Пошук

12.08.2010 01:00  
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Тэс 4, 1–8

Воля Божая — гэта асвячэнне вашае

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты, просім і заклікаем вас у Пану Езусе: навучыцеся ад нас паводзінам, якія падабаюцца Богу, хоць вы так і паступаеце, і ўзбагачайцеся ў гэтым яшчэ больш. Бо ведаеце, якія наказы мы далі вам праз Пана Езуса.

Бо воля Божая — гэта асвячэнне вашае, каб вы сцерагліся ад распусты, каб кожны з вас умеў утрымліваць сваё цела ў святасці і пашане, а не ў пажадлівым захапленні, як язычнікі, што не ведаюць Бога. Няхай ніхто не крыўдзіць і не выкарыстоўвае брата свайго ў гэтай справе, бо Пан — мсціўца за ўсё гэта, як мы сказалі вам раней і засведчылі.

Бог паклікаў нас не да нячыстасці, але да святасці. Таму той, хто пагарджае гэтым, пагарджае не чалавекам, але Богам, які і дае вам свайго Духа Святога.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 97 (96), 1 і 2b.  5–6. 10. 11–12  (Р.: 12а)

Рэфрэн: Радуйцеся справядлівыя ў Пану.

1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Справядлівасць і права — *
аснова Ягонага трону.

Рэфрэн:

5. Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Рэфрэн:

10. Пан любіць тых, *
хто зло ненавідзіць,
Ён сцеражэ жыццё сваіх верных, *
з рук грэшнікаў ратуе іх.

Рэфрэн:

11. Святло ззяе для справядлівага, *
і радасць — для праведных сэрцам.
12. Радуйцеся, справядлівыя, у Пану *
і дзякуйце на ўспамін Ягонай святасці.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 1, 17–25

Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, а для тых, хто пакліканы, — Божая мудрасць

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Добрую Навіну; і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным крыжа Хрыстовага. Бо для тых, хто гіне, слова аб крыжы — гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, — гэта моц Божая.

Бо напісана: Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных. Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасці свету ў глупства?

Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых. Бо юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, для язычнікаў — глупства, а для тых, хто пакліканы, і юдэяў, і грэкаў — Ён Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 33 (32), 1–2. 4–5. 10–11  (Р.: 5b)

Рэфрэн: Міласцю Пана поўніцца зямля.

2. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
2. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.

Рэфрэн:

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

10. Пан касуе намеры язычнікаў, *
знішчае задумы народаў.
11. Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 21, 36
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Чувайце ўвесь час і маліцеся,
каб вы маглі стаць перад Сынам Чалавечым.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 25, 1–13

Вось жаніх, выходзьце яму насустрач

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.

Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.

Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.

Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа