Пошук


Другі Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium навучае, што «Літургія – гэта вяршыня, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніца, з якой выцякае ўся ягоная сіла. (…) Таму з Літургіі, асабліва з Эўхарыстыі, нібы з крыніцы, на нас сыходзіць ласка, і з найвялікшай эфектыўнасцю праз яе адбываецца асвячэнне чалавека ў Хрысце і пакланенне Богу, якое ёсць мэтай усіх іншых спраў Касцёла» (SC 10).

Аднак, духоўнае жыццё чалавека не абмяжоўваецца ўдзелам толькі ў святой Літургіі, яно ўключае таксама ўдзел і ў іншых набажэнствах, якія адпавядаюць законам і нормам Касцёла, вынікаюць з Літургіі і скіроўваюць да яе народ Божы. Гэта набажэнствы, якія цэлебруюцца з дазволу Апостальскай Сталіцы, а таксама з даручэння біскупаў, паводле звычаяў мясцовага Касцёла і законна зацверджаных літургічных кніг (пар. SC 12-13).

На шляху свайго адраджэння Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае патрэбу ў літургічнай літаратуры, якая адпавядала б сучасным касцёльным нормам і дазваляла б праводзіць розныя, у залежнасці ад патрабаванняў і мясцовых традыцый, набажэнствы.

Гэтая Літургічная агенда падрыхтавана Літургічнай камісіяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў супрацоўніцтве з Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ. Агенда складаецца з трох раздзелаў, прысвечаных сакрамэнтам, сакрамэнталіям і набажэнствам.

Адметнасцю Агенды з’яўляецца тое, што яна змяшчае ў сабе абрады сакрамэнтаў і фармуляры агульных Імшаў з біблійнымі чытаннямі на ўсе літургічныя перыяды; найбольш распаўсюджаныя як у паўсюдным Касцёле, так і ў Беларусі набажэнствы і розныя благаслаўленні; літаніі і іншыя малітвы.

Пададзеныя ў Агендзе літургічныя тэксты, з’яўляюцца абавязковымі для выкарыстання ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Усе іншыя супярэчныя пастановы не маюць моцы.

Выказваю ўпэўненасць, што дадзеная Літургічная агенда будзе спрыяць развіццю літургічнага жыцця ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама духоўнаму асвячэнню людзей і праслаўленню Бога.

Шчыра дзякую Літургічнай камісіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, супрацоўнікам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, выдвецтву «Pro Christo» і італьянскай Асацыяцыі «Luci sull’Est», якая дапамагла ў выданні гэтай Агенды. Усіх іх і тых, хто будзе ёю карыстацца давяраю апецы Марыі – Маці Касцёла, і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Мінск, 16 лістапада 2010 г.
Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі,
Маці Міласэрнасці

Абноўлена 27.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.