ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Мы не хочам, браты, пакідаць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як і іншыя, хто не мае надзеі. Бо калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім.
Бо тое кажам вам у слове Пана, што мы, жывыя, пакінутыя да прыйсця Пана, не апярэдзім тых, якія памерлі. Бо сам Пан на заклік і на голас Арханёла і трубы Божай сыдзе з неба, і памерлыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі. Пасля мы, якія застаемся жывымі, будзем падхоплены на аблоках разам з імі насустрач Пану ў паветра, і гэтак назаўсёды будзем з Панам. Таму заахвочвайце адзін аднаго гэтымі словамі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан прыходзіць судзіць зямлю.
4. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
3. Апавядайце між плямёнамі пра славу Яго, *
паміж усімі народамі пра цуды Ягоныя.
Рэфрэн:
4. Бо вялікі Пан і вельмі праслаўлены, *
Ён грозны па-над усімі багамі.
5. Бо ўсе богі народаў — ідалы, *
а Пан стварыў нябёсы.
Рэфрэн:
11. Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, *
няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе.
14. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, *
няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя.
Рэфрэн:
15. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, *
які прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва, *
а народы паводле сваёй праўды.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Я абвясціў вам таямніцу ўкрыжаванага Хрыста
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Калі я прыйшоў да вас, браты, я не прыйшоў абвяшчаць вам сведчанне Божае ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.
І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні духа і сілы, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Як жа я, Пане, люблю Твой закон.
97. Як жа я люблю Твой закон, *
я разважаю над ім увесь дзень.
98. Твая запаведзь учыніла мяне мудрэйшым за маіх ворагаў, *
бо яна мая навекі.
Рэфрэн:
99. За ўсіх настаўнікаў сваіх я стаў разумнейшы, *
бо разважаю над Тваімі сведчаннямі.
100. Я больш разважлівы, чым старцы, *
бо захоўваю Твае наказы.
Рэфрэн:
101. Устрымліваю ногі свае ад кожнай злой сцежкі, *
каб захоўваць Тваё слова.
102. Не ўхіляюся ад Тваіх прысудаў, *
бо Ты вучыш мяне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Дух Пана на Мне,
Ён паслаў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Паслаў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім... Ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:
Дух Пана на Мне;
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.
Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных і казалі: Ці не сын Юзафа гэта?
І Ён сказаў ім: Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме. І сказаў: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёным тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую.
Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца.
Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.
Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ