ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вы адхіліліся ад гэтага шляху, многіх прымусілі спатыкнуцца ў Законе
Чытанне кнiгi прарока Малахii.
Так кажа Пан Магуццяў: Я — вялікі Кароль, і Маё імя выклікае боязь між народамі. А цяпер для вас, святары, гэтая запаведзь. Калі не паслухаеце і не прымеце да сэрца тое, каб аддаваць хвалу імені Майму, то Я спашлю на вас пракляцце.
Вы ж адхіліліся ад гэтага шляху, многіх прымусілі спатыкнуцца ў Законе; вы знішчылі запавет з Левіем, — кажа Пан Магуццяў. Таму Я ўчыню, што вы будзеце ў пагардзе і прыніжэнні сярод усіх народаў, бо вы не трымаліся шляхоў Маіх і былі прадузятымі ў Законе.
Ці ж не адзін у нас Айцец? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму мы здраджваем адно аднаму, зневажаючы запавет айцоў нашых?
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.
1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.
Рэфрэн:
2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Мы пажадалі перадаць вам не толькі Божае Дабравесце, але і жыццё сваё
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.
Браты:
Мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі. Бо вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Божае Евангелле.
Таму таксама мы няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самой справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
i адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Гавораць і не робяць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх, такімі словамі:
Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».
Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ