Пошук


16.    Цэлебрацыя Імшы, як дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага народа Божага, — гэта цэнтр усяго хрысціянскага жыцця як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, а таксама асобных вернікаў22. У Імшы дасягае сваёй вяршыні дзеянне Бога, якім Ён асвячае свет у Хрысце, і культ, у якім людзі пакланяюцца Айцу, ушаноўваючы Яго праз Хрыста, Сына Божага ў Духу Святым23. У ёй на працягу года так ушаноўваюцца таямніцы адкуплення, што яны пэўным чынам становяцца прысутнымі24. Іншыя сакральныя дзеянні і ўсе справы хрысціянскага жыцця звязаны з Імшою, з яе выплываюць і да яе кіруюцца25.

17.     Таму вельмі важна так наладзіць цэлебрацыю Імшы альбо Вячэры Пана, каб духоўныя служыцелі і верныя, беручы ў ёй удзел адпаведна свайму становішчу, здабылі больш тых пладоў26, дзеля атрымання якіх Хрыстус Пан устанавіў эўхарыстычную ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві і даверыў яе Касцёлу, умілаванай абранніцы сваёй, як успамін пра сваю муку і змёртвыхпаўстанне27.

18.    Гэтага можна дасягнуць, калі, беручы пад увагу сутнасць і іншыя ўласцівасці кожнага літургічнага сходу, уся Імша будзе цэлебравацца такім чынам, каб прывесці верных да свядомага, чыннага і поўнага ўдзелу ў ёй душою і целам, з палымянаю верай, надзеяй і любоўю; да ўдзелу, якога прагне Касцёл, патрабуе сама сутнасць літургічнага дзеяння, і на які моцаю хросту мае права і абавязак хрысціянскі народ28.

19.    Хоць прысутнасць верных і іх чынны ўдзел, што больш яскрава выяўляюць супольную (эклезіяльную) сутнасць літургічнага дзеяння29, не заўсёды могуць быць у наяўнасці, цэлебрацыя Эўхарыстыі заўсёды захоўвае сваю дзейснасць і годнасць, бо гэта — дзеянне Хрыста і Касцёла, у якім святар спаўняе свой галоўны абавязак і заўсёды дзейнічае дзеля збаўлення душаў.
Яму належыць штодзённа, наколькі гэта магчыма, складаць эўхарыстычную ахвяру30.

20.    Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі, як і ўся літургія, здзяйсняецца праз пачуццёва ўспрымальныя знакі, якімі жывіцца, мацуецца і выяўляецца вера31, неабходна найбольш клапаціцца пра адбор і ўпарадкаванне тых формаў і элементаў, прапанаваных Касцёлам, якія, беручы пад увагу асаблівасці асобаў і месцаў, мацней спрыялі б чыннаму і поўнаму ўдзелу і лепш адпавядалі духоўнай карысці верных.

21.    Гэтыя Уводзіны маюць на мэце падаць агульныя прынцыпы належнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і даць выклад правілаў, паводле якіх укладаюцца асобныя формы цэлебрацыі32.

22.    Вельмі вялікае значэнне мае цэлебрацыя Імшы ў партыкулярным Касцёле.
Дыяцэзіяльны біскуп, першы служыцель Божых таямніцаў у даручаным яму партыкулярным Касцёле накіроўвае, развівае і ахоўвае ўсё літургічнае жыццё33. У цэлебрацыях, якія адбываюцца пад яго кіраўніцтвам і асабліва ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, якую здзяйсняе ён сам пры ўдзеле прэзбітэраў, дыяканаў і народа, выяўляецца таямніца Касцёла. Таму такія ўрачыстыя Імшы павінны быць узорам для ўсёй дыяцэзіі.
Яго абавязак — клапаціцца пра тое, каб прэзбітэры, дыяканы і свецкія вернікі Хрыстовыя глыбей спасцігалі сапраўдны сэнс абрадаў і літургічных тэкстаў і праз гэта заахвочваліся да чыннай і плённай цэлебрацыі Эўхарыстыі. Дзеля гэтага яму належыць дбаць пра тое, каб узрастала годнасць саміх цэлебрацый. Яе ўзняццю ў значнай ступені спрыяе хараство сакральнага месца, музыкі і мастацкага аздаблення.

23.    Дзеля таго, каб цэлебрацыя паўней адпавядала прадпісанням і духу святой Літургіі і каб павялічвалася яе пастырская дзейснасць, у гэтых Агульных уводзінах і ў Парадку Імшы падаюцца некаторыя ўдасканаленні і дастасаванні.

24.    Гэтыя дастасаванні пераважна датычаць выбару некаторых абрадаў ці тэкстаў, гэта значыць спеваў, чытанняў, малітваў, заклікаў і жэстаў, якія больш адпавядаюць патрэбам, падрыхтаванасці і характару ўдзельнікаў і права выбару якіх даецца цэлебруючаму святару. Але святар павінен памятаць, што ён — служыцель святой Літургіі і яму нельга адвольна нешта дадаваць, выключаць ці змяняць у цэлебрацыі Імшы34.

25.    Акрамя гэтага, у Імшале ў адпаведным месцы падаюцца некаторыя дастасаванні, якія згодна з Канстытуцыяй пра святую Літургію адносяцца да кампетэнцыі дыяцэзіяльнага біскупа ці Канферэнцыі Біскупаў35 (пар. ніжэй №№ 387, 388-393).

26.    Што датычыць больш грунтоўных зменаў і адаптацый, якія стасуюцца да традыцый і характару народаў і краінаў і якія паводле карысці альбо патрэбы неабходна ўводзіць згодна са зместам 40-га арт. Канстытуцыі пра святую Літургію, то належыць захоўваць тое, што падаецца ў Інструкцыі «Пра Рымскую Літургію і інкультурацыю»36 і ніжэй (№№ 395-399).

ф
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41; Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 11; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, nn. 2, 5, 6; Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 30; Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 15; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 3e, 6: A.A.S. 59 (1967) pp. 542, 544-545.
  2. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 10.
  3. Пар. там жа, n. 102.
  4. Пар. там жа, n. 10; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 14, 19, 26, 28, 30.
  6. Пар. там жа, n. 47.
  7. Пар. там жа, n. 14.
  8. Пар. там жа, n. 41.
  9. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 13; Codex Iuris Canonici, can. 904.
  10. Пар. Conc. Oecum. Vat. Ii, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 59.
  11. Што датычыць асаблівых формул цэлебрацыі Імшы, належыць захоўваць прадпісанні: пар. для Імшаў у асаблівых супольнасцях: S. Congr. Pro Cultu Divino, Instr. Actio pastoralis, diei 15 maii 1969: A.A.S. 61 (1969) pp. 806-811; для Імшаў з удзелам дзяцей: Directorium de Missis cum pueris, diei 1 novembris 1973: A.A.S. 66 (1974) pp. 30-46; пра спосаб аб’яднання з Імшой літургічнай гадзіны: Institutio generalis de Liturgia Horarum, nn. 93-98; пра спосаб аб’яднання з Імшой благаслаўлення і каранацыі выяваў Найсвяцейшай Панны Марыі: Rituale Romanum, De Benedictionibus, Praenotanda n. 28; Ordo coronandi imaginem beatae Mariae Virginis, nn. 10 et 14.
  12. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 15; пар. таксама Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41.
  13. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 22.
  14. Пар. таксама Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 38, 40; Paulus VI, Const. Ap. Missale Romanum, вышэй.
  15. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994: A.A.S. 87 (1995) pp. 288-314.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.