ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць ў Яго дзеля жыцця вечнага. А Валадару вякоў, нятленнаму і нябачнаму, адзінаму Богу — пашана і слава на векі вечныя. Амэн.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Няхай імя Пана благаславяць вечна.
8. Хваліце, слугі Пана, *
хваліце імя Пана.
9. Няхай будзе імя Пана благаслаўлёна *
цяпер і навекі.
Рэфрэн:
10. Ад усходу сонца да захаду *
няхай будзе праслаўлена імя Пана.
11. Узвышаны Пан над усімі народамі, *
па-над нябёсамі слава Ягоная.
Рэфрэн:
12. Хто падобны да Пана, Бога нашага, *
13. які схіляецца, каб паглядзець на неба і зямлю,
14. які падымае беднага з пылу
і са смецця ўзносіць убогага.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія, бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства. Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу.
Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба.
Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто есць ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі ахвярніка? Што ж кажу я? Ці тое, што ахвяра ідалам, або ідал нешта ўяўляюць? Не, але тое, што ахвяруюць язычнікі, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў.
Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў, не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў. Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Прынясу Табе, Пане, ахвяру хвалы.
12. Чым аддзячу я Пану *
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
13. Келіх збаўлення ўзніму *
і буду заклікаць імя Пана.
Рэфрэн:
17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.
18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Што вы клічаце Мяне: Пане, Пане, — а не выконваеце таго, што Я кажу?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус казаў сваім вучням:
Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
Што вы клічаце Мяне: Пане, Пане, – а не выконваеце таго, што Я кажу? Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.
А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі і без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было зруйнаванне дому гэтага.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ