Пошук


12.08.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Нав 24, 1–2а, 15–17, 18b

Будзем служыць Пану, бо Ён — Бог наш

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Езус Навін сабраў у Сіхеме ўсе плямёны Ізраэля і паклікаў таксама старэйшых Ізраэля, яго кіраўнікоў, і суддзяў, і наглядчыкаў. І сталі яны перад абліччам Пана.

І так прамовіў Езус Навін да ўсяго народа: Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі; ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце. Я ж і мой дом будзем служыць Пану.

Народ адказаў такімі словамі: Няхай не здарыцца нам, каб мы пакінулі Пана і служылі іншым багам. Бо Пан — Бог наш. Ён сам вывеў нас і продкаў нашых з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Ён учыніў перад нашымі вачыма вялізныя знакі, і аберагаў нас на працягу ўсёй дарогі, якою ішлі мы, і сярод усіх народаў, праз якія праходзілі мы. Таму і мы будзем служыць Пану, бо Ён — наш Бог.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 34 (33), 2–3. 16–17. 18–19. 20–21. 22–23  (Р.: 9а)

Рэфрэн: Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
5. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

16. Вочы Пана звернуты на справядлівых,
і вушы Яго — на іх крык.
17. Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, *
каб памяць пра іх сцерці з зямлі.

Рэфрэн:

18. Яны клічуць, і Пан чуе, *
і ад усіх бедаў іх выбаўляе.
19. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана, *
і зламаных духам Ён збаўляе.

Рэфрэн:

20. Шмат няшчасцяў у праведнага, *
але ад усіх яго ратуе Пан.
21. Ён сцеражэ ўсе ягоныя косці *
і ніводная з іх не зламаецца.

Рэфрэн:

22. Зло забівае грэшніка, *
і ненавіснікі справядлівага пакараныя будуць.
23. Пан выбаўляе душы слугаў сваіх, *
і кожны, хто на Яго спадзяецца, не будзе пакараны.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Эф 5, 21–32

Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.

Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — галава Касцёла. Ён — Збаўца Цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.

Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады ў слове, каб Ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны.

Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл; бо мы члены Цела Ягонага.

Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Ян 6, 63с. 68с
Словы Твае, Пане, ёсць дух і жыццё,
Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 6, 60–69

Да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?

Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я  сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом.

З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?

Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.