ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Усё праз Яго і для Яго створана
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Езус Хрыстус з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён — Галава Цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Станьце перад абліччам Пана з радасным спевам.
2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.
Рэфрэн:
3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.
Рэфрэн:
4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.
Рэфрэн:
5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Пан выявіць намеры сэрцаў
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Няхай людзі лічаць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі таямніц Божых. А ў такім выпадку ад распарадчыкаў патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным.
Мне ж неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу. Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто судзіць мяне.
Таму не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Пан, які асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў. І тады кожны атрымае ўзнагароду ад Бога.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Збаўленне справядлівых паходзіць ад Пана.
3. Спадзявайся на Пана і чыні дабро; *
жыві на зямлі і захоўвай вернасць.
4. Радуйся ў Пану, *
і Ён споўніць жаданні твайго сэрца.
Рэфрэн:
5. Даручы Пану шлях свой, *
спадзявайся на Яго, і Ён сам будзе дзейнічаць.
6. Ён выведзе, як святло, тваю справядлівасць, *
і праўду тваю, як поўдзень.
Рэфрэн:
27. Ухіляйся ад зла і чыні дабро, *
і будзеш жыць навекі.
28. Бо Пан любіць правасуддзе †
і не пакідае сваіх верных, *
яны навекі будуць захаваны,
а патомства бязбожнікаў будзе знішчана.
Рэфрэн:
39. Збаўленне справядлівых паходзіць ад Пана, *
Ён — цвярдыня іхняя ў час уціску.
40. Пан ім дапаможа і ўратуе, †
Ён вызваліць іх ад грэшнікаў і збавіць, *
бо яны на Яго спадзяюцца.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Я — святло свету, — кажа Пан.
Хто ідзе за Мною, той будзе мець святло жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Калі жаніх будзе забраны ад іх, тады і будуць посціць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Фарысеі і кніжнікі казалі Езусу: Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобным чынам робяць і вучні фарысеяў, а Твае — ядуць і п’юць. Езус адказаў ім: Ці можаце прымусіць гасцей вяселля посціць, пакуль жаніх застаецца з імі? Але прыйдуць дні, калі жаніх будзе забраны ад іх, тады і будуць посціць у тыя дні.
І расказаў ім прыпавесць: Ніхто не адрывае латкі ад новага адзення, каб прышыць да старога. Інакш і новае парвецца, і да старога не падыдзе латка ад новага.
Ніхто таксама не налівае новага віна ў старыя мяхі. Інакш новае віно мяхі парве і само выцячэ, і мяхі прападуць. Новае ж віно трэба наліваць у новыя мяхі. І ніхто, выпіўшы старога, не хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ