ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Прывітайце адзін аднога святым пацалункам
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Прывітайце Прыску і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе, якія падстаўлялі свае шыі за маё жыццё, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў, а таксама прывітайце Касцёл, які збіраецца ў іх доме.
Прывітайце ўмілаванага майго Эпайнэта, які стаў пачаткам Азіі для Хрыста. Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для нас. Прывітайце Андроніка і Юнію, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне. Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану. Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго.
Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.
Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які пісаў гэтае пасланне. Вітае вас Гай, які прымае мяне і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі эканом, і брат Кварт. Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле дабравесця майго і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі, але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры, адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду благаслаўляць, Пане, імя Тваё навекі.
2. Кожны дзень благаслаўляць Цябе буду *
і ўсхваляць імя Тваё на вякі вечныя.
3. Вялікі Пан і годны вялікай хвалы, *
неспасцігальная веліч Яго.
Рэфрэн:
4. З пакалення ў пакаленне будуць хваліць Твае справы *
і абвяшчаць Тваю магутнасць.
5. Пра ўзнёсласць хвалы велічы Тваёй *
і пра цудоўныя Твае справы буду разважаць.
Рэфрэн:
10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што зноў ажыў ваш клопат пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды. Кажу гэта не таму, што патрэбу маю, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць. Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго і ва ўсім, і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне. Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною цярпенне маё.
Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку дабравесця, калі я выйшаў з Македоніі, ніводны касцёл, апроч вас адных, не далучыўся да мяне ў справе давання і прыняцця. Вы таксама і раз, і два дасылалі мне ў Тэсалоніку на патрэбу. Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на карысць вашую.
Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі – салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана.
Або: Аллелюя.
1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.
Рэфрэн:
5. Шчаслівы чалавек, які міласэрны і пазычае, *
які справядліва вядзе свае справы.
6. Ён не пахіснецца ніколі, *
у вечнай памяці будзе справядлівы.
Рэфрэн:
8. Умацаванае сэрца яго не будзе баяцца. *
9. Раскідаў, раздаў бедным;
справядлівасць ягоная трывае навекі,
моц ягоная ўзвысіцца ў славе.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Казаў Езус сваім вучням: Здабывайце сяброў сабе несправядівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.
І сказаў ім: Вы з’яўляецеся тымі, хто апраўдвае сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо, што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ