ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Сярод іх усіх не знайшлося такіх, як Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя
Пачатак кнігі прарока Даніэля.
У трэці год панавання Ёакіма, караля юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, кароль Бабілёна, да Ерузалема і аблажыў яго. І Пан аддаў у рукі ягоныя Ёакіма, караля юдэйскага, і частку начыння з дому Божага. І павёў іх Навухаданосар у зямлю Шынаар, у дом багоў сваіх, і занёс гэтае начынне ў скарбніцу багоў сваіх.
І сказаў кароль Ашфэназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб з ліку сыноў Ізраэля, з патомства каралеўскага і шляхетнага прывёў хлопцаў без заганы, прыгожых з выгляду, адораных усякай мудрасцю, абазнаных у навуках і здольных да навучання, якіх можна было б паставіць на службу ў каралеўскім палацы і навучыць іх пісанню і мове халдэяў. І прызначыў ім кароль штодзённую порцыю з каралеўскіх страваў і віна, якое сам піў. Загадаў выхоўваць іх тры гады, каб пасля яны сталі перад абліччам караля. Былі ж сярод гэтых сыноў Юды Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.
Даніэль жа вырашыў у сэрцы сваім не апаганьвацца ежаю караля і віном, якое піў той, і папрасіў кіраўніка еўнухаў, каб дазволіў яму не апаганьвацца. Бог жа даў Даніэлю прыхільнасць і спачуванне ў вачах кіраўніка еўнухаў. І сказаў кіраўнік еўнухаў Даніэлю: Я баюся гаспадара майго, караля, які сам прызначыў вам ежу і пітво. Калі ён пабачыць, што твары вашыя худзейшыя, чым у іншых юнакоў, аднагодкаў вашых, то вы зробіце вінаватай галаву маю перад каралём. І сказаў Даніэль Амелсару, якога кіраўнік еўнухаў паставіў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем: Прашу, выпрабуй нас на працягу дзесяці дзён; няхай даюць нам есці агародніну і ваду для піцця. Тады паглядзіш на твары нашыя і твары юнакоў, якія харчуюцца каралеўскай ежай, і зробіш са сваімі слугамі паводле таго, што ўбачыш.
Ён паслухаўся гэтай іхняй прапановы і выпрабоўваў іх дзесяць дзён. Пасля ж дзесяці дзён іх твары сталі прыгажэйшымі, а целы – больш мажнымі, чым у юнакоў, якіх кармілі каралеўскай ежай. Тады Амелсар забіраў іхнюю ежу і пітво і даваў ім агародніну.
І даў Бог гэтым чатыром юнакам веды і ўменні ва ўсякім пісанні і мудрасці, а Даніэлю даў яшчэ разуменне ўсіх бачанняў і сноў. Як скончыліся тыя дні, калі кароль загадаў іх прывесці, кіраўнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара. Кароль размаўляў з імі, і сярод іх усіх не знайшлося такіх, як Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя. І сталі яны служыць каралю. Калі кароль пытаўся ў іх наконт кожнай справы, якая патрабавала мудрасці і разумення, ён знаходзіў іх ў дзесяць разоў лепшымі за ўсіх магаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім ягоным валадарстве.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Імя Тваё, Пане, хвалебнае навекі!
52. Благаслаўлёны Ты, Пане, Бог айцоў нашых, *
поўны хвалы і ўзвялічаны навекі.
Благаслаўлёнае святое імя славы Тваёй, *
хвалебнае і ўзвялічанае навекі.
Рэфрэн:
53. Благаслаўлёны Ты ў святыні Тваёй святой славы, *
праслаўлены і ўзвялічаны навекі.
54. Благаслаўлёны Ты на троне Твайго валадарства, *
праслаўлены і ўзвялічаны навекі.
Рэфрэн:
55. Благаслаўлёны Ты, які бачыш глыбіні, які сядзіш на Херубінах, *
хвалебны і ўзвялічаны навекі.
56. Благаслаўлёны Ты на скляпенні неба, *
хвалебны і ўзвялічаны навекі.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Імя Хрыста і імя Айца Ягонага напісана на чолах іхніх
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, убачыў: вось Ягня стаіць на сіёнскай гары, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах іхніх.
І пачуў я голас з неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. А голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх. Яны спяваюць быццам новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі. Гэта тыя, якія ідуць следам за Ягнцам, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, як пачаткі Богу і Ягняці. У вуснах іхніх няма падману: яны беззаганныя.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Гэта народ верны, які шукае Пана.
7. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
8. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.
Рэфрэн:
9. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
10. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.
Рэфрэн:
11. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
12. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Чувайце і будзьце гатовыя,
бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Убачыў бедную ўдаву, якая кідала дзве лепты
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус паглядзеў і ўбачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку. Убачыў таксама і бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты, і сказаў: Праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула. Бо ўсе яны кідалі дар, маючы лішка, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пажытак свой, які мела.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ