прымалі Яго Цела і Кроў як духоўны пасілак. На гэта накіравана ламанне хлеба, а таксама іншыя падрыхтоўчыя абрады, якія непасрэдна падводзяць вернікаў да Камуніі:

Малітва Панская

81.    У малітве Панскай змяшчаецца просьба аб штодзённым хлебе, які асаблівым чынам нагадвае хрысціянам хлеб эўхарыстычны, а таксама просьба аб ачышчэнні ад грахоў, каб святое было дадзена сапраўды святым. Святар заклікае да малітвы, а ўсе вернікі разам са святаром прамаўляюць малітву, і святар адзін дадае эмбалізм, які народ заканчвае даксалогіяй. Эмбалізм, развіваючы апошнюю просьбу самой малітвы Панскай, змяшчае ў сабе просьбу аб вызваленні ўсёй супольнасці верных ад улады зла.
Заклік да малітвы, сама малітва, эмбалізм і даксалогія, якою народ іх завяршае, спяваюцца альбо прамаўляюцца гучным голасам.

Абрад супакою

82.    Затым адбываецца абрад супакою, у якім Касцёл просіць супакою і еднасці для сябе і ўсёй чалавечай сям’і, а вернікі выяўляюць эклезіяльную еднасць і ўзаемную любоў перш, чым будуць прымаць Сакрамэнт.
Што датычыць перадачы самога знаку супакою, то яго спосаб вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў згодна з характэрнымі рысамі і звычаямі народаў. Але належыць, каб кожны памяркоўна выказваў супакой толькі бліжэйшым да сябе.

Ламанне хлеба

83.    Святар ламае эўхарыстычны хлеб, у чым, пры неабходнасці, яму можа дапамагчы дыякан альбо канцэлебруючы святар. Жэст ламання, учынены Хрыстом на Апошняй Вячэры, у апостальскія часы даў назву ўсяму эўхарыстычнаму дзеянню. Азначае ён, што многія вернікі ў Камуніі ад аднаго хлеба жыцця, якім з’яўляецца Хрыстус, той, хто дзеля збаўлення свету памёр і ўваскрос, становяцца адным целам (1 Кар 10, 17). Ламанне хлеба пачынаецца пасля абраду супакою і здзяйсняецца з належнаю пашанаю, але так, каб занадта яго не зацягваць і каб яно не набывала празмернага значэння. Гэты абрад можа здзяйсняцца толькі святаром і дыяканам.
Святар ламае хлеб і апускае часцінку гостыі ў келіх, што азначае еднасць Цела і Крыві Хрыста ў справе збаўлення, а менавіта Цела Хрыста жывога ўслаўленага. У гэты час хор ці кантар звычайна спяваюць альбо гучным голасам прамаўляюць малітву Баранку Божы, а народ адказвае. Гэтая малітва суправаджае ламанне хлеба і таму яе можна паўтарыць столькі разоў, колькі неабходна, пакуль скончыцца абрад. Апошні паўтор заканчваецца словамі: адары нас супакоем.

Камунія

84.    Святар у ціхай малітве рыхтуецца да плённага прыняцця Цела і Крыві Хрыста. Вернікі робяць тое ж, молячыся ў маўчанні.
Пасля гэтага святар над патэнаю ці над келіхам паказвае вернікам эўхарыстычны хлеб і запрашае іх да гасціны Хрыстовай. Затым разам з вернікамі святар здзяйсняе чын пакоры, вымаўляючы пры гэтым прадпісаныя словы з Евангелля.

85.    Вельмі пажадана, каб вернікі прымалі Цела Пана ў гостыях, якія асвячаюцца на гэтай жа Імшы, так, як гэта абавязаны рабіць святар, а ў прадугледжаных выпадках, каб таксама мелі ўдзел у Камуніі з келіха (пар. № 283). Праз гэтыя знакі лепш выявіцца Камунія як удзел у ахвяраванні, якое здзяйсняецца ў гэтай Літургіі73.

86.    Калі святар прымае Сакрамэнт, пачынаецца спеў на Камунію, які праз яднанне галасоў азначае духоўную еднасць тых, хто прымае Камунію, паказвае сардэчную радасць і больш яскрава выяўляе «супольнасны» («камунітарны») характар прыступання да Эўхарыстыі. Спеў гучыць на працягу ўсяго часу, калі вернікам удзяляецца Сакрамэнт74. Аднак калі пасля Камуніі выконваецца гімн, то спеў на Камунію заканчваецца раней.
Трэба паклапаціцца пра тое, каб і кантары маглі належным чынам і ў адпаведны час атрымаць Камунію.

87.    Для спеву на Камунію можа ўжывацца альбо антыфона з Рымскага градуала з псальмам ці без яго, альбо антыфона з псальмам са Звычайнага градуала, альбо іншы адпаведны спеў, зацверджаны Канферэнцыяй Біскупаў. Ён спяваецца альбо толькі хорам, альбо хорам ці кантарам з народам.
Калі спеву падчас Камуніі няма, то антыфону, змешчаную ў Імшале, могуць прамаўляць усе вернікі ці толькі некаторыя з іх альбо лектар, калі толькі яе не прамаўляе сам святар пасля таго, як прыме Камунію сам, і перад тым, як пачне ўдзяляць яе вернікам.

88.    Пасля заканчэння ўдзялення Камуніі, калі дазваляюць абставіны, святар і вернікі пэўны час моўчкі моляцца. Паводле жадання ўсе сабраныя могуць выканаць таксама псальм, іншую песню хвалы альбо гімн.

89.    На завяршэнне малітвы народа Божага, а таксама на заканчэнне ўсяго абраду Камуніі, святар прамаўляе малітву пасля Камуніі, у якой моліцца аб плёне цэлебраванай таямніцы.
На Імшы прамаўляецца толькі адна малітва пасля Камуніі, якая  завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта:
— калі скіраваная да Айца: Праз Хрыста, Пана нашага;
— калі скіраваная да Айца, але ў канцы ўспамінаецца Сын: Які жыве і валадарыць на векі вечныя;
— калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Народ акламацыяй Амэн робіць малітву сваёй.

Г) Абрад заканчэння

90.    Да абраду заканчэння належаць:
а) кароткія аб’явы, калі яны неабходныя;
б) прывітанне і благаслаўленне святара, якія могуць быць узбагачаныя і выказаныя ў пэўныя дні і пры пэўных абставінах малітвай над народам альбо іншай урачыстай формулай;
в) рассыланне народа дыяканам ці святаром, каб кожны вярнуўся да сваіх добрых справаў, праслаўляючы і благаслаўляючы Бога;
г) ушанаванне алтара праз цалаванне святаром і дыяканам, а затым нізкі паклон, які робяць перад алтаром святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя.
q

  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 33.
  2. Пар. Conc. Oecum. Trid., Sessio XXII, Doctr. de ss. Missae sacrificio, cap. 1: Denz.-Schцnm. 1740; пар. Paulus VI, Sollemnis professio fidei, diei 30 iunii 1968, n. 24: A.A.S. 60 (1968) p. 442.
  3. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 7; Paulus VI, Litt. Enc. Mysterium Fidei, diei 3 septembris 1965: A.A.S. 57 (1965) p. 764; S. Congr. Rituum, Inst. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 9: A.A.S. 59 (1967) p. 547.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 56; S. Congr. Rituum, Inst. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 3: A.A.S. 59 (1967) p. 542.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 48, 51; Const. dogm. de divina Revelatione, Dei Verbum, n. 21; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 4.
  6. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 7, 33, 52.
  7. Пар. там жа, n. 33.
  8. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 14: A.A.S. 59 (1967) p. 304.
  9. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 26-27; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 3d: A.A.S. 59 (1967) p. 542.
  10. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 30.
  11. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 16a: A.A.S. 59 (1967) p. 305.
  12. S. Augustinus Hipponensis, Sermo 336, 1: PL 38, 1472.
  13. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, nn. 7, 16: A.A.S. 59 (1967) pp. 302, 305.
  14. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 116; пар. таксама там жа, n. 30.
  15. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 54; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 59: A.A.S. 56 (1964) p. 891; Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 47: A.A.S. 59 (1967) p. 314.
  16. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 30, 34; пар. таксама там жа, n. 21.
  17. Пар. там жа, n. 40; пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, n. 41: A.A.S. 87 (1995) p. 304.
  18. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sarosanctum Concilium, n. 30; S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 17: A.A.S. 59 (1967) p. 305.
  19. Пар. Ioannes Paulus II, Litt. Ap. Dies Domini, diei 31 maii 1998, n. 50: A.A.S. 90 (1998) p. 745.
  20. Пар. ніжэй, сс. ....
  21. Пар. Tertullianus, Adversus Marcionem, IV, 9: ССSL 1, p. 560; Origenes, Disputatio cum Heracleida, n. 4, 24: SCh 67, p. 62; Statuta Concilii Hipponensis Breviata, 21: CCSL 149, p. 39.
  22. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 33.
  23. Пар. там жа, n. 7.
  24. Пар. Missale Romanum, Ordo lectionum Missae, editio typica altera, n. 28.
  25. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 51.
  26. Пар. Ioannes Paulus II, Litt. Ap. Vicesimus quintus annus, diei 4 decembris 1988, n. 13: A.A.S. 81 (1989) p. 910.
  27. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 52; пар. Codex Iuris Canonici, can. 767 § 1.
  28. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 54: A.A.S. 56 (1964) p. 890.
  29. Пар. Codex Iuris Canonici, can. 767 § 1; Pont. Comm. Codicis Iuris Canonici authentice interpretando, respons. ad dubium circa can. 767 § 1: A.A.S. 79 (1987), p. 1249; Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 3: A.A.S. 89 (1997) p. 864.
  30. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 53: A.A.S. 56 (1964) p. 890.
  31. Пар. Conc. Oecum. Vat II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 53.
  32. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 56: A.A.S. 56 (1964) p. 890.
  33. Пар. Conc. Oecum. Vat II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 47; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 3 a, b: A.A.S. 59 (1967) pp. 540-541.
  34. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898; Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 24: A.A.S. 59 (1967) p. 554.
  35. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 48; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 12: A.A.S. 59 (1967) pp. 548-549.
  36. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 48; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 12: A.A.S. 59 (1967) pp. 548-549.
  37. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 31, 32: A.A.S. 59 (1967) pp. 558-559; S. Congr. de Disciplina Sacramentorum, Instr. Immensae caritatis, diei 29 ianuarii 1973, n. 2: A.A.S. 65 (1973) pp. 267-268.
  38. Пар. S. Congr. pro Sacramentis et Cultu Divino, Instr. Inaestimabile donum, diei 3 aprilis 1980, n. 17: A.A.S. 72 (1980) p. 338.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.