Нічога не дадавайце да таго, што я наказваю вам... захоўвайце запаведзі Пана
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых. Нічога не дадавайце да таго, што я наказваю вам, і нічога не адымайце ад гэтага. Захоўвайце запаведзі Пана Бога вашага, якія я наказваю вам.
Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, калі пачуюць усе пастановы гэтыя, так скажуць: Толькі гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ. Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пане, хто можа жыць у Тваім шатры?
2. Той, хто паступае беззаганна *
і здзяйсняе справядлівасць,
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім. *
3. Хто языком сваім не абмаўляе.
Рэфрэн:
Хто не чыніць бліжняму свайму зла, *
не ўзводзіць паклёп на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.
Рэфрэн:
5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць, *
не пахіснецца ніколі.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Будзьце ж выканаўцамі слова
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.
Браты мае ўмілаваныя:
Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены. Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.
Прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы. Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе.
Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом — гэта тое, каб наведваць сірот і ўдоваў у нядолі іхняй і захоўваць сябе незаплямленым светам.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
каб мы былі пэўным пачаткам яго стварэнняў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.
Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?
Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.
Потым зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго.
Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ