ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Каб за ўсіх людзей узносіліся малітвы да Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.
Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, абвешчанае ў адпаведную пару, дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам (кажу праўду і не хлушу), настаўнікам для язычнікаў у веры і праўдзе.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, бо пачуў маю малітву.
2. Пачуй голас маёй малітвы,
калі ўсклікаю да Цябе,
калі ўздымаю свае рукі
да Тваёй святой святыні.
Рэфрэн:
7. Пан — мая сіла і мая абарона,
Яму давярае маё сэрца, і Ён дапамог мне.
Таму ўзрадавалася маё сэрца,
і я праслаўлю Яго сваёй песняй.
Рэфрэн:
8. Пан — гэта магутнасць Ягонага народа
і збаўчая цвярдыня для свайго памазанніка.
9. Збаў свой народ і благаславі сваю спадчыну,
будзь для іх Пастырам і ўзнімай іх заўсёды.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Калі сярод вас паўстае разлад, гэта не спажыванне Вячэры Пана
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду. Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам у касцёле, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я ў пэўнай ступені веру. Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас.
Таму, калі вы збіраецеся разам у адным месцы, гэта не спажыванне Вячэры Пана, бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак, і адзін застаецца галодным, а другі п’янее. Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю.
Бо я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, у якую быў выданы, узяў хлеб, падзякаваў, паламаў і сказаў: Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць. Таксама ўзяў пасля вячэры келіх і сказаў: Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць.
Кожны раз, калі будзеце есці гэты хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе.
Таму, браты мае, калі збіраецеся на трапезу, чакайце адзін аднаго.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе.
7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.
Рэфрэн:
У пачатку кнігі *
напісана пра мяне.
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю; *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.
Рэфрэн:
10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.
Рэфрэн:
17. Няхай весяляцца і радуюцца Табою тыя, *
хто шукае Цябе,
і тыя, хто любіць збаўленне Тваё, *
няхай гавораць: Вялікі ёсць Пан.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага,
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу.
Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ