Пошук

14.09.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц 2, 18–24

І стануць яны адным целам

Чытанне кнігі Быцця.

І сказаў Пан Бог:

Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару  адпаведную яму дапамогу. Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых, але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі. Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5. 6 (Р.: пар. 5)

Рэфрэн: Пан благаслаўляе нас ва ўсе дні жыцця.

8. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана, *
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
9. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць, *
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.

Рэфрэн:

10. Жонка твая, як урадлівая вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.

Рэфрэн:

11. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, які баіцца Пана. *
12. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну,
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема ва ўсе дні жыцця твайго. †
6. Убачыш патомства сыноў сваіх. *
Спакой над Ізраэлем.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 2, 9–11

Той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Мы бачым Езуса, які быў мала меншы ад анёлаў, увенчаны славаю і пашанаю, бо спазнаў смерць, каб з ласкі Божай за ўсіх пакаштаваць смерці. Бо належала, каб той, дзеля якога ўсё і праз якога ўсё, які прывёў да славы многіх сыноў, учыніў дасканалым праз цярпенні правадыра збаўлення іхняга. Бо і той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага. З гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
1 Ян 4, 12
Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас,
і любоў Ягоная ў нас дасканалая.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 10, 2–12

Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа