Пошук

04.11.2010 00:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
2 Сам 5, 1–3

Намасцілі Давіда на караля Ізраэля

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Усе плямёны Ізраэля прыйшлі да Давіда ў Хэброн і сказалі: Вось мы косць твая і цела тваё. І ўчора, і яшчэ даўней, калі Саўл панаваў над намі, ты быў правадыром Ізраэля. І сказаў Пан табе: Ты будзеш пасвіць народ Мой Ізраэля і ты  будзеш кіраўніком Ізраэля.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля ў Хэброн, і кароль Давід заключыў з імі запавет у Хэброне перад Панам; і намасцілі Давіда на караля Ізраэля.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 122 (121), 1–2. 4–5 (Р.: пар. 1)

Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.

3. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
Пойдзем у дом Пана.
4. Вось стаяць нашыя ногі *
ў брамах тваіх, Ерузалем.

Рэфрэн:

Туды ўзыходзяць пакаленні, пакаленні Пана, *
каб, паводле сведчання Ізраэля, праслаўляць імя Пана.
5. Там стаяць судовыя троны, *
троны дому Давіда.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Клс 1, 12–20

Прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Мы дзякуем Богу і Айцу, які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго, у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў. Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён — Галава Цела, гэта значыць Касцёла. Ён — пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мк 11, 9–10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда,
якое надыходзіць!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 23, 35–43

Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам. Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога.

І быў над Ім надпіс: Гэта Кароль юдэйскі.

Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас. А другі ў адказ дакараў яго і казаў: Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае?  Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў. І сказаў: Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства.

Езус адказаў яму: Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа