ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Будуйце дом, каб Я знайшоў у ім упадабанне
Пачатак кнігі прарока Агея.
У другі год панавання караля Дарыя, у першы дзень шостага месяца, Пан скіраваў сваё слова праз прарока Агея да кіраўніка Юдэі Зарабабэля, сына Салятыэля, і да першасвятара Езуса, сына Егацадака.
Так кажа Пан Магуццяў: Народ гэты гаворыць: яшчэ не надышоў час будаваць дом Пана.
Таму Пан скіраваў гэта слова праз прарока Агея: Ці вам самім надышоў час жыць у абкладзеных плітамі дамах, калі гэты дом у спусташэнні? І таму так кажа Пан Магуццяў: Звярніце вашыя сэрцы на шляхі вашыя. Вы сееце шмат, а збіраеце мала; ясце, але вам не досыць; п’яце, але не наталяеце смагі; апранаецеся, але вам не цёпла; а хто зарабляе плату, зарабляе, каб пакласці ў дзіравую торбу. Таму так кажа Пан Магуццяў: Звярніце вашыя сэрцы на шляхі вашыя. Падыміцеся на гару, насіце дрэва і будуйце дом, каб Я знайшоў у ім упадабанне і праславіўся, — кажа Пан.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Спявайце Пану, бо народ свой любіць.
13. Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.
14. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.
Рэфрэн:
15. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і арфе.
16. Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.
Рэфрэн:
17. Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.
18. Пахвалы Богу на іх вуснах. *
9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Нічога новага пад сонцам
Чытанне кнігі Эклезіяста.
Марнасць марнасцяў, — кажа Эклезіяст, — марнасць марнасцяў і ўсё марнасць. Якая карысць чалавеку з усёй яго працы, што робіць пад сонцам? Пакаленне мінае, пакаленне прыходзіць, але зямля трывае навекі. Сонца ўзыходзіць, сонца заходзіць і спяшаецца да свайго месца, дзе ўзышло. Вецер вее на поўдзень і вяртаецца на поўнач, няспынна дзьме вакол, вяртаючыся на свае колы. Усе рэкі цякуць да мора, але мора не перапаўняецца; да месца, адкуль цякуць, зноў вяртаюцца рэкі.
Усе рэчы цяжкія, і ніхто не можа выказаць гэтага; вока не насыціцца ўбачаным, вуха не напоўніцца пачутым. Што было, тое зноў будзе; а што паўстала, тое зноў узнікне: няма нічога новага пад сонцам. Бывае нешта, аб чым кажуць: Глядзі, новае штосьці! Аднак гэта існавала ад вякоў, што перад намі былі. Няма памяці аб мінулым, і будучае не застанецца ў памяці тых, хто прыйдзе пасля.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан наш прытулак з пакалення ў пакаленне.
3. Ты вяртаеш чалавека ў пыл і кажаш: *
Вяртайцеся сыны Адама.
4. Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі, †
як дзень учарашні, які мінуў, *
або як адна начная варта.
Рэфрэн:
5. Нібы разводдзем іх змываеш, †
яны становяцца нібы ранішні сон, *
як трава, што расце:
6. раніцай цвіце і зелянее, *
а ўвечары вяне і сохне.
Рэфрэн:
12. Навучы нас так лічыць дні нашыя, *
каб мы здабылі мудрасць сэрца.
13. Вярніся, Пане, колькі ж яшчэ? *
Пашкадуй слугаў сваіх!
Рэфрэн:
14. Напоўні раніцаю нас сваёй міласэрнасцю, *
і мы будзем цешыцца і весяліцца ва ўсе дні нашыя.
17. Няхай прыхільнасць Пана Бога нашага будзе над намі, †
і працу нашых рук умацуй, *
умацуй справу рук нашых.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Я — дарога, і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян уваскрос з мёртвых; другія, што з’явіўся Ілля; іншыя ж, што паўстаў нехта з даўніх прарокаў. Але Ірад казаў: Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы?
І хацеў убачыць Езуса.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ