Пошук


19.10.2010 14:14  
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 13, 8–10

Любоў ёсць выкананнем Закона

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Не будзьце нікому павінныя нічога, апроч узаемнай любові: бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон. Бо запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў адным наказе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 112 (111), 1–2. 4–5. 9. (Р.: 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы той, хто міласэрны і пазычае.
Або: Аллелюя.

1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.

Рэфрэн:

4. Узыходзіць у цемры як святло для праведных, *
ласкавы, міласэрны і справядлівы.
5. Шчаслівы чалавек, які міласэрны і пазычае, *
які справядліва вядзе свае справы.

Рэфрэн:

9. Раскідаў, раздаў бедным; *
справядлівасць ягоная трывае навекі,
моц ягоная *
ўзвысіцца ў славе.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Флп 2, 12–18

Здзяйсняйце сваё збаўленне. Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Умілаваныя мае, як вы заўсёды былі паслухмянымі не толькі ў прысутнасці маёй, але яшчэ больш цяпер, у час адсутнасці маёй, так з бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне. Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання.

Усё рабіце без нараканняў і сумненняў, каб вы сталі бездакорнымі,  бязвіннымі і беззаганнымі дзецьмі Божымі сярод ілжывага і падступнага пакалення, у якім вы ззяеце, як светачы ў свеце. Трымайцеся слова жыцця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я не марна бегаў і не марна працаваў.

Калі нават і пральюся як ахвяра на служэнне веры вашай, то радуюся і цешуся разам з усімі вамі. Таксама і вы радуйцеся і цешцеся са мною.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 27 (26), 1. 4. 13–14 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Пан — маё святло і маё збаўленне.

1. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?

Рэфрэн:

4. Аднаго я прашу ў Пана і толькі гэтага жадаю, *
каб жыць мне ў доме Пана ва ўсе дні жыцця майго.
Каб сузіраць хараство Пана *
і наведваць Яго святыню.

Рэфрэн:

13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
1 П 4, 14
Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя,
бо Дух Божы спачывае на вас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 14, 25–33

Кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць вучнем Маім

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.

Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць.

Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.

Гэтак кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця