ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Калі здолелі меркаваць наконт свету, чаму не змаглі найперш знайсці яго Гаспадара?
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Безразважныя ад прыроды ўсе людзі,у якіх няма ведання Пана;
з бачных дабротаў
яны не могуць зразумець таго, каторы ёсць;
гледзячы на творы, яны не пазнаюць Творцы.
Але агонь, ці вецер, ці хуткае паветра,
ці кола зорак, ці гвалтоўную ваду,
ці нябесныя свяцілы яны палічылі багамі,
якія кіруюць светам.
Калі ў зачараванні хараством, яны палічылі багамі гэтыя рэчы,
няхай спазнаюць, наколькі лепшы іхні Пан,
бо Ён, Першастваральнік хараства, стварыў іх.
Калі людзі здзіўляліся іх моцы і ўздзеянню, няхай па іх зразумеюць,
наколькі той, хто іх зрабіў, больш магутны за іх.
Бо праз веліч і хараство стварэнняў
па аналогіі пазнаецца іх Творца.
Аднак меншая віна такіх,
бо яны, магчыма, заблукалі,
шукаючы Бога і жадаючы знайсці Яго.
Бо яны жывуць сярод Ягоных твораў, даследуюць
і пераконваюцца ў прыгажосці таго, што бачаць.
Але зноў жа і ім нельга дараваць.
Бо, калі здолелі столькі спазнаць, каб магчы меркаваць наконт свету,
чаму не змаглі найперш знайсці яго Гаспадара?
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Нябёсы абвяшчаюць Божую славу.
2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.
Рэфрэн:
4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына
Чытанне Другога паслання святога апостала Яна.
Выбраная Пані, я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца. І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго.
Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, як вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе. Бо шмат падманшчыкаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі чалавек ёсць падманшчыкам і антыхрыстам. Сачыце за сабою, каб не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду. Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівыя, якія ходзяць у Законе Пана.
1. Шчаслівыя тыя, чый шлях беззаганны, *
якія ходзяць у Законе Пана.
2. Шчаслівыя тыя, хто захоўвае Ягоныя сведчанні, *
усім сэрцам шукаюць Яго.
Рэфрэн:
10. Усім сваім сэрцам я Цябе шукаю, *
не дай мне адхіліцца ад Тваіх запаведзяў.
11. У сэрцы маім я схаваў Тваё слова, *
каб не зграшыць перад Табою.
Рэфрэн:
17. Праяві ласкавасць да свайго слугі, і буду жыць, *
і захоўваць Тваё слова.
18. Адкрый мае вочы, *
каб я ўбачыў цуды Твайго Закону.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
У той дзень з’явіцца Сын Чалавечы
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі ўвайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і знішчыў усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. Узгадайце жонку Лота.
Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца; дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другую пакінуць.
У адказ сказалі Яму: Дзе, Пане?
А Ён сказаў ім: Дзе мёртвае цела, там збяруцца і грыфы.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ