ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Што, скажам, знайшоў Абрагам, праайцец наш паводле цела? Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісанне? Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць. Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку. А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць.
Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў: Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя; благаслаўлёны чалавек, якому Пан не залічыць граху.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Ты атуляеш мяне радасцю збаўлення.
1. Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне, *
і чый грэх забыты.
2. Шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыў віны, *
і ў душы якога няма подступу.
Рэфрэн:
5. Я вызнаў Табе грэх мой *
і не хаваў сваёй віны.
Я сказаў: Вызнаю Пану мае беззаконні, — *
і Ты зняў з мяне віну граху майго.
Рэфрэн:
11. Весяліцеся ў Пану *
і радуйцеся, справядлівыя;
усклікайце радасна, *
усе праведныя сэрцам.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Мы раней спадзяваліся на Хрыста, і былі пазначаныя пячаткаю Духа Святога
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
У Хрысце мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, добрую навіну пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пачаткаю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай славы.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівы народ, які Пан сабе выбраў.
3. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
4. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.
Рэфрэн:
4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.
Рэфрэн:
12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
13. Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
У вас і валасы ўсе на галаве палічаны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Езус пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. Няма нічога схаванага, што б не выявілася, і патаемнага, пра што б не даведаліся. Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.
Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто пасля забойства мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.
Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. А ў вас і валасы ўсе на галаве палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за многіх вераб’ёў.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ