Пошук


04.11.2010 00:00  
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Мак 6, 18–31

Пакіну годны прыклад, каб яны ахвотна і годна прымалі смерць за законы

Чытанне Другой кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Элеязара, аднаго з галоўных кніжнікаў, чалавека ўжо старога ўзросту, але надзвычай прыгожага з выгляду, прымушалі, раскрыўшы яму рот, есці свініну. Ён жа, аддаючы перавагу хвалебнай смерці над апаганеным жыццём,  добраахвотна ішоў да прылады катавання і выплёўваў, як і належыць рабіць тым, хто мае адвагу адмовіцца ад таго, чаго не дазвалялася каштаваць нават дзеля любові да жыцця. Тады людзі, якім даручылі блюзнерчае ахвяраванне, ведаючы гэтага чалавека з даўніх часоў, адвялі яго і сам-насам угаворвалі яго, каб ён зрабіў выгляд, што есць ахвярнае мяса, прынесенае ад караля, а на самой справе з’еў бы прынесенае і прыгатаванае імі мяса, якое дазвалялася есці. Зрабіўшы гэтак, ён змог бы ўратавацца ад смерці і з ім абышліся б прыхільна дзеля старога сяброўства з ім.

Аднак ён прыняў добрае высакароднае рашэнне, якое было годнае ягонага ўзросту, і старэчай павагі, і дасягнутай ім хвалебнай сівізны, і з дзяцінства пабожных паводзін, а больш за усё – святога і Богам дадзенага Закону. Адпаведна гэтаму ён адказваў, кажучы, каб неадкладна паслалі яго на смерць.

Бо не выпадае ў нашым узросце крывіць душою, каб многія маладыя людзі падумалі, што дзевяностагадовы Элеязар перайшоў у язычніцтва. Тады б мая крывадушнасць дзеля кароткага і няўхопнага моманту жыцця магла б увесці іх у зман, а я зганьбіў бы і спляміў сваю старасць. Бо калі цяпер я і пазбегну пакарання ад людзей, то рукі Усемагутнага я не пазбегну ні пры жыцці, ні пасля смерці. Таму, калі зараз мужна развітаюся з жыццём, то сам акажуся годным старасці, а маладым пакіну годны прыклад, каб яны ахвотна і годна прымалі смерць за пачэсныя і святыя законы.  

Сказаўшы гэта, ён адразу пайшоў на катаванне. Тады і нядаўняя прыхільнасць тых, хто вёў яго, змянілася на нянавісць з прычыны вышэйсказаных словаў, бо яны палічылі гэта вар’яцтвам. Перад самай смерцю пад ударамі, ён са стогнам сказаў: Для Пана, які мае святое пазнанне, відавочна тое, што, хоць я мог уратавацца ад смерці, зношу на целе жорсткія пакуты бічавання, а душою ахвотна цярплю іх з-за боязі перад Ім.

Такім вось чынам ён загінуў, пакідаючы сваёю смерцю не толькі маладым, але і многім з народу прыклад высакароднасці і помнік цноты.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 3, 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 6b)

Рэфрэн: Мяне падтрымлівае Пан і Бог мой.

2. Пане, шмат стала ворагаў маіх, *
шмат тых, хто паўстае супраць мяне.
3. Многія кажуць душы маёй: *
Няма ратунку ў Богу.

Рэфрэн:

4. Аднак Ты, Пане, шчыт мой і мая слава, *
Ты галаву маю ўздымаеш.
5. Голасам маім я ўсклікаў да Пана, *
і Ён адказаў мне з гары сваёй святой.

Рэфрэн:

6. Я кладуся і засынаю, *
прачынаюся, бо мяне падтрымлівае Пан.
7. Не пабаюся дзесяці тысяч людзей, *
якія сталі вакол мяне.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ап 3, 1–6. 14–22

Калі хто адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу сардыйскага Касцёла: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Богам маім.

Узгадай, што ты прыняў і чуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. Але ты маеш у Сардысе некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю яго імя перад Айцом Маім і перад Анёламі Ягонымі. Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа Касцёлам.

І напішы Анёлу лаадыкійскага Касцёла: Так кажа Амэн, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак стварэння Божага. Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы. Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх.

Бо ты кажаш: Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы, – а не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам галечы тваёй. Бальзамам памаж вочы свае, каб бачыць. Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 15 (14), 2–3a. 3bс–4ab. 5  (Р.: Ап 3, 21)

Рэфрэн: Пераможцу дам сесці са Мною на троне.

2. Той, хто паступае беззаганна*
і здзяйсняе справядлівасць,
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.*
3. Хто языком сваім не абмаўляе.

Рэфрэн:

Хто не чыніць бліжняму свайму зла,*
не ўзводзіць паклёп на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.

Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць,*
не пахіснецца ніколі.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
1 Ян 4, 10b
Бог Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго
як уміласціўленне за грахі нашыя.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 19, 1–10

Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.

Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме.

Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.

А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.

Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця